Вячэрня
Ютрань -
Літургія
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
(Тон 6). Сёньня Госпад, які сядзіць на анельскім
пасадзе, рыхтуе сабе пасад на зямлі. Той, які для сябе ў мудрасьці ўмацаваў
нябёсы, дзеля чалавекалюбства жывое неба стварыў, з няплоднага кораня
ўзрасьціўшы жыцьцядайны сад – Маці сваю. Божа, які творыш цуды, надзея
зьнявераных, слава Табе!
У гэты дзень Гасподні радуйцеся, людзі, бо вось зьявілася
Палата Сьвятла і Кніга Слова Жыцьця. Нарадзілася Тая, каго Пісаньне называе
ўсходняй Брамаю, праз якую павінен увайсьці Вялікі Сьвятар – адзіная, што
ўводзіць у сьвет адзінага Хрыста для збаўленьня душаў нашых.
Няплодныя жанчыны воляю Божаю некалі нараджалі дзяцей.
Нараджэньне Марыі пераўзышло ўсе іншыя славаю і красою. Нарадзіўшыся ад
няплоднае маці, Яна звышпрыродна з чыстага ўлоньня нарадзіла Бога ўсіх, стаўшыся
адзінай Брамаю адзінароднага Сына Божага, якую Ён, прайшоўшы праз Яе, пакінуў
зачыненаю і, усё мудра ўстанавіўшы, учыніў збаўленьне для людзей.
Сёньня няплодная стаецца маці, і дзявочая Брама Божая на
сьвет прыходзіць. Сёньня ласка Божая пачынае прыносіць плён, даючы сьвету Маці
Божую, у якой зямное з нябесным аб'ядноўваецца для збаўленьня душаў нашых.
Сёньня прадвяшчаецца сусьветная радасьць, сёньня павеяў
вецер, што нясе збаўленьне. Няплоднасьць нашае прыроды адмяняецца, і бязьдзетная
стаецца маці Тае, што засталася Дзеваю, нарадзіўшы Збавіцеля. Бог прымае ад Яе
людзкую прыроду, і тым, што зблудзілі ў целе, збаўленьне дае Хрыстос
Чалавекалюбец і Збаўца душаў нашых.
Сёньня няплодная Ганна родзіць Божае дзяўчо, ад усіх
пакаленьняў абраную быць жыльлём Уладара і Творцы Хрыста Бога для зьдзяйсьненьня
Божага провіду, якім мы адрадзіліся і абнавіліся, і ад тленнасьці перайшлі да
жыцьця бясконцага.
Слава... цяпер...
Сёньня Госпад, які сядзіць на анельскім пасадзе, рыхтуе сабе
пасад на зямлі. Той, які для сябе ў мудрасьці ўмацаваў нябёсы, дзеля
чалавекалюбства жывое неба стварыў, з няплоднага кораня ўзрасьціўшы жыцьцядайны
сад – Маці сваю. Божа, які творыш цуды, надзея зьнявераных, слава Табе!
Чытаньне кнігі Роду
Якуб выйшаў з Баршэбы і пайшоў у Харан. Дайшоў ён да аднаго
месца і застаўся там начаваць, бо ўжо сонца зайшло. Ён узяў камень і паклаў сабе
пад галаву, кладучыся спаць на гэтым месцы. І прысьнілася яму лесьвіца, якая
стаяла на зямлі і верхам сваім даставала да неба. І бачыў ён анёлаў, якія
ўзыходзілі на гару і зыходзілі ўніз; бачыў таксама Госпада, які стаяў на вышыні
і казаў: „Я – Госпад, Бог Абрагама і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ляжыш, аддаю
табе і тваім нашчадкам. А нашчадкі твае будуць так шматлікія, як пыл зямны. І
распаўсюдзішся ты на захад і ўсход, на поўнач і поўдзень; і ўсе плямёны зямныя
атрымаюць блаславеньне цераз цябе і нашчадкаў тваіх. Я буду заўжды з табою, куды
ні пойдзеш, а потым прывяду цябе да гэтай зямлі. І не пакіну цябе, пакуль ня
споўню ўсяго, што абяцаў“. Пачуўшы гэта, Якуб падумаў: „Сапраўды Госпад ёсьць на
гэтым месцы, а я ня ведаў“. І, устрывожаны, сказаў: „Якое страшнае гэтае месца!
Сапраўды, гэта дом Божы і брама да неба!“ (28:10-17)
Чытаньне кнігі прарока Езакіеля
Так кажа Госпад: „Пасьля гэтых дзён, восьмага дня і пазьней
сьвятары вашыя павінны прыносіць ахвяры цэлапаленьняў і вашыя мірныя ахвяры, і Я
буду спагадлівы да іх“. Тады завёў мяне да вонкавай брамы сьвятыні, што была
зьвернутая на ўсход, але яна была зачыненая. І сказаў мне Госпад: „Нельга яе
адчыняць, і ніхто не павінен уваходзіць праз яе, бо праз яе ўвайшоў Госпад, Бог
Ізраіля. Дзеля гэтага яна павінна быць зачыненай. Толькі ўладар можа сесьці ў ёй
для застольля. Але ўваходзіць ён павінен праз сені, што ля брамы, і той самай
дарогай выходзіць“. Пасьля павёў мяне паўночнаю брамаю да сьвятыні. Я глянуў, і
вось слава Гасподняя напоўніла сьвятыню Гасподнюю.
(43:27-44:4)
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Мудрасьць збудавала сабе дом і вычасала сем стаўпоў да яго.
Забіла свае ахвяры, зьмяшала віно і прыгатавала стол. Паслала слугаў сваіх
склікаць голасна на пачастунак, кажучы: „Хто прастадушны, хай прыходзіць да
мяне“. А тым, што жадалі мудрасьці, казала: „Хадзіце, ешце мой хлеб, піце віно,
што я зьмяшала; пакіньце дурасьць – і будзеце жыць; хадзіце шляхамі
разважнасьці“.
Хто жадае навучаць насьмешніка, накліча на галаву сваю
няславу; а хто дакарае грэшніка, сам сабе шкодзіць. Не дакарай насьмешніка, бо
ён цябе ўзьненавідзіць. Папраў мудрага, і ён цябе любіць будзе. Дай мудраму
раду, і ён стане мудрэйшым. Навучы праведніка, і ён пабольшыць веды свае.
Пачатак мудрасьці – страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога – розум. Дзякуючы мне
дні твае падоўжацца, і памножыцца лік гадоў тваіх.
(9:1-11)
Ліцьця
(Тон 1). Сёньня, людзі, пачатак нашага збаўленьня,
бо вось Дзева Маці, якая была выбраная з усіх пакаленьняў быць жыльлём Божым,
родзіцца ад няплоднае. Яна – кветка, што ўзрасла ад Ясея і ўзрасьціла жэзл з
ягонага кораня. Хай радуецца Адам і Эва весяліцца: бо вось дачка, што была
зробленая з Адамавага рабра, яўна абвяшчае блаславёнае дзіця сваё, кажучы: „Ад
мяне родзіцца вызваленьне, дзякуючы якому буду свабоднай ад пякельных путаў“.
Радуецца Давід, граючы на гусьлях, і бласлаўляе Госпада, бо вось Дзева
прыходзіць з няплоднага ўлоньня для збаўленьня душаў нашых.
(Тон 2). Прыйдзіце ўсе, хто шануе і любіць красу
дзявоцтва і чысьціню. Прыйдзіце, каб з любоўю аддаць хвалу Той, якая ёсьць
крыніцаю жыцьця, што цячэ з цьвёрдае скалы. Яна – ахоплены духоўным агнём
незгаральны куст, што вырас на няплоднай зямлі і ачышчае, і прасьвятляе душы
нашыя.
Што гэта за сьвяточны радасны шум? Гэта Якім і Ганна
сьвяткуюць, кажучы: „Радуйцеся з намі, Адам і Эва! Праз вашае непаслушэнства рай
некалі быў зачынены, але сёньня даецца нам блаславёны плод – Божае дзяўчо Марыя,
– што адчыняе зноў усім туды ўваход”.
Абраная Уладарка ўсіх, Божае жыльлё, сьвятыня спрадвечнай
Існасьці, сёньня родзіцца з няплоднага ўлоньня слаўнае Ганны. Бессаромнае пекла
Ёю перамагаецца, і прамаці Эва ўзыходзіць да непрамінальнага жыцьця. Дык уславім
Яе дастойна, кажучы: „Блаславёная Ты між жанчынаў, і блаславёны Плод улоньня
Твайго!“
Слава... цяпер...
(Тон 8). У дзень гэтай слаўнай і сьветлай
урачыстасьці заграйма на духоўнай жалейцы, бо вось з семя Давідавага родзіццца
сёньня, адганяючы цемру, Маці Жыцьця – абнаўленьне Адама, і надзея Эвы, крыніца
нятленнасьці, адмена сьмерці. Дзякуючы Ёй мы ўсе абагавіліся і вызваліліся ад
сьмерці. Дык разам з Габрыелем усклікнем Ёй: „Радуйся, Поўная ласкі, з Табою
Госпад, які дзеля Цябе даруе нам веліч свайго зьмілаваньня!“
Вершапесьні
(Тон 4). Радасьць сусьветная зазьзяла нам ад
праведных Якіма і Ганны – усяхвальная Марыя, якая дзеля сваёй беззаганнай
чысьціні сталася жывой сьвятыняю Бога і адзінай існай Багародзіцаю. Малітвамі
Яе, Хрысьце Божа, пашлі сьвету супакой і душам нашым веліч зьмілаваньня.
Верш: Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё.
Згодна з аб'яўленьнем анёла сёньня родзіцца ад праведных
Якіма і Ганны чысты плод – Дзева, неба і пасад Божы, скарбніца чысьціні, – і
прадвяшчае радасьць усяму сьвету. Яна – хадайніца жыцьця нашага, адмена праклёну
і крыніца блаславеньня. Дык у нараджэньні Тваім, Дзева Богазваная, выпрасі
супакою для сьвету і велічы зьмілаваньня для душаў нашых.
Верш: Вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.
Хай няплодная Ганна сёньня радасна запляскае ў далоні, хай
зямля прасьветліцца, хай уладары ўсьцешацца, сьвятары хай узрадуюцца з
блаславенства, і хай увесь сьвет сьвяткуе, бо вось Уладарка і беззаганная
Нявеста Айца з кораня Ясеевага ўзрасла. Ужо больш жанчыны ня родзяць у болях
дзяцей, бо радасьць закрасавала і жыцьцё для людзей запанавала на ўсім сьвеце.
Дары Якіма ўжо больш не адкідаюцца, і плач Ганны на радасьць перамяняецца. „Хай
радуецца са мною – кажа яна, – увесь абраны Ізраіль, бо Госпад даў мне
адухоўленую палату сваёй боскай славы для суцяшэньня, радасьці і збаўленьня
душаў нашых“.
Слава... цяпер...
(Тон 8). Прыйдзеце, верныя, пойдзем да Дзевы, бо
вось родзіцца прадказаная Маці Бога нашага з кораня Ясеевага, скарбніца
дзявоцтва, жэзл Аарона, прароцкае прапаведаваньне, парастак Якіма і Ганны. Ейным
нараджэньнем сьвет абнаўляецца і Царква красуецца. Яна – хорам сьвяты і
скарбніца Боства, дзявочы посуд, палата Ўладара, у якой зьдзейсьнілася
невыказная тайна злучэньня аб'яднаных у Хрысьце дзьвюх прыродаў. Дык паклонімся
Яму і ўславім нараджэньне Бязьвіннае Дзевы.
Адпушчальны трапар
(Тон 4). Нараджэньне Тваё, Багародзіца Дзева,
радасьць абвясьціла ўсяму сьвету, бо з Цябе ўзышло Сонца праведнасьці, Хрыстос
Бог наш, які, адмяніўшы праклён, даў блаславеньне і, зьнішчыўшы сьмерць, дараваў
жыцьцё вечнае. (Тройчы)
|