На "Госпадзе, Цябе клічу...":
чатыры песьні актойха
належнага тону, пасьля наступныя:
Песьні Трыядзі (Тон 3):
Пакажам, верныя, вялікія стараньні ва ўстрыманасьці часова, каб асягнуць вечную
славу і, ласкаю вялікага Бога, быць збаўленымі ад пякельнага агню.
Перайшоўшы палову посту, пакажам, верныя, пачаткі Боскага
жыцьця, стараючыся дасягнуць мэты праведнікаў і атрымаць непрамінальную
радасьць.
(Тон 7): Ужо мінула палова сьвятога посту; дык
пасьпяшым радасна да Таго, хто чакае нас, памазаўшы душы аліваю
дабрадзейнасьцяў, каб нам удастоіцца бачыць Боскія мукі Хрыста Бога нашага, і
дасягнуць слаўнага і сьвятога ўваскрасеньня.
Тры песьні і багародзічны з мінэі
Вершапесьні
(Тон 7): Блізка ўжо Госпад, які насадзіў
вінаграднік і паклікаў работнікаў. Прыйдзеце, працаўнікі посту, атрымаць
узнагароду, бо гаспадар багаты і міласэрны: нават калі мы і мала працавалі,
атрымаем душэўную міласьць.
(Тон 6): Адам паддаўся разбойніцкай задуме і
спакусіўся розумам, скалечыў душу і, голы, ляжаў, ня маючы заступніка. Сьвятар
старазаконны не пачуў яго, і лявіт на яго ня глянуў, толькі Ты, Божа, які не
прыйшоў з Самарыі, але нарадзіўся ад Багародзіцы. Госпадзе, слава Табе.
(Тон 8): Мучанікі Гасподнія, вы асьвячаеце кожнае
месца, і лечыце ўсе немачы. Маліцеся цяпер, просім вас, каб нашым душам
вызваліцца ад сеці ворага.
Слава ... Цяпер ...
(Тон 8): Нябесныя сілы пяюць хвалу Табе, поўная
ласкі Дзева Маці, і мы таксама славім нязьведанае Тваё сынараджэньне. Маліся,
Багародзіца, за збаўленьне душаў нашых. |