Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
(Тон 4). Ты, сьветлы арханёле, стаіш у прысутнасьці трохсонечнага Боства, паслугоўваючы Яму і разам з іншымі анельскімі сіламі радасна ўсклікаючы: "Сьвяты Ты, Ойча; Сьвяты Ты, Спрадвечнае з Айцом Слова; Сьвяты Ты і Духу Сьвяты – адзіная слава, адзіная сутнасьць і ўлада, адзінае Боства і сіла".
Выгляд твой, арханёле Міхале, вогненны, і краса твая дзівосная; тваёй духоўнай існасьцю ўвесь сьвет праходзіш, выконваючы загады Творцы ўсіх. Сіла твая вядомаў ўсім: ты наш верны ахоўнік і заступнік, і мы аддаем пашану табе.
Ты, Госпадзе, як напісана, робіш нябесныя духі пасланацамі Тваімі і слугамі Тваімі полымя агню. Сярод анёлаў Тваіх Ты паставіў начальнікам Міхала: ён выконвае Твае загады, і са страхам сьпявае тройчы сьвятую песьню славе Тваёй.
(Тон 4). Розум спрадвечны стварыў цябе, Габрыелю, другім сьветачам: ласкаю, ад Бога атрыманаю, ты прасьвятляеш увесь сьвет і адкрываеш нам спрадвечную вялікую і боскую тайну – ва ўлоньні дзявочым уцелаўлёнага Таго, хто, будучы бесьцялесным, стаўся чалавекам, каб збавіць людзей.
Ты, арханёле Габрыелю, стаіш перад пасадам трохсонечнага Боства, аценены зьзяньнем, што адтуль ўсьцяж праменіць; дзеля гэтага мы на зямлі цешымся і славім цябе, як малельніка за душы нашыя, просячы выбавіць нас ад туману благіх пажаданьняў і прасьвятліць наш розум.
Зьнішчы лютасьць ворагаў, што нападаюць на статак твой, палажы канец разьдзелу ў Царкве, суцішы буру непамерных спакусаў і выбаў ад бедаў і цяжкасьцяў тых, што шануюць цябе, і прыбягаюць пад апеку Тваю, Габрыелю арханёле, малельніку за душы нашыя.
Слава...
(Тон 6). Радуйцеся з намі, анельскія хоры, бо ваш начальнік і наш заступнік вялікі арханёл, сёньня ў пачэснай царкве сваёй зьяўляецца і асьвячае яе. Дзеля гэтага належна ўславім яго, клічучы: "Пакрый нас покрывам крылаў тваіх, вялікі арханёле Міхале".
Цяпер...
У нядзелю дагматык належнага тону, у іншыя дні наступны багародзічны:
(Тон 6). Радуйцеся разам з намі, хоры ўсіх, што вядуць чыстае жыцьцё, бо вось наша Заступніца і хадайніца, наша ахова і вялікае прыстанішча, сёньня ў пачэснай яе і боскай царкве сумных суцяшае. Дзеля гэтага належна ўсхвалім яе, клічучы: Пакрый нас боскім заступніцтвам тваім, Найсьвятая Дзева, Уладарка наша.
Чытаньне кнігі Ісуса Навіна
У той час, калі Ісус быў ля Ерыхону, ён узнёс вочы і ўбачыў мужа з голым мячом у руцэ. Ісус, падышоўшы, спытаў яго: "Ты наш, ці з варожага стану?". Той адаказаў яму: "Я начальнік войскаў Госпада, і вось толькі што прыйшоў сюды." Ісус паў ніцма на зямлю і сказаў яму: "Што загадаеш, уладару, слузе твайму?". Начальнік войскаў Гасподніх адказаў Ісусу: "Скінь абутак з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, сьвятое". Ісус зрабіў так. (5:13-15)
Чытаньне кнігі Судзьдзяў
У той час мадыяніты напалі з вялікай сілаю на сыноў Ізраіля, і тыя ўсклікнулі да Госпада Бога. І вось анёл Гасподні прыйшоў і сеў пад дубам у Гофры, што на зямлі Яаша Абіязаравага. Гедэон, сын ягоны, малаціў пшаніцу ў гумне на таку, каб схаваць яе перад мадыянітамі. І вось зьявіўся яму анёл Гасподні і кажа яму: "Госпад з табою, адважны змагар". І сказаў яму Гедэон: "Выбач мне, спадару, калі Бог з намі, дык адкуль гэта ўся гэтая напасьць на нас? Дзе ўсе тыя цуды, аб якіх айцы нашы расказвалі нам, кажучы: "З Ягіпту вывеў нас Госпад". А сёньня адкінуў нас Госпад і аддаў нас у рукі мадыянітаў". Тады анёл Гасподні глянуў на яго і сказаў: "Ідзі з сілаю тваёю і выбаў Ізраіля з рук мадыянітаў. Ведай, што гэта я пасылаю цябе". "Прашу цябе, спадару, – Гедэон яму ў адказ – як я магу выбавіць Ізраіля? Мой род найбяднейшы ў пакаленьні Манасіі і я найменшы ў доме бацькі майго". Але Госпад адказаў яму: "Я буду з табою, і ты пераможаш мадыянітаў усіх да аднаго". Тады сказаў яму Гедэон: "Калі я знайшоў ласку ў вачох Тваіх, дай мне нейкі знак, што гэта Ты сам гутарыш са мною. Прашу Цябе, не адыходзь адсюль, пакуль я не вярнуся і не прынясу дар мой і палажу яго перад Табою". І сказаў яму анёл Гасподні: "Хай так будзе, пачакаю тут, пакуль вернешся". Гедэон пайшоў, узяў казьля са статку, сьпёк праснакі з адной меры мукі, паклаў іх з мясам у кошык, а поліўку ўліў у збан і, прынёсшы, паставіў пад дубам і пакланіўся. І сказаў яму анёл Гасподні: "Вазьмі мяса і праснакі і палажы іх на той скале, а поліўку вылей". Ён так і зрабіў. Тады анёл Гасподні канцом палкі, якую трымаў у руцэ, дакрануўся да мяса і праснакоў. І вось загарэўся агонь на скале і спаліў мяса і праснакі. І анёл Гасподні зьнік з вачэй ягоных. Тады зразумеў Гедэон, што гэта быў анёл Гасподні, і ўсклікнуў: "Гора мне, Госпадзе Божа, бо я бачыў анёла Гасподняга тварам у твар". Але Госпад адказаў яму: "Мір табе, ня бойся, не памрэш!". Гедэон зрабіў там ахвярнік Госпаду і назваў яго "Мір Гасподні". І ахвярнік гэты знаходзіцца там да сёньняшняга дня. (6:7,11-24)
Чытаньне кнігі прарока Ісаі
Так кажа Госпад: "Хай уся зямля ўсклікне радасна. Нават кіпарысы і кедры лібанскія хай усьцешацца з тваёй прычыны і скажуць: "Ад часу, калі ты заснуў, дрывасекі не выходзяць на нас". Пекла ўнізе сумелася, пачуўшы пра тваё прыйсьце, яно ўзьняло для цябе ўсіх магутных і начальнікаў зямлі, загадала ўсім уладаром народаў устаць з пасадаў сваіх, каб, узьняўшы голас, сказаць табе: "І ты, як і мы, стаўся бясьсільны і да нас падобны". Зышла ў пекла слава твая і твае радасьці, чэрві посьцілкай табе і чэрві тваім покрывам. Як гэта ты зваліўся з неба, бліскатлівы сыне заранкі, як гэта паў на зямлю ты, які падбіваў усе народы? Ты ж сказаў у сэрцы тваім: "Узыду на неба, пастаўлю пасад мой вышэй за зоркі; сяду на высачэзнай гары, што на ўскраіне поўначы; узыду вышэй за хмары і буду падобным Найвышэйшаму". Сёньня ж ты зышоў у пекла, у бездань падзямельную. І тыя, што бачаць цябе, дзівяцца і кажуць: "Ці ж гэта ня той, хто трос зямлёю, хто разбураў валадарствы, пустошыў замлю, руйнаваў гарады і палонных не пускаў да дамоў сваіх?" Усе ўладары народаў спачываюць у пашане, кожны ў сваёй дамавіне. Ты ж выкінены з тваёй магілы, быццам падла гнілое, акружаны мёртвымі, памардаванымі, пабітымі мячамі. Як акрываўленая вопратка ня будзе чыстай, так і ты ня будзеш чыстым, бо ты пустошыў маю зямлю і забіваў людзей маіх. Давеку не будзе ўспаміну пра патомства злачынцаў". (14:7-20)
Вершапесьні
(Тон 1). Разам з анёламі і мы, зямныя, усклікнем радасна Богу, які сядзіць на пасадзе славы: "Сьвяты Ты, Ойча нябесны; Сьвяты ты, справечнае Слова Айца; Сьвяты Ты і Духу ўсесьвяты".
Верш. Ты робіш вятры пасланцамі Тваімі, і слугамі тваімі полымя агню.
Першынствуючы нябесным сілам, ты, начальніча анёлаў Міхале, сузіральніча невыказных рэчаў, стаіш сьмела ў славе перад страшным пасадам. Малітвамі тваімі, просім цябе, выбаў напасьцяў тых, што ў бядзе.
Верш. Хваліце Госпада ўсе анёлы Яго, хваліце Яго ўсе сілы Яго.
Будучы першым сярод бесьцялесных анёлаў, і слугою і сузіральнікам Боскай сьветласьці, збаў, Міхале арханёле, нас, якія набожна шануем цябе і славім верна Тройцу.
Слава... цяпер...
(Тон 8). Як начальнік анельскіх хораў, ваявода і князь, вызваль, арханёле, ад усякай пагрозы, суму, недамаганьняў і цяжкіх правін тых, што верна моляць цябе, слаўны. бо ты бачыш нябачнага Бога і зьзяеш надаступным сьвятлом славы Таго, хто дабравольна дзеля нас прыняў цела ад Дзевы, хочучы збавіць род людзкі.
-------------------------------
У нядзелю вершапесьні нядзельныя адпаведнага тону
Слава...
(Тон 8). Як начальнік...
Цяпер...
Багародзічны нядзельны (тон 8). Чыстая Дзева, што Бога ў целе невыказна зачала, Маці Бога ўсявышняга, прымі маленьні слуг тваіх, Усячыстая, даючы ачышчэньне правін і, выслухаўшы малітвы слуг тваіх, маліся за збаўленьне душ нашых.
-------------------------------
Адпушчальныя трапары
Трапар анёлаў (тон 4). Нябесных сіл ваяводы, мы нягодныя няспынна молім вас, каб вы ахінулі нас вашымі малітвамі і пакрылі ценем крылаў духоўнае вашае славы, ахоўваючы нас, якія прыбягаем да вас і клічам: "Ад бедаў выбаўце нас, начальнікі вышніх сіл".
Багародзічны нядзельны (тон 4). Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, Табою, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашы.
|