Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Сьветлы Панядзелак


 

 

Сьветлы Панядзелак


ЛІТУРГІЯ


Пачатак, антыфаны, трапары і г. д. як на Вялікдзень.

Пракімен: Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Верш: Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл


Чытаньне Апостальскіх дзеяньняў

У той час апосталы вярнуліся ў Ерусалім з гары, названае Аліўнаю, што непадалёк ад Ерусаліму, за дзень суботняе хады. Вярнуўшыся, яны ўзышлі ў сьвятліцу. Там былі Пётра і Якуб, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Баўтрамей і Мацьвей, Якуб Альфеявы і Сымон Зэлёт, і Юда Якубаў. Усе яны трывалі аднадушна ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Ісуса, і з Ягонымі братамі. Тады Пётра ўстаў сярод вучняў, – а сабралася іх разам каля ста дваццацёх людзей, – і сказаў: "Браты! Трэба было, каб споўнілася тое пісаньне, у якім Дух Сьвяты вуснамі Давіда прадказаў пра Юду, які быў правадыром тых, што схапілі Ісуса. Ён лічыўся адным з нас і меў частку ў нашым служэньні. Дык трэба, каб адзін з тых мужоў, што былі з намі праз увесь час, калі Госпад Ісус быў з намі, пачынаючы ад хрышчэньня Янавага аж да дня, калі Ён узьнёсься (на неба), стаўся разам з намі сьведкам Ягонага ўваскрасеньня". I паставілі двух: Язэпа, названага Варсаваю, які меў мянушку Юст, і Масея. I, памаліўшыся, сказалі: "Ты, Госпадзе, які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы, каго з гэтых двух Ты выбраў, каб узяў частку апостальскага служэньня, ад якога адпаў Юда, каб ісьці на сваё месца". I кінулі жэрабя аб іх, і выпала жэрабя на Масея, і ён быў далучаны да адзінаццацёх апосталаў. (Дз 1:12-17, 21-26)


Алілуя: Нябёсы славяць цуды Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю – хоры сьвятых.

Верш: Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

Бога ніхто ня бачыў ніколі. Адзінародны Сын, што ёсьць ва ўлоньні Айца, Ён паказаў. А вось сьведчаньне Яна, калі паслалі да яго юдэі з Ерусаліму сьвятароў і левітаў, каб спыталіся ў яго: "Хто ты?" I ён вызнаў і не запярэчыў, а вызнаў: "Я не Хрыстос". Тады спыталіся ў яго: "Што ж? Можа ты Ільля?" А ён адказаў: "Не!"; "Ты прарок?" А ён на гэта: "Не!" Тады сказалі яму: "Хто ты, каб нам даць адказ тым, што паслалі нас? Што ты скажаш сам пра сябе?" Ён адказаў: "Я голас таго, хто гукае ў пустыні: Рабіце простаю дарогу Гасподнюю, як сказаў прарок Ісая". А пасланыя былі з фарысэяў. I пыталіся ў яго, кажучы яму: "Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?"Ян адказаў ім: "Я хрышчу вадою, (але) сярод вас стаіць Той, каго вы ня ведаеце, хто ідзе за мною і каму я ня годны разьвязаць рамень ягонага абутку". Гэта адбылося ў Бэтаніі, на тым баку Ярдану, дзе Ян хрысьціў. (Ян 1:18-28)


Далей усё, як на Вялікдзень.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст