|
|
|
|
|
|
Вялікі Чацьвер |
КАНОН (Тон 6)
Песьня 1 Ірмас: Мора Чырвонае разьдзяляецца і глыбіня марская стаецца сушаю: для няўзброеных яна была бясьпечнай дарогай, а для ўзброеных – магілаю. І пачулася песьня, Богу прыемная: "Хрыстос Бог наш уславіўся!". Прычына ўсяго, што існуе, Падаўца жыцьця, бязьмежная мудрасьць Божая, зрабіў сабе сьвятыню ва ўлоньні чыстае Дзевы, што мужа ня знала. Апрануўшыся ў сьвятыню цялесную, Хрыстос Бог наш уславіўся. Мудрасьць Божая навучае прыяцеляў сваіх тайнаў і рыхтуе верным чашу несьмяротнага жыцьця. Дык падыдзем да яе з пабожнасьцю і ўсклікнем: "Хрыстос Бог наш уславіўся!". Паслухаем, верныя, высокага прапаведаваньня нястворанай і адзінасутнай Мудрасьці Божай, якая кліча: "Пакаштуйце і пераканайцеся, што Я добры". Усклікнем усе: "Хрыстос Бог наш уславіўся!".
Песьня 3 Ірмас: Ты, Госпадзе, Божа і Творча ўсіх, зьбяднеў і, застаўшыся непадуладным цярпеньням, зьяднаў з сабою створаную людзкую прыроду. Як нашая Пасха Ты даў сябе тым, за каго Ты захацеў памерці, і ўсклікнуў: "Ешце цела Маё і ўмацоўвайцеся ў веры!". Ты, Добры, напоўніў радасьцю чашу, збавенную для ўсіх людзей, і даў яе вучням Тваім. Як Сьвятар Ты прынёс сябе ў ахвяру і ўсклікнуў: "Піце кроў Маю і ўмацовайцеся ў веры!". "Як гэта неразумны здраднік сярод вас, – у Тваей дабрыні Ты сказаў вучням Тваім, – ня ведае і не разумее таго, што дзеецца. Але вы заставайцеся са Мною, і будзеце ўмацаваныя ў веры".
Сядальная песьня (Тон 1): Той, хто стварыў азёры, крыніцы і моры, даў нам прыклад пакоры: апярэзаўшыся ручніком, Ён памыў вучням ногі. Панізіўшыся, Ён, як адзіны Чалавекалюбец, узьняў нас ад бездані зла ў велічы міласэрнасьці сваёй. Слава ... (Тон 3): Упакорыўшыся ў дабрасардэчнасьці Тваёй, Ты памыў ногі вучням Тваім, каб накіраваць іх на Твой Боскі шлях. Пётра, які сьпярша не даваў Табе памыць яго, паслухаўся Твайго Боскага загаду і, будучы чыстым, шчыра прасіў Цябе дараваць нам веліч зьмілаваньня. Цяпер ... (Тон 4): На вячэры з Тваімі вучнямі, Ты, Уладару, тайна аб'явіў ім Тваю сьвятую сьмерць, якой мы збаўляемся ад тленнасьці. Славім Твае пачэсныя цярпеньні.
Песьня 4 Ірмас: Прарок прадбачыў невыказную тайну Тваю, Хрысьце, і ўсклікнуў: "Ты, Ойча ўсядобры, явіў нам веліч любові Тваёй, паслаўшы на сьвет адзінароднага Сына Твайго для ачышчэньня ад грахоў". Ідучы на цярпеньні, каб вызваліць ад цярпеньняў усіх нашчадкаў Адама, Ты, Хрысьце, сказаў прыяцелям Тваім: "Я жадаў есьці з вамі гэтую Пасху, бо Мяне, адзінароднага Сына Свайго, паслаў Айцец на сьвет для ачышчэньня ад грахоў". Прычасьціўшыся ад чашы, ты, Несьмяротны Госпадзе, сказаў вучням сваім: "Ня буду больш каштаваць плоду вінаграднага, пакуль буду з вамі тут на зямлі, бо Мяне, адзінароднага Сына Свайго, паслаў Айцец на сьвет для ачышчэньня ад грахоў". "У валадарстве Маім буду піць напой, які ніякія словы ня могуць апісаць, – Ты, Хрысьце, сказаў прыяцелям Тваім. – І буду з вамі, як Бог сярод багоў. Бо Мяне, адзінароднага Сына Свайго, паслаў Айцец на сьвет для ачышчэньня ад грахоў".
Песьня 5 Ірмас: Зьяднаныя саюзам любові, ахвяраваўшы сябе Ўладару ўсіх Хрысту, апосталы, ачышчаныя і з памытымі нагамі, дабравесьцілі ўсім супакой. Божая Мудрасьць і Ўладар усіх, які стрымлівае неўтаймаваную сілу водаў над скляпеньнем нябесным, утаймоўвае бездані і суцішае моц марскіх хваляў, улівае ваду ў місу, каб абмыць ногі слугам. Уладар паказвае вучням сваім прыклад пакорлівасьці: Той, хто пакрывае неба хмарамі, і ў руцэ сваёй трымае ўсё, што існуе, абвязаўшыся ручніком і ўкленчыўшы, абмывае ногі слугаў сваіх.
Песьня 6 Ірмас: Непрасьветная бездань грахоўная агарнула мяне, і не магу больш цярпець бурлівых хваляў. Таму, Уладару, як Ёна, клічу: "Ад тленнасьці выбаві мяне!". "Вучні мае, вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і сапраўды Я ім ёсьць, – Ты, Збавіцелю, усклікнуў. – Дык бярыце прыклад з Мяне і рабіце тое, што бачылі". "Чыстыя ня маюць патрэбы ў абмываньні ног. Вы, вучні мае, чыстыя, але ня ўсе: адзін з вас хавае злыя намеры ў сэрцы сваім".
Кандак (Тон 2): Здраднік бярэ хлеб у рукі, і тайна працягвае іх, каб атрымаць заплату за Таго, хто сваімі рукамі стварыў чалавека. Бо Юда, слуга і хлус, не пакаяўся. Ікас: Прыйдзем са страхам на тайную Вячэру, прымем з чыстымі душамі Хлеб і застанемся з Уладаром, каб бачыць, як Ён мые ногі вучням сваім. Будзем і мы рабіць таксама – дагаджаць адзін аднаму, мыць адзін аднаму ногі. Бо так загадаў Хрыстос вучням сваім. Але Юда, слуга і хлус, не паслухаў Яго.
Песьня 7 Ірмас: Юнакі ў Бабілёне не збаяліся полымя, але, укінутыя ў вагонь, абмытыя расою, пяялі: "Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых!". Схіліўшы галаву, Юда задумаў благое і шукаў нагоды прадаць на асуджэньне Судзьдзю ўсіх і Госпада, Бога айцоў нашых. Хрыстос сказаў прыяцелям сваім: "Адзін з вас прадасьць Мяне". Сум і страх агарнулі вучняў, і яны, забыўшыся пра вясельле, пыталі: "Скажы нам хто, Божа айцоў нашых!". "Той, хто бессаромна апускае са Мною руку ў місу, і каму было б лепш ніколі не ўваходзіць праз браму жыцьця". У такі спосаб паказаў усім здрадніка Бог айцоў нашых.
Песьня 8 Ірмас: Верныя запаветам айцоў, блаславёныя юнакі ў Бабілёне не збаяліся пакараньня і не паслухаліся бязглуздага загаду цара. Стоячы сярод агню, які іх не кранаў, яны запяялі песьню, дастойную Ўсемагутнага: "Усе стварэньні, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!". Блаславёныя госьці на Сыёне, верныя вучні Хрыстовыя, пайшлі, быццам авечкі, усьлед за Пастырам. Зьяднаныя з Хрыстом і ўскормленыя Ягоным Боскім словам, яны з удзячнасьцю ўсклікнулі: "Усе стварэньні, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!". Паганы Іскарыёт, забыўшыся на законы дружбы, задумаў здраду на Таго, хто яму ногі памыў: еў Твой Хлеб – Боскае Цела Тваё, – і падняў пяту сваю на Цябе, Хрысьце. Ён не навучыўся ўсклікаць: "Усе стварэньні, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!". Юда без сумленьня прыняў Цела для адпушчэньня грахоў, і Боскую Кроў, пралітую за сьвет. Ён піў яе, прадаўшы за грошы, і не адчуваў сораму ані агіды з прычыны зробленага граху, бо не навучыўся клікаць: "Усе стварэньні, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!".
Песьня 9 Ірмас: Прыйдзіце, верныя, уздымем нашыя розумы, будзем цешыцца з гасьціннасьці Ўладара і на вячэры несьмяротнага жыцьця ў горнай сьвятліцы будзем слухаць высокія словы Слова, якога ўзьвялічваем. "Ідзіце, – Слова сказала вучням, – і падрыхтуйце Пасху ў горнай сьвятліцы для тых, каго Я паклікаў да ўдзелу ў Тайне, з прэсным хлебам слова Праўды для ўмацаваньня розуму і памнажэньня ласкі. Перад вякамі Айцец нарадзіў Мяне, Мудрасьць і Творцу, Пачатак усіх Ягоных шляхоў. Ён прызначыў Мне рабіць тое, што цяпер спаўняецца: бо Я – прыродаю Нястворанае Слова – прыняў і зрабіў сваёю людзкую прыроду. Таму, што Я чалавек ня ўяўны, а сапраўдны, людзкая прырода ўва Мне абагаўляецца. Дык ведайце Мяне, як Адзінага Хрыста: Я збаўляю тых, сярод каго Я нарадзіўся і чыю прыроду ўспрыняў.
Экзапастылар (Тон 3): Сьвятліцу бачу, Збавіцелю, упрыгожаную, але вопраткі ня маю, каб увайсьці ў яе: прасьвятлі вопратку душы маёй, Сьветладайны, і збаў мяне.
Пахвальныя псалмы (Тон 2): Злачыннае зборышча зьбіраецца сёньня перадаць Пілату Творцу і Ўладара сусьвету. О, беззаконныя і няверныя! Як гэта яны аддаюць на суд Таго, хто судзіць жывых і мёртвых, і рыхтуюць мукі для Таго, хто лечыць усе цярпеньні? Доўгацярплівы Госпадзе, вялікая міласэрнасьць Твая. Слава Табе! Беззаконны Юда, памачыўшы на вячэры ў місе руку сваю разам з Табою, Госпадзе, працягнуў рукі да беззаконных, каб узяць срэбранікі; і, абмеркаваўшы цану духмянага алею, не збаяўся прадаць Цябе, бясцэннага. Ён працягнуў ногі свае, каб Ты іх абмыў, і крывадушным пацалункам Цябе, Уладару, прадаў беззаконным. Адрокшыся ад апостальскага збору і кінуўшы трыццаць срэбранікаў, ён так і ня бачыў, як Ты ўваскрос на трэці дзень. Зьмілуйся над намі ўваскрасеньнем Тваім! Юда, аблудны здраднік, крывадушным пацалункам здрадзіў Збавіцелю і Госпаду і, як нявольніка, прадаў Уладара ўсяго стварэньня. Быццам ягнё на зарэз, так было ведзенае Ягнё Божае, Сын Айца, адзіны міласэрны. Юда, слуга і хлус, вучань і здраднік, прыяцель і д'ябал паказаў свой сапраўдны твар сваімі ўчынкамі. Ён хадзіў усьлед за Настаўнікам, а паціху намерваўся здрадзіць Яму, кажучы ў сабе: "Прадам Яго і буду мець грошы, якія мне абяцалі". Ён хацеў прадаць духмяны алей, і ўзяць Ісуса подступам. Пацалункам ён прадаў Хрыста. І быццам ягнё на зарэз, так быў ведзены Госпад, адзіны міласэрны і Чалавекалюбец. Слава ... Цяпер ... Як прадказаў прарок Ісая, вось ідзе Ягнё Божае на дабравольную сьмерць, аддае плечы свае на раны і шчокі на біцьцё, і не адварочвае твару свайго ад зьняважлівых пляваньняў. Ён асуджаецца на ганебную сьмерць. Усё дабравольна церпіць Бязгрэшны, каб дараваць усім уваскрасеньне з мёртвых.
Вершапесьні (Тон 8): Сёньня сабралася нязбожнае зборышча на Хрыста і няправедна абвінаваціла Яго, каб аддаць Бязьвіннага Пілату на сьмерць. Сёньня Юда зьвіў сабе пятлю з грошай і пазбавіўся дачаснага і вечнага жыцьця. Сёньня Каяфа супраць волі сваёй прарочыць, кажучы: "Лепш аднаму памерці за людзей". Бо Ён у дабрыні сваёй і чалавекалюбстве прыйшоў пацярпець за грахі нашыя і вызваліць нас з варожае няволі. Верш: Тыя, што елі хлеб мой, узьнялі пяту сваю на мяне. (Пс 40:10) Сёньня Юда адкідае сваю няшчырую любоў да бедных, і паказвае свой сапраўдны хцівы нораў. Няма ўжо больш у яго клопату пра ўбогіх, і ён ня хоча прадаць алею грэшніцы, але прадае Нябесны Алей і бярэ за яго срэбранікі. Ён ідзе да гэбрэяў і кажа беззаконным: "Што дасьцё мне за тое, што выдам вам Яго?". О, агіднае срэбралюбства здрадніка! Згадзіўшыся на цану тых, што куплялі, ён лічыць, што зрабіў карысную зьдзелку. Не таргуючыся, ён прадае Госпада, быццам зьбеглага нявольніка, бо ў злодзеяў ёсьць звычай адкідаць самае каштоўнае. Сёньня вучань кідае сабакам Сьвятое, і шаленства хцівасьці напаўняе яго дзікай злосьцю на Ўладара. Дык уцякайма ад ягонае спакусы і ўсклікайма: "Доўгацярплівы Госпадзе, слава Табе!". Верш: У сэрцы сваім ён злосьць зьбірае і, выйшаўшы, прагалошвае яе. (Пс 40:7) Аблудныя шляхі твае, нязбожны Юда; захварэўшы на срэбралюбства, ты стаўся чалавеканенавісьнікам. Калі ты любіш багацьці, чаму стаўся вучнем Настаўніка ўбогасьці? А калі ты Яго любіў, чаму прадаў здрадліва на сьмерць Бясцэннага? Жахніся, сонца; застагні, зямля, задрыжы і ўсклікні: "Добры Госпадзе, слава Табе!". Верш: Яны казалі законапраступныя словы супраць мяне. (Пс 40:9) Хай ніхто з нас, верныя, не ўсьвядоміўшы таямніцы, не прыступае да Вячэры Ўладара і не падыходзіць здрадліва, як Юда. Ён, атрымаўшы сваю частку, прадаў Хлеб. Прыкідваўся вучнем, а ў сапраўднасьці быў забойцам. Ён цешыўся з гэбрэямі, хоць сядзеў на вячэры з апосталамі; ненавідзячы, пацалаваў і пацалункам прадаў Таго, хто выкупіў нас ад праклёну, Бога і Збавіцеля душаў нашых. Слава ...: Аблудныя шляхі твае, нязбожны Юда; захварэўшы на срэбралюбства, ты стаўся чалавеканенавісьнікам. Калі ты любіш багацьці, чаму стаўся вучнем Настаўніка ўбогасьці? А калі ты Яго любіў, чаму прадаў здрадліва на сьмерць Бясцэннага? Жахніся, сонца; застагні, зямля, задрыжы і ўсклікні: "Добры Госпадзе, слава Табе!". Цяпер ... (Тон 5): Навучаючы вучняў Тваіх тайніцы, Ты, Госпадзе, сказаў ім: "Глядзіце, прыяцелі, хай ніякі страх не адлучыць вас ад Мяне, бо я, хоць і цярплю, але за сьвет. Не ўсумніцеся ўва Мне, бо Я прыйшоў не на тое, каб мне служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Маю за збаўленьне сьвету. Калі вы Мае прыяцелі, бярыце прыклад з Мяне: той, хто хоча быць першым сярод вас, хай будзе апошнім; уладар хай будзе слугою. Будзьце ўва Мне, каб прынесьці плён, бо Я – вінаград жыцьця". |
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|