Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 8 лістапада - Сабор сьвятога арханёла Міхала і ўсіх анёльскіх сілаў


 

 

8 лістапада - Сабор сьвятога арханёла Міхала і ўсіх анёльскіх сілаў

Ютрань

 

Пасьля "Госпад – Бог...": трапары, як у канцы вячэрні.


Сядальная песьня 1 (тон 1). Сьветлыя анёлы, што стаіце заўсёды перад страшным Пасадам, прасьветленыя зьзяньнем трохсонечнага Боства, прасьвятліце і адганіце грахоўную цемру ад нас, якія сьвяткуем ваш сабор, і маліцеся няспынна, каб нам выбавіцца ад бедаў.

Слава...: Хоры анёлаў, разам з іхнім начальнікам, боскім Міхалам, пяюць славу ўсесьвятой Тройцы. Той, хто стварыў усё, што існуе з нічога, словам сваім прывёў да быцьця хоры вогненных вояў.

Цяпер... Надзея хрысьціянаў, усесьвятая Дзева, што вышэй за ўвесь роум нарадзіла Бога, разам з анельскімі сіламі прасі, каб Ён даў нам адпушчэньне грахоў усіх нашых, направу жыцьця ўсім, што з вераю і любоўю славяць Цябе.

 

Сядальная песьня 2 (тон 2). Старшыня анельскіх хораў, арханеле Міхале, што стаіш перад вогненным Пасадам, малі няспынна Найвышэйшага Ўладара, каб Ён зьнішчыў гордасьць мучыцеляў у апраметнай, і заступайся за нас, слугаў Тваіх.

Слава...: (тон 4). Хэрувімы і шматвокія сэрафімы, хоры арханёлаў разам з уладамі, пасадамі, гаспадарствамі, анёламі, сіламі і пачаткамі моляць Цябе, Творцу нашага, каб Ты, Божа ўсеміласэрны, не пагардзіў малітвамі грэшных людзей.

Цяпер...: Дзева беззаганная, што нарадзіла спрадвечнага Бога, разам з анёламі малі Яго безупынку, каб, перш як прыйдзе канец, даў адпушчэньне гарахоў і направу жыцьця нам, якія з вераю і любоўю славім Цябе, адзіная ўсяхвальная.

 

Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...

 

Узьвялічаньне: Узьвялічваем цябе, арханёле Міхале, і вас, усе анельскія хоры, што няспынна праслаўляеце Госпада.

Верш 1. Дзякую Табе, Госпадзе, ад усяго сэрца, у прысутнасьці анёлаў буду славіць Цябе.

Верш 2. Дзякуйце Госпаду, усе анёлы Яго.

Верш 3. Хваліце Яго ўсе анёлы Яго, хваліце Яго ўсе сілы Яго.

Слава... цяпер...

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа! (Тройчы)


Сядальная песьня 3 (тон 8). Нябесных хораў ваявода і годны слуга славы Божай, ты, загадам Творцы твайго, зьяўляешся збавенным хадайнікам для хрысьціянаў, ахоўваючы іх тваёю духоўнаю славаю. Дзеля гэтага славім цябе, Міхале арханёле. Малі Хрыста Бога дараваць адпушчэньне грахоў нам, якія з любоўю спраўляем сьвята тваё.

Слава...: (тон 4). Арханёлы стаяць вакол Твайго пасаду, Хрысьце Божа, прасьветленыя зьзяньнем, што прамянюе ад яго, і пяюць несьціхана песьню перамогі. Сьвятымі малітвамі іх дай супакой сьвету і душам нашым веліч зьмілаваньня.

Цяпер...: Чыстая і беззаганная Дзева Маці, адзіная, што нарадзіла без мужа ў часе спрадвечнага Сына і Слова Божае, малі Яго разам з бесьцялеснымі пачэснымі нябеснымі сіламі дараваць нам ачышчэньне грахоў і веліч зьмілаваньня.

 

Узыходная песьня: першы антыфан 4 тону.


Пракімен. Ты робіш вятры пасланцамі сваімі і слугамі сваімі полымя агню.

Верш. Блаславі, душа мая, Госпада. Госпадзе, Божа наш, Ты вялікі наўзьдзіў.

 

Евангельле: Мц 13: 24-30, 36-43


Пасьля Пс 50:

Слава...: Малітвамі арханёлаў і анёлаў, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.

Цяпер...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.

Зьмілуйся нада мною, Божа...: Анёлы Твае, Хрысьце, што стаяць у страху вакол пасаду велічы Тваёй, прасьветленыя Тваім зьзяньнем, Твае нябесныя песьняры і слугі Тваёй рады, пасланыя Табою, даюць прасьвятленьне душам нашым.

Канон

(тон 8)

Песьня 1. Ірмас. Фараона з калясьніцамі Майсей разьбіў цудатворным жэзлам, ударыўшы ім накрыж мора, якое расступілася, і выбавіў Ізраіля, што пехатою ўцякаў, сьпяваючы песьню Богу.

Катавасія. Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам; слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, і стану сьвяткаваць сьветлую ўрачыстасьць і славіць радасна ў песьнях цуды Яе.

 

Песьня 3. Ірмас. Хрысьце, што спачатку неба розумам заснаваў і зямлю над водамі ўсталяваў, умацуй мяне на камені запаветаў Тваіх, бо ніхто не сьвяты, апроч Цябе, адзіны Чалавекалюбча.

Катавасія. У боскай славе Тваёй, Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх дастойнымі вянцоў славы.

 

Сядальная песьня (тон 8). Начальнікі нябесных сілаў, што стаіце перад высокім Пасадам Боскае славы, Міхале і Габрыелю арханёлы, слугі Ўладара, з усімі бесьцялеснымі сіламі, маліцеся няспынна за ўвесь сьвет і прасіце, каб нам атрымаць адпушчэньне нашых правінаў, і ласку і міласьць у судны дзень.

Слава... цяпер...

Блаславёная чыстая поўная Божай ласкі, разам з усімі нябеснымі сіламі, арханёламі і анёламі малі няспынна Таго, хто добрасардэчнасьці сваёй нарадзіўся ад Цябе, каб нам, перш як прыйдзе канец, атрымаць прабачэньне грахоў, направу жыцьця і і веліч зьмілаваньня.

 

Песьня 4. Ірмас. Ты маё ўмацаваньне, Госпадзе, Ты мая сіла, Ты мой Бог, Ты мая радасьць! Не пакінуўшы ўлоньня Айца, Ты наведаў нашае ўбоства. Дзеля гэтага разам з прарокам Авакумам клічу: "Слава сіле Тваёй, Чалавекалюбча!"

Катавасія. Хрыстос, Бог спрадвечны, што сядзіць у славе на боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай рукою збаўляе тых, што клічуць: "Слава, Хрысьце, сіле Тваёй!"

 

Песьня 5. Ірмас. Чаму, незаходнае Сьвятло, адкінуў Ты мяне ад Твару Твайго? Цемра варожая пакрыла мяне, няшчаснага. Але Ты навярні мяне і да сьвятла запаветаў Тваіх накіруй шлях мой, малюся.

Катавасія. Усё стварэньне сумелася, убачыўшы боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога ўсіх і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе.

 

Песьня 6. Ірмас. Ачысьці мяне, Збавіцелю, бо шматлікія беззаконьні мае, і з глыбіні зла ўздымі мяне, малюся! Цябе клічу, пачуй мяне, Божа збаўленьня майго!

Катавасія. На гэтую боскую і слаўную ўрачыстасьць Божай Маці прыйдзіце, усе багамудрыя, пляскайце ў далоні і слаўце Таго, хто нарадзіўся ад Яе.

 

Кандак (тон 2). Ваяводы Божыя, слугі Боскае славы, анёлаў начальнікі і людзей настаўнікі, карыснага для нас прасіце і велічы спагады, бо вы князі нябесных сіл.

Ікас. Ты, несьмяротны Чалавекалюбча, сам сказаў, што анёлы ў небе цешацца з аднаго чалавека, які пакаяўся. Таму мы, поўныя беззаконьня, адважваемся прасіць Цябе, адзіны бязгрэшны і добрасардэчны Ўладару, што ведаеш сэрцы людзей, паслаць нам дух каяньне і даць прабачэньне. Аб усіх нас моляцца Табе князі нябесных сіл.

 

Песьня 7. Ірмас. Боскім зыходам агонь суняўся ў Бабілёне, і юнакі ў печы, быццам на зялёным лузе, весела скакалі і пяялі: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Катавасія. Мужныя і багамудрыя юнакі, не захацеўшы служыць стварэньню замест Творцы, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы, радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты".

 

Песьня 8. Ірмас. Люты мучыцель хальдэйскі распаліў у сем разоў печ для набожных юнакоў, але, ўбачыўшы, як яны былі збаўленыя Вышэйшаю сілаю, усклікнуў Творцу і Збавіцелю: "Юнакі, блаславіце, сьвятары, слаўце ў песьнях, людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!"

Катавасія. Народжаны ад Багародзіцы набожных юнакоў у печы выбавіў; тады вобразна, а цяпер дзейсна натхняе Ён увесь сьвет пяяць: "Слаўце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі".

 

Песьня 9. Ірмас. Неба жахнулася, усе канцы зямлі дзіву даліся: Бог зьявіўся людзям у целе, і ўлоньне Тваё сталася больш прасторным за нябёсы. Дзеля гэтага Цябе, Багародзіца, хоры анёлаў і людзей узьвялічваюць.

Прыпеў. Сьвятыя арханёлы і анёлы, маліце Бога за нас.

Немачных і падарожнікаў, і тых што ў патрэбе, вы явіліся ахоўнікамі і апекунамі, першыя сярод анёлаў, Міхале і Габрыелю.

Саўдзельніку боскіх хораў, сілаў і пасадаў, ваявода анельскі і тайніку Божы, Габрыелю, маліся за нас Збавіцелю.

Ахоўнікі сьвету і царквы, і ваяводы вышніх сілаў, маліце за нас Збавіцеля.

Слава... цяпер...: Аднадушна славім Цябе, Багародзіца, бо Ты збаўляеш нас ад бедаў і спаўняеш просьбы для нашага дабра.

Катавасія. Усе народжаныя на зямлі хай усьцешацца, прасьветленыя Духам. Хай сьвяткуюць бесьцялесныя анельскія хоры і ўшануюць урачыстасьць Божае Маці, і хай пяюць: "Радуйся, усеблаславёная Багародзіца, чыстая заўсёды Дзева!"

 

Экзапастыляр (Сьвяцільны). Ваявода вогненных слугаў, Міхале, ты атрымаў ад нябеснага Айца моц заступацца за ўсіх нас. Асьветлены зьзяньнем Ягонай славы, ты стаіш каля ўсячыстага Пасаду, як першы з анельскіх чыноў.

Слава...: Ваявода духоўных сілаў, – арханёлаў, анёлаў, гаспадарстваў, пасадаў і пачаткаў, – слаўны арханёле Міхале, што стаіш перад страшным Боскім пасадам, пакрый, захавай, сьцеражы і збаў усіх тых, што з вераю шануюць цябе, як сусьветнага заступніка.

Цяпер...: Ты, Усячыстая Багародзіца, больш пачэсная за хэрувімаў, без параўнаньня больш слаўная за сэрафімаў, і сьвяцейшая за ўсіх анёлаў, бо Ты нарадзіла невыказна ў целе Творцу ўсіх. Малі Яго, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў слугам Тваім.

 

Пахвальныя псалмы

(Тон 1). Мы верна славім цябе, арханёле Міхале, як нябесных войскаў ваяводу і магутнага ахоўніка і заступніка людзей на зямлі, і просім выбавіць нас ад усякай тленнай немачы.

Ваявода вышніх боскіх сілаў сёньня кліча людзей сьвяткаваць разам з анёламі сьветлую ўрачыстасьць іхняга боскага сабору, і супольна пяяць Богу тройчы сьвятую песьню.

Пад покрыва крылаў тваіх, арханёле Міхале, боскі розуме, прыбягаем з вераю. Ахоўвай нас праз усё жыцьцё, а ў страшную часіну сьмерці будзь нам усім памочнікам і заступнікам.

(Тон 4). Ваяводы нябесныя, прасьветленыя промнямі трохсонечнай Боскай сьветласьці, вы стаіце на чале анельскіх хораў і, быццам сьветачы ясныя на вышынях, прасьвятляеце ўвесь сьвет вашым боскім зьзяньнем, і няспынна пяеце вогненнымі вуснамі тройчы сьвятую песьню: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, слава Табе!

Слава...: (тон 5). Дзе толькі прасьціраецца ласка твая, арханёле Міхале, гіне сіла д'ябла, бо ён – раньняя зорка, што ўпала, – ня можа цярпець твайго зьзяньня. Дык просім цябе, слаўны і ўсяхвальны арханёле Міхале, заступніцтвам тваім пагасі ягоныя вогненныя стрэлы, якія ён супраць нас пускае, і захавай нас ад ягоных спакусаў.

Цяпер...: Мы завем Цябе блаславёнаю, Багародзіца Дзева, і ўзьвялічваем Цябе, як места непарушнае, неадольную сьцяну, магутную заступніцу і прыстанішча душ нашых.

 

Пасьля Вялікага ўслаўленьня: трапар і багародзічны як у канцы вячэрні

Трапар анёлаў (тон 4). Нябесных сіл ваяводы, мы нягодныя няспынна молім вас, каб вы ахінулі нас вашымі малітвамі і пакрылі ценем крылаў духоўнае вашае славы, ахоўваючы нас, якія прыбягаем да вас і клічам: "Ад бедаў выбаўце нас, начальнікі вышніх сіл".

Багародзічны нядзельны (тон 4). Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, Табою, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашы.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст