Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Нядзеля Тамаша (Антыпасха) - Ютрань


 

 

Нядзеля Тамаша (Антыпасха) - Ютрань

Трапар (тон 7). Хоць магіла была запячатаная... (Тройчы)

Першая сядальная песьня (тон 1). Да вучняў, якія ў страху перад гэбрэямі сабраліся на Сыёне, Ты, Добры, прыйшоў праз зачыненыя дзьверы і прынёс ім радасьць. Ты паказаў ім Твае рукі і бок і сказаў вучню, які ня паверыў: "Працягні руку тваю, дакраніся і пераканайся, што гэта Я, які за цябе пацярпеў". (Двойчы)

Другая сядальная песьня (тон 1). Хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Жыцьцё ўсіх, Хрысьце, стаў сярод вучняў Тваіх, паказаў ім Твае рукі, ногі і бок і ўмацаваў іх у веры Твайго ўваскрасеньня. Але Тамаш, які ня быў з імі, сказаў: " Калі не пабачу Яго, не паверу таму, што кажаце". (Двойчы)

Сядальная песьня пасьля паліелею (тон 1). "Бачыш, Тамаш, мой бок і раны ад цьвікоў, дык чаму ня верыш?" – сказаў Госпад, калі паказаўся апосталам пасьля свайго ўваскрасеньня. І Тамаш уверыў і ўсклікнуў Творцу: "Ты мой Бог і Госпад!"

Узыходныя песьні: Першы антыфан 4 тону

Пракімен. Хвалі, Ерусаліме, Госпада; слаў Бога твайго, Сыёне.

Верш. Бо ён умацаваў асновы варотаў тваіх, і блаславіў у табе сыноў тваіх.

Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея

У той час адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды сказаў ім Ісус. І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму, а іншыя ўсумніліся. Тады Ісус падышоў і зьвярнуўся да іх з наступнымі словамі: "Дадзеная мне ўся ўлада на небе і зямлі. Дык ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, і вучыце іх захоўваць усё, што Я сказаў вам. І вось Я з вамі праз усе дні аж да сканчэньня сьвету. Амін". (28: 16-20)

Пасьля Евангельля: Убачыўшы ўваскрасеньне Хрыстова...

і ўсё, як у нядзелю.

Канон

(Тон 1)

[b]Песьня 1. Ірмас. Усе народы, сьпявайце пераможную песьню Таму, хто вызваліў Ізраіля з фараонавай няволі, бо Ён праславіўся.

Сёньня вясна нашых душаў, бо Хрыстос устаў, быццам сонца, з магілы на трэці дзень і разагнаў зіму грахоў. Дык пяем Яму, бо Ён праславіўся.

Сёньняшняе сьвята – верны спадарожнік сьветлага Сьвята ўсіх Сьвятаў. Яно цешыць новы выбраны народ царкоўны, які няспынна славіць у песьнях уваскрослага Хрыста.

Ні вароты пякельныя, ні пячаці магільныя, ні зачыненыя дзьверы не змаглі ўтрымаць Цябе, Госпадзе. Уваскросшы, Ты стаў сярод прыяцеляў Тваіх і даў ім супакой, што пераўзыходзіць усякае разуменьне.

Катавасія: Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся, людзі: Пасха Гасподняя, Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба Хрыстос Бог перавёў нас, якія пяём песьню перамогі.


Песьня 3. Ірмас. Умацуй мяне, Хрысьце, на непахіснай скале запаветаў Тваіх і прасьвятлі зьзяньнем твару Твайго, бо ніхто не сьвяты апроч Цябе, Чалавекалюбча.

Ты, Хрысьце, абнавіў нас Крыжом Тваім і, даўшы нятленнасьць замест тленнасьці, загадаў жыць новым жыцьцём.

Замкнёны ў магіле, абмежаваны целам, Ты, бясконцы і ўсемагутны Хрысьце, уваскрос і праз зачыненыя дзьверы прыйшоў да вучняў Тваіх.

Ты захаваў раны, якія Ты атрымаў дзеля нас, і паказаў іх вучням Тваім, як доказ Твайго слаўнага ўваскрасеньня.

Катавасія. Хадзеце, будзем піць пітво новае, не з каменя бясплоднага цудам атрыманае, але тое, што б'е жывой крыніцай з магілы Хрыста, які нас умацоўвае.


Гіпакоі (тон 2). Ты, Збавіцелю, прыйшоў да Тваіх вучняў і даў ім жыцьцё. Прыйдзі таксама да нас і збаў нас.


Песьня 4. Ірмас. Вялікая тайна провіду Твайго, Хрысьце! Авакум прадбачыў яго ў божым відзеньні і ўсклікнуў: "Ты прыйшоў для збаўленьня людзей Тваіх, Чалавекалюбча!"

Пакаштаваўшы жоўці, Хрыстос аздаравіў нашу ранейшую няўстрыманасьць. Цяпер Ён дае праайцу (Адаму), быццам соты мёду, слодыч прасьвятленьня і еднасьці з сабою.

Ты, Чалавекалюбча, цешышся, калі шукаюць Цябе: Дзеля гэтага Ты паказаў Тамашу, які сумняваўся, Твой бок, і такім чынам умацаваў у сьвеце веру ў Тваё, Хрысьце, уваскрасеньне на трэці дзень.

Зачарпнуўшы з Твайго, Дабрачынца, прабітага кап'ём боку невычэрпнае багацьце Боскае мудрасьці, Тамаш напоўніў увесь сьвет разуменьнем.

Хвалім твой, Тамашу, блаславёны язык, якім ты, першы з усіх, набожна аб'явіў усім Жыцьцядаўца Ісуса, Бога і Госпада, пасьля таго, як ты дакрануўся да Яго.

Катавасія. На боскай варце Богам натхнёны Авакум хай стане разам з намі і пакажа анёла прамяністага, які нам ясна кажа: Сёньня збаўленьне сьвету, бо ўваскрос Хрыстос усемагутны.


Песьня 5. Ірмас. Сярод ночы славім Цябе, суспрадвечны з Айцом Хрысьце і Збавіцелю душаў нашых. Дай супакой сьвету, Чалавекалюбча.

Зьявіўшыся сярод зьнявераных вучняў Тваіх, Ты, Збавіцелю, суняў іхні сум і ўваскрасеньнем Тваім напоўніў іх радасьцю.

Сапраўды сьмелы ўчынак годнага пахвалы Тамаша! Ён не збаяўся дакрануцца да боку, які гарэў Боскім полымем.

У Тваёй мудрасьці Ты, Хрысьце, няверства Тамаша зрабіў крыніцаю веры. Ты чыніш усё для нашага дабра, Чалавекалюбча.

Катавасія. Устанем рана да сьвітаньня і, замест духмянасьцяў, песьню Ўладару прынясем, і ўбачым Хрыста, Сонца справяд-лівасьці, што асьвятляе ўсім жыцьцё.


Песьня 6. Ірмас. Ты, Чалавекалюбча, збавіў прарока Твайго з нутра кіта: уздымі і мяне з бездані правінаў, малюся Табе.

Ты, Уладару, ня даў Тамашу патануць у твані няверства, але працягнуў яму рукі свае, каб ён мог агледзець іх.

Госпад сказаў Тамашу: "Дакраніся да мяне і пераканайся, што Я сапраўды той самы і маю цела і косьці".

Тамаш, які ня быў прысутны, калі Ты першы раз зьявіўся вучням, дакрануўся да Твайго боку і, паверыўшы, вызнаў Цябе як нашага Збавіцеля.

Катавасія. Ты, Хрысьце, зышоў у глыбіні падземныя і разьбіў вечныя путы, што трымалі вязьняў, і на трэці дзень, быццам Ёна з нутра кіта, устаў з магілы.


Старонка 1 з 2 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст