КАНОН (Тон 1)
Падчас кожнай песьні сьвятар (або сьвятары, калі іх больш) і
дыякан па чарзе кадзяць і вітаюць людзей словамі "Хрыстос уваскрос!", на што
людзі адказваюць "Сапраўды ўваскрос!"
Песьня 1
Ірмас: Уваскрасеньня дзень!
Прасьветлімся, людзі: Пасха Гасподняя, Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад
зямлі на неба Хрыстос Бог узьняў нас, якія пяём песьню перамогі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Ачысьцім нашыя пачуцьці, каб нам убачыць Хрыста ў невымоўным
зьзяньні ўваскрасеньня, і пачуць, як Ён кажа: Радуйцеся ўсе, што пяеце песьню
перамогі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Нябёсы хай дастойна весяляцца, і хай радуецца зямля, хай
увесь сьвет, бачны і нябачны, сьвяткуе, бо ўваскрос Хрыстос, наша радасьць
вечная.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся, людзі: Пасха Гасподняя,
Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба Хрыстос Бог узьняў нас,
якія пяём песьню перамогі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)
Малая літанія:
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас,
Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую,
найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх
сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё
валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і
на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Песьня 3
Ірмас: Хадзеце, будзем піць пітво новае, не
з каменя бясплоднага цудам атрыманае, але тое, што б'е жывой крыніцай з магілы
Хрыста, які нас умацоўвае.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Сёньня мы напоўніліся сьвятлом – неба, зямля і апраметная.
Хай усё стварэньне сьвяткуе ўваскрасеньне Хрыста, які нас умацоўвае.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Учора я быў пахаваны з Табою, Хрысьце – сёньня Ты ўваскрос і
я ўстаў; учора я быў укрыжаваны з Табою – услаў мяне сёньня ў валадарстве Тваім.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Хадзеце, будзем піць пітво новае, не з каменя бясплоднага
цудам атрыманае, але тое, што б'е жывой крыніцай з магілы Хрыста, які нас
умацоўвае.
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)
Малая літанія "Яшчэ і яшчэ..." і г.д.
Вокліч: Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу,
і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Гіпакоі (Тон 4): Устаўшы да сьвітаньня, жанчыны, што
былі з Марыяй, убачылі камень, адвалены ад магілы, і пачулі ад анёла: "Нашто
шукаеце сярод мёртвых, быццам чалавека, Таго, хто жыве ў вечным сьвятле?
Гляньце, вось пахавальныя покрывы; дык ідзіце і сьвету абвяшчайце, што Госпад
уваскрос і зьнішчыў сьмерць, бо Ён Сын Бога, які збаўляе род людзкі".
Песьня 4
Ірмас: На боскай варце Богам натхнёны
Авакум хай стане разам з намі і пакажа анёла прамяністага, які нам кажа: Сёньня
збаўленьне сьвету, бо ўваскрос Хрыстос усемагутны.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Хрыстос зьявіўся нам, як сьмяротны чалавек, з дзявочага
ўлоньня; Ён наша Пасха, што, як ягнё бязьвіннае, граху ня ведае; як Бог
праўдзівы, Ён дасканалы.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Быццам аднагадовае ягнятка, Хрыстос – наш блаславёны вянец і
Пасха ачышчальная – быў дабравольна прынесены ў ахвяру за ўсіх, і вось з магілы
зазьзяла нам Сонца справядлівасьці.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Богаайцец Давід радасна танцаваў перад каўчэгам Запавету, што
быў правобразам; мы ж, сьвяты народ Божы і сьведкі зьдзейсьненага, радуемся ў
Богу, бо ўваскрос Хрыстос усемагутны.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
На боскай варце Богам натхнёны Авакум хай стане разам з намі
і пакажа анёла прамяністага, які нам кажа: Сёньня збаўленьне сьвету, бо ўваскрос
Хрыстос усемагутны.
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)
Малая літанія "Яшчэ і яшчэ..." .
Вокліч: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе
славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Песьня 5
Ірмас: Устанем рана да сьвітаньня і, замест
духмянасьцяў, песьню Ўладару прынясем, і ўбачым Хрыста, Сонца справядлівасьці,
што асьвятляе ўсім жыцьцё.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Убачыўшы бязьмежную міласэрнасьць Тваю, Хрысьце, усе,
зьвязаныя путамі пякельнымі, вясёлымі крокамі пасьпяшылі да сьвятла і ўславілі
Пасху вечную.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Са сьвечкамі ў рукох выйдзем насустрач Хрысту, які, быццам
жаніх, з магілы выходзіць, і разам са сьвяточным натоўпам уславім Пасху Божую,
збавенную.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Устанем рана да сьвітаньня і, замест духмянасьцяў, песьню
Ўладару прынясем, і ўбачым Хрыста, Сонца справядлівасьці, што асьвятляе ўсім
жыцьцё.
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)
Малая літанія "Яшчэ і яшчэ..."
Вокліч: Бо Тваё пачэснае і велічнае імя, Айца, і
Сына, і Сьвятога Духа, поўнае сьвятасьці і славы цяпер, і заўсёды, і на вякі
вякоў.
Песьня 6
Ірмас: Ты, Хрысьце, зышоў ў глыбіні
падземныя і разьбіў вечныя путы, што трымалі вязьняў, і на трэці дзень, быццам
Ёна з нутра кіта, устаў з магілы.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Захаваўшы цэлымі пячаці, Ты, Хрысьце, што не парушыў
дзявоцтва нараджэньнем Тваім, уваскрос з магілы і адчыніў нам райскія вароты.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Спасе мой, жывая і несьмяротная ахвяра, Ты як Бог дабравольна
прынёс сябе ў ахвяру Айцу і, уваскросшы з магілы, узьняў з сабою праайца Адама і
ўвесь род людзкі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Ты, Хрысьце, зышоў ў глыбіні падземныя і разьбіў вечныя путы,
што трымалі вязьняў, і на трэці дзень, быццам Ёна з нутра кіта, устаў з магілы.
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)
Малая літанія "Яшчэ і яшчэ...".
Вокліч: Бо Ты – Уладар сьвету і Збаўца душ нашых,
і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі
вякоў.
Кандак (Тон 8): Хоць Ты, Несьмяротны, і зышоў у магілу, Ты
зьнішчыў пекла ўладу і ўваскрос пераможна, Хрысьце Божа, жанчынам міраносіцам
кажучы "Радуйцеся!", і Тваім апосталам супакой даруючы, Ты, што даеш памерлым
уваскрасеньне.
Ікас: Устаўшы да сьвітаньня, жанчыны выйшлі
шукаць, быццам дня, Сонца, што было раней за сонца і зайшло ў магілу, і казалі
адна адной: "Хадзем, сяброўкі, памажам духмянымі алейкамі ў магіле жыцьцядайнае
цела Таго, хто ўваскрасіў памерлага Адама; пойдзем хутка і, як некалі мудрацы,
прынясем у дар духмянае міра Таму, хто ляжыць, спавіты не ў пялёны, але ў
пахавальнае палатно; заплачам і ўсклікнем: Устань, Уладару, Ты, што даеш
памерлым уваскрасеньне!"
(Тон 6). Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова,
паклонімся сьвятому Госпаду Ісусу, адзінаму бязгрэшнаму. Крыжу Твайму
пакланяемся, Хрысьце, і сьвятое ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім. Ты – Бог
наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем, імя Тваё клічам. Прыйдзіце, усе верныя,
паклонімся сьвятому ўваскрасеньню Хрыстоваму, бо праз крыж прыйшла радасьць
усяму сьвету. Заўжды бласлаўляючы Госпада, славім уваскрасеньне Яго, бо Ён,
пацярпеўшы ўкрыжаваньне, сьмерцю сьмерць зваяваў.
(Тройчы)
(Тон 6). Уваскрос Ісус з магілы, як абяцаў, даючы
нам жыцьцё вечнае і багацьце свайго зьмілаваньня.
(Тройчы)
Песьня 7
Ірмас: Той, хто выбавіў юнакоў з агню,
стаўшыся чалавекам, церпіць, як сьмяротны, і цярпеньнем сваім сьмяротнае апранае
ў красу несьмяротнасьці – адзіны найблаславёны Бог Айцоў і ўсемагутны.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Багамудрыя жанчыны-міраносіцыз духмянымі алейкамі пасьпяшылі
сьледам за Табою і, шукаючы са сьлязьмі памерлага, радасна пакланіліся Богу, і
Пасху тайную вучням Тваім, Хрысьце, абвясьцілі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Сьвяткуем сьмерці сьмерць, пекла зьнішчэньне і новага,
вечнага жыцьця пачатак і, радуючыся, славім Прычыну ўсяго, што здарылася,
адзінага блаславёнага Бога Айцоў і ўсяслаўнага.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Сапраўды сьвятая і ўрачыстая гэтая збавенная ноч, і
прамяністая прадвесьніца сьветлага дня ўваскрасеньня, у які Спрадвечнае Сьвятло
цялесна ўсім з магілы зазьзяла.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Той, хто выбавіў юнакоў з агню, стаўшыся чалавекам, церпіць,
як сьмяротны, і цярпеньнем сваім сьмяротнае апранае ў красу несьмяротнасьці –
адзіны найблаславёны Бог Айцоў і ўсемагутны.
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)
Малая літанія "Яшчэ і яшчэ...".
Вокліч: Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына,
і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер, і заўсёды, і на вякі
вякоў.
Песьня 8
Ірмас: Гэты асаблівы і сьвяты дзень, адзіны
з усіх суботаў, уладарны і гасподні, сьвята над сьвятамі і ўрачыстасьць над
урачыстасьцямі: у гэты дзень бласлаўляем Хрыста на ўсе вякі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Хадзеце, у гэты ўрачысты дзень Уваскрасеньня, пакаштуем
новага плоду вінаграднага, радасьці Божай і валадарства Хрыстовага і ўславім Яго
на ўсе вякі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Глянь навокал, Сыёне, і бач: вось прыйшлі да цябе, быццам
боскія сьветачы, з захаду і поўначы, з поўдня і ўсходу дзеці твае, бласлаўляючы
Хрыста на ўсе вякі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Усесьвятая Тройца, Божа наш, слава Табе!
Ойча ўсемагутны, і Сыне, і Духу, адзіная ў трох асобах
існасьць, надпрыродная і найвышэйшая Боскасьць, у Цябе мы ахрысьціліся і Цябе
бласлаўляем на ўсе вякі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Гэты асаблівы і сьвяты дзень, адзіны з усіх суботаў, уладарны
і гасподні, сьвята над сьвятамі і ўрачыстасьць над урачыстасьцямі: у гэты дзень
бласлаўляем Хрыста на ўсе вякі.
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)
Малая літанія "Яшчэ і яшчэ...".
Вокліч: Хай будзе блаславёнае імя Тваё і
праслаўленае валадарства Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды,
і на вякі вякоў.
Дыякан, стаўшы з кадзілам перад іконай Уваскрасеньня, кажа
ўголас:
Узьвялічвай, душа мая, Хрыста Жыцьцядаўца, што ўваскрос на
трэці дзень з магілы!
Людзі сьпяваюць адразу 9 песьню.
Песьня 9
Ірмас: Сьвяціся, сьвяціся, Новы Ерусаліме, бо
слава Гасподняя зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне. Ты ж,
Чыстая, красуйся, Багародзіца, бо Той, каго Ты нарадзіла, з мёртвых устаў.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
О Боскае, о любае, о найсьвятое слова Тваё: Ты, Хрысьце,
абяцаў быць з намі да канца сьвету. Мы ж, што жывем з гэтай надзеяю, радуемся.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Ты, Хрысьце, наша вялікая і сьвятая Пасха, Слова Божае,
Мудрасьць і Сіла. Дай нам больш дасканала зьяднацца з Табою ў незаходны дзень
валадарства Твайго.
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Анёл усклікнуў Поўнай ласкі: Чыстая Дзева, радуйся! I зноў
кажу: Радуйся, бо Твой Сын уваскрос на трэці дзень з магілы і мёртвых узьняў з
сабою. Людзі, весяліцеся!
Хрыстос уваскрос з мёртвых!
Сьвяціся, сьвяціся, Новы Ерусаліме, бо слава Гасподняя
зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне. Ты ж, Чыстая, красуйся,
Багародзіца, бо Той, каго Ты нарадзіла, з мёртвых устаў.
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)
Малая літанія "Яшчэ і яшчэ...".
Вокліч: Бо Цябе хваляць усе сілы нябесныя, Айца, і
Сына, і Сьвятога Духа, і Табе славу аддаюць, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
І сьпяваюць "Экзапастылар": Целам
заснуўшы як мёртвы, Уладару і Госпадзе, на трэці дзень Ты ўваскрос і Адама ад
тленнасьці ўзьняў, перамогшы сьмерць. Пасха нятленная, сьвету збаўленьне!
(Тройчы)
|