Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » Боская Літургія між сьвятымі айца нашага Яна Залатавуснага


 

 

Боская Літургія між сьвятымі айца нашага Яна Залатавуснага

Уваход з Евангельлем (Малы ўваход)

Падчас сьпеву антыфану сьвятар і дыякан робяць уваход з Евангельлем. Стаўшы перад райскімі дзьвярамі, сьвятар моліцца ціха:

Усяўладны Божа наш, які ўстанавіў у небе чыны і хоры анёлаў і арханёлаў дзеля служэньня Тваёй славе, зрабі, каб гэты наш уваход быў таксама ўваходам сьвятых анёлаў, і каб яны разам з намі служылі Табе і славілі Тваю дабрыню. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дыякан, узьняўшы Евангельле, кажа ўголас:

Дыякан: Мудрасьць, устаньце!

Сьвятар з дыяканам уваходяць у алтар, а людзі пяюць:

Людзі: Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста.

У нядзелі: Сыне Божы, што ўваскрос з мёртвых, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя

У іншыя дні тыдня: Сыне Божы, дзіўны ў сьвятых Тваіх, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя.


Трапары, кандакі і тройчы сьвятая песьня

І адразу пяюць трапары і кандакі, г.зн. песьні ў гонар сьвята, сьвятога дня, патронаў царквы і г.д. Звычайна сьпеў заканчваецца кандаком у гонар Багародзіцы. Найчасьцей пяецца наступны кандак:

(Тон 6) Апякунка хрысьціян бездакорная, Хадайніца да Тварца незаменная, не пагардзі маленьнямі грэшнікаў, але, як добрая, сьпешна прыйдзі на падмогу нам, якія клічам Цябе даверліва. Пачуй хутка малітвы, адгукніся на просьбы, Багародзіца, надзейная Заступніца тых, што шануюць Цябе.

Сьвятар моліцца ціха: Сьвяты Божа, які спачываеш сярод сьвятых, якога тройчы сьвятымі галасамі хваляць сэрафімы і славяць хэрувімы, якому пакланяюцца ўсе нябесныя сілы: Ты прывёў усё з нябыту да быцьця, стварыў чалавека на Тваё падабенства і ўпрыгожыў яго ўсякімі Тваімі дарамі; Ты даеш таму, хто просіць, мудрасьць і розум, і не пагарджаеш грэшнікам, але ўстанаўляеш пакуту для збаўленьня; Ты ўдастоіў нас, Тваіх пакорных і нягодных слугаў, у гэтую хвіліну стаць перад славаю Твайго ахвярніка і прыносіць належнае Табе пакланеньне і ўсхваленьне. Прымі, Уладару, з нашых грэшных вуснаў тройчы сьвятую песьню і глянь на нас ласкава; даруй нам нашы правіны, сьвядомыя і несьвядомыя, асьвяці нашы душы і целы і дай, каб мы маглі набожна служыць Табе праз усе дні жыцьця нашага, дзякуючы малітвам сьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых, якія ад пачатку сьвету Табе дагадзілі.

(Уголас): Бо Ты сьвяты, Божа наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды.

Дыякан, павярнуўшыся да людзей: І на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі.

У некаторыя Гасподнія сьвяты замест “Сьвяты Божа” сьпяваюцца іншыя песьні.


Чытаньне Апостала і Евангельля

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Людзі: Мір усім! (Бласлаўляе людзей)

Чытальнік: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік чытае пракімен (выбраныя вершы з псалмаў).

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік: Чытаньне… (назва Апостальскага чытаньня).

Дыякан: Слухайма ўважліва.

Чытальнік чытае прызначаны на гэты дзень Апостал. Калі скончыць, сьвятар кажа:

Сьвятар: Мір табе, чытальнік.

Чытальнік: І твайму духу. Алілуя, алілуя, алілуя.

Чытае выбраныя вершы з псалмаў, пасьля кожнага з якіх людзі пяюць “Алілуя”. Дыякан кадзіць царкву, а сьвятар моліцца ціха:

Запалі ў сэрцах нашых, чалавекалюбны Ўладару, нязгаснае сьвятло Твайго богапазнаньня, і адчыні вочы нашага розуму, каб нам зразумець Тваё евангельскае прапаведаваньне. Укладзі ў сэрцы нашы страх Тваіх блаславёных прыказаньняў, каб мы, перамогшы ўсе цялесныя пажаданьні, маглі жыць духоўным жыцьцём, думаючы і робячы ўсё, што прыемна Табе. Бо Ты – сьветласьць душ і целаў нашых, Хрысьце Божа, і Табе славу аддаем разам з Тваім адвечным Айцом і з усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Скончыўшы, сьвятар дае кнігу Евангельля дыякану, які становіцца перад іканастасам.

Сьвятар: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць Сьвятое Евангельле. Мір усім. (Бласлаўляе людзей)

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле… (імя).

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Сьвятар: Слухайма ўважліва.

Дыякан чытае Евангельле. Калі скончыць, людзі пяюць:

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан аддае кнігу Евангельля сьвятару і пачынае літанію:


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст