Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 23 красавіка - Сьвятога вялікамучаніка Юр'я


 

 

23 красавіка - Сьвятога вялікамучаніка Юр'я

Ютрань


На "Госпад – Бог...":
трапары як на вячэрні


Сядальная песьня 1:
сьвята

Сядальная песьня 2 (тон 1). Прыйшла сьветлая вясна ласкі, уваскрасеньня Хрыстова зазьзяла для ўсіх, а з ім і сьвяточны і ясны дзень мучаніка Юра. Дык прыйдзіце ўсе, будзем сьвяткаваць.

Слава...: Адкінуўшы збройнае змаганьне на зямлі, ты, мучаніча, зажадаў нябеснай славы, і таму пацярпеў мукі і сьмерць. Дзеля гэтага сёньня спраўляем тваю сьвятую памяць, блаславёны Юры, прыносячы хвалу Хрысту.

Цяпер...: сьвята, або наступны:

Молім Цябе, Маці Божая, што пасьля родаў засталася Дзеваю, і з любоўю прыбягаем да Тваёй дабрыні, бо ў Табе мы, грэшныя, маем заступніцу, Ты наша збаўленьне ў напасьцях, Адзіная Усебеззаганная.


Паліелей:
Хваліце імя Гасподняе....


Узьвялічваньне:
Узьвялічваем цябе, сьвяты мучаніку Юры, і шануем пачэсныя пакуты твае, якія ты пацярпеў за Хрыста.

Верш 1. Бог – мая абарона і сіла, дапамога ў нягодах, што часта здараюцца.

Верш 2. Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх.

Верш 3. Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца.

Слава... цяпер...:

Алілуя, аліліуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)


Сядальная песьня
(тон 3).
Распалены палымянаю любоўю да Госпада, ты разбурыў скарбніцу спакусаў, і на судзе вызнаў Хрыста, пераможны блаславёны Юры, мучанік слаўны. Малі Хрыста Бога дараваць нам веліч зьмілаваньня.

Слава...: (тон 4). Ты пасеяў семя запаветаў Боскіх, раздаў бедным маёмасьць тваю, і замест яе, набыў сабе, слаўны, Хрыстовую славу. З надзеяю на яе ты пайшоў на подзьвіг і на вялікія пакуты, мучаніку Юры, і стаўся саўдзельнікам пакутаў Непадуладнага пакутам і Ягонага ўваскрасеньня. Стаўшыся ўдзельнікам Ягонага валадарства, маліся цяпер за нас.

Цяпер...: сьвята, або:

Слова Айца, Хрыста Бога нашага...


Узыходная песьня:
першы антыфан 4 тону


Пракімен:
Праведнік, як пальма, зацьвіце, як кедр лібанскі, разрасьцецца.

Верш. Пасаджаны ў доме Гасподнім, ён узрасьце на панадворку Бога нашага.


Евангельле:
Лк 12: 2-12


Пасьля Пс 50:

(Тон 6). Сёньня сьвята прасьвятляецца, і Царква Хрыстовая ўпрыгожваецца кветкамі, пакутніча Юры, і кліча: " Угодніку Хрыстовы, і верны заступніку, не пераставай маліцца за слугаў тваіх!"

Канон

(тон 2)

Сядальная песьня (тон 8). Ты быў прыкладам мужнасьці і пабожнасьці, перамог спакусу нязбожнасьці і патаптаў хваляваньні ворага. Распалены боскім жаданьнем заўсёды, ты пагасіў бязбожную лютасьць мучыцеля, і як узнагароду, атрымаў вянец, і даеш ацаленьні, тым што прыходзяць да цябе. Пакутніку Юры, малі Хрыста Бога, даць адпушчэньне правінаў нам, якія з любоўю сьвяткуем сьвятую памяць тваю.

Слава...: Раздаўшы тваё зямное багацьце, мудры мучаніку, ты атрымаў у спадчыну багацьце нябеснае, высілкамі тваімі. Узяўшы крыж за зброю і ім перамог мучыцеляў хваляваньні. І тым, што просяць цябе, малітвамі тваімі даеш боскія дараваньні аздараўленьня, пакутніку Юры. Маліся Хрысту Богу даць адпушчэньне правінаў тым, што з любоўю сьвяткуюць сьвятую памяць тваю.

Цяпер...: сьвята


Кандак
(тон 4). Узрошчаны Богам, ты, Юры сьвяты, паказаў сябе найпачэсным сейбітам набожнасьці і сабраў снапы дабрадзейнасьці. Пасеяўшы ў сьлязах, ты зжаў у радасьці і, пацярпеўшы да крыві, прыняў Хрыста, і малітвамі тваімі даеш усім адпушчэньне грахоў.

Ікас: Жаўнер жадае памерці за Таго, хто аддаў душу сваю за жыцьцё сьвету – Хрыста Уладара; маючы вялікую руплівасьць Божую ў сэрцы, прывёў самога сябе. Дзеля гэтага і мы боскага Юра, як вернага заступніка ўславім з вераю, і як слаўнага Хрыстовага слугу, які ўпадобніўся свайму Уладару, які прыходзіць на дапамогу ўсім, хто прыходзіць да яго. Ён заўсёды гатовы маліць Збавіцеля даць усім грахоў адпушчэньне.

Песьня 9

Ірмас: Сын спрадвечнага Айца, Госпад і Бог, прыняў ад Дзевы цела і зьявіўся нам, каб прасьвятліць тых, што ў цемры, і сабраць расьцярушаных. Дзеля гэтага мы ўсяхвальную Багародзіцу ўзьвялічваем.

Няспынна малі Госпада за нас, якія славім цябе, блаславёны, як мучаніка Хрыстовага, пераможцу мучыцеляў і нячыстых духоў, нашага ахоўніка і надзейнага заступніка.

Уладар усіх даў табе вялікую ўзнагароду за твае пакуты. Дзеля гэтага стоячы цяпер са сьмеласьцю перад Ім, як тройчы блаславёны мучанік, захавай бясьпечнымі тых, што з радасьцю клічуь цябе.

Зямля схавала цябе, дзьверы райскія адчынілся, і неба прыняла цябе. Прабываючы там у радасьці, пакутніку, малітвамі тваімі ахоўвай тых, што з вераю славяць у песьнях цябе.

Слава... цяпер...: Шацёр сустрэчы, у якім былі дошкі запавету, посуд з маннаю і залаты ківот, быў правобразам Тваім, Усячыстая. Падобна яму, Ты, Багародзіца, мела ва ўлоньні Тваім Беспачатнае Слова, што сталася целам.


Экзапастыляр.
Вясна зазьзяла для нас – сьветлае і Боскае ўваскрасеньне Уладара, – узносячы нас ад зямлі да неба. Разам з ім зазьзяла памяць слаўнага пакутніка Юра. Сьвяткуем яе радасна, каб стацца годнымі боскай ласкі ад Хрыста Спаса.

Слава...: Быццам яснае сонца, ты, пакутніку Юры, прасьвятляеш усё стварэньне. Спраўляючы тваю памяць славім у песьнях Таго, хто ўваскрос з магілы.

Цяпер...: сьвята


Пахвальныя псалмы

(Тон 2). Адсьвяткаваўшы слаўнае вялікае Уваскрасеньне, зноў будзем сьвяткаваць урачыстасьць мучаніка Юра, і вянчаць яго вясеньнімі кветкамі, як непераможнага. Малітвамі ягонымі выбаўляемся ад суму і атрымліваем адпушчэньне правінаў.

Ты ўвесь прынёс сябе, блаславёны, Таму, хто дае поўню жыцьця, як багатае жніво духоўнае, і як добрапрыемную ахвяру чыстую. Таму ты стаўся надзейным малельнікам, які выбаўляе ад буры ўсіх, што з вераю славяць і клічуць цябе, мучаніку Юры.

Ты пільна даглядаў, быццам семя, слова, што было пасеянае ў тваёй душы, і памножыў яго болем цярпеньняў сваіх. Яно было сабранае ў нябесных складох, дзе ты атрымаў асалоду. Прабываючы там у шчасьці, блаславёны, малітвамі тваімі да Бога збаўляй тых, што з вераю славяць цябе.

Мучаніку і пакутніку Хрыстовы Юры, збаўляй тых, што ў напасьцях, малітвамі тваімі вызваляй іх ад усялякіх нягодаў, адганяй душагубны сум, і прасі для нас ласкі і міласьці, каб, збавіўшыся малітвамі тваімі, мы славілі з радасьцю пачэсныя подзьвігі твае.

Слава...: Саламон сказаў людзям: той хто бачыць і аб'яўляе праведныя рэчы, атрымае міласьць ад Бога. Шматпакутны Юры, ты пайшоў усьлед за вучэньнем Уладара, і пацярпеў, аддаўшы сябе беззаконным; ідальскую спакусу ты з агідаю адкінуў, аддаўшы цела сваё быць пасечаным дзеля любові да Творцы. І вось нячысты напоўніўся злосьцю, калі ўбачыў, як ты быў вянчаны. Цяпер, жывучы на двары Госпада Твайго разам з вышэйшымі сіламі, маліся, пакутніку Хрыстовы, за збаўленьне душаў нашых.

Цяпер...: сьвята


Пасьля Вялікага ўслаўленьня

Трапар сьвятога (тон 4). Палонных вызваліцелю, бедных абаронца, лекару хворых, уладароў заступніча, пераможны і вялікі мучаніча Юры, малі Хрыста Бога збавіць душы нашы.

Слава... цяпер...: сьвята


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст