Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог...":
Трапар сьвятога (тон 4). Ты быў ясным сьветачам, сьвятамучаніку Язафаце: як добры пастыр, ты аддаў душу тваю за авечак тваіх і, прынёсшы сябе, як сьвятую ахвяру за еднасьць усіх, увайшоў у сьвятое сьвятых, дзе цяпер прабываеш у радасьці разам з анёламі. Дык молім цябе, ойча: прасі Пастыра пастыраў Хрыста, каб Ён залічыў нас да тых, што стаяць па правай руцэ Яго, і збавіў душы нашыя. (Двойчы)
Слава... цяпер...
Багародзічны нядзельны (тон 4). Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.
Сядальная песьня 1 (тон 8). Пакінуўшы ўсё зямное, ты жыў быццам анёл, захаваўшы чысьціню душы і цела, і стаўся ўгоднікам Тройцы Сьвятой. І цяпер, баганосны ойча наш Язафаце, ты аздараўляеш нядужых і адганяеш злых духаў ласкаю Хрыста Бога нашага. Малі Яго даць адпушчэньне грахоў тым, што спраўляюць з любоўю памяць тваю.
Слава... цяпер...
Ты, што нарадзіла нязьменнага Бога, матчынымі малітвамі Тваімі, Блаславёная, умацуй сэрца маё, каб я, зьменены грахом, мог усклікнуць: "Усебеззаганная Багародзіца Марыя, зьмілуйся на статкам Тваім!"
Сядальная песьня 2 (тон 4). Ты зрабіў з сэрца твайго ахвярнік і, як сьвятар, прыносіў бяскроўную ахвяру Богу. Пацярпеўшы вялікія мукі ад супраціўнікаў, ты, блаславёны і ўсяхвальны сьвятамучаніку Язафаце, прынёс сябе ў ахвяру за нас Хрысту Богу. Малі цяпер Яго за збаўленьне ўсіх, што з любоўю славяць цябе.
Слава... цяпер...
Пяём хвалу Тваю, Божая Нявеста і Маці Хрыста Бога, і славім Тваё невыказнае сынараджэньне, якім мы вызваліліся ад варожае спакусы і ўсялякіх бедаў. На ўвесь голас клічам: "Уладарка нашая Багародзіца, зьмілуйся над статкам Тваім, адзіная ўсяхвальная!"
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...
Узьвялічваньне. Узьвялічваем цябе, сьвятамучаніку Хрыстовы Язафаце, і аддаем пашану цярпеньням тваім, якія ты перанёс за зьяднаньне ўсіх.
Верш 1. Пачуйце гэта, усе народы; слухайце, усе жыхары зямлі!
Верш 2. Вусны мае кажуць мудрасьць, разважнасьць – роздум сэрца майго.
Верш 3. Праведнік, як пальма, расьцьвіце, як кедр лібанскі, разрасьцецца.
Верш 4. Шчаслівыя, што жывуць у доме Тваім, на век вякоў будуць хваліць Цябе.
Слава... цяпер...
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа! (Тройчы)
Сядальная песьня (тон 4). Як добры пастыр і мужны вой Хрыстовы, ты перамог гордасьць супраціўнікаў і атрымаў ад Усявышняга, начальніка пастыраў Хрыста Бога нашага, вянок перамогі. Дзеля гэтага славім цябе сёньня як добрага пастыра і пераможнага мучаніка і з вераю сьвяткуем слаўную памяць тваю. Маліся, сьвятамучаніку Хрыстовы, Божы пакутніку Язафаце, каб нам збавіцца ад усякіх варожых напасьцяў.
Слава... цяпер...
Ідзі хутка перад намі, Чыстая Дзева Маці! Адгані ад нас ворагаў, што зьневажаюць Цябе. Скрышы ману ілжывых настаўнікаў і прымусі іх змоўкнуць сілаю Тваёю, каб яны зразумелі што Ты – Маці Божая, і малітвамі Тваімі збаўляеш грамаду верных.
Узыходная песьня: першы нядзельны антыфан 4 тону.
Пракімен. Дарагая ў вачох Госпада сьмерць святых Яго.
Верш. Што дам Госпаду за ўсё, што Ён даў мне?
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна
Сказаў Госпад да гэбрэяў, якія прыйшлі да Яго: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць праз дзьверы, а пералазіць з другога месца, той злодзей і разбойнік; а хто ўваходзіць праз дзьверы, той пастыр авечкам. Яму брамнік адчыняе, і авечкі чуюць ягоны голас, і ён кліча сваіх авечак па імёнах і выводзіць іх. Калі ўсіх выведзе, ідзе наперадзе іх, і авечкі ідуць усьлед за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым жа ня пойдуць, але будуць уцякаць ад яго, бо ня ведаюць ягонага голасу". Гэтую прыповесьць сказаў ім Ісус; яны ж не зразумелі сэнсу таго, што Ён ім казаў. Зноў сказаў ім Ісус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я – дзьверы авечкам. Усе, колькі іх не прыходзіла (раней), – злодзеі і разбойнікі, і авечкі не паслухалі іх. Я – дзьверы: хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены; увойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу". (10:1-7)
Пасьля Пс 50:
Слава…
Малітвамі сьвятамучаніка Язафата, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.
Цяпер…
Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.
Зьмілуйся нада мною, Божа…
(Тон 6). Сьвятамучаніку Язафаце, ты, як сапраўдны сьвятар, да канца жыцьця адпраўляў невыказныя тайны Хрыстовыя. Уканцы ты прынёс сябе Богу, як ахвяру прыемную і духмяную. Цяпер, маючы давер у Яго, маліся няспынна за тых, што спраўляюць пачэсную памяць тваю і шануюць цябе, каб выбавіцца пастве тваёй і ўсяму сьвету ад усякіх бедаў і цяжкасьцяў.
Канон
(Тон 2)
Песьня 1. Ірмас. Хадзіце, людзі, запяем песьню Хрысту Богу, які разьдзяліў мора і правёў народ свой, які Ён вызваліў з няволі ягіпскай, бо Ён праславіўся.
Прыпеў. Сьвяты ойча Язафаце, малі Бога за нас.
Духоўнае Сонца-Хрыстос явіў цябе зоркаю, што сьвеціць боскім зьзяньнем на скляпеньні Ягонае Царквы, бо ты прасьвятліў ўвесь сьвет цярпеньнямі тваімі.
Ад юнацтва ты, Язафаце, ахвяраваў сябе Богу, боскімі дабрадзейнасьцямі прасьвятліўшы душу тваю, і зазьзяў на ўвесь сьвет цярпеньнямі тваімі дзеля зьяднаньня ўсіх.
Ты, сьвятамучаніку, зазьзяў ясна ў Хрыстовай царкве падвойным зьзяньнем; дзеля гэтага Дабрачынца ўсіх узнагародзіў цябе падвойным вянцом.
Слава... цяпер...
Багародзічны. Славім Цябе, Усячыстая Багародзіца, што невыказна нарадзіла ў целе спрадвечнага Бога-Слова.
Катавасія. Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам; слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, і стану сьвяткаваць сьветлую ўрачыстасьць і славіць радасна ў песьнях цуды Яе.
Песьня 3. Ірмас. Ты ўмацаваў мяне на камені веры, і я ўзьняў голас супраць ворагаў маіх; мой дух усьцешыўся, і я запяяў: "Ніхто не сьвяты, апроч Бога нашага, і ніхто ня праведны, апроч Цябе, Госпадзе".
Сьвятамучаніку Язафаце, ты, як сьвятар, прыносіў чыстую бяскроўную ахвяру, а ў канцы аддаў сябе на бязьвінную сьмерць, як ахвяру за еднасьць усіх.
Пераймаючы Хрыста, ты аддаў душу сваю за зьяднаньне ўсіх, сьвятамучаніку Язафаце, і разбурыў сьцяну нязгоды і разьдзяленьня.
Маючы мудрасьць Божую заўжды ў сэрцы тваім, ты, блаславёны Язафаце, разбурыў мудраваньні тых, што сеялі разлад і разьдзел, і перамог іхнія напады.
Багародзічны. Памажы нам малітвамі Тваімі, Усячыстая, баронячы нас ад засадаў лютых ворагаў.
Катавасія. У боскай славе Тваёй, Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх дастойнымі вянцоў славы.
Сядальная песьня (тон 1). Ты, сьвятамучаніку Язафаце, зьнішчыў спакусу тых, што сеялі нязгоду і разлад, да еднасьці веры ўсіх клікаў і сьвет прасьвятліў. Дзеля гэтага мы славім цябе як мучаніка-сьцяганосца, стоўп царкоўны і сапраўднага пастыра. Маліся няспынна Хрысту за збаўленьне нас усіх.
Слава... цяпер...
Чыстая і Беззаганная Дзева, што нарадзіла ў часе спрадвечнага Сына і Бога-Слова, разам са сьвятымі пачэснымі апосталамі, мучанікамі, прарокамі і ўсімі сьвятымі малі Яго дараваць нам ачышчэньне грахоў і веліч зьмілаваньня.
Песьня 4. Ірмас. Я пачуў, Хрысьце, вестку аб прыйсьці Тваім, – як Ты бяз семя быў зачаты ва ўлоньні Дзевы, – і ўсклікнуў: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Накіроўваючы статак Хрыстовы да сьвятла еднасьці, ты, сьвятамучаніку Язафаце, разагнаў цемру разладу, і пацярпеў дзеля зьяднаньня ўсіх, прыняў мучаніцкі вянец, усклікаючы: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
У табе, блаславёны сьвятамучаніку Язафаце, зазьзяла незаходнае сьвятло тройчы сьвятое Боскасьці і зрабіла цябе зьмяшчальнікам боскіх дараваньняў, і ты ўсклікнуў: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Ідучы па дарозе дабрадзейнасьцяў, ты, блаславёны Язафаце, дайшоў да нябеснага жыльля, упрыгожаны памазаньнем сьвятарства і зьзяючы крывёю мучэньняў.
Багародзічны. Прасьвятлі, Усячыстая, пацямнелую душу маю сьвятлом Тваім, бо Ты нарадзіла Сьвятло незаходнае.
Катавасія. Хрыстос, Бог спрадвечны, што сядзіць у славе на боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай рукою збаўляе тых, што клічуць: "Слава, Хрысьце, сіле Тваёй!"
Песьня 5. Ірмас. Сьветладаўча і Творча вякоў, Госпадзе, прасьвятлі нас сьвятлом Тваіх прыказаньняў, бо апроч Цябе іншага Бога ня знаем.
"Бог – маё сьвятло і крыніца розуму!" – Язафат усклікнуў, не збаяўшыся пагрозаў тых, што сеялі разлад і нязгоду. Дзеля гэтага ён быў забіты, і сёньня ў недасяжным сьвятле радуецца разам з Госпадам.
Багацьце, і непрамінальную славу, і нятленнае жыцьцё, Хрыстос, сапраўдная Мудрасьць, дараваў табе, сьвятамучаніку Язафаце, бо Ты палюбіў Яго больш за ўсё.
Ад сецяў, якія хацелі злавіць цябе, ты ўцёк да жыльля нябеснага і быў далучаны да хораў мучанікаў. Не забывай нас, што ў еднасьці веры з любоўю спраўляем ўрачыста памяць тваю, блаславёны Язафаце.
Багародзічны. Суцішы несуцішную буру маіх пажаданьняў, Багародзіца, што нарадзіла Бога і Госпада.
Катавасія. Усё стварэньне сумелася, убачыўшы боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога ўсіх і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе.
Песьня 6. Ірмас. З бездані грахоў маіх клічу неспасьціглую глыбіню міласэрнасьці Тваёй: "Ад тленнасьці, Божа, уздымі мяне!"
Бяздумныя людзі, што сеялі разлад, укінулі ў Дзьвіну цела тваё. Але вогненны слуп, што зьявіўся на небе, паказаў месца, дзе яно было, людзям, што палюбілі еднасьць. І яны з радасьцю выцягнулі яго, а Бог суправаджаў іхнія дзеяньні многімі знакамі і цудамі.
Прыйдзіце, ўсе зьяднаныя, каб урачыста ўсхваліць гусьлі Духа, трубу, што голасна прапаведуе Боскую еднасьць царкоўную, язык багаслоўскі, Полацкага сьвятаначальніка, блаславёнага Язафата.
Сьвятамучаніку Язафаце, ты – настаўнік еднасьці, крыніца аздараўленьняў, нябесны грамадзянін і ўмацаваньне Царквы
Багародзічны. Ты, Багародзіца, – Божая Сьвятыня і Ківот, Хорам адухоўлены, і Брама нябесная.
Катавасія. На гэтую боскую і слаўную ўрачыстасьць Божай Маці прыйдзіце, усе багамудрыя, пляскайце ў далоні і слаўце Таго, хто нарадзіўся ад Яе.
Кандак (тон 2). Ад дзяцінства ты быў прасьветлены зьзяньнем, што струменіла ад укрыжаванага Хрыста. У манаскім стане тваё жыцьцё было падобным да анёльскага; як пастыр ты быў прыкладам дабрадзейнасьцяў і набожнасьці, ясна і адкрыта прапаведуючы еднасьць. Мучаніцкай тваёй крывёю ты суцішыў сэрцы, распаленыя разьдзелам. За гэта Хрыстос вянчаў цябе пераможным вянцом, а мы славім цябе, усклікаючы: "Радуйся, непахісны стоўпе еднасьці!"
Ікас. Ты, блаславёны, жыў на зямлі, як анёл у целе, абвяшчаючы невымоўныя тайны Божыя, і натхніў нас клікаць: "Радуйся, бо дзякуючы табе хмара прыхільнікаў разьдзелу пацямнела, і зазьзяла сьвятло для тых, што шукаюць еднасьці. Радуйся, анёле нястворанага Боства. Радуйся, бо ты выкрыў бязглуздасьць зладумных. Радуйся ты, што добра казаў пра славу Божую. Радуйся, ліхтару, што адлюстроўвае Сонца. Радуйся, чаша, поўная Боскага пітва. Радуйся, бо ты атрымаў вянец мучаніка і цяпер прабываеш у прысутнасьці Тройцы сьвятой і цешышся з анёламі. Радуйся, бо праз цябе праўда зазьзяла. Радуйся, непахісны стоўпе еднасьці.
Песьня 7. Ірмас. Ты, Госпадзе, некалі печ распаленую пагасіў і юнакоў, што былі там, духоўнай расою асьвяжыў. Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!
Ты, усяслаўны, пагасіў кроплямі крыві тваёй паганую печ разьдзелу, і пасяліўся ля водаў жыцьця, усклікаючы: "Блаславёны Бог айцоў нашых!"
Меч і стрэлы зласлоўных ты, сьвятамучаніку, скрышыў і, быццам павуціну, бяздумную гордасьць прыхільнікаў разьдзелу разарваў, усклікаючы: "Блаславёны Бог айцоў нашых!"
Словамі і навучаньнямі тваімі ты, Язафаце слаўны, умацаваў адзіную веру, суняў злосьць разьдзелу, перамог праціўнікаў еднасьці і моц бяздумных.
Багародзічны. Ты, Дзева ўсеблаславёная, прарасьціла жэзл з кораня Ясеевага, што зацьвіў кветкаю збаўленьня для тых, што з вераю ўсклікаюць: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"
Катавасія. Мужныя і багамудрыя юнакі, не захацеўшы служыць стварэньню замест Творцы, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы, радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты".
Песьня 8. Ірмас. Некалі печ у Бабілёне выконвала розныя Божыя загады: паліла нязбожных хальдэяў, і давала прахалоду верным, якія пяялі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!"
Поўная хвалы памяць твая, багалюбны, бо, натхнёны Богам, ты навучыўся разуменьню будучыні, пакаштаваў цярпеньняў і быў узьнесены да вышыняў. Душу тваю анёлы занесьлі да неба, сьпяваючы радасна Творцу: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!"
Ты стаў перад пасадам Усемагутнага, роўны ўсім багасловам і падобны норавам да іх, блаславёны Язафаце, Полацкі сьвятаначальніку і нястомны змагару за Царкоўную еднасьць, якую ты замацаваў пячацьцю крыві тваёй на ўсе вякі.
Яўна перамагаецца збор прыхільнікаў разьдзяленьня тваімі мудрымі словамі, сьвятамучаніку Язафаце, і, быццам дым, зьнікае іхняе бездумства перад тваім багаслоўскім навучаньнем.
Багародзічны. Ты, Дзева, надпрыродна нарадзіла Творцу і Збавіцеля, Бога-Слова, якога мы ўзьвялічваем праз усе вякі.
Катавасія. Народжаны ад Багародзіцы набожных юнакоў у печы выбавіў; тады вобразна, а цяпер дзейсна натхняе Ён увесь сьвет пяяць: "Слаўце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі".
Песьня 9. Ірмас. Ад Бога Бога-Слова, што ў невыказнай мудрасьці прыйшло абнавіць Адама, – які нізка ўпаў, пакаштаваўшы тленнае атруты, – і дзеля нас прыняло цела ад Сьвятое Дзевы, у песьнях адзінадушна ўзьвялічым.
Ты, слаўны, быў поўны найбольшай мудрасьці, і сьвет прасьвятліў прапаведаваньнем еднасьці, пасеяў Божы страх і нарадзіў слова Духа. Праз гэта ты стаўся сьвятыняю Сьвятое Тройцы. Дзеля гэтага славім цябе.
Узброіўшыся ў любоў і надзею, і апрануўшыся ў веру, ты разьбіў варожыя подступы і хітрасьці. Цяпер, атрымаўшы вянец перамогі, ты прабываеш разам з хорамі анёлаў і сьвятых перад пасадам Уладара ўсіх.
Маючы доступ да Бога, заступайся, блаславёны сьвятамучаніку Язафаце, за тых, што з радасьцю спраўляюць тваё сьвята і аддаюць пашану тваім цярпеньням. Захавай нас ад закалотаў і ад усякіх напасьцяў і бедаў.
Багародзічны. Малітвамі Багародзіцы, Хрысьце, дай перамогу Царкве Тваёй над тымі, што супраціўляюцца ёй, і захавай яе ў супакоі, каб нам заўсёды славіць Цябе.
Катавасія. Усе народжаныя на зямлі хай усьцешацца, прасьветленыя Духам. Хай сьвяткуюць бесьцялесныя анельскія хоры і ўшануюць урачыстасьць Божае Маці, і хай пяюць: "Радуйся, усеблаславёная Багародзіца, чыстая заўсёды Дзева!"
Экзапастыляр (сьвяцільнік). Галаву тваю бязьлітасна расьсеклі, але Хрыстос Бог вянчаў цябе пераможным вянцом у небе, блаславёны сьвятаначальніку, сусьветны сьветачу, пастыраў краса, слава мучанікаў і ўсіх сьвятых пахвала.
Слава... цяпер...
Вопратку, атрыманую ў хросьце, я апаганіў грэшнымі пажаданьнямі, і цяпер, няшчасны, разважаю са страхам пра апошні Суд. Беззаганная Дзева, заступіся за мяне ў той час і выбаў мяне ад страшных пакутаў.
Пахвальныя псалмы
(Тон 6). Сьвяты ойча Язафаце, ад юнацтва ты аддаў сябе цалкам Хрысту Ўладару, адмовіўшыся ад сьвецкае любові. Ты стаўся ўзорным манахам, жыльлём Боскага Духа, захаваўшы чысьціню духоўную і цялесную, і жыў на зямлі, быццам анёл, у паслушэнстве і ўбостве, у любові Бога і бліжняга, у малітвах і нядрэмнасьці. Ты быў прыкладам для ўсіх манахаў, люстрам усякай дабрадзейнасьці, узьнёсшы розум да нябесных рэчаў, каб пабачыць невыказную дабрыню Хрыста Ўладара, якога ты палюбіў усім сэрцам тваім. Умацаваны Ягонай сілаю, ты перацярпеў многія беды і мукі, і цяпер молішся няспынна за душы нашыя. (Двойчы)
На біскупскім пасадзе ты, блаславёны, упрыгожыў сябе ўсякімі дабрадзейнасьцямі, навукаю і ўчынкамі. Імкнучыся да збаўленьня праз пакаяньне, ты ўзброіў сябе малітваю і чысьцінёю, пастом і нядрэмнасьцю. Як Хрыстос перад цярпеньнямі і крыжовай сьмерцю, прыпаўшы да зямлі, маліўся, так і ты, сьвятамучаніку Язафаце, малітваю рыхтаваў сябе да мучаніцтва. І, як Хрыстос, ты выйшаў насустрач свайму мучаніцкаму подзьвігу і сьмерці за сьвятую еднасьць. Маліся цяпер за душы нашыя.
Як кажа Давід у псалмах, людзі злыя, ворагі твае, поўныя нянавісьці, накінуліся на цябе. Яны ўзьнялі галовы свае супроць цябе, блаславёны Язафаце, і сказалі: "Хадзем, зьнішчым яго з народу, і ніхто ня будзе памятаць ягонага імя." Так яны аднадушна змовіліся. Дужыя напалі на цябе і расьсеклі тваю пачэсную галаву, білі цябе неміласэрна і цягнулі праз увесь горад. Назьдзекаваўшыся, яны прывязалі цяжкі камень да шыі і ног, і кінулі цябе з кручы ў раку. Славім тваю мужнасьць і вытрываласьць, шматпакутны Язафаце, за якую ты атрымаў несьмяротны вянец.
Слава...
Ад раньніх гадоў ты, блаславёны Язафаце, палюбіў Хрыста Бога, і дзеля Яго пакінуў сьвет і ўсе ягоныя прынады. Ты правёў усе дні жыцьця твайго па-евангельску – у служэньні, чысьціні і ўбостве, – пераймаючы Таго, хто дзеля нас стаўся ўбогім. Як манах, Ты дагадзіў Яму, і, як добры пастыр, мужна прыгатаваў сябе да мукаў і цярпліва пераносіў шмат нягодаў за еднасьць Божае Царквы. За гэта Ты ўдастоіўся пераможнага вянка ад Хрыста Бога нашага. Дык малі Яго цяпер, блаславёны, каб тых, што з любоўю шануюць памяць тваю, Ён вызваліў ад усіх бачных і нябачных ворагаў, ад пажаданьняў і спакусаў нячыстага, і ад будучага суду, і збавіў душы нашыя.
Цяпер...
Багародзіца, Ты – сапраўдная вінаградная лаза, што ўзрасьціла нам плод жыцьця. Просім Цябе, Уладарка: разам са сьвятымі апосталамі маліся за збаўленьне душ нашых.
Пасьля Вялікага ўслаўленьня:
Трапар сьвятога (тон 4). Ты быў ясным сьветачам, сьвятамучаніку Язафаце: як добры пастыр, ты аддаў душу тваю за авечак тваіх і, прынёсшы сябе, як сьвятую ахвяру за еднасьць усіх, увайшоў у сьвятое сьвятых, дзе цяпер прабываеш у радасьці разам з анёламі. Дык молім цябе, ойча: прасі Пастыра пастыраў Хрыста, каб Ён залічыў нас да тых, што стаяць па правай руцэ Яго, і збавіў душы нашыя.
Слава... цяпер...
Багародзічны нядзельны (тон 4). Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.
І звычайнае заканчэньне сьвяточнай ютрані.
|