Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Нядзеля Тамаша (Антыпасха) - Ютрань


 

 

Нядзеля Тамаша (Антыпасха) - Ютрань

Кандак (тон 8). Дапытліваю рукою Тамаш дакрануўся да жыцьцядайнага боку Твайго, Хрысьце Божа, калі Ты ўвайшоў праз зачыненыя дзьверы, і разам з іншымі апосталамі ўсклікнуў Табе: "Ты – Госпад мой і Бог мой!"

Ікас. Хто захаваў непашкоджанай руку вучня, калі Той уклаў яе ў вогненны бок Збавіцеля? Хто даў яму сьмеласьць дакрануцца да палымянай косьці? Несумненна, той бок, да якога ён дакрануўся, даў сілу тленнай руцэ дакрануцца да Таго, хто мукамі сваімі скалануў неба і зямлю. Гэтая ласка была дадзеная Тамашу, каб ён, дакрануўшыся да Хрыста, мог усклікнуць: "Ты – Госпад мой і Бог мой!"


Песьня 7. Ірмас. Шматлікія музычныя прылады клікалі людзей пакланіцца ідалу. Але нашчадкі Давіда, як некалі іхнія айцы, засьпявалі Сыёнскую песьню і супрацівіліся загаду мучыцеля. Яны перамянілі полымя на расу, усклікнуўшы: "Божа айцоў і наш, блаславёны Ты!"

У гэты сьветлы дзень, першы з усіх сьветлых дзён Гасподніх, належыцца людзям Божым радавацца; бо ў ім ёсьць знак вечнасьці і вобраз будучага веку. Усяхвальны Божа айцоў і наш, блаславёны Ты!

Тамаш Блізьнюк паказаў незвычайную сьмеласьць і праз сваё няверства ўзбагаціў нас ласкаю веры. Ён разьвеяў туман няведаньня па ўсім сьвеце, і сабе падрыхтаваў вянец, усклікнуўшы: "Ты – Госпад мой". Усяхвальны Божа айцоў і наш, блаславёны Ты!

Не дарма Тамаш быў адсутны і не хацеў паверыць ва ўваскрасеньне Тваё, Хрысьце: ён жадаў даць неабвержны доказ для ўсіх людзей. Вось чаму ён умацаваў веру ўсіх нас няверствам сваім, калі ўсклікнуў: "Ты – Госпад мой". Усяхвальны Божа айцоў і наш, блаславёны Ты!

Калі Тамаш уклаў са страхам і трапятаньнем руку сваю ў Твой жыцьцядайны бок, Хрысьце Збавіцелю, ён адчуў дзеяньне дзьвюх нязьлітных прыродаў, зьеднаных у Табе, і ўсклікнуў з вераю: "Ты – Госпад мой". Усяслаўны Божа айцоў і наш, блаславёны Ты!

Катавасія. Той, хто выбавіў юнакоў з агню, стаўшыся чалавекам, церпіць мукі, як сьмяротны, і цярпеньнем сваім сьмяротнае апранае ў красу несьмяротнасьці – адзіны найблаславёны Бог Айцоў і ўсемагутны.


Песьня 8. Ірмас. Госпада, які зышоў у вогненную печ да юнакоў у выглядзе анёла і захаваў іх някранутымі, слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі.

Хоць Тамаш жадаў моцна бачыць Цябе, ён спачатку не паверыў; пераканаўшыся, ён назваў Богам і Госпадам Цябе, Уладару, якога мы ўзьвялічваем праз усе вякі.

Госпада, які сьцярпеў неверства Тамаша, паказаў яму свой бок і дазволіў дакрануцца да сябе, слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі.

Вялікі скарб, што быў схаваны, Тамаш адкрыў нам, калі натхнёна вызнаў Ягонае Боства, усклікнуўшы: "Слаўце і ўзьвялічвайце Хрыста праз усе вякі".

Катавасія. Гэты асаблівы і сьвяты дзень, адзіны з усіх суботаў, уладарны і гасподні, сьвята над сьвятамі і ўрачыстасьць над урачыстасьцямі: у гэты дзень бласлаўляем Хрыста на ўсе вякі.


"Больш годную пашаны..." не сьпяваецца.

Песьня 9. Ірмас. Сьветач ясны, Маці Божую, цудоўную славу, вышэйшую за ўсе стварэньні, у песьнях узьвялічым.

Прысьпеў. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Узьвялічваем у песьнях, Хрысьце, Твой дзень, поўны сьветлай ласкі, бо ў ім Ты зьявіўся Тваім вучням ува ўсёй красе Тваёй.

Узьвялічваем Цябе, які дазволіў дакрануцца тленнай руцэ да боку Твайго і не спаліў яе агнём Боскасьці Тваёй.

Мы ня бачылі на свае вочы, калі Ты, Хрысьце, уваскрос як Бог з магілы, але ўсім сэрцам верым Табе і ў песьнях узьвялічваем Цябе.

Катавасія. Сьвяціся, сьвяціся, Новы Ерусаліме, бо слава Гасподняя зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне. Ты ж, Чыстая, красуйся, Багародзіца, бо Той, каго Ты нарадзіла, з мёртвых устаў.


Экзапастыляр (тон 1). Дакрануўшыся да раны ў боку Маім, ня будзь, Тамаш, няверным, бо за цябе Я быў паранены. Будзь адной думкі з іншымі вучнямі і прапаведуй Мяне як Жывога Бога. (Двойчы)

Слава... цяпер...

Сёньня вясна пахам сваім напаўняе ўсё, і новае стварэньне радуецца; сёньня замкі варотаў няверства адчыняюцца, і Тамаш кліча: "Ты Госпад і Бог мой!"


Пахвальныя псалмы

(Тон 1). Пасьля Твайго, Жыцьцядаўца, страшнага з мёртвых устаньня, не парушыўшы магільных пячацяў, Ты, Хрысьце, прыйшоў да апосталаў Тваіх, хоць дзьверы былі зачыненыя, і ўсьцешыў іх дарам Духа Твайго праведнага ў вялікай міласэрнасьці Тваёй. (Двойчы)

Тамаш Блізьнюк ня быў прысутны, калі Ты, Госпадзе, зьявіўся вучням. Ён не паверыў Твайму ўваскрасеньню, і тым, што бачылі, сказаў: "Пакуль не ўкладу пальца майго ў Ягоны бок і ў раны ад цьвікоў, не паверу, што Ён устаў".

"Дакраніся да Мяне, калі жадаеш – Хрыстос сказаў Тамашу, – укладзі руку тваю і пераканайся, што маю косьці і зямное цела, і ня будзь няверным, але вер, як іншыя". А ён тады ўсклікнуў: "Ты – Бог мой і Госпад мой, слава ўваскрасеньню Твайму!"

Слава...

(Тон 6). Праз восем дзён пасьля ўваскрасеньня Твайго, Ты, Ісусе Ўладару, Адзінароднае Слова Айца, зьявіўся вучням Тваім пры зачыненых дзьвярах, даючы ім Твой супакой, і нявернаму вучню сказаў: "Хадзі і дакраніся да рук і ног Маіх і да майго нятленнага боку". І ён паверыў і ўсклікнуў: "Ты Госпад і Бог мой. Слава Табе!"

Цяпер...

Найблаславёная Ты...


Пасьля Вялікага ўслаўленьня:

Трапар (тон 7). Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.


Папярэдняя старонка | Старонка 2 з 2
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст