Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вячэрня нядзельная і сьвяточная (няпоўны варыянт)


 

 

Вячэрня нядзельная і сьвяточная (няпоўны варыянт)

Вячэрнія песьні (“Песьні пры запаленых сьвечках”)

Людзі сьпяваюць першыя два вершы псалму 140, потым вершы іншых псалмаў, чаргуючы іх з адпаведнымі песьнямі дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву.

Псалом 140

Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне.

Пачуй мяне, Госпадзе!

Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе.

Пачуй мяне, Госпадзе.

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх.

Пачуй мяне, Госпадзе.

Наступныя вершы, аж да “Вызваль з вязьніцы”, звычайна чытаюцца або зусім прапускаюцца:

Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім і сьцеражы дзьверы губ маіх.

Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.

З людзямі, якія чыняць бясчынствы: хай не пакаштую прысмакаў іх.

Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй.

Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца. Уладары іх, расьсеяныя між скалаў,

Пачуюць, як лагодныя словы мае. Быццам разараная зямля, так косьці іх раскіданыя па апраметнай.

Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; да Цябе прыбягаю: не загубі душы маёй.

Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, ад пасткі людзей нягодных.

Хай усе нязбожныя ўпадуць у сеці свае, я ж адзін перайду бясьпечна.

Псалом 141

Голасна клічу Госпада, голасна да Госпада малюся.

Перад Ім сум мой выліваю, пра тугу маю Яму распавядаю:

Дух мой зьнемагае ўва мне, Ты ж ведаеш шляхі мае.

На дарозе, па якой іду, паставілі пастку на мяне.

Гляджу ўправа, углядаюся: няма нікога, хто б мне спагадаў;

Ня маю, куды ўцякаць: няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.

Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: Ты мая надзея, мой удзел у краіне жывых.

Будзь уважлівы да малітвы маёй, бо я вельмі няшчасны.

Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, бо яны мацнейшыя за мяне.

Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ўперамежку з вершамі псалмаў, пачынаючы ад наступнага:

(Пс 141) Вызваль з вязьніцы душу маю, каб мне дзякаваць імю Твайму.

Праведнікі вакол мяне чакаюць, калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.

Калі ёсьць 8 песьняў, іх пачынаюць сьпяваць тут:

(Пс 129) З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: Госпадзе, пачуй голас мой.

Хай вушы Твае будуць уважлівымі да голасу маленьня майго.

Калі ёсьць 6 песьняў, іх пачынаюць сьпяваць пасьля наступнага верша:

Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.

Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.

Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.

Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.

(Пс 116) Хваліце Госпада, усе народы; слаўце Яго, усе людзі.

Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі і вернасьць Гасподняя трывае давеку.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Пахвальная песьня сьвятому, або сьвяту, калі ёсьць.

Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Пахвальная песьня Багародзіцы або, у сьвяты Гасподнія, сьвяту.

 

Сьвятар і дыякан робяць уваход.

Дыякан кажа ціха: Госпаду памолімся.

Сьвятар (ціха): Вечарам, раніцай і апоўдні хвалім і бласлаўляем Цябе, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх: накіруй малітву нашу, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх слоў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць улавіць душы нашы; бо вочы нашы, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе – дык не пасаром нас. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дыякан (уголас): Мудрасьць, устаньце!


Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.

 


Пракімен:

У суботу вечарам (Пс 92:1,5):

Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу.

Вершы. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.

Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

У нядзелю вечарам (Пс 133:1):

Вось блаславіце Госпада, усе слугі Гасподнія.

Верш. Усе вы, што стаіце ў сьвятыні Гасподняй, на панадворку дому Бога нашага.

 

У панядзелак вечарам (Пс 4:2):

Госпад пачуе мяне, калі буду клікаць Яго.

Верш. Калі паклічу Цябе, пачуй мяне, Божа, што справядлівасьць мне чыніш.

У аўторак вечарам (Пс 22:6,1):

Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, будзе са мною праз усе дні жыцьця майго.

Верш. Госпад – мой пастыр, і ні ў чым ня буду мець нястачы: на месцы пажыўным Ён пасяліў мяне.

У сераду вечарам (Пс 53:3,4):

Божа, дзеля імя Твайго збаў мяне і сілаю Тваёю абарані мяне.

Верш. Божа, пачуй малітву маю, будзь уважлівы да слоў вуснаў маіх.

У чацьвер вечарам (Пс 120:2,1):

Дапамога мая ад Госпада, які стварыў неба і зямлю.

Верш. Я ўзьняў вочы мае да гораў, адкуль мае прыйсьці дапамога мая.

 

У пятніцу вечарам (Пс 58:10-11,2):

Ты мой заступнік, Божа, і міласэрнасьць Твая заўжды са мною.

Верш. Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, Божа, абарані ад тых, што паўстаюць на мяне.


Літанія ўзмоцненага маленьня

Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага, Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага … (імя) і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.

– Яшчэ молімся за яго (яе) міласьць … (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.

– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

– Яшчэ молімся за братоў нашых сьвятароў, дыяканаў і манахаў, і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.

– Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх раней адышоўшых айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.

– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.

Сьвятар: Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

 

Малітва ўслаўленьня

Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў.

Блаславёны Ты, Уладару, дай мне зразумець Твае запаветы.

Блаславёны Ты, Сьвяты, прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.

Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, Табе слава належыцца, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст