Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вялікі Аўторак


 

 

Вялікі Аўторак

ЮТРАНЬ

Пачатак, уключна з трапаром, як у Вялікі Панядзелак.

Сядальная песьня 1 (Тон 4): Палюбім, браты, Жаніха, падрыхтуем свае ліхтары, каб зьзялі дабрадзейнасьцямі і праўдзівай вераю, і каб мы, як мудрыя дзевы, увайшлі разам з Ім на вясельле: бо Жаніх – Бог, які дае ўсім дар нятленнасьці.
Слава ... Цяпер ...: Тое самае.

Сядальная песьня 2 (Тон 4): Сьвятары і кніжнікі, поўныя зайздрасьці, учынілі змову супраць Цябе і намовілі Юду да здрады. Бессаромна ён пайшоў і гаварыў супраць Цябе беззаконным людзям. "Што мне, – кажа, – дасьцё за тое, што выдам Яго ў вашыя рукі?". Ад такога лёсу збаў, Госпадзе, душы нашыя.
Слава ... Цяпер ...: Тое самае.

Сядальная песьня 3 (Тон 8): Юда, ахоплены хцівасьцю, чыніць змову супраць Настаўніка і думае, як лепш прадаць Яго; адпадае ад сьвятла і прымае цемру, згаджаецца на цану Бясцэннага. Здрадзіўшы Цябе, Госпадзе, як узнагароду ён атрымлівае пятлю і лютую сьмерць. Ад падобнага лёсу збаў нас, Хрысьце Божа, і дай адпушчэньне правінаў тым, што з вераю ўспамінаюць усячыстыя мукі Твае.
Слава ... Цяпер ..: Тое самае.

Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея (22:15-23:39)

У той час фарысэі, пайшоўшы, дамаўляліся, як злавіць Ісуса на слове. I пасылаюць да Яго сваіх вучняў з ірадыянамі, і тыя кажуць: "Настаўнік! Мы ведаем, што Ты справядлівы і настаўляеш праўдзіва на Божую дарогу, нікому не дагаджаеш і не глядзіш на аблічча. Скажы нам, як здаецца Табе: ці можна даваць падатак кесару, ці не?". Але Ісус, ведаючы іхнюю падступнасьць, сказаў: "Чаго вы Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? Пакажыце мне падатковую манэту". Яны прынесьлі Яму дынар. I кажа ім: "Чыя гэта выява і надпіс?". Кажуць Яму: "Кесаравы". Тады кажа ім: "Дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу". Пачуўшы, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышлі. У той жа дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы: "Настаўнік! Майсей сказаў: калі хто памрэ, ня меўшы дзяцей, то няхай брат ягоны возьме ягоную жонку і адновіць насеньне брату свайму. Было ў нас сем братоў, і першы, ажаніўшыся, памёр і, ня меўшы насеньня, пакінуў сваю жонку брату свайму. Падобна і другі, і трэці, аж да сёмага; пасьля ўсіх памерла і жонка. Дык пры ўваскрасеньні каторага з сямі яна будзе жонкай? Бо ўсе яе мелі". Ісус сказаў ім у адказ: "Памыляецеся, ня ведаючы ні Пісаньня, ані Божай сілы. Бо пры ўваскрасеньні ня жэняцца і ня выходзяць замуж, але будуць у небе, як Божыя анёлы. А пра ўваскрасеньне з мёртвых няўжо вы не чыталі сказанае Богам: «Я Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба?». Бог – ня Бог мёртвых, але жывых". I, пачуўшы, народ дзівіўся Ягонай навуцы. А фарысэі, пачуўшы, што Ён змусіў змоўкнуць садукеяў, сабраліся вакол Яго. I спытаўся адзін з іх, настаўнік Закону, выпрабоўваючы Яго: "Настаўнік, якое прыказаньне найвялікшае ў Законе?". Ісус кажа яму: "Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім. Гэта найвялікшае і найпершае прыказаньне. Другое, падобнае да яго: Палюбі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых двух прыказаньнях трымаецца Закон і прарокі". Калі ж сабраліся фарысэі, Ісус спытаўся ў іх, кажучы: "Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?". Кажуць Яму: "Давідаў". Ён кажа ім: "Дык як жа Давід у натхненьні называе Яго Госпадам, кажучы: «Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь па правай руцэ Маёй, пакуль не пакладу ворагаў Тваіх падножкам ног Тваіх»? Калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?". I ніхто ня змог адказаць Яму ні слова; і ніхто з таго дня не наважыўся больш пытацца ў Яго.
Тады Ісус прамовіў да народу і сваіх вучняў: "На Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысэі. Дык усё, што яны скажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце; але паводле ўчынкаў іх не рабіце, бо яны гавораць ды ня робяць. Зьвязваюць цяжары важкія і непасільныя і кладуць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім ня хочуць да іх дакрануцца. Усе ж свае ўчынкі робяць дзеля таго, каб іх бачылі людзі. Свае багамольлі пашыраюць і падоўжваюць кутасы ў сваіх накідках; і любяць першыя месцы на бяседах і пярэднія лавы ў сынагогах, і вітаньні на плошчах, і каб людзі называлі іх «равві, равві». А вы іх не называйце «равві», бо адзін у вас Настаўнік – Хрыстос; усе ж вы – браты. I вашым Айцом не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, што ў нябёсах. I хай не называюць вас настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік – Хрыстос. Хто ж узвышае сябе, той будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, той будзе ўзвышаны. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Валадарства нябеснае перад людзьмі: самі не ўваходзіце і не пускаеце ўвайсьці тых, што туды ідуць. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што паядаеце ўдовіны дамы і напаказ доўга моліцеся: за гэта і прымеце большую кару. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго наверненага; а калі гэта здарыцца, робіце яго сынам геенны, горшым за вас. Гора вам, правадыры сьляпыя, што кажаце: «Калі хто паклянецца сьвятыняю, то нічога; а калі паклянецца золатам сьвятыні, той зьвязаны клятваю». Бязглуздыя і сьляпыя! Што большае: золата, ці сьвятыня, якая асьвячае золата? І: «Калі хто паклянецца ахвярнікам, то нічога; калі ж паклянецца ахвяраю, што на ім, то зьвязаны клятваю». Сьляпыя! Што большае: ахвяра, ці ахвярнік, які асьвячае ахвяру? Дык хто клянецца ахвярнікам, клянецца ім і ўсім, што на ім; і хто клянецца сьвятыняй, клянецца і Тым, хто ў ёй жыве; а хто клянецца небам, клянецца Божым пасадам і Тым, хто сядзіць на ім. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даеце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але адкінулі больш важнае ў Законе: справядлівасьць, міласэрнасьць і веру. Гэтае трэба было рабіць і таго не пакідаць. Правадыры сьляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце звонку чашу і місу, а ў сярэдзіне вы поўныя драпежнасьці і няўстрыманасьці. Фарысэй сьляпы, ачысьці сьпярша сярэдзіну чашы і місы, каб зрабілася і зьверху чыстая. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да пабеленых надмагільляў, якія зьверху здаюцца прыгожымі, а ў сярэдзіне поўныя касьцей трупаў і ўсялякага бруду. Гэтак і вы збоку здаецеся людзям праведнікамі, а ў сярэдзіне поўныя крывадушнасьці і беззаконьня. Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце надмагільлі прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікаў, і кажаце: «Калі б мы жылі ў дні нашых бацькоў, мы не былі б іхнімі супольнікамі ў крыві прарокаў». Гэтым самым вы сьведчыце супраць сябе, што вы сыны забойцаў прарокаў. Дапаўняйце ж меру вашых продкаў! Вужакі, племя зьмяінае! Як вам пазьбегнуць асуджэньня ў геенну? Дзеля гэтага вось, Я пасылаю да вас прарокаў, мудрацоў і кніжнікаў. Некаторых з іх вы заб'еце і ўкрыжуеце; іншых будзеце бічаваць у сваіх сынагогах і гнаць з гораду ў горад. Так спадзе на вас уся нявінная кроў, што была пралітая на зямлі – ад крыві Абэля праведнага да крыві Захара, сына Варахіінага, якога вы забілі між сьвятыняй і ахвярнікам. Сапраўды кажу вам, усё гэта спадзе на гэты род".

Псалом 50. Малітва: "Збаў, Божа, людзей Тваіх...".

Кандак (Тон 2): Думай, душа мая, пра апошнюю гадзіну; бойся лёсу сьсечанай смакоўніцы, старайся няспынна памнажаць дадзены табе талент, каб не застацца вонках вясельнага Хрыстовага хораму.
Ікас: Чаго лянуешся, няшчасная душа мая? Чаму марнуеш час у бескарыснай мітусьні, занятая тым, што прамінае? Вось апошні час настаў, і пара разьвітацца з усім, што тут на зямлі. Пакуль ня позна, устань і кліч: "Зграшыла я Табе, Збавіцелю мой, але, як добрасардэчны Госпад, зьмілуйся нада мною. Я клічу ў страху: Не сьсячы мяне як няплодную смакоўніцу, каб мне не застацца вонках вясельнага Хрыстовага хораму".

Двусьпеў (Тон 2)
Песьня 8

Ірмас: Тры сьвятыя юнакі не паслухаліся загаду мучыцеля: укінутыя ў печ, яны ўславілі Бога, пеючы: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Адкінем ляноту, і з запаленымі сьветачамі сустрэнем несьмяротнага Жаніха Хрыста, сьпяваючы: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Каб хапіла алею еднасьці ў посудах душаў нашых, ня будзем марнаваць час на куплю гонараў зямных, але ўсклікнем: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Усе вы атрымалі ад Бога пароўну ласку; дык памнажайце ваш талент з дапамогаю Хрыста, які вам яго даў, і сьпявайце: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".

Песьня 9

Ірмас: Славім Цябе, Багародзіца Дзева, бо Ты зьмясьціла ва ўлоньні сваім Незьмяшчальнага і нарадзіла Радасьць сьвету ўсяму.
Ты, Добры, сказаў вучням Тваім: "Ня сьпіце, бо ня ведаеце гадзіны, калі прыйдзе Гаспадар, каб аддаць кожнаму належнае".
У час Твайго, Уладару, другога і страшнага прыйсьця, залічы мяне да авечак па правай руцэ Тваёй, не зважаючы на безьліч маіх правінаў.

Экзапастылар (Тон 3): Сьвятліцу бачу, Збавіцелю, упрыгожаную, але вопраткі ня маю, каб увайсьці ў яе: прасьвятлі вопратку душы маёй, Сьветладайны, і збаў мяне.

Пахвальныя псалмы
(Тон 1):
Як я, нягодны, прыйду на бяседу сьвятых Тваіх? Калі наважуся ўвайсьці ў хорам, вопратка мая выкрые мяне, бо яна не сьвяточная, і анёлы, зьвязаўшы, выкінуць мяне. Ачысьці бруд душы маёй, Госпадзе, і збаў мяне ў чалавекалюбстве Тваім! (Двойчы)
(Тон 2):
Агорнуты душэўнай лянотай, я задрамаў, і ў ліхтары маім не хапіла алею дабрадзейнасьцяў. Я стаўся падобным да неразумных дзеваў, і марную час у бязьдзейнасьці. Не зачыні мне Тваёй спагадлівасьці, Уладару, але, узьняўшы мяне ад змрочнага сну, разам з мудрымі дзевамі ўвядзі ў хорам Твой, дзе чуваць чыстыя галасы тых, што сьвяткуюць і няспынна клічуць: "Госпадзе, слава Табе!". (Двойчы)
Слава ... Цяпер ...
(Тон 4): Ты, душа мая, чула пра асуджэньне таго, хто схаваў свой талент. Дык не хавай Слова Божага, абвяшчай Ягоныя цуды, памнажай дары ласкі, каб увайсьці ў радасьць Госпада твайго! (Двойчы)

Вершапесьні
(Тон 6):
Прыйдзіце, верныя, будзем пільна служыць Уладару, які раздае багацьці слугам сваім. Хай кожны з нас, паводле меры атрыманага дару, памножыць талент ласкі. Хай адзін знойдзе мудрасьць, робячы добрыя ўчынкі; другі хай служыць навукаю; іншы зноў хай дзеліцца вераю сваёй з тымі, хто яе ня мае, а іншы хай раздае багацьці ўбогім. Так мы памножым дадзеныя нам скарбы і, як верныя распарадчыкі ласкі, удастоімся вечнай радасьці, удзельнікамі якой зрабі нас, Хрысьце Божа, у чалавекалюбстве Тваім.
Калі Ты, Ісусе, Пастыру добры, прыйдзеш у славе з анельскімі сіламі і сядзеш на пасадзе судовым, не адлучы мяне ад прысутнасьці Тваёй. Ты прымеш тых, што стаяць па правай руцэ Тваёй, а тых, што па левай, адкінеш ад сябе. Не загубі мяне, агрубелага грахамі, разам з казламі, але ў чалавекалюбстве Тваім залічы да авечак, што будуць стаяць па правай руцэ Тваёй.
Ты, Жаніху, які красою пераўзыходзіш усіх людзей, паклікаў нас на духоўную бяседу ў хорам Твой. Мукамі Тваімі сарві з мяне лахманы грахоўныя і, упрыгожыўшы вопраткаю славы і красы Тваёй, зрабі мяне ўдзельнікам сьветлага валадарства Твайго ў міласэрнасьці Тваёй.
Слава ... Цяпер ...
(Тон 7): Уладар даручае табе, душа мая, талент: прымі яго са страхам, і зрабі, каб ён прынёс прыбытак. Дапамагай бедным, і Госпад будзе тваім прыяцелем: калі Ён прыйдзе ў славе сваёй, ты станеш па правай руцэ Яго і пачуеш блаславёныя словы: "Увайдзі, верны слуга, у радасьць Госпада твайго". У велічы міласэрнасьці Тваёй, Збавіцелю, зрабі мяне, заблуднага, годным такой радасьці.

Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст