Памяць сьвятых і баганосных айцоў, посьнікаў і манахаў
Вячэрня (у пятніцу ўвечары)
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 8). Прыйдзіце, верныя, уславім грамаду
сьвятых айцоў, Антона Вялікага, сьветлага Яўтыма, і з імі ўсіх іншых духоўных
грамадзян новага раю. Усклікнем: "Вось дрэвы, якія насадзіў Бог наш; яны
прарасьцілі плады жыцьця вечнага, прынесьлі іх Хрысту і кормяць душы нашы. Дык
будзем прасіць іх: "Баганосныя блаславёныя айцы, маліцеся за збаўленьне наша".
(Двойчы)
Радуйся, Ягіпет верны, радуйся, сьвятая Лібія, радуйся,
выбраная Тэбаіда; радуйцеся, усякае месца, горад і краіна, што ўзгадавалі
грамадзянаў валадарства нябеснага, узрасьцілі іх устрыманасьцю і подзьвігамі, і
аддлі іх, дасканалых, Богу. Яны – сьветачы душаў нашых, што зазьзялі духоўна на
ўвесь сьвет цудамі, магутнымі знакамі і ўчынкамі. Дык усклікнем усе:
"Блаславёныя айцы, маліцеся за збаўленьне душ нашых".
(Двойчы)
Хто з тых, што нарадзіліся на зямлі, зможа расказаць вашы
цудоўныя жыцьці, сусьветныя айцы? Які язык здольны ўславіць вашыя духоўныя
подзьвігі, практыкаваньні ў дабрадзейнасьцях, умярцьвленьне цела, змаганьне з
пажаданьнямі ў нядрэмнасьці, у малітвах, у сьлёзах? Вы на сьвеце жылі быццам
анёлы, перамогшы бесаўскія сілы, чынячы цудоўныя і вялікія знакі. Дык маліцеся
цяпер за нас, блаславёныя, каб нам атрымаць вечную радасьць.
(Двойчы)
Слава...
(Тон 6). Захаваўшы вобраз Божы непашкоджаным, вы
наставілі розум ваш на змаганьне са згубнымі пажаданьнямі: мужна абуздаўшы вашую
прыроду, вы падпарадкавалі горшае лепшаму, цела пакарылі духу. Дзеля гэтага вы,
жыхары пустыні і падзьвіжнікі, сталіся найвышэйшым прыкладам для манахаў, і
выдатным правілам дабрадзейнасьцяў для ўсіх, што імкнуцца да Бога. Цяпер,
прабываючы ў небе, быццам у чыстым люстры, бачыце Сьвятую Тройцу, молячыся
няспынна за тых, што з вераю і любоўю шануюць вас.
Цяпер...: дагматык належнага
тону.
Пракімен дня: Ты мой заступнік, Божа...
Чытаньне кнігі прарока Захара (8:19-23)
Так кажа Госпад: "Пост чацьвертага, пост пятага, пост сёмага
і пост дзесятага месяца хай заменіцца для дому Юды ў радасьць, вясельле і сьвята
прыемнае. Дык узрадуйцеся і палюбіце праўду і супакой".
Так кажа Госпад Усемагутны: "У будучыні прыйдуць людзі,
жыхары многіх местаў. Жыхары аднаго места, ідучы да другога, будуць казаць:
Пойдзем аддаць хвалу Госпаду, шукаць Госпада сіл – і я таксама іду. І так вось
шматлікія людзі, магутныя народы будуць шукаць Госпада сіл, каб аддаць хвалу
Яму".
Так кажа Госпад Усемагутны: "У тыя дні станецца, што дзесяць
мужоў з розных народаў і моваў, схопяцца за край вопраткі мужа з Юды, кажучы:
Хочам ісьці з вамі, бо мы чулі, што з вамі Бог".
Вершапесьні
(Тон 2). Ачысьцім, браты, ад усякай брыдоты нашыя
целы і душы, запалім сьвечы душаў нашых полымем любові да ўбогіх, і ня будзем
больш абмаўляць адзін аднаго: бо вось настаў час, калі Жаніх прыходзіць даць
кожнаму паводле ўчынкаў яго. Дык увойдзем разам з мудрымі дзевамі да Хрыста, і
ўсклікнем, як некалі разбойнік: "Успомні нас, Госпадзе, калі прыйдзеш у
валадарства Тваё". (Двойчы)
Сьвятых мучанікаў малітвамі і ўслаўленьнем Хрыста ўсякая мана
разьвейваецца, і род людзкі вераю збаўляецца.
Слава...
(Тон 8). Сёньня аддаем пашану вам, сьвятыя манахі,
айцы і настаўнікі: ад вас і мы навучыліся хадзіць па правых сьцежках Шчасьлівыя
вы, бо, паслужыўшы Хрысту і перамогшы варожую сілу, вы сталіся субяседнікамі
анёлаў і спаўжыхарамі ўсіх сьвятых і праведнікаў. З імі разам маліцеся Госпаду,
каб Ён зьмілаваўся над намі.
Цяпер...
Багародзічны. Радуйся, скарбніца чысьціні;
радуйся, нярэчыўнага Сьвятла чыстае жыльлё; радуйся, Начальніца збаўленьня
нашага, апосталаў прапаведаваньне; радуйся, пахвала мучанікаў; радуйся,
спаўненьне прароцкіх сказаньняў; радуйся, Краса падзьвіжнікаў і манахаў, і
збаўленьне верных.
Адпушчальныя Трапары
(Тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з
Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым да нас, але
малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.
Слава... цяпер...
Багародзічны (тон 4). Тайна спрадвеку ўкрытая і
анёлам няведамая праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася
яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і,
пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і
выбавіў ад сьмерці душы нашыя.
|