Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 8 верасьня - Нараджэньне Найсьвяцейшае Багародзіцы


 

 

8 верасьня - Нараджэньне Найсьвяцейшае Багародзіцы

Ютрань

Пасьля „Госпад – Бог...“:

Трапар (тон 4). Нараджэньне Тваё, Багародзіца Дзева, радасьць абвясьціла ўсяму сьвету, бо з Цябе ўзышло Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які, адмяніўшы праклён, даў блаславеньне і, зьнішчыўшы сьмерць, дараваў жыцьцё вечнае. (Тройчы)

Сядальная песьня 1 (тон 4). Скажы, Давідзе, што абяцаў табе Бог. „Тое, што абяцаў мне, – кажа, – споўніў ужо: з семя майго Ён даў Дзеву, з якое мае нарадзіцца Творца Хрыстос, новы Адам, Кароль на маім пасадзе. Ён пануе сёньня, і валадарства Ягонае непахіснае. Няплодная родзіць Багародзіцу і Карміцельку Жыцьця нашага“.

Слава... цяпер...: тое самае

Сядальная песьня 2 (тон 4). З кораня Ясеевага, з семя Давідавага сёньня родзіцца нам Божае Дзіця Марыя, і ўсё стварэньне радуецца і абнаўляецца. Радуйцеся, неба і зямля, слаўце Яе, усе народы. Якім цешыцца, і Ганна радуецца і кліча: „Няплодная родзіць Багародзіцу і Карміцельку Жыцьця нашага“.

Слава... цяпер...: тое самае

Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...

Узьвялічваньне: Узьвялічваем Цябе, Усесьвятая Дзева, і шануем сьвятых Тваіх бацькоў, і славім Тваё ўсяслаўнае нараджэньне.

Верш 1. Слаўныя рэчы кажуць пра цябе, места Божае.

Верш 2. Асьвяціў селішча сваё Ўсявышні.

Верш 3. Зраблю памятным імя тваё з пакаленьня ў пакаленьне.

Верш 4. Дому Твайму належыцца сьвятасьць праз усе дні.

Слава... цяпер...

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Сядальная песьня (тон 8). Хай радуецца неба і цешыцца зямля! Бо вось нарадзілася Божае неба на зямлі – абяцаная Божая Нявеста. Няплодная корміць дзіця, і Якім цешыцца з Яе нараджэньня і ўсклікае: „Нарадзіўся нам жэзл Аарона, ад якога Кветка-Хрыстос зацьвіце з кораня Давідавага“. Сапраўды дзівосны цуд!

Слава... цяпер...: тое самае

Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону.

Пракімен: Зраблю памятным імя тваё з пакаленьня ў пакаленьне.

Верш: З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы.

Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі

У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла хутка ў горныя мясьціны ў горад (пакаленьня) Юды. І ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, дзіцятка ва ўлоньні яе заварушылася, і напоўнілася Альжбета Духам Сьвятым. І ўсклікнула голасна, кажучы: „Блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны Плод улоньня Твайго. І адкуль мне гэта, што прыйшла да мяне Маці Госпада майго? Бо вось як толькі голас Твайго прывітаньня загучаў у вушох маіх, дзіцятка ва ўлоньні маім заварушылася з радасьці. Блаславёная Ты, што паверыла, бо споўняцца словы, сказаныя Табе ад Госпада“.

Тады сказала Марыя: „Душа мая абвяшчае веліч Госпада і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьлівай называць мяне будуць усе пакаленьні. Бо вялікае ўчыніў мне Ўсемагутны: Сьвятое імя Яго“.

Марыя прабыла ў яе тры месяцы і пасьля вярнулася дамоў. (1:39-49, 56)

Пасьля Пс 50:

Слава...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.

Цяпер...: тое самае.

Зьмілуйся нада мною, Божа...: (тон 6). У гэты дзень Гасподні радуйцеся, людзі, бо вось зьявілася Палата Сьвятла і Кніга Слова Жыцьця. Нарадзілася Тая, каго Пісаньне называе ўсходняй Брамаю, праз якую павінен увайсьці Вялікі Сьвятар – адзіная, што ўводзіць у сьвет адзінага Хрыста для збаўленьня душаў нашых.

КАНОНЫ

Песьня 1

Канон 1 (тон 2).

Ірмас. Хадзеце, людзі, будзем славіць Хрыста Бога, – які разьдзяліў мора і вывеў праз яго свой народ з ягіпскай няволі, – бо Ён праславіўся.

Прыпеў. Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Прыйдзіце, верныя, будзем радавацца ў духу і славіць у песьнях Заўсёды Дзеву, якая сёньня нарадзілася ад няплоднаедля збаўленьня людзей.

Радуйся, чыстая Маці і слуга Хрыста Бога, што аднавіла род людзкі ў першасным блаславёным стане. Мы ўсе Цябе, як належыць, у песьнях славім.

Сёньня родзіцца Мост жыцьця. Праз Яе людзі атрымалі ратунак ад пекла, куды яны ўпалі, і славяць Хрыста Жыцьцядаўца.

Канон 2 (тон 8).

Ірмас. Таму, хто разьбіў ворага моцнай рукою і правёў Ізраіля праз Чырвонае мора, аддаем хвалу ў песьнях, бо Ён праславіўся.

Хай цешыцца ўсё стварэньне, хай весяліцца Давід, бо з ягонага калена і семя ўзышоў жэзл, на якім зацьвіла Кветка-Хрыстос, Творца ўсіх.

Сьвятая Сьвятых кладзецца ў сьвятым ківоце, каб быць узгадаванай рукамі анёлаў. Дык будзем з вераю сьвяткаваць Ейнае нараджэньне.

Ганна няплодная не была бязьдзетнаю ў Бога. Яна была прызначанаю ад вякоў быць Маці Чыстае Дзевы, ад якое нарадзіўся Творца ўсіх, прыняўшы выгляд слугі.

Цябе, што дала нам Ягнё-Хрыста, які ва ўлоньні Тваім прыняў нашую прыроду, бязьвінную Авечку, што сёньня ад Ганны нарадзілася, у песьнях узьвялічваем.

Слава...: (Троічны). Слаўлю Трох без пачатку, Тром сьвятым пяю хвалу, Трох спрадвечных у адзінай існасьці прапаведую, бо адзін Бог славіцца ў Айцу, і ў Сыне, і ў Духу.

Цяпер...: Хто калі бачыў дзіця, зачатае без Айца, кормленае малаком Маці? Дзе хто бачыў Маці Дзеву? Сапраўды, абедзьве тайны вышэйшыя за нашае разуменьне, Багародзіца чыстая.

Катавасія (тон 8). Зрабіўшы на вадзе сваім кіем знак Крыжа, Майсей разьдзяліў Чырвонае мора і вызначыў просты шлях для пераходу Ізраіля. Тады ён зрабіў другі раз знак на вадзе і злучыў яе ў адно, патапіўшы калясьніцы фараона. Дзеля гэтага пяём Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся.

Песьня 3

Канон 1 (тон 2).

Ірмас. Умацуй нас у Табе, Госпадзе, што Крыжом умярцьвіў грэх, і ўзгадуй страх Твой у сэрцах тых, што ў песьнях славяць Цябе.

Беззаганныя перад Богам, вы, багамудрыя бацькі, нарадзілі збаўленьне ўсіх, Маці Творцы і Бога нашага.

Госпад, які дае жыцьцё ўсім, даў нарадзіцца Дзеве ад няплодных бацькоў і захацеў сам пасяліцца ў Ёй, захаваўшы Яе пасьля родаў Дзеваю.

Плод Ганьнінага ўлоньня, Марыю, што нарадзіла жыцьцядайную Гронку, уславім як Багародзіцу, Заступніцу і Памочніцу ўсіх.

Канон 2 (тон 8).

Ірмас. Сэрца маё ўмацавалася ў Госпадзе, і рог мой быў узьнесены ў Богу маім, голас мой узвысіўся перад ворагамі маімі, і я ўсьцешыўся ў збаўленьні Тваім.

Блаславёнае ўлоньне тваё, дабрадзейная Ганна, бо яно ўзрасьціла нам плод дзявоцтва, што нарадзіла бяз семя Тварца стварэньня і Збавіцеля Ісуса.

Усё стварэньне называе Цябе блаславёнаю, Заўсёды Дзева, што нарадзілася ад Ганны. Ты – чыстая галінка з кораня Ясеевага, што ўзрасьціла нам Кветку-Хрыста.

Сын Твой, Багародзіца чыстая, явіў Цябе вышэйшай за ўсё стварэньне. Ён узьвялічыў Тваё нараджэньне ад Ганны, і напаўняе сёньня ўсіх радасьцю.

Слава...: Пакланяемся Табе, Ойча, у беспачатнай існасьці Тваёй, славім Твайго спрадвечнага Сына і роўна спрадвечнага Духа, узьвялічваем адзінага ў трох асобах Бога.

Цяпер...: Чыстая Багародзіца, што нарадзіла Сьветланоснага Ўладара жыцьця чалавечага, Ты – Апякунка нашага жыцьця і Брама недасяжнага Сьвятла.

Катавасія. Кій Аарона быў вобразам тайны: зацьвіўшы, ён паказаў, хто павінен быць сьвятаром. Гэтаксама ў раней няплоднай Царкве зацьвіло дрэва крыжовае, напаўняючы сілаю і ўмацоўваючы яе.

Гіпакоі (тон 2). Прарок назваў ўсесьвятую Дзеву Брамаю, праз якую ніхто, апроч Бога, ня можа прайсьці. Праз Яе прайшоў Госпад, ад Яе нарадзіўся Найвышэйшы, пакінуўшы Яе зачыненаю і вызваліўшы нас ад тленнасьці.

Песьня 4

Канон 1 (тон 2).

Ірмас. Я чуў, Госпадзе, пра Твой провід і праславіў Цябе, Адзіны Чалавекалюбча.

Славім Цябе, Госпадзе, бо Ты даў збавенны прытулак для ўсіх нас – Тую, што нарадзіла Цябе.

Хрыстос явіў Цябе, Боганявеста, як пахвалу і моц тых, што славяць Тваю тайну.

Вызваленыя ад граху Тваім заступніцтвам, Уладарка, што мужа ня знала, з удзячнасьцю называем Цябе блаславёнаю.

Канон 2 (тон 8).

Ірмас. Я пачуў вестку, Госпадзе, і жахнуўся. Ты, спрадвечны Божа, у невыказны спосаб стаўся чалавекам і нарадзіўся ад Дзевы. Слава Табе, Госпадзе, слава сіле Тваёй!

У псалмах і песьнях, верныя, будзем славіць сьвятое нараджэньне Багародзіцы. Будзем у веры пакланяцца Богу праўды, які прысягнуў некалі даць Давіду плод з ягонага семя.

Ты, Госпадзе, адчыніў улоньне Сары і даў ёй Ісаака ў старасьці. Сёньня Ты, Збавіцелю, даў праведнай Ганне плод ейнага ўлоньня, Тваю ўсячыстую Маці.

„Госпадзе, Ты пачуў малітву маю – Ганна ўсклікнула. – Ты даў мне сёньня плод абяцаньня Твайго, Тую, што ад усіх пакаленьняў была прызначаная быць Тваёй чыстаю і беззаганнаю Маці“.

Сёньня з табою, мудрая сьвятая Ганна, цешыцца ўвесь сусьвет, бо з цябе расьцьвіла Маці Збавіцеля, што прарасьціла нам з кораня Давідавага наш Жэзл і нашую Сілу і нарадзіла, быццам кветку, Хрыста.

Слава...: Слаўлю Цябе, беспачатная Тройца, неразьдзельная існасьць, і вуснамі маімі клічу разам з хэрувімамі: „Сьвяты, сьвяты, сьвяты Той, хто ёсьць і заўсёды будзе, адзіны спрадвечны Бог!“

Цяпер...: У нараджэньні Тваім, Беззаганная, споўніліся боганатхнёныя словы прарокаў, якія, прасьветленыя вераю, называлі Цябе Сьвятыняю і Брамаю, духоўнай Гарою, Кустом і Жэзлам Аарона, што вырас з кораня Давідавага.

Катавасія. Я пачуў тайну провіду Твайго, Госпадзе, разважаў над Тваімі дзеямі і ўславіў Боскасьць Тваю.

Песьня 5

Канон 1 (тон 2).

Ірмас. Ты разьвеяў цьмянасьць сьвятых прадказаньняў, і прасьвятліў сэрцы верных прыйсьцем на сьвет Дзіцяці Божага Марыі. Хай сьвятло праўды Тваёй кіруе намі, Хрысьце.

Уславім у песьнях, людзі, Віноўніка ўсяго, які стаўся адным з нас ад Тае, чыё нараджэньне прарокі прадказалі ў вобразах, цешачыся з Плоду збаўленьня, які меў нарадіцца ад Яе.

Кветка на сухім сьвятарскім жэзьле паказала Ізраілю выбранага сьвятара. Цяпер усяслаўнае нараджэньне ад няплоднае прасьвятляе і ўслаўляе бацькоў Яе.

Канон 2 (тон 8).

Ірмас. Госпадзе, Божа наш, дай нам супакой; Госпадзе Божа наш, зрабі нас Тваімі. Госпадзе, апроч Цябе іншага бога ня знаем і імя Тваё клічам.

Чыстае было нараджэньне Тваё, Дзева беззаганная, невыказнае зачацьце Тваё, вышэй за ўсякае разуменьне было Тваё сынараджэньне, якім Бог апрануўся ў мяне.

Хай весяляцца сёньня анельскія хоры, хай пяюць нашчадкі Адама: бо вось нарадзіўся жэзл, які ўзрасьціў Кветку-Хрыста, адзінага Збаўцу нашага.

Сёньня адмяняецца асуджэньне Эвы, і Адам вызваляецца ад першага праклёну нараджэньнем Тваім, Багародзіца. Табою мы выбавіліся ад тленнасьці.

Слава Табе, Госпадзе, які сёньня праславіў няплодную: бо яна нарадзіла абяцаны жэзл, ад якога зацьвіў Хрыстос, Кветка жыцьця нашага.

Слава...: Слава Табе, Ойча сьвяты, Божа ненароджаны; слава Табе, Сыне спрадвечны адзінародны; слава Табе, Духу Боскі роўнапасадны, што ад Айца зыходзіш і ў Сыне спачываеш!

Цяпер...: Улоньне Тваё насіла Сонца, і Ты засталася чыстай Дзеваю пасьля таго, як Хрыстос-Сонца выйшаў з Цябе, быццам жаніх з хораму.

Катавасія. Табою, тройчы сьвятое Дрэва, на якім быў расьпяты Хрыстос, Уладар і Госпад, быў пераможаны той, хто дрэвам спакусіў чалавека. Ён патрапіў у пастку, калі Бог быў прыбіты целам да цябе, даючы сьвету веліч зьмілаваньня.

Песьня 6

Канон 1 (тон 2).

Ірмас. Ёна ўсклікнуў Госпаду: „Уздымі мяне з глыбіні пякельнай, малюся, каб я мог аддаць хвалу і ў духу праўды прынесьці ахвяру майму Збавіцелю“.

Агорнутыя сумам з прычыны няплоднасьці, сьвятыя бацькі Багародзіцы усклікнулі Госпаду, і вось нарадзілі Дзіця для агульнага збаўленьня і на славу ва ўсіх пакаленьнях.

Багамудрыя бацькі Багародзіцы атрымалі з неба Дар, варты Бога, – Пасад, вышэйшы за хэрувімаў, Маці Слова і Творцы ўсіх.

Канон 2 (тон 8).

Ірмас. Быццам у моры, Чалавекалюбча, я таплюся ў жыцьцёвых хвалях. Дзеля гэтага, як Ёна, клічу: „Уздымі ад тленнасьці жыцьцё маё, міласэрны Госпадзе!“

Славім у песьнях Тваё сьвятое нараджэньне, шануем бязьвіннае зачацьце, Нявеста Божая і Дзева, а з намі славяць Цябе хоры анёлаў і душы сьвятых.

Сьвятыя бацькі Твае, Усячыстая, прынесьлі Цябе ў сьвятыню, каб там узгадаваць Цябе ў набожнасьці і падрыхтаваць Маці Госпаду.

Хай няплодныя і маткі сьвяткуюць сёньня, і хай цешацца бязьдзетныя, хай поўняцца надзеяю: бо вось няплодная і бязьдзетная родзіць Багародзіцу, якая мае вызваліць Эву ад боляў і Адама ад праклёну.

Чую, як Давід сьпявае: „Прывядуць дзеваў сьледам за табою, прывядуць у сьвятыню Ўладара“. Разам з ім і я Цябе як дачку Уладара ў песьнях узьвялічваю.

Слава...: У Табе, Усячыстая, тайна Тройцы праслаўляецца і ўзьвялічваецца: Айцец спагадаў Табе, Слова пасялілася ў Табе, і Дух Боскі ацяніў Цябе.

Цяпер...: Ты сталася залатой Кадзільніцаю, бо Агонь пасяліўся ва ўлоньні Тваім – Слова ад Духа Сьвятога, – і прыняў ад Цябе аблічча чалавека, Чыстая Маці Божая.

Катавасія. Ёна ў нутры кіта працягнуў крыжом рукі свае, даючы вобраз збавенных мукаў; выкінуты адтуль пасьля трох дзён, ён прадвяшчаў цудоўнае ўваскрасеньне Хрыста Бога нашага, які быў укрыжаваны ў целе і прасьвятліў сьвет уваскрасеньнем сваім на трэці дзень.

Кандак (тон 4). Тваім сьвятым нараджэньнем, Усячыстая, Якім і Ганна ад сораму бязьдзетнасьці, і Адам з Эваю ад сьмяротнай тленнасьці вызваліліся. Дзеля гэтага людзі Твае, выбавіўшыся ад віны граху, радасна сьвяткуюць і ўсклікаюць Табе: „Бясплодная родзіць Багародзіцу і Карміцельку Жыцьця нашага!“

Ікас. Малітвы і ўздыханьні бясплодных Якіма і Ганны ўзышлі да Госпада і былі пачутыя, і яны нарадзілі Плод, які прыносіць сьвету жыцьцё. Якім малітву сваю чыніў на гары, Ганна ціха ў садзе свой сум пераносіла. І вось радасьць сталася: бясплодная родзіць Багародзіцу і Карміцельку Жыцьця нашага.

Песьня 7

Канон 1 (тон 2).

Ірмас. Куст на гары, што не згараў і расадайная печ хальдэйская былі Тваімі вобразамі, Боганявеста. Ты ва ўлоньні Тваім прыняла духоўны агонь і не была апаленая Ім. Дзеля гэтага мы голасна ўсклікаем Народжанаму ад Цябе: „Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!“

Некалі заканадаўца Майсей ня мог зразумець аб'яўленай яму вялікай тайны Тваёй, Усячыстая, хоць быў навучаны не разважаць па-зямному. Ён сумеўся, убачыўшы цуд, і ўсклікнуў: „Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!“

Боганатхнёныя хоры прарокаў назвалі Цябе Гарою нябеснаю і Лесьвіцай духоўнаю, бо ад Цябе адкалоўся камень, ня сечаны людзкімі рукамі. Ты – Брама, праз якую прайшоў Госпад цудаў, Бог айцоў нашых.

Канон 2 (тон 8).

Ірмас. Прысутнасьць Духа Божага ў распаленай печы хальдэйскай арасіла юнакоў, якія пяялі: „Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!“

Сьвяткуем, Усячыстая, і верна пакланяемся пачэснаму нараджэньню Твайму, і славім Сына Твайго, праз якога мы сёньня вызваляемся ад першага Адамавага асуджэньня.

Сёньня цешыцца Ганна і ўсклікае радасна: „Няплодная, я нарадзіла Божую Маці, праз якую асуджэньне Эвы адмяняецца“.

Адам вызваліўся, і Эва радуецца, і абое ў духу ўсклікаюць Табе, Багародзіца: „Табою мы вызваліліся ад першага праклёну, калі прыйшоў Хрыстос“.

Цешцеся, няплодныя і бязьдзетныя, бо вось Ганна сёньня поўніцца радасьцю, займеўшы шмат дзяцей. Маткі, танцуйце і радуйцеся разам з Маці Божаю.

Слава...: Славім Айца, і Сына, і Духа, Тройцу сьвятую ў адзінстве Боства, непадзельную, няствораную, спрадвечную і адзінасутную.

Цяпер...: Ты адзіная, Дзева ўсяслаўная, нарадзіла Бога. Ты, Марыя, абнавіла ўсё стварэньне сынараджэньнем Тваім. Ты вызваліла Эву ад прадзедавага праклёну, Усячыстая Маці Божая.

Катавасія. Бязглузды загад злоснага мучыцеля, поўны пагрозаў і боганенавісных блюзьнерстваў, прывёў людзей у зман; але тры юнакі не спалохаліся зьверскай лютасьці, ані агню, што паліў усё: стоячы сярод полымя, асьвежаныя росным ветрам, яны пяялі: „Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых!“

Песьня 8

Канон 1 (тон 2).

Ірмас. Ты, Госпадзе, даў нам юнакоў у печы хальдэйскай як вобраз Маці Тваёй. Вобраз гэты выратаваў іх з агню, і яны хадзілі сярод яго някранутыя. Сёньня ж Ты явіў Яе ўсяму сьвету, і мы славім Яе і ўзьвялічваем праз усе вякі.

Абраная Сьвятыня нашага прымірэньня з Богам сёньня прыходзіць на сьвет. Яна народзіць нам Слова, што возьме цела ад Яе. Ён Той, хто прывёў нас з нябыту да быцьця, і мы славім і ўзьвялічваем Яго праз усе вякі.

Адмена няплоднасьці Ганны адмяніла няздольнасьць сьвету да добрых справаў. Гэты цуд явіў нам прыйсьце Хрыста да сьмяротных людзей. Ён Той, хто прывёў нас з нябыту да быцьця, і мы славім і ўзьвялічваем Яго праз усе вякі.

Канон 2 (тон 8).

Ірмас. Ты пакрываеш водамі вышыні, устанаўляеш межы мору і ўтрымліваеш усё ў быцьці. Сонца славіць Цябе, месяц пакланяецца Табе, і ўсё стварэньне ўзьвялічвае Цябе, Творцу ўсіх, праз усе вякі.

Ты разьвязаў путы бязьдзетнасьці і даў няплоднай жанчыне багаты і слаўны Плод, Сынам якога Ты, міласэрны Госпадзе, захацеў стацца, калі прыйшоў на зямлю. Ты абраў Яе Тваёй Маці паводле цела.

Ты ўчыніў дзівосны цуд, адчыніў няплоднае ўлоньне Ганны і даў ёй дзіця – Дзеву і Багародзіцу, – ад якое Ты, Божа сьвяты, сам прыняў цела, стаўшыся Сынам Дзевы.

Ты, Госпадзе, што зачыняеш і адчыняеш бездані, уздымаеш воды да хмараў і пасылаеш дождж на зямлю, даў зацьвісьці, быццам чыстай кветцы, Багародзіцы ў няплодным улоньні Ганны.

Ты, Садоўнік нашых думак і сэрцаў, робіш урадліваю няплодную зямлю і ператвараеш сухую пустыню ў ніву, што дае багаты ўраджай. Сьвятой Ганне Ты даў, быццам беззаганную кветку, Багародзіцу, якая нарадзілася ад яе.

Славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога.

Тройца спрадвечная, Еднасьць без пачатку, мноствы анёлаў пяюць хвалу Табе і дрыжаць перад Табою. Неба, зямля і бездані ў страху перад Табою, людзі бласлаўляюць Цябе, агонь служыць Табе, і ўсё стварэньне слухаецца Цябе, Сьвятая Тройца.

Цяпер...: Што за дзіўная вестка: Бог стаецца Сынам жанчыны! Нараджэньне было бясьсеменнае, Маці ня знала мужа, і Бог быў той, хто нарадзіўся. Дзіўная тайна дзявочага зачацьця! Невыказнае нараджэньне! Сапраўды ўсё, што сталася, вышэй за ўсялякае разуменьне!

Катавасія. Блаславіце, юнакі, роўныя лікам з Тройцай, Творцу Бога Айца, і Слова, што зышло на зямлю і перамяніла агонь на расу; і ўзьвялічвайце над усім Духа ўсесьвятога, які дае ўсім жыцьцё, праз усе вякі.

Песьня 9

Замест „Душа мая абвяшчае веліч Госпада...“ сьпяваюцца спэцыяльныя прыпевы з песьнямі канонаў.

Прыпеў 1. Узьвялічвай, душа мая, слаўнае нараджэньне Божае Маці.

Канон 1 (тон 2).

Ірмас. Бог-Сьветач, што быў раней за сонца, зазьзяў нам у целе з дзявочага ўлоньня Твайго, стаўшыся чалавекам. Дзеля гэтага Цябе, Усячыстая і Блаславёная, як Багародзіцу ўсе ўзьвялічваем.

Той, хто непакорлівым людзям некалі паслаў ваду са скалы, сёньня дае на радасьць пакорлівым народам як Плод бясплоднага ўлоньня Цябе, Божая Маці, якую мы дастойна ўзьвялічваем.

Цябе, Багародзіца, нашае Вызваленьне ад першаснага асуджэньня, Апраўданьне прамаці Эвы, Паяднаньне роду людзкога з Богам і Мост да Тварца, узьвялічваем.

Прыпеў 2. Узьвялічвай, душа мая, ад няплоднае народжаную Дзеву Марыю!

Канон 2 (тон 8).

Ірмас. Далёкае ад матак дзявоцтва, нечуванае сярод дзеваў дзетараджэньне: у Табе ж, Багародзіца, абедзьве рэчы сумясьціліся. Дзеля гэтага Цябе ўсе плямёны людзкія безупынку хваляць.

Нараджэньне Тваё, Божая Маці, згодна з абяцаньнем, было годнае Тваёй чысьціні. Як Божы дар, Ты нарадзілася ад бясплоднае. Дзеля гэтага Цябе ўсе плямёны людзкія няспынна ўзьвялічваюць.

Сёньня споўнілася прадказанае прарокам, які ўсклікнуў: „Узьніму скінію Давіда, што ўпала“. Гэтыя словы мелі на ўвазе Цябе, Беззаганная, бо праз Цябе тленная людзкая прырода была абагаўлёная.

Пакланяемся пялёнам Тваім, Багародзіца, славім Таго, хто адчыніў улоньне бязьдзетнай і няплоднай, і даў ёй Цябе. Як Бог усемагутны, Ён чыніць усё, як хоча.

Прыносім Табе ў дар песьню хвалы, Багародзіца, што нарадзілася ад Ганны: маткі славяць Маці, дзевы – Дзеву адзіную; і мы ўсе разам з імі пакланяемся Табе і пяём хвалу Тваю.

Слава...: Нечувана, каб беззаконьнікі славілі спрадвечную Тройцу, – Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, – няствораную і ўсемагутную Сілу, што стварыла і ўтрымлівае сусьвет магутным загадам сваім.

Цяпер...: Ты, Дзева Маці, зьмясьціла ва ўлоньні Тваім Уладара Хрыста, аднаго з Тройцы, якога славіць усё стварэньне, і перад якім дрыжаць вышэйшыя сілы. Малі Яго, Усячыстая, за збаўленьне душаў нашых.

Катавасія. Багародзіца, Ты – таемны рай, бо Ты бяз высілку ўзрасьціла нам Хрыста, які пасадзіў пасярод зямлі жыцьцядайнае дрэва крыжовае. Бачачы яго сёньня ўзьнесеным, пакланяемся яму і Цябе славім.

Другая катавасія. Сёньня сьмерць, што прыйшла да чалавека, калі ён пакаштаваў плоду з забароненага дрэва, адмяняецца дрэвам крыжовым. Праклён маці Эвы, што цяжыў над усім родам людзкім, здымаецца плодам Чыстай Багародзіцы, якую ўсе сілы нябесныя ўзьвялічваюць.

Сьвяцільнік (экзапастыляр, тон 4). Сёньня ўсе канцы зямлі цешацца з Твайго нараджэньня, Марыя Дзева, Маці Божая і Нявеста, што мужа ня знала. Ты прынесла радасьць бацьком Тваім, што сумавалі з прычыны бясплоднасьці, і адмяніла праклён Эвы, які яна на сябе наклікала.

Слава... цяпер...

Абнавіся, Адаме, Эва, праслаўся, сьвяткуйце, прарокі з апосталамі і праведнікамі, бо вось зазьзяла радасьць агульная для анёлаў і людзей: Багародзіца родзіцца ад праведных Якіма і Ганны!

Пахвальныя псалмы

(Тон 1). Дзівосны цуд! Крыніца жыцьця родзіцца ад няплоднае, і ласка пачынае прыносіць свой сьветлы плод. Радуйся, Якіме боганатхнёны, бо ты стаўся бацькам Багародзіцы – няма іншага сярод бацькоў падобнага да цябе. Праз цябе мы атрымалі ў дары Дзеву, што зьмясьціла Бога, Божую сьвятыню, сьвятую Гару. (Двойчы)

Дзівосны цуд! Ад няплодных плод нам зазьзяў на загад Усемагутнага Творцы ўсяго. Ён адмяніў бясплоднасьць сьвету ў добрым. Маткі, сьвяткуйце разам з маці Багародзіцы і ўсклікайце: „Радуйся, Поўная ласкі, з Табою Госпад, які дае праз Цябе сьвету веліч зьмілаваньня“.

Адухоўлены стоўп дабрадзейнасьцяў, сьветлае жыльлё, што зьзяе ласкаю, Ганна добраслаўная, нарадзіла на сьвет Кветку дзявоцтва, што ўпрыгожвае дарам чысьціні тых, якія жадаюць яе, і дае ўсім верным веліч зьмілаваньня.

Слава... цяпер...

У гэты дзень Гасподні радуйцеся, людзі, бо вось зьявілася Палата Сьвятла і Кніга Слова Жыцьця. Нарадзілася Тая, якую Пісаньне называе ўсходняй брамаю, праз якую павінен увайсьці Вялікі Сьвятар – адзіная, якая ўводзіць на сьвет адзінага Хрыста для збаўленьня душ нашых.

Пасьля Вялікага ўслаўленьня:

Трапар (тон 4). Нараджэньне Тваё, Багародзіца Дзева, радасьць абвясьціла ўсяму сьвету, бо з Цябе ўзышло Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які, адмяніўшы праклён, даў блаславеньне і, зьнішчыўшы сьмерць, дараваў жыцьцё вечнае.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст