Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вялікая Пятніца


 

 

Вялікая Пятніца

ДРУГОЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Ян 18:1-28): У той час Ісус са сваімі вучнямі выйшаў за ручай Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і Ягоныя вучні. Юда, які выдаў Яго, ведаў таксама гэтае месца, бо Ісус і Ягоныя вучні часта зьбіраліся там. Узяўшы роту жаўнераў і слугаў першасьвятароў і фарысэяў, Юда прыйшоў туды з ліхтарамі, сьветачамі і зброяю. Ісус жа, ведаючы ўсё, што мае адбыцца з Ім, выйшаў насустрач і сказаў ім: "Каго шукаеце?". Адказалі Яму: "Ісуса Назарэя". Сказаў ім Ісус: "Гэта Я". Сярод іх быў таксама Юда, які выдаў Яго. Як толькі сказаў Ён ім: "Гэта Я", яны адступілі назад і ўпалі на зямлю. Другі раз спытаўся ў іх: "Каго шукаеце?". І яны адказалі Яму: "Ісуса Назарэя". Ісус адказаў: "Сказаў вам, што гэта Я. Калі Мяне шукаеце, дык пакіньце гэтых, хай ідуць". Сталася гэта, каб спраўдзілася слова, якое Ён сказаў: "З тых, каго Ты Мне даў, Я ня страціў нікога". Тады Сымон Пётра, у якога быў меч, выхапіў яго, ударыў слугу першасьвятара і адсек яму правае вуха. Імя слугі таго было Малх. Сказаў тады Ісус Пятру: "Схавай меч твой у похву. Ці ж Мне ня піць чашу, якую даў Мне Айцец?". Тады рота і тысячнік разам са слугамі гэбрэйскімі схапілі Ісуса, зьвязалі Яго і адвялі сьпярша да Анны. Ён быў цесьцем Каяфы, які быў на той год першасьвятаром. Гэта быў той Каяфа, які параіў гэбрэям, што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ. А Сымон Пётра і другі вучань ішлі ўсьлед за Ісусам. Той другі вучань быў знаёмы першасьвятару, і ён увайшоў разам з Ісусам у двор першасьвятара, а Пётра затрымаўся перад брамаю знадворку. Увайшоўшы, той другі вучань, ведамы першасьвятару, пагутарыў з брамніцаю і ўвёў Пётру ў сярэдзіну. А служанка брамніца сказала Пятру: "Ці і ты не адзін з вучняў гэтага Чалавека?". Ён адказаў: "Не". А так як было холадна, вартаўнікі і слугі, расклаўшы агонь, стаялі вакол яго і грэліся. Сярод іх стаяў таксама Пётра і грэўся. А першасьвятар запытаўся ў Ісуса пра Ягоных вучняў і Ягонае вучэньне. Ісус адказаў яму: "Я ўсё адкрыта гаварыў перад усім сьветам. Я заўсёды вучыў у сынагозе і ў сьвятыні, дзе зьбіраюцца ўсе гэбрэі, і патаемна не гаварыў нічога. Што ты ў Мяне пытаешся? Спытайся ў тых, што чулі, што Я гаварыў. Яны ведаюць, што Я казаў". Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, што стаялі побач, ударыў Ісуса ў твар і сказаў: "Гэтак адказваеш першасьвятару?". Ісус адказаў яму: "Калі Я дрэнна сказаў, дык дакажы, што дрэнна. А калі добра, дык за што Мяне б'еш?". Тады Анна паслаў Яго, зьвязанага, да першасьвятара Каяфы. А Сымон Пётра стаяў і грэўся. Сказалі тады яму: "Ці і ты ня з вучняў Ягоных?". А ён запярэчыў, кажучы: "Не!". Адзін са слугаў першасьвятара, сваяк таго, якому Пётра адсек вуха, сказаў: "Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе?". Пётра зноў запярэчыў, і ў той час прапяяў певень. Ад Каяфы завялі Ісуса ў прэторыю. Была раніца, і яны самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і каб магчы есьці пасху.

Антыфан 4

(Тон 5): Сёньня Юда пакідае Настаўніка і прымае д'ябла. Асьлеплены прагаю да грошай, ён адпадае ад сьвятла ў цемру, бо як можа бачыць той, хто прадаў Сьвятло за трыццаць срэбранікаў? Але Той, хто за сьвет пацярпеў, зазьзяў для нас. Дык усклікнем Яму: "Госпадзе, які ў спагадлівасьці да людзей пацярпеў за іх, слава Табе!".
Сёньня Юда пад выглядам багабойнасьці адкідае дар ласкі; вучань стаецца здраднікам, крывадушнік прыкідваецца прыяцелем. У бяздумнасьці сваёй больш за любоў Уладара ён упадабаў грошы і стаўся правадніком злачыннага зборышча. Мы ж праслаўляем Хрыста, які даў нам збаўленьне.
(Тон 1): Як браты ў Хрысьце, будзем браталюбнымі, спагадлівымі да бліжніх, каб ня быць асуджанымі, як неміласэрны слуга з-за любові да грошай, і бескарысна каяцца, як Юда.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Слаўныя рэчы гавораць пра Цябе, Багародзіца Марыя, бо Ты, усяслаўная і беззаганная, нарадзіла ў целе Творцу ўсіх.

Антыфан 5

(Тон 6): Вучань дамаўляецца аб цане за Настаўніка, і за трыццаць срэбранікаў прадае Госпада; няшчырым пацалункам выдае Яго беззаконным на сьмерць.
Сёньня Творца неба і зямлі кажа вучням сваім: "Ужо блізка час. Вось ідзе Юда, які выдаў Мяне. Хай ніхто не адрачэцца ад Мяне, калі ўбачыць Мяне на крыжы паміж двух разбойнікаў: Я цярплю як чалавек, але як Чалавекалюбец збаўляю тых, хто верыць у Мяне".
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Ты, што ў апошні час невыказна зачала і нарадзіла Творцу свайго, малі Яго за збаўленьне душаў нашых.

Антыфан 6

(Тон 7): Сёньня Юда ня сьпіць, ён думае, як выдаць Госпада, спрадвечнага Збаўцу сьвету, які пяцьцю хлябамі насыціў вялікую грамаду. Сёньня праступнік выракаецца Настаўніка: стаўшыся вучнем, ён за грошы выдае Ўладара, і прадае Таго, хто маннаю карміў людзей сваіх.
Сёньня няўдзячныя людзі прыбілі да крыжа Госпада, які жэзлам разьдзяліў мора і правёў іх праз пустыню. Сёньня кап'ём прабілі бок Таму, хто дзеля іх параніў Ягіпет язвамі; жоўцю напаілі Таго, хто карміў іх маннаю.
Прыйшоўшы на дабравольныя мукі, Ты, Госпадзе, дакараў вучняў сваіх: "Калі ня можаце нават адной гадзіны пабыць са Мною, дык як жа кажаце, што вы гатовыя памерці за Мяне? Дзівіцеся на Юду: ён ня сьпіць, а ўсё думае, як прадаць Мяне. Устаньце і маліцеся, каб ніхто з вас не адрокся ад Мяне, калі ўбачыць Мяне на крыжы". Доўгацярплівы Госпадзе, слава Табе!
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Радуйся, Багародзіца, што зьмясьціла ва ўлоньні Таго, каго неба зьмясьціць ня можа; радуйся, Дзева, прарокаў прапаведаваньне, бо з Цябе зазьзяў нам Эмануэль. Радуйся, Маці Хрыста Бога!

Малая літанія з воклікам:
Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 7): Што змусіла цябе, Юда, стацца здраднікам Збавіцеля? Ці ж Ён адлучыў цябе ад грамады апосталаў? Няўжо ж адабраў ад цябе дар ацаленьняў? А можа адкінуў цябе ад стала, калі ты з іншымі вячэраў? Або, калі іншым абмываў ногі, цябе абмінуў? Колькі ласкаў Ягоных ты забыў! Цяпер сталася яўнай уся твая няўдзячная істота, і Ягонае бязьмежнае доўгацярпеньне і вялікая міласэрнасьць.

ТРЭЦЯЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мц 26.57-75): У той час жаўнеры схапілі Ісуса, завялі Яго да першасьвятара Каяфы, дзе сабраліся кніжнікі і старэйшыя. А Пётра ішоў за Ім здалёку аж да дому першасьвятара. Там, увайшоўшы ў двор, сеў сярод слугаў, каб пабачыць канец. А першасьвятары і старэйшыя, і ўся Высокая Рада, шукалі сьведчаньня супраць Ісуса, каб пакараць Яго сьмерцю. І не знайшлі, хоць шмат хлусьлівых сьведкаў прыходзіла. У канцы два хлусьлівыя сьведкі, прыйшоўшы, сказалі: "Гэты казаў: Магу зруйнаваць хорам Божы і ў тры дні адбудаваць". Тады першасьвятар, устаўшы, сказаў Яму: "Нічога не адказваеш на тое, што яны кажуць супраць Цябе?". Але Ісус маўчаў. А першасьвятар сказаў Яму: "Заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам: ці Ты Хрыстос, Сын Божы?". Ісус кажа яму: "Я Той, як ты сказаў. І яшчэ скажу вам: ад цяпер убачыце Сына Чалавечага, які будзе сядзець па правай руцэ Ўсемагутнага і прыйдзе на хмарах нябесных". Тады першасьвятар разарваў сваё адзеньне, кажучы: "Ён блюзьніць! Нашто нам яшчэ сьведкі: вы чулі Ягонае блюзьнерства. Як вам здаецца?". Яны адказалі: "Варты сьмерці". Тады пачалі пляваць Яму ў твар і біць кулакамі; іншыя білі Яго па шчоках, прыгаворваючы: "Скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?". А Пётра сядзеў на двары. Аж тут падышла да яго адна служанка і кажа: "І ты быў з Ісусам Галілейцам". Ён жа перад усімі выракся, кажучы: "Ня ведаю, што гаворыш". А калі ён падыходзіў да брамы, убачыла яго іншая служанка і кажа тым, што там былі: "Ён быў з Ісусам з Назарэту". Ён зноў запярэчыў з клятваю: "Ня ведаю гэтага Чалавека". Крыху пазьней тыя, што стаялі, падышлі і сказалі Пятру: "Ты сапраўды адзін з іх, бо і гаворка твая выдае цябе". Тады Пётра пачаў клясьціся і бажыцца: "Ня ведаю гэтага Чалавека". І у тую хвіліну запяяў певень. Пётра згадаў слова, якое Ісус сказаў яму: "Перш, як запяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне". І, выйшаўшы адтуль, горка заплакаў.

Антыфан 7

(Тон 8): Калі беззаконныя схапілі Цябе, Госпадзе, Ты ўсё сьцярпеў і так усклікнуў: "Хоць вы паранілі пастыра і разагналі дванаццаць авечак – вучняў Маіх, – Я мог бы выставіць больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў. Але цярплю, каб споўнілася ўсё тайнае і нязьведанае, што Я аб'явіў вам праз прарокаў Маіх". Госпадзе, слава Табе!
Тройчы Пётра адрокся ад Цябе і, зразумеўшы сказанае яму, прынёс Табе сьлёзы жалю. Божа, ачысьці і збаў мяне!
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Як браму збаўленьня, і цудоўны рай, і хмару непрамінальнага сьвятла, існую Сьвятую Дзеву ўсхвалім, кажучы Ёй: "Радуйся!".

Антыфан 8

(Тон 2): Скажыце, беззаконьнікі, што чулі вы ад Збавіцеля вашага? Хіба ж ня выясьніў Ён вам закон і сказаньні прарокаў? Як жа тады вы наважыліся выдаць Пілату ад Бога Бога-Слова і Збавіцеля душ нашых?
"Хай будзе ўкрыжаваны!" – крычалі забойцы праведнікаў, што карысталіся з Тваіх дароў, і замест Дабрачынца прасілі разбойніка. Ты ж Хрысьце, маўчаў, ціха пераносячы іхнюю злосьць, бо хацеў у чалавекалюбстве Тваім пацярпець, каб збавіць нас.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Ня маем сьмеласьці з прычыны шматлікасьці нашых грахоў, але Ты, Багародзіца Дзева, малі Таго, хто нарадзіўся ад Цябе: многа можа малітва Маці да міласэрнасьці Ўладара. Не пагардзі просьбамі грэшных, Усячыстая, бо міласэрны і здольны нас збавіць Той, хто захацеў дабравольна пацярпець за нас.

Антыфан 9

(Тон 3): Далі трыццаць срэбранікаў за Ацэненага, бо на столькі ацанілі Яго сыны Ізраіля. Чувайце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спакусу, бо дух бадзёры, але цела нямоглае. Дык чувайце!
Далі мне замест хлеба жоўць, а замест вады напаілі мяне воцатам. Але Ты, Госпадзе, уздымі мяне, і Я адплачу ім.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Мы, што ад паганаў паходзім, славім Цябе, Багародзіца чыстая, бо Ты нарадзіла Хрыста Бога нашага, які праз Цябе вызваліў людзей ад праклёну.

Малая літанія з воклікам:
Бо Ты міласэрны і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 8): Як гэта Юда, які раней быў вучнем Тваім, наважыўся выдаць Цябе? Паклёпнік і злачынца, узяўшы крывадушна ўдзел у вячэры, пайшоў і сказаў сьвятаром: "Што дасьцё мне, і я выдам вам Таго, хто разбурыў закон і апаганіў суботу?". Доўгацярплівы Госпадзе, слава Табе!

ЧАЦЬВЁРТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Ян 18:28–19:16): У той час ад Каяфы павялі Ісуса ў прэторыю. Была раніца, і яны самі не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца, але магчы есьці Пасху. Таму Пілат выйшаў да іх навонкі і сказаў: "Якое абвінавачваньне прыносіце супраць гэтага Чалавека?". А яны сказалі яму ў адказ: "Калі б ня быў Ён злачынцам, мы б ня выдалі Яго табе". Кажа ім Пілат: "Вазьміце сабе Яго і судзіце згодна з вашым законам". Юдэі ж яму ў адказ: "Нам нельга нікога караць сьмерцю!" – каб зьдзейсьнілася слова Ісуса, калі казаў, даючы зразумець, якой сьмерцю мае памерці. Пілат увайшоў зноў у прэторыю, паклікаў Ісуса і кажа Яму: "Ці Ты кароль Юдэйскі?". Ісус адказаў: "Ці ты гэта ад сябе гаворыш, ці іншыя сказалі табе аба Мне?". Пілат адказаў: "Ці ж я гэбрэй? Народ твой і першасьвятары перадалі Цябе мне. Што Ты такое ўчыніў?". Ісус кажа: "Валадарства Маё ня з гэтага сьвету. Калі б Маё валадарства было з гэтага сьвету, слугі мае баранілі б Мяне, каб Я ня быў выданы юдэям. Але Маё валадарства не адсюль". "То Ты ўсё ж кароль?" – кажа Пілат. Ісус адказаў: "Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся, і прыйшоў на сьвет, каб сьведчыць аб праўдзе. Кожны, хто з праўды, слухае голас Мой". "Што такое праўда?" – азваўся да Яго Пілат. Сказаўшы гэта, выйшаў зноў да людзей і кажа ім: "Я не знаходжу ў Ім ніякай віны. Ёсьць у вас, аднак, звычай, што на Пасху адпушчаю вам аднаго (вязьня): Ці хочаце, каб я вам адпусьціў караля Юдэйскага?". Але яны зноў закрычалі: "Не, не Яго, а Вараву!". А Варава быў разбойнік.
Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў бічаваць Яго. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, надзелі на Яго пурпуровы плашч і, падыходзячы да Яго, казалі: "Радуйся, кароль Юдэйскі!", і білі Яго ў твар. Пілат выйшаў зноў да іх на двор, кажучы: "Вось выводжу вам Яго, каб вы ведалі, што не знаходжу ў Ім ніякай віны". І выйшаў Ісус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў Пілат: "Вось Чалавек!". Як толькі пабачылі Яго, першасьвятары і слугі закрычалі: "Укрыжый, укрыжуй!". Пілат кажа ім: "Бярыце Яго і ўкрыжуйце самі, бо я ніякай віны не знаходжу ў Ім". А юдэі яму: "У нас такі закон, і згодна з законам Ён павінен памерці, бо зрабіў сябе Сынам Божым". Пачуўшы гэта, Пілат яшчэ больш устрывожыўся. Ён увайшоў зноў у прэторыю і спытаўся ў Ісуса: "Адкуль Ты?". Але Ісус ня даў яму адказу. Пілат сказаў Яму: "Ня хочаш размаўляць са мною? Ці ж ня ведаеш, што маю ўладу Цябе адпусьціць і ўладу ўкрыжаваць Цябе?". Ісус адказаў: "Ты ня меў бы нада Мною ніякай улады, калі б табе не было дадзена згары. Таму большы грэх мае той, хто Мяне выдаў табе". Ад гэтай хвіліны Пілат шукаў спосабу адпусьціць Яго. Але гэбрэі крычалі: "Калі адпусьціш Яго, ня будзеш прыяцелем кесара. Кожны, хто з сябе робіць караля, праціўнік кесара!". Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Ісуса і сеў на судзе, на месцы, якое завецца па-грэцку Літостратон, а па-гэбрэйску Гавата. А быў дзень прыгатаваньня Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў гэбрэям: "Вось кароль ваш!". А яны крычалі: "Далоў, далоў, укрыжуй Яго!". Пілат сказаў ім: "Ці ж маю вашага караля ўкрыжаваць?". І адказалі першасьвятары: "Няма ў нас караля, апроч кесара!". Тады аддаў ён Яго ім на ўкрыжаваньне.

Антыфан 10

(Тон 6): Той, хто апранаецца ў сьвятло, быццам у плашч, стаяў голы на судзе і прымаў аплявухі ад рук, якія Ён стварыў. І вось беззаконныя людзі да крыжа прыбілі Госпада славы. Тады завеса ў сьвятыні разарвалася на двое, сонца памеркла, ня могучы глядзець, як зьневажаюць Бога, перад якім усё дрыжыць. Дык паклонімся Яму!
Вучань адрокся, а разбойнік усклікнуў: "Успомні мяне, Госпадзе, у валадарстве Тваім!".
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Госпадзе, які захацеў ад Дзевы прыняць цела дзеля слугаў сваіх, даруй супакой сьвету, каб нам згодна славіць чалавекалюбства Тваё.

Антыфан 11

(Тон 6): За дабро, якое Ты, Хрысьце, учыніў людзям Тваім, засудзілі Цябе на ўкрыжаваньне і напаілі воцатам і жоўцю. Адплаці ім, Госпадзе, паводле ўчынкаў іх, бо яны не зразумелі міласэрнасьці Тваёй.
Не здаволіўшыся тым, што яны здрадзілі Табе, Хрысьце, людзі ківалі галовамі, зьневажалі Цябе і насьміхаліся. Але Ты, Госпадзе, дай ім паводле ўчынкаў іх, бо яны не зразумелі провіду Твайго.
Ні землятрус, ні патрэсканыя скалы, ні разарваная заслона ў сьвятыні, ні нават уваскрасеньне памерлых не пераканалі людзей. Але Ты, Госпадзе, аддай ім паводле ўчынкаў іх, бо яны задумалі марнае супраць Цябе.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Мы пазналі Бога, які прыняў цела ад Цябе, Багародзіца Дзева, адзіная чыстая і блаславёная. Дзеля гэтага Цябе няспынна ў песьнях узьвялічваем.

Антыфан 12

(Тон 8): Так кажа Госпад: "Людзі мае! Што Я зрабіў вам, або чым выклікаў ваша нездавальненьне? Сьляпым вашым Я зрок вяртаў, пракажоных ачышчаў, расслабленага чалавека з пасьцелі ўзьняў. Людзі мае! Што я зрабіў вам? І як вы Мне адплацілі? Узамен за манну вы далі Мне жоўць, а замест вады – воцат; замест любові, вы прыбілі мяне да крыжа. Дык вось не сьцярплю больш і паклічу паганаў: хай яны ўславяць Мяне з Айцом і Духам. Я ж дам ім жыцьцё вечнае".
Сёньня царкоўная заслона разьдзіраецца на асуджэньне беззаконных, і сонца хавае промні свае, убачыўшы Ўладара ўсіх на крыжы.
Хор апостальскі зьвяртаецца да вас, заканадаўцы Ізраіля, гэбрэі і фарысеі, кажучы: "Вось вам Сьвятыня, якую вы разбурылі; вось Ягнё, якое вы ўкрыжавалі і паклалі ў магілу. Але Ён уваскрэсьне ў сіле. Не ашуквайце сябе: Ён той, які збавіў вас у моры і карміў у пустыні; Ён – жыцьцё, сьвятло і супакой сьвету".
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Радуйся, брама Ўладара славы, праз якую адзін Найвышэйшы прайшоў і зноў яе запячатаў, на збаўленьне душ нашых.

Малая літанія з воклікам:
Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 8): Калі Ты, Божа, Судзьдзя сьвету, стаў перад Каяфаю і быў аддадзены Пілату, сілы нябесныя жахнуліся. Ты быў укрыжаваны на крыжы паміж двух разбойнікаў і, бязгрэшны, да злачынцаў залічаны, каб такім чынам збавіць людзей. Міласэрны Госпадзе, слава Табе!

ПЯТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мц 27:3–32): У той час Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Яго засудзілі, пакаяўся і вярнуў трыццаць срэбранікаў сьвятаром і старэйшым, кажучы: "Зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную". Яны ж сказалі яму: "Што нам да таго? Гэта твая справа". Кінуўшы срэбранікі ён выйшаў вон і павесіўся. Сьвятары ж, узяўшы срэбранікі, сказалі: "Нельга класьці іх у скарбніцу сьвятыні, бо гэта заплата за кроў". І, параіўшыся, купілі за іх Поле Ганчара для пахаваньня чужынцаў. Таму і сёньня поле гэтае завецца Полем Крыві. Тады споўнілася тое, што сказаў прарок Ярэма: "Узялі трыццаць срэбранікаў, заплату за Таго, каго ацанілі сыны Ізраіля. І далі іх за Поле Ганчара, як сказаў Госпад".
Ісус жа стаў перад намесьнікам. Намесьнік спытаўся ў Яго: "Ці Ты кароль гэбрэйскі?". Ісус адказаў: "Я той, як ты кажаш". І калі Яго абвінавачвалі сьвятары і старэйшыя, Ён не адказваў нічога. Тады спытаўся ў Яго Пілат: "Ці чуеш, як многа сьведчаць супраць Цябе?". Ён аднак не адказаў яму на ніводнае пытаньне, так што намесьнік дзівіўся вельмі. А быў звычай, што на кожнае сьвята намесьнік адпускаў аднаго вязьня паводле іхняга выбару. У тым часе быў адзін вядомы вязень, на імя Варава. Калі ўсе сабраліся, Пілат спытаўся: "Каго хочаце, каб я звольніў: Вараву ці Ісуса, названага Хрыстом?". Бо ведаў ён, што выдалі Яго праз зайздрасьць. А калі ён засядаў на судзе, жонка ягоная прыслала сказаць яму: "Ня мей ніякай справы з гэтым Праведнікам, бо сёньня ўночы я шмат цярпела ў сьне дзеля Яго". Тымчасам сьвятары і старэйшыя падбухторылі натоўп прасіць Вараву і дамагацца сьмерці Ісуса. І калі спытаў іх намесьнік: "Каторага з двух хочаце, каб я вызваліў?", яны закрычалі: "Вараву!". Тады сказаў ім Пілат: "Што ж мне зрабіць з Ісусам, якога завуць Хрыстом?". Закрычалі ўсе: "На крыж Яго!". Намесьнік адказаў: "Што ж Ён вам дрэннага зрабіў?". Але яны яшчэ мацней крычалі: "На крыж Яго!". Пілат, убачыўшы, што нічога ня здолее, а закалот расьце, узяў ваду і памыў рукі перад народам, кажучы: "Я не вінаваты ў крыві гэтага Праведніка. Гэта ваша справа". А ўвесь народ закрычаў: "Кроў Ягоная на нас і на нашых дзецях". Тады ён вызваліў Вараву, а Ісуса аддаў на ўкрыжаваньне. Жаўнеры намесьніка ўзялі Ісуса ў казарму і сабралі вакол Яго цэлую роту. Разьдзеўшы Яго, накінулі Яму на плечы чырвоны плашч; і, сплёўшы вянок з цярніны, усклалі Яму на галаву, а ў правую руку далі трысьціну. Потым, стаўшы перад Ім на калені, насьміхаліся з Яго, кажучы: "Радуйся, кароль гэбрэйскі!". Пры гэтым яны плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве. Назьдзекаваўшыся, яны зьнялі з Яго плашч, апранулі зноў у Ягонае адзеньне і павялі на ўкрыжаваньне. Выходзячы, яны сустрэлі аднаго чалавека, Сымона кірынэйца, і загадалі яму несьці крыж.

Антыфан 13

(Тон 6): Натоўп дамагаўся ад Пілата ўкрыжаваць Цябе, Госпадзе, хоць ён не знайшоў у Табе ніякай віны. Злодзея Вараву вызвалілі, а Цябе, праведнага, засудзілі, узяўшы на сябе віну за забойства. Аддай ім, Госпадзе, паводле заслугаў іх, бо яны задумалі марнае супраць Цябе.
Таго, перад кім у страху дрыжаць усе стварэньні, і каго кожны язык славіць – Хрыста, Божую сілу і мудрасьць, – сьвятары білі па твары і давалі яму піць жоўць. Але Ён дабравольна цярпеў усё, бо хацеў як Чалавекалюбец, крывёю сваёю вызваліць нас ад грахоў.
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Ты, Багародзіца, праз слова невыказна нарадзіла Творцу свайго. Малі Яго збавіць душы нашыя.

Антыфан 14

(Тон 8): Ты, Госпадзе, узяў сабе за таварыша разбойніка, які запляміў крывёю рукі свае: далучы і нас да яго, бо Ты міласэрны і Чалавекалюбец.
Разбойнік на крыжы сказаў мала, але праявіў вялікую веру. У адно імгненьне ён быў збаўлены і першы ўвайшоў у адчыненую райскую браму. Госпадзе, які прыняў ягонае каяньне, слава Табе!
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Радуйся, Ты, што праз анёла прыняла радасьць сьвету; радуйся, што нарадзіла свайго Творцу і Госпада! Радуйся, Ты, што ўдастоілася быць Маці Божаю!

Антыфан 15

(Тон 6): Сёньня вісіць на крыжы Той, хто на водах зямлю павесіў. (Тройчы)
Анёлаў Уладар вянчаецца цярновай каронаю.
Той, хто пакрывае хмарамі неба, апранаецца на зьдзек у пурпуру.
Біцьцё прымае Той, хто ачысьціў Адама ў Ярдане.
Цьвікамі прыбіваецца Жаніх Царквы.
Кап'ём прабіваецца Сын Дзевы.
Пакланяемся мукам Тваім, Хрысьце. (Тройчы)
Пакажы нам Тваё слаўнае ўваскрасеньне!
Ня будзем сьвяткаваць, як гэбрэі, бо Хрыстос, наш Бог і наша Пасха, прыносіцца ў ахвяру за нас. Дык ачысьцім сябе ад усякай погані і шчыра памолімся Яму: "Устань, Госпадзе і збаў нас, як Чалавекалюбец!".
Крыж Твой, Госпадзе, – жыцьцё і абарона для людзей Тваіх; спадзеючыся на яго, пяём Табе, укрыжаванаму Богу нашаму: "Зьмілуйся над намі!".
Слава ... Цяпер ...
Багародзічны: Убачыўшы Цябе павешанага на Крыжы, Маці Твая ўсклікнула: "Што гэта за страшную тайну бачу Я, Сыне мой? Як гэта Ты, Жыцьцядаўца, паміраеш на дрэве?".

Малая літанія з воклікам:
Хай будзе блаславёнае імя Тваё і праслаўленае валадарства Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Сядальная песьня (Тон 4): Укрыжаваны на Крыжы і прабіты кап'ём, Ты выкупіў нас ад праклёну законнага крывёю сваёю і стаўся для нас крыніцай несьмяротнасьці. Збавіцелю наш, слава Табе!

ШОСТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мк 15:16-32): У той час жаўнеры адвялі Ісуса ўнутр двара, або ў прэторыю, і склікалі ўсю роту. Апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы з церняў вянок, надзелі на Яго. І пачалі вітаць Яго: "Радуйся, кароль гэбрэйскі!". І білі Яго па галаве трысьцінаю і, стаўшы на калені, пакланяліся Яму. А калі назьдзекаваліся з Яго, зьнялі з Яго пурпуру і апранулі Яго ў ягонае ўласнае адзеньне. Тады павялі Яго на ўкрыжаваньне. І змусілі нейкага Сымона Кірынэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ў той час вяртаўся з поля, несьці Ягоны крыж. І прывялі Яго на месца Галготу, што значыць "Месца чэрапу". І далі яму віна, зьмяшанага са сьмірнаю, але Ён ня прыняў. Укрыжавалі Яго і разьдзялілі вопратку Ягоную між сабою, кідаючы жэрабя, каму што дастанецца. Была ж трэцяя гадзіна, калі Яго ўкрыжавалі. Быў і надпіс з указаньнем Ягонай віны: "Кароль Юдэйскі". Разам з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднога па правай руцэ, а другога па левай. Так спраўдзілася слова Пісаньня, якое кажа: "І да злачынцаў быў залічаны". Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: "Гэй Ты, што разбураеш сьвятыню і ў тры дні адбудоўваеш яе, зыдзі з крыжа і ўратуй самога сябе!". Гэтаксама і першасьвятары з кніжнікамі насьміхаліся між сабою і казалі адзін адному: "Іншых выбаўляў, а сябе ня можа выбавіць! Хрыстос, кароль Ізраіля, хай цяпер зыдзе з крыжа, каб мы ўбачылі і ўверылі!".

Людзі пяюць Блаславенствы:
(Тон 8): У валадарстве Тваім успомні нас, Госпадзе.
Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.
Шчасьлівыя тыя, што тужаць, бо яны суцешацца.
Шчасьлівыя ціхія, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
Праз дрэва Адам быў выгнаны з раю, праз дрэва разбойнік рай атрымаў. Адзін, пакаштаваўшы, парушыў запавет Творцы; другі, вісеўшы побач з Табою, вызнаў Цябе сапраўдным Богам. Успомні і нас у валадарстве Тваім!
Шчасьлівыя тыя, што маюць голад і смагу справядлівасьці, бо яны насыцяцца.
Беззаконныя купілі ў вучня Творцу закону і, як злачынцу, павялі на суд да Пілата з крыкам: "Укрыжуй Яго", хоць Ён быў той, хто карміў іх маннаю ў пустыні. Мы ж бярэм прыклад з разумнага разбойніка і з вераю клічам: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!".
Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны зьведаюць міласьць.
Богазабойцы, людзі беззаконныя, крычалі перад Пілатам у шале: "Укрыжуй нявіннага Хрыста!", і прасілі адпусьціць Вараву. Мы ж, пераймаючы разумнага разбойніка, клічам: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!".
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны ўбачаць Бога.
Жыцьцядайны бок Твой, быццам райская крыніца, поіць духоўны рай – Царкву Тваю; і, разьдзяліўшыся на чатыры струмені Евангельскія, навадняе сьвет, цешыць усё стварэньне і навучае людзей пакланяцца з вераю валадарству Твайму.
Шчасьлівыя міратворцы, бо яны будуць звацца сынамі Божымі.
Ты быў укрыжаваны дзеля мяне, каб стацца для мяне крыніцай адпушчэньня. Бок Твой прабіты быў, каб Ты мог выліць на мяне ваду жыцьця. Ты быў прыбіты цьвікамі, каб я мог праз глыбіню цярпеньняў Тваіх усьведаміць веліч магутнасьці Тваёй, Хрысьце Жыцьцядаўца, і клікаць: "Слава, Збавіцелю, крыжу Твайму і цярпеньням Тваім!".
Шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праўду, бо іх ёсьць валадарства нябеснае.
Калі Ты, Хрысьце, быў укрыжаваны, усё стварэньне, убачыўшы, задрыжэла. Асновы зямлі ўскалыхнуліся ў страху перад Тваёй сілаю, сьветачы нябесныя схаваліся, заслона ў сьвятыні разарвалася, і камяні патрэскаліся. Мы ж усьлед за верным разбойнікам клічам: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!".
Шчасьлівыя вы, калі вас крыўдзяць і перасьледуюць, і кажуць усякую няпраўду на вас дзеля Мяне.
Ты, чалавекалюбны Госпадзе, разарваў на Крыжы прысуд за грахі і, залічаны да памерлых, пякельнага мучыцеля ланцугамі скаваў, вызваліўшы людзей ад путаў сьмерці ўваскрасеньнем Тваім, якім мы ўсе прасьвятліліся і клічам: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!".
Радуйцеся і цешцеся, бо ўзнагарода ваша ў небе вялікая.
Узьняты на Крыжы, Ты, Госпадзе, зьнішчыў уладу сьмерці і, як Бог, адмяніў наш прысуд за грахі. Дай нам, Хрысьце Божа, адзіны Чалавекалюбча, ласку каяньня, як некалі разбойніку, каб нам у веры служыць Табе і клікаць: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!"
Слава ...
Будзем, верныя, разам маліцца, каб нам належна славіць Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, адно ў трох асобах Боства, нязьлітнае, простае, неразьдзельнае і недаступнае, якім мы ўсе збаўляемся.
Цяпер ...
Маці Тваю, Хрысьце, якая нарадзіла Цябе цялесна бяз семя, Дзеву існую, што засталася Дзеваю пасьля родаў, прыводзім да Цябе, як заступніцу і малельніцу за нас, просячы Цябе, Шматміласэрны Ўладару, дараваць правіны тым, што клічуць: "Успомні нас, Збавіцелю, у валадарстве Тваім!".

Малая літанія з воклікам:
Бо Ты міласэрны, шчодры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Пракімен (Пс 21): Разьдзялілі вопратку маю між сабою, і аб маім адзеньні кідалі жэрабя.
Верш: Божа, Божа мой, пачуй мяне: чаму Ты мяне пакінуў?

СЁМАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мц 27:33-54): Жаўнеры намесьніка ўзялі Ісуса ў казарму і сабралі вакол Яго ўсю роту. Зьняўшы з Яго вопратку, накінулі Яму на плечы чырвоны плашч; і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву, а ў правую руку далі трысьціну. Потым, стаўшы перад Ім на калені, насьміхаліся з Яго, кажучы: "Радуйся, кароль гэбрэйскі!". Пры гэтым яны плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве. Назьдзекаваўшыся, яны зьнялі з Яго плашч, адзелі зноў у Ягоную вопратку і павялі на ўкрыжаваньне. Выходзячы, яны сустрэлі аднаго чалавека, Сымона Кірынэйца, і загадалі яму несьці крыж. Калі ж прыйшлі на месца, названае Галгота, гэта значыць "Месца Чэрапу", жаўнеры далі Ісусу піць воцат, зьмешаны з жоўцю. Пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць. Калі Яго ўкрыжавалі, разьдзялілі між сабою Ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. І, седзячы там, сьцераглі Яго. А над галавой Ягонай зьмясьцілі напіс з віной Яго: "Гэта Ісус, кароль Гэбрэйскі". Тады таксама ўкрыжавалі разам з Ім двух разбойнікаў, аднога з правага, а другога з левага боку. Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: "Ты, што разбураеш сьвятыню і ў тры дні адбудоўваеш, збаў сябе самога. Калі Ты Сын Божы, дык зыйдзі з крыжа!". У падобны спосаб сьвятары з кніжнікамі і старэйшымі насьміхаліся з Яго і казалі: "Іншых збаўляў, а цяпер сябе самога збавіць ня можа! Калі Ён кароль Ізраільскі, хай зыйдзе з крыжа і мы паверым Яму. Спадзяваўся на Бога, дык няхай жа цяпер Той выбавіць Яго, калі Яго любіць. Бо Ён казаў: Я Сын Божы". Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго. Ад шостае гадзіны сталася цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятае, А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Ісус моцным голасам: "Элі, Элі, ляма сабахтані?", што значыць: "Божа мой, Божа мой, чаму Ты пакінуў Мяне?". Некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы гэтае, казалі: "Ён кліча Ільлю". І ураз адзін з іх пабег і, узяўшы губку і памачыўшы ў воцат, насадзіў на трысьціну і даў Яму піць. А другія казалі: "Пачакай! Дай паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго". Ісус жа, зноў закрычаў моцным голасам і аддаў духа. І вось заслона ў царкве разарвалася надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася і скалы патрэскаліся; і магілы расчыніліся і шмат целаў сьвятых, што памерлі, устала. І, выйшаўшы з магіл, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і паказаліся многім. Сотнік жа і тыя, што разам з ім сьцераглі Ісуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што здарылася, спалохаліся моцна і казалі: "Сапраўды, Ён быў Сынам Божым".

Чытальнік (Псалом 50): Зьмілуйся нада мною, Божа... (Гл. парадак штодзённай ютрані)

ВОСЬМАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Лк 23:32-49): У той час вялі з Ісусам на сьмерць двух іншых злачынцаў. І калі прыйшлі на месца, званае "Чэрапавым", там укрыжавалі Яго і двух злачынцаў, аднаго па правай, а другога па левай руцэ Ягонай. А Ісус казаў: "Ойча, прабач ім, бо ня ведаюць, што робяць". Потым разьдзялілі між сабою Ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. А людзі стаялі і глядзелі. Начальнікі таксама насьміхаліся з Яго, кажучы: "Іншых збаўляў, хай збавіць самога сябе, калі Ён Хрыстос, Выбраньнік Божы". Зьдзекаваліся з Яго і жаўнеры, падыходзілі да Яго, давалі воцат і казалі: "Калі Ты кароль гэбрэйскі, збаў сябе сам". Быў таксама напіс над Ім грэцкімі, лацінскімі і гэбрэйскімі літарамі: "Гэта кароль гэбрэйскі". Адзін з павешаных злачынцаў зьневажаў Яго, кажучы: "Калі Ты Хрыстос, збаў сябе і нас". Другі ж, наадварот, сунімаў яго: "Ці ж ты не баішся Бога, сам асуджаны на тое самае пакараньне? Дый мы засуджаныя справядліва, бо атрымалі належнае за нашыя ўчынкі; а Ён нічога благога не зрабіў". І сказаў Ісусу: "Успомні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у валадарства Тваё". Ісус адказаў яму: "Сапраўды кажу табе, што яшчэ сёньня будзеш са Мною ў раі". Было каля гадзіны шостай, і цемра агарнула ўсю зямлю аж да гадзіны дзевятай. Сонца памеркла і заслона ў сьвятыні разарвалася пасярэдзіне. Тады Ісус усклікнуў моцным голасам: "Ойча, у Твае рукі аддаю дух Мой!". Пасьля гэтых словаў аддаў духа. Убачыўшы, што здарылася, сотнік уславіў Бога, кажучы: "Сапраўды чалавек гэты быў Праведнік". І увесь народ, што прыйшоў паглядзець, што здарылася, вяртаўся, б'ючы сябе ў грудзі. А ўсе знаёмыя Яго стаялі воддаль; таксама жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, глядзелі на гэта.

Сьвятар ідзе ў аўтар. Людзі пачынаюць сьпяваць Трысьпеў.

Трысьпеў (Тон 6)
Песьня 5

Ірмас: Сярод ночы шукаю Цябе, Слова Божае, што ў міласэрнасьці Тваёй спустошыў сябе, застаўшыся нязьменным, і, сам непадуладны цярпеньням, аддаў сябе на мукі. Даруй супакой мне, упаламу, Чалавекалюбча.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
З абмытымі нагамі, і ачышчаныя прыняцьцем Боскіх Тваіх тайнаў, слугі Твае пайшлі з Табою з Сыёну на Аліўную гару, славячы Цябе, Хрысьце Чалавекалюбча.
Слава ... Цяпер ...
"Глядзіце, ня бойцеся, прыяцелі мае – сказаў Ты, – бо вось ужо блізка час, калі Я буду ўзяты і замучаны рукамі злачынцаў. Усе вы разьбяжыцеся, пакінуўшы Мяне, але Я зноў зьбяру вас у чалавекалюбстве Маім, каб вы прапаведавалі Мяне".
Ірмас: Сярод ночы шукаю Цябе, Слова Божае, што ў міласэрнасьці Тваёй спустошыў сябе, застаўшыся нязьменным, і, сам непадуладны цярпеньням, аддаў сябе на мукі. Даруй супакой мне, упаламу, Чалавекалюбча.

Малая літанія з воклікам:
Бо Ты – Уладар сьвету і Збавіцель душ нашых, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Кандак (Тон 8): Прыйдзіце, будзем славіць у песьнях Укрыжаванага за нас. Марыя, убачыўшы Яго на дрэве, усклікнула: "Хоць Ты і церпіш расьпяцьце, Ты Сын мой і Бог!".
Ікас: Убачыўшы Ягнё сваё, калі Яго вялі на сьмерць, Марыя, Маці Ягоная, пайшла за Ім разам з іншымі жанчынамі і з плачам казала: "Куды ідзеш, Дзіця маё? Чаму так сьпяшаешся? Ці зноў вясельле ў Кане Галілейскай, і Ты ідзеш перамяніць ваду ў віно? Скажы мне слова, Слова, не мінай моўчкі Мяне, якую Ты захаваў беззаганнаю, бо Ты – Сын мой і Бог!".

Падчас восьмай песьні дыякан кадзіць царкву і людзей.
Песьня 8

Ірмас: Сьвятыя юнакі выкрылі агіднага Богу паганага ідала; а злачыннае зборышча ў ярасьці ўчыніла змову супраць Хрыста, каб забіць Таго, хто трымае жыцьцё ў руцэ сваёй. Усё стварэньне бласлаўляе Яго і пяе хвалу Яму праз усе вякі.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
"Атрасіце сон з павекаў вашых, – Ты, Хрысьце, сказаў вучням сваім. – Трывайце ў малітве, каб не паддацца спакусе. Асабліва ты, Сымоне, бо выпрабаваньне цяжэйшае для моцных. Зразумей, Пётра, што ўсё стварэньне бласлаўляе і славіць Мяне праз усе вякі".
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
"Кепскае слова на Цябе ніколі не апаганіць вуснаў маіх, Уладару! – Пётра ўсклікнуў. – І хай усе адракуцца ад Цябе, я гатовы памерці з Табою. Ня цела і кроў, але Айцец Твой аб'явіў мне Цябе, якога ўсё стварэньне бласлаўляе і славіць праз усе вякі".
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
"Ты не спасьціг усёй глыбіні Божае мудрасьці, – кажа Госпад. – Ты – чалавек, і ня можаш усьведаміць бездані Маіх судоў. Не хваліся, бо, будучы цялесным, тройчы адрачэшся ад Мяне, хоць усё стварэньне бласлаўляе і славіць Мяне праз усе вякі".
Хвалім, бласлаўляем Госпада і пакланяемся Яму, сьпяваем Яму і ўзьвялічваем Яго праз усе вякі.
"Хоць ты, Пётра, пярэчыш Мне, хутка сам спалохаешся служанкі, якая падыдзе да цябе, і зробіш, як Я прадказаў, – Госпад сказаў. – Потым горка заплачаш і, навярнуўшыся, знойдзеш міласьць у Мяне, якога ўсё стварэньне бласлаўляе і славіць праз усе вякі".
Ірмас: Сьвятыя юнакі выкрылі агіднага Богу паганага ідала; а злачыннае зборышча ў ярасьці ўчыніла змову супраць Хрыста, каб забіць Таго, хто трымае жыцьцё ў руцэ сваёй. Усё стварэньне бласлаўляе Яго і пяе хвалу Яму праз усе вякі.

Песьня 9

Ірмас: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Ганебнае зборышча паганых людзей, грамада богазабойцаў прыблізілася да Цябе, Хрысьце, і, схапіўшы, павяла як злачынцу Цябе, Творцу ўсіх, якога мы ўзьвялічваем.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Няздольныя зразумець Закон у сваёй нязбожнасьці, дарма вывучаюць словы прарокаў: як Ягнё на зарэз, павялі Цябе, Уладара ўсіх, якога мы ўзьвялічваем.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Кніжнікі і сьвятары, поўныя зайздрасьці і злосьці, аддалі на сьмерць Жыцьцё, існага Жыцьцядаўца, якога мы ўзьвялічваем.
Слава ... Цяпер ...
Шматлікія сабакі акружылі Цябе, Уладару, і білі Цябе па твары; дапытвалі Цябе і хлусьліва сьведчылі супраць Цябе. Але Ты ўсё цярпеў, каб збавіць нас.
Ірмас: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Малая літанія з воклікам:
Бо Цябе хваляць усе сілы нябесныя, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Экзапастыляр (Тон 3): Разбойніка разважлівага ў адно імгненьне Ты, Госпадзе, зрабіў дастойным раю: і мяне прасьвятлі дрэвам Крыжовым, і збаў мяне.
Слава ...: Тое самае.
Цяпер ...: Тое самае.

ДЗЕВЯТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Ян 19:25-37): У той час ля крыжа стаяла Ягоная Маці, і сястра Ягонай Маці, Марыя, жонка Кляопы, і Марыя Магдалена. Калі Ісус убачыў Маці і вучня, якога Ён любіў, што стаяў побач з Ёю, сказаў Маці: "Жанчына, вось сын Твой". А вучню сказаў: "Вось Маці твая". З таго часу вучань узяў Яе да сябе. Потым Ісус, ведаючы, што ўсё ўжо споўнілася, каб спраўдзілася Пісаньне, сказаў: "Сьмягну". Там стаяў посуд поўны воцату. Дык вось, наклаўшы на трысьціну губку, прасякнутую воцатам, паднесьлі яе да Ягоных вуснаў. Ісус, пакаштаваўшы воцату, прамовіў: "Збылося!". І, схіліўшы галаву, аддаў духа. А так як гэта была пятніца, дык гэбрэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу – бо гэты дзень суботні быў вялікім сьвятам, – прасілі Пілата прабіць ім галёнкі і зьняць іх. І вось прыйшлі жаўнеры і прабілі галёнкі першаму і другому, што былі з Ім укрыжаваныя. Падышоўшы ж да Ісуса, яны ўбачылі, што Ён ужо памёр, дык не прабівалі Яму галёнкаў. Толькі адзін з жаўнераў прабіў Яму кап'ём бок, і адразу пацякла кроў і вада. І той, хто бачыў, пасьведчыў, і сьведчаньне яго праўдзівае. Ён ведае, што кажа праўду, каб вы паверылі. Усё гэта сталася, каб збылося пісаньне: "Косьць Яго не пераломіцца". І у іншым месцы пісаньне кажа: "Будуць глядзець на Таго, каго прабілі".

Пахвальныя псалмы
(Тон 3): Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Табе належыцца хвала, Госпадзе.
Хваліце Яго, усе анёлы Яго; хваліце Яго, усе сілы Яго. Табе належыцца хвала, Госпадзе.
Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.
Верш: Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце яго на леры і гусьлях.
Два злачынствы зрабіў мой першародны сын Ізраіль: пакінуў Мяне, крыніцу вады жывой, і выкапаў сабе разьбітую студню; расьпяў Мяне на крыжы, а Вараву прасіў вызваліць. Убачыўшы гэта, неба жахнулася і сонца схавала промні свае, а ты, народзе мой, не збаяўся і не засаромеўся, але выдаў мяне на сьмерць. Прабач ім, Ойча сьвяты, бо яны ня ведаюць, што робяць.
Верш: Хваліце яго звонам бубнаў і карагодамі, хваліце яго на струнах і жалейках.
Кожны член цела Твайго пацярпеў паніжэньне дзеля нас: галава – цярновы вянец; твар – пляваньне; шчокі – аплявухі; вусны – жоўць, зьмяшаную з воцатам; вушы – богазьняважлівыя праклёны; сьпіна – бічаваньне; плечы – зьдзеклівую накідку; рука – трысьціну; усё цела – расьпяцьце; рукі і ногі – цьвікі; бок – кап'ё. Усемагутны Збавіцелю, што ў чалавекалюбстве Тваім панізіўся і пацярпеў дзеля нас, каб вызваліць нас ад цярпеньняў, зьмілуйся над намі.
Верш: Хваліце яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Угледзеўшы Цябе, Хрысьце, укрыжаванага, усё стварэньне задрыжэла, і асновы зямлі ўскалыхнуліся ў страху перад сілаю Тваёю. Калі Ты быў узьнесены, народ гэбрэйскі згінуў. Заслона ў сьвятыні разарвалася надвое, мёртвыя ўсталі з магілаў; сотнік, убачыўшы цуд, жахнуўся. Маці ж Твая, стоячы там, заплакала горка і казала: "Як мне ня плакаць і ня біць сябе ў грудзі, калі бачу Цябе голага, павешанага, як злачынца, на крыжы?". Госпадзе, які быў укрыжаваны і пахаваны, і ўваскрос з мёртвых, слава Табе!
Слава ...
(Тон 6): Сарвалі з Мяне маю вопратку і накінулі на мяне пурпуровы плашч, на галаву ўсклалі вянец цярновы, і ў правую руку далі трысьціну, каб Я разьбіў іх, быццам гліняны посуд.
Цяпер ...
(Тон 6): Плечы Мае Я аддаў на катаваньне, твару Майго не адвярнуў ад аплявухаў, стаў на судзе перад Пілатам і Крыж пацярпеў для збаўленьня сьвету.

ДЗЕСЯТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мк 15:43-47): У той час прыйшоў Язэп з Арыматэі, паважаны сябра Высокай Рады, які таксама чакаў валадарства Божага; ён пайшоў сьмела да Пілата і папрасіў цела Ісусавага. Пілат зьдзівіўся, што ўжо памёр. Ён загадаў паклікаць сотніка і спытаўся ў яго, ці даўно памёр. Даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу. Той купіў палатна, зьняў Ісуса, абвіў палатном, паклаў у магілу, што была высечаная ў скале, і прываліў вялікі камень да ўваходу ў магілу. А Марыя Магдалена і Марыя Ёсіева глядзелі, дзе Яго паклалі.
Сьвятар: Слава Табе, які паказаў нам сьвятло.
Чытальнік: Слава на вышынях Богу... (Малое ўслаўленьне. Гл. парадак штодзённай ютрані)
Дыякан: Дапоўнім ранішнюю малітву... і г.д. (Гл. парадак штодзённай ютрані)

АДЗІНАЦЦАТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Ян 19:38-42): У той час Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісусавым, але тайным, са страху перад гэбрэямі, папрасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса. Пілат дазволіў. Дык ён пайшоў і ўзяў Ягонае цела. Прыйшоў і Нікодым, што першы раз прыходзіў да Ісуса ўночы, і прынёс каля ста фунтаў сумесі сьмірны і алою. Яны ўзялі цела Ісуса і абвілі палатном з духмянасьцямі, згодна са звычаем пахаваньня сярод гэбрэяў. Быў сад на тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, а ў садзе новая магіла, у якой яшчэ ніхто ня быў пахаваны. Там, дзеля пятніцы, паклалі Ісуса, бо магіла была блізка.

Вершапесьні
(Тон 1): Увесь сьвет зьмяніўся ад страху, убачыўшы Цябе, Хрысьце, на крыжы павешанага. Сонца памеркла і асновы зямлі ўскалыхнуліся, і ўсё стварэньне спачувала Творцы сьвету, які дзеля нас дабравольна пацярпеў. Госпадзе, Слава Табе.
Верш: Разьдзялілі маё адзеньне між сабою, і аб маім плашчы кідалі жэрабя.
Беззаконныя і нязбожныя людзі, чаму задумалі вы рэчы нягодныя? Нашто Жыцьцё ўсіх на сьмерць засудзілі? Вялікі цуд! Творца сусьвету аддаецца ў рукі беззаконных, і Чалавекалюбец на крыж узнімаецца, каб вызваліць з пекла вязьняў, якія клічуць: "Госпадзе, слава Табе!".
Верш: Замест хлеба далі Мне жоўць; і калі меў смагу, напаілі Мяне воцатам.
Чыстая Дзева, убачыўшы Цябе, Збавіцелю, сёньня на крыжы, па-матчынаму зайшлася ад плачу, маючы ў сэрцы нясьцерпны боль; плачучы наўзрыд і ўздыхаючы з глыбіні душы, з вачыма поўнымі сьлёз, так казала яна: "Гора мне, Боскае Дзіця маё, сьвету Сьвятло! Чаму схаваўся Ты, Ягнё Божае, ад вачэй маіх?". І анельскія хоры жахнуліся, усклікаючы: "Невыказны Госпадзе, слава Табе!".
Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.
Калі Дзева, што бяз семя нарадзіла Цябе, Хрысьце Божа і Творча сьвету, убачыла Цябе павешанага на крыжы, Яна горка заплакала і ўсклікнула: "Сыне мой! Дзе падзелася краса твару Твайго? Не магу глядзець, як несправядліва ўкрыжоўваюць Цябе. Але ўстань хутка, каб Мне бачыць Тваё ўваскрасеньне на трэці дзень".
Слава ...
(Тон 8): Калі Ты, Госпадзе, узыходзіў на Крыж, страх і трапятаньне агарнулі ўсё стварэньне. Ты ж не дазволіў зямлі праглынуць тых, што Цябе ўкрыжоўвалі; і, для адраджэньня людзей, загадаў пеклу выпусьціць вязьняў. Бо Ты, Судзьдзя жывых і мёртвых, прыйшоў даць жыцьцё, а ня сьмерць. Чалавекалюбча, слава Табе!
Цяпер ...
(Тон 8): Вось ужо няправедныя судзьдзі абмакнулі пяро ў атрамант, і падсудны Ісус асуджаецца на крыж. Усё стварэньне церпіць, гледзячы на Госпада на крыжы. Міласэрны Госпадзе, які ў целе пацярпеў дзеля мяне, слава Табе!

ДВАНАЦЦАТАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ

(Мц 27:62-66): На наступны дзень пасьля пятніцы, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата і сказалі: "Спадару, мы згадалі, што гэты ашуканец яшчэ за жыцьця сказаў: На трэці дзень уваскросну. Дык загадай ахоўваць магілу да трэцяга дня, каб часам не прыйшлі Ягоныя вучні і ня ўкралі Яго і не сказалі народу: Ён уваскрос з мёртвых. І будзе гэтае апошняе ашуканства горшае за першае". Сказаў ім Пілат: "Маеце варту, дык ідзіце і ахоўвайце магілу, як умееце". Яны пайшлі і забясьпечылі магілу, прыклаўшы пячаткі да каменя і паставіўшы варту.

Сьвятар адносіць Евангельле ў аўтар і кладзе на ахвярнік.
Чытальнік: Добра ёсьць славіць Госпада і пець хвалу імю Твайму, Усявышні, абвяшчаць раніцай міласэрнасьць Тваю, і праўду Тваю ўночы.
Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...
Сьвятар: Бо Тваё валадарства...
Людзі: Амін.

Трапар (Тон 4) Ты выкупіў нас ад праклёну законнага Тваёй пачэснай крывёю: прыбіты да Крыжа і прабіты кап'ём, Ты, Чалавекалюбча, дараваў людзям несьмяротнасьць. Збавіцелю наш, слава Табе!
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа... і г. д.
(Звычайнае заканчэньне штодзённай ютрані).
Водпуст: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які пацярпеў пляваньні, біцьцё і аплявухі, крыж і сьмерць для збаўленьня сьвету, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў, сьвятых праведных багаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін.

 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст