Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Нядзеля (Тон 5) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


 

 

Нядзеля (Тон 5) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


НЯДЗЕЛЯ РАНІЦАЙ


Пасьля "Госпад - Бог...":

Трапар уваскросны, тон 5. Слова, спрадвечнае з Айцом і Духам... (Калі няма трапара сьвятому, двойчы)

Далей, як у канцы вячэрні.


Сядальныя песьні 1. Крыж Хрыстовы ўславім, сьвятое пахаваньне ў песьнях узьвялічым і ўсхвалім Ягонае ўваскрасеньне; бо Ён узьняў мёртвых з магілаў і, як Бог, паланіў сьмерць і сілу д'ябальскую. І вось усім, што былі ў пекле, зазьзяла сьвятло.

Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Цябе, Госпадзе, што сьмерць умярцьвіў, палічылі памёрлым; Ты, што спустошыў магілы, быў пакладзены ў магілу; вонках жаўнеры сьцераглі магілу, але ўнізе Ты ўзьняў спрадвеку мёртвых. Усемагутны і неабдымны Госпадзе, слава Табе!

Слава... цяпер...

Радуйся, сьвятая Гара Богапраходная! Радуйся, духоўны Куст незгаральны! Радуйся, адзіны для сьвету Мост да Бога, што перапраўляе памёрлых да вечнага жыцьця! Радуйся, чыстая Дзева, што мужа ня знала, бо Ты нарадзіла Збаўленьне душаў нашых!


Сядальныя песьні 2. Пасьля Твайго ўваскрасеньня на трэці дзень і пакланеньня вучняў, Пётра ўсклікнуў: "Жанчыны сьмялейшымі сталі перад Табою, а я задрыжэў у страху; разбойнік аб'явіў Тваю Боскасьць, а я, няўдзячны, выракся Цябе. Ці будзеш Ты цяпер лічыць мяне вучнем сваім і ці ўчыніш мяне рыбаком глыбіняў? Нягледзячы на ўсё, Госпадзе, прымі маё каяньне і збаў мяне!"

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Людзі беззаконныя прыбілі Цябе, міласэрнага Госпада, між разбойнікаў і прабілі кап'ём Твой бок. Ты, які разбурыў браму пякельную, прыняў пахаваньне і ўваскрос на трэці дзень. І вось жанчыны прыйшлі пабачыць Цябе і абвясьцілі апосталам Тваё ўстаньне. Усяслаўны Збавіцелю, якога анёлы хваляць, блаславёны Госпадзе, слава Табе!

Слава... цяпер...

Усяслаўная Багародзіца, Нявеста, што мужа ня знала і перамяніла сум Эвы на радасьць! Мы, верныя славім Цябе, бо Ты ўзьняла нас ад першаснага праклёну і цяпер няспынна молішся, Усесьвятая, за нашае збаўленьне.


Гіпакоі. Асьлепленыя сьветласьцю анёла, з душамі, прасьвет-ленымі Боскім уваскрасеньнем, міраносіцы-жанчыны сказалі апосталам: "Абвяшчайце народам уваскрасеньне Госпада, які чыніць цуды і дае нам веліч зьмілаваньня."


Узыходныя песьні.

Антыфан 1. Агорнуты сумам, я пяю Табе, Госпадзе мой, як Давід: Выбаў душу маю ад языка крывадушнага!

Шчасьлівае жыцьцё пустэльнікаў: яны акрыленыя Боскай любоўю.

Слава... цяпер...

Сьвятым Духам утрымліваецца кожнае стварэньне, бачнае і нябачнае, бо Ён – самаўладны і, несумненна, адзін з Тройцы.


Антыфан 2. Хадзі, душа, узыдзем на гару, адкуль ідзе дапамога мая.

Хай правая рука Твая, Хрысьце, дакранецца да мяне і захавае мяне ад усялякае спакусы.

Слава... цяпер...

Скажам Сьвятому Духу, блаславіўшы Яго: "Сапраўды, Ты – Бог, Жыцьцё, Любоў, Сьвятло і Розум. Ты – Дабро, Ты пануеш вечна!"


Антыфан 3. Калі мне сказалі: "Пойдзем у дом Гасподні", я ахвяраваў малітвы і напоўніўся вялікай радасьцю.

У доме Давідавым адбываюцца страшныя рэчы: там запалены вагонь, што паліць усякі бессаромны розум.

Слава... цяпер...

Сапраўды, Сьвяты Дух – пачатак усяго жыцьця: кожная жывая істота адухоўліваецца Ім, разам з Айцом і Сынам.


Пракімен. Устань, Госпадзе, хай узьнясецца рука Твая, бо Ты пануеш праз усе вякі.

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.


Канон уваскросны


Песьня 1. Ірмас. Каня і вершніка ўкінуў у мора Чырвонае Хрыстос-пераможца ўзьнятай рукою, і выбавіў Ізраіля, які пяяў песьню перамогі.

Грамада гэбрэяў не захавала матчынае любові да Цябе, Дабрачынца, і вянчала цярновым вянком Цябе, які выбавіў праайца ад церня пакараньня.

Ты, бязгрэшны Хрысьце Жыцьцядаўча, узьняў мяне, які ўпаў у яму; застаўшыся нязьменным, Ты ўспрыняў маю тленнасьць, каб напоўніць мяне духмянасьцю Тваёй Боскай існасьці.

Багародзічны. Праклён скасаваны, і скончыўся сум, бо вось зазьзяла верным блаславёная і поўная ласкі радасьць, калі з Цябе зацьвіў Хрыстос, нашае вечнае блаславеньне.


Песьня 3. Ірмас. Ты, Хрысьце, што загадам Тваім цяжкую зямлю на нічым павесіў і ўмацаваў, на непарушнай скале запаветаў Тваіх умацуй Царкву Тваю, адзіны блаславёны і Чалавекалюбча.

Тыя, што ў пустыні са скалы смакталі мёд, дзякуючы Твайму, Хрысьце, цудадзеяньню, прынесьлі Табе жоўць; і, як падзяку за манну, воцат далі Табе няўдзячныя сыны Ізраіля.

Тыя, што некалі былі пакрытыя сьветлай хмараю, у магілу паклалі Жыцьцё-Хрыста; але Ён уласнай сілаю ўваскрос і паслаў з вышыні зьзяньне Духа, што тайна асьвятляе ўсіх верных людзей.

Багародзічны. Ты, Маці Божая, застаўшыся дзеваю, нарадзіла бяз болю Таго, хто нятленна зазьзяў ад Айца. Дзеля гэтага мы Цябе, што нарадзіла Слова ў целе, верна вызнаем і славім як Багародзіцу.


Песьня 4. Ірмас. Прарок Авакум прадбачыў Тваё, Хрысьце, спусташэньне, і ўвесь трымцеў, усклікаючы: "На збаўленьне людзей Тваіх Ты прыйшоў, каб збавіць памазаных Тваіх!"

Горкія воды Мэрры Ты, Добры, зрабіў салодкімі дрэвам, што было вобразам усячыстага Твайго Крыжа, якім Ты ўмярцьвіў горкі смак граху.

Замест дрэва пазнаньня – Крыж, замест салодкай стравы жоўць Ты прыняў, Збавіцелю мой; і за тленнасьць сьмяротную Ты праліў Боскую кроў Тваю.

Багародзічны. Ты, Дзева, зачала ва ўлоньні Нятленнага і бяз болю нарадзіла Бога ў целе, захаваўшы дзявоцтва пасьля родаў.


Песьня 5. Ірмас. Зранку імкнуся да Цябе, які апранаешся ў сьвятло, быццам у вопратку, і клічу: "Маю пацямнелую душу прасьвятлі, Хрысьце, бо Ты адзіны добрасардэчны!"

Госпад славы на дрэве зьняслаўлены вісіць, бо хоча прыдбаць мне невыказна боскую славу.

Ты, нятленны Хрысьце, апрануў мяне ў нятленнасьць, калі Ты пакаштаваў целам сьмяротнае тленнасьці і на трэці дзень уваскрос з магілы.

Багародзічны. Ты, Багародзіца, бяз семя нарадзіла нам Хрыста, нашую праведнасьць і нашае збаўленьне, і ўчыніла прыроду праайца свабоднай ад праклёну.


Песьня 6. Ірмас. Разьюшаныя хвалі душагубных пажаданьняў маіх суцішы, Уладару Хрысьце, і ад тленнасьці выбаў мяне ў дабрасардэчнасьці Тваёй.

Прабацька наш упаў у тленнасьць, Хрысьце Госпадзе, пакаштаваўшы забаронены плод, але быў вернуты зноў да жыцьця мукамі Тваімі.

Ты, Жыцьцё, Хрысьце Божа, зышоў да пекла і, разбурыўшы разбуральніка, тленнасьцю прыдбаў нам уваскрасеньне.

Багародзічны. Дзева нарадзіла і пасьля родаў засталася дзеваю, і, будучы сапраўды Дзеваю-Маці, на руках трымала Таго, хто ўтрымлівае ўсё стварэньне.


Кандак. Ты зышоў да пекла, Спасе мой, і браму ягоную разбурыў, як усемагутны; як Творца, Ты ўзьняў памерлых з сабою і зьнішчыў джала сьмерці. І Адам ад праклёну быў вызвалены Табою, Чалавекалюбча. Дзеля гэтага і мы ўсе клічам: "Збаў нас, Госпадзе!"

Ікас. Пачуўшы голас анёла, жанчыны спынілі плач і ў радасным трапятаньні ўбачылі дзіўныя рэчы. Вось Хрыстос наблізіўся да іх і сказаў: "Радуйцеся і будзьце сьмелыя, бо Я перамог і вязьняў вызваліў. Сьпяшыце да вучняў і аб'явіце ім: Я буду чакаць вас у Галілеі, каб абвясьціць добрую вестку". Дзеля гэтага і мы клічам: "Збаў нас, Госпадзе!"


Песьня 7. Ірмас. Праслаўлены Госпад айцоў полымя патушыў і паслаў расу юнаком, якія радасна пяялі: "Блаславёны Ты, Божа".

Ты надзеў цела, быццам прынаду на вуду, Боскаю сілаю Тваёю зьмяю ўніз пацягнуў і ўзьняў тых, што клічуць: "Блаславёны Ты, Божа!"

Незьмяшчальны, што непраходную прастору зямлі ў адно злучыў, зьмяшчаецца ў магіле. Яму ўсе пяём: "Блаславёны Ты, Божа!"

Багародзічны. Ты, Усесьвятая, нарадзіла адну асобу ў дзьвюх прыродах – Бога, які прыняў цела і якому пяём: "Блаславёны Ты, Божа!"


Песьня 8. Ірмас. Табе, Творцу ўсяго, юнакі ў печы ад імя ўсяго стварэньня запяялі песьню: "Усе творы, сьпявайце Госпаду і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!"

Быццам супраць волі, Ты памаліўся аб дабравольнай чашы збавенных мукаў Тваіх: вось два жаданьні дзьвюх прыродаў, якія зьмяшчаеш у сабе, Хрысьце, праз усе вякі.

Тваім, Хрысьце, усятворным зыходам, пекла было пасаромленае і аддало тых, каго падманам здаўна трымала. І вось яны цяпер пяюць і ўзьвялічваюць Цябе праз усе вякі.

Багародзічны. Цябе, Дзева, што, застаўшыся дзеваю, вышэй за розум словам нарадзіла Богачалавека Госпада, мы, творы Ягоныя, бласлаўляем і ўзьвялічваем праз усе вякі.


Песьня 9. Ірмас. Ісая, радуйся, бо вось Дзева ва ўлоньні зачала і нарадзіла Сына Эмануэля, Бога і Чалавека – Усход імя Яму. Аддаем хвалу Яму і Дзеву ўзьвялічваем.

Ты, Уладару Хрысьце, успрыняў зьнямоглага чалавека. У дзявочым улоньні Ты злучыўся з ім ва ўсім, апроч граху, і ўсячыстымі цярпеньнямі Тваімі вызваліў яго ад тленнасьці.

Багацечнаю крывёю, што заструменіла з усячыстага і жыцьцядайнага боку Твайго, Уладару Хрысьце, ахвяры ідальскія былі адмененыя, і ўся зямля прыносіць Табе ахвяру хвалы.

Багародзічны. Ня Бога бесьцялеснага і не звычайнага чалавека нарадзіла чыстая і беззаганная Дзева: але дасканалага чалавека і сапраўды дасканалага Бога, якога мы ўзьвялічваем разам з Айцом і Духам.


Пахвальныя псалмы

Верш. Каб споўніць над імі прысуд, напісаны на хвалу ўсім сьвятым Яго.

З запячатанай нягоднікамі магілы выйшаў Ты, Госпадзе, які нарадзіўся ад Багародзіцы; бесьцялесныя анёлы не зразумелі ўцелаўленьня Твайго; а воі ня чулі, калі Ты ўваскрос: бо адно і другое было схаванае ад цікаўных вачэй. Але тым, што з вераю пакланяюцца тайне, былі аб'яўленыя цуды. І нам, якія праслаўляем Цябе, дай радасьць і веліч зьмілаваньня Твайго.

Верш. Хваліце Госпада ў сьвятых Яго; хваліце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго.

Ты, Госпадзе, зламаў вечныя замкі і скрышыў аковы. Ты ўваскрос з магілы, пакінуўшы пахавальныя палотны на сьведчаньне сапраўднага Твайго трохдзённага пахаваньня; і, хоць вартаўнікі сьцераглі Цябе ў магіле, Ты апярэдзіў апосталаў у Галілеі. Вялікая Твая міласэрнасьць, Збавіцелю. Зьмілуйся над намі і збаў нас!

Верш. Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.

Жанчыны прыбеглі да магілы, Госпадзе, каб бачыць Цябе, Хрысьце, што пацярпеў за нас; але, прыйшоўшы, знайшлі анёла, які сядзеў на адваленым камені. І той усклікнуў, кажучы: "Госпад уваскрос! Скажэце вучням, што Ён устаў з мёртвых і збаўляе душы нашыя".

Верш. Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на ліры і гусьлях.

Калі Ты, Госпадзе, выйшаў з запячатанае магілы, Ты ўвайшоў праз зачыненыя дзьверы да вучняў Тваіх і паказаў ім на целе Тваім раны, якія Ты атрымаў, доўгацярплівы Збавіцелю. Як сын Давіда, Ты пацярпеў раны, як Божы Сын, Ты вызваліў сьвет. Вялікая Твая міласэрнасьць, недасяжны Збавіцелю. Зьмілуйся над намі і збаў нас!

Верш. Хваліце Яго звонам бубнаў і карагодамі, хваліце яго на струнах і жалейках.

Госпадзе, Уладару вякоў і Творча ўсяго, Ты прыняў дзеля нас цялеснае пахаваньне, каб вызваліць нас ад пекла. Ты Бог наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем.

Верш. Хваліце яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Хто выкажа цуды Твае, Госпадзе, або хто раскажа пра Твае дзіўныя тайны? Ты стаўся дзеля нас чалавекам, як сам захацеў, і паказаў моц улады Тваёй. Крыжом Тваім Ты адчыніў разбойніку рай. Пахаваньнем Тваім Ты разьбіў пякельныя замкі і ўваскрасеньнем узбагаціў усіх нас. Дабрачынца Госпадзе, слава Табе!

Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Жанчыны міраносіцы прыйшлі вельмі рана да магілы, бо шукалі Цябе, каб духмянымі алейкамі памазаць Несьмяротнае Слова і Бога. Пачуўшы вестку ад анёла, радасна вярнуліся і абвясьцілі апосталам, што Ты, Жыцьцё ўсіх, уваскрос, даючы сьвету ачышчэньне і веліч зьмілаваньня.

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Вартаўнікі богапрыймальнай магілы казалі юдэям: "Вы, з вашай марнаслоўнай радаю! Што гэта вы задумалі сьцерагчы Незьмяшчальнага? Марна вы стараліся, бо, жадаючы схаваць уваскрасеньне Ўкрыжаванага, вы ясна пацьвердзілі яго. Вы і вашае зборышча! Чаму зноў раіце нам схаваць тое, чаго схаваць немагчыма? Лепш паслухайце нас і паверце таму, што сапраўды сталася. Сьветлы анёл, быццам маланка, зыйшоў з неба і адваліў камень, а мы, убачыўшы яго, сталіся быццам мёртвыя; адазваўшыся да мудрых жанчынаў-міраносіцаў, ён сказаў: Ці ня бачыце, што вартаўнікі амярцьвелі, што пячаці зламаныя і пекла апусьцела? Чаму шукаеце, быццам мёртвага, Таго, хто зьнішчыў сілу пекла і зламаў джала сьмерці? Бяжыце хутка і занясеце апосталам вестку пра ўваскрасеньне, і сьмела абвяшчайце, што сапраўды ўваскрос Госпад у вялікай міласэрнасьці сваёй".

Слава...: Радавая евангельская сьціхіра.

Цяпер...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст