Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 12 лістапада - Сьвятога сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага


 

 

12 лістапада - Сьвятога сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага

Вячэрня

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

(Тон 1). Тваю сьвятарскую вопратку ты, Язафаце ўсяхвальны, абмыў мучаніцкай крывёю і ўвайшоў у сьвятое сьвятых да Госпада, каб атрымаць узнагароду за подьзвігі твае – нятленны вянец, вечную радасьць і райскае жыцьцё. Малі цяпер Госпада дараваць еднасьць Царкве і супакой, і душам нашым веліч зьмілаваньня.

Як боскі сьвятаначальнік, ты перш прыносіў Богу чыстую ахвяру, а ў канцы, як сапраўдны сьвятамучанік, ты, пачэсны дабравесьніку Божы, прынёс самога сябе Хрысту, як прыемнае цэлапаленьне, асьвячанае тваёй крывёю. Малі Яго цяпер дараваць еднасьць Царкве і супакой, і душам нашым веліч зьмілаваньня.

Сьвятарскім словам ты стараўся прывесьці ўсіх да еднасьці і ўмацаваць сэрцы тых, што хісталіся. Аддаўшы жыцьцё сваё за зьяднаньне ўсіх, ты, сьвятамучаніку Язафаце, як сьведка Гасподні, пераставіўся да вечнага жыцьця. Малі сёньня Госпада дараваць еднасьць Царкве і супакой, і душам нашым веліч зьмілаваньня.

Ойча сьвяты Язафаце! Абмыўшы вопратку крывёю цела твайго, ты атрымаў ад Хрыста падвойны вянок і прабываеш у радасьці разам з анёламі ў небе перад пасадам Сьвятой Тройцы. Малі Яе цяпер дараваць еднасьць Царкве і супакой, і душам нашым веліч зьмілаваньня.

Сьвятамучаніку Язафаце! Ты шчыра жадаў дабрадзейнага жыцьця і стараўся насьледаваць Хрыста ўсемагутнага. Праведнымі словамі і Божай ласкаю ты накіроўваў людзей да еднасьці і асягнуў славу вечную, абмыўшыся мучаніцкай крывёю. Малі сёньня Госпада дараваць еднасьць Царкве і супакой, і душам нашым веліч зьмілаваньня.

Як сьвятамучанік і добры пастыр, ты навучаў усіх беззаганна тайнаў Хрыстовых і ўвайшоў духоўна ў вечнае зьзяньне невыказнай сьветласьці, дзе атрымаў падвойны вянок вышэйшае славы. Малі сёньня Госпада дараваць еднасьць Царкве і супакой, і душам нашым веліч зьмілаваньня.

Слава...

(Тон 6). Сьвятамучаніку Язафаце, ты, як сапраўдны сьвятар, да канца жыцьця адпраўляў невыказныя тайны Хрыстовыя. Уканцы ты прынёс сябе Богу, як ахвяру прыемную і духмяную. Цяпер, маючы давер у Яго, маліся няспынна за тых, што спраўляюць пачэсную памяць тваю і шануюць цябе, каб выбавіцца пастве тваёй і ўсяму сьвету ад усякіх бедаў і цяжкасьцяў.

Цяпер...

(Дагматык, тон 6). Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.

 

Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Памяць праведнага поўная хвалы, і блаславеньне Гасподняе на галаве ягонай. Блаславёны той, хто набыў мудрасьць і знайшоў разуменьне. Лепш набываць мудрасьць, чым золата і срэбра. Яна больш вартасная за каштоўныя каменьні; нішто з таго, што жадаеш, не параўнаецца з ёю. Даўгалецьце ў правай руцэ яе, а ў левай – багацьце і слава. З вуснаў яе цячэ справядлівасьць, закон і міласэрнасьць на языку ў яе.

Паслухайце мяне, дзеткі, бо важнае кажу, з вуснаў маіх выходзяць словы праўды. Шчасьлівы той, хто мяне слухае, штодня ля дзьвярэй маіх чакае, ля парогу варотаў маіх заўсёды стаіць. Бо хто мяне знайшоў, той знайшоў жыцьцё і асягнуў ласку ў Госпада. Клічу вас, людзі: да сыноў людзкіх мой голас. Я – мудрасьць, абачлівасьць блізкая мне, маю глыбокую веду. У мяне рада і помач, мая разважнасьць і сіла. Я люблю тых, якія мяне любяць; хто шукае мяне пільна, той знаходзіць. Прастадушныя, навучайцеся разважнасьці, і вы, неразумныя, набірайцеся розуму. Слухайце, бо я пра важныя рэчы кажу, шчырасьць адчыняе вусны мае. Вусны мае кажуць праўду, усё крывадушнае агіднае вуснам маім. Усе словы мае праўдзівыя, няма нічога няшчырага, крывадушнага ў іх. Усе яны ясныя для тых, хто іх разумее, і праўдзівыя для тых, хто асягнуў мудрасьць. Вярніцеся на шлях мой. Вось я надзялю вас духам маім і навучу вас радам маім. Лагодны язык – дрэва жыцьця, а крывадушны губіць душу. (10:7-8;3:13-16;8:6,34-35, 4, 12, 14, 17, 5-9; 1:23; 15:4)

Чытаньне кнігі Мудрасьці

Калі праведнага хваляць, усе людзі цешацца: памяць яго несьмяротная, бо ён пазнаецца Богам і людзьмі; і да спадобы Богу душа яго. Палюбіце, людзі, мудрасьць – і будзеце жыць, жадайце яе і – навучыцеся. Пачатак яе – любоў і захаваньне закону. Шануйце мудрасьць – і будзеце панаваць. Раскажу вам усё і ня скрыю ад вас тайнаў Божых, бо Ён настаўнік мудрасьці і мудрымі кіруе; у руцэ Ягонай і мы, і нашыя словы, усялякая разважнасьць і ўменьне дзейнічаць. І ўсяму навучыла нас мудрасьць: бо ёсьць у ёй дух разумны і сьвяты, і зьзяньне спрадвечнага сьвятла, і вобраз Божае дабрыні, і яна кіруе прыяцелямі Божымі і прарокамі. Яна прыгажэйшая за сонца і за ўсе сузор'і, у параўнаньні са сьвятлом – яна першая. Яна тых, што дагаджаюць ёй, выбаўляе ад хворасьцяў і настаўляе на праведны шлях; дае ім сьветлы розум і ахоўвае ад тых, што хочуць іх улавіць; і сілу дае ім на подзьвіг. Хай усе зразумеюць, што дабрачыннасьць мацнейшая за ўсё; і ніколі злосьць не пераможа мудрасьці, і злыя не абвінавацяць на судзе праведных. Бо сказалі яны ў сабе, падумаўшы неправедна: "Хадзем, учынім гвалт над праведнікам, не пашкадуем ягонай справядлівасьці і не пасаромеемся сівізны старасьці яго. Будзе нам сіла законам; зробім засаду на праведнага, бо ён нам замінае, супраціўляецца нашым учынкам, закідае нам ламаньне закону, і прыпамінае нам дрэнныя звычаі нашыя. Хваліцца, што ведае Бога, і называе сябе сынам Божым. Ён – асуджэньне нашых намераў, і сам выгляд ягоны нам прыкры, бо жыцьцё ягонае не падобнае да нашага, і шляхі ягоныя адметныя. Лічыць нас за крывадушнікаў, пазьбягае сьцежак нашых, як бруду, і канец праведных лічыць шчасьлівым. Глянем, ці словы яго праўдзівыя, і спраўдзім, што з ім будзе ў канцы. Выпрабуем яго зьнявагаю і мукаю, каб нам пазнаць ягоную лагоднасьць і цярплівасьць, на сьмерць ганебную засудзім яго, бо, паводле слоў ягоных, прыйдзе да яго дапамога".

Так яны думалі – і памыліліся. Злосьць засьляпіла іх. Яны ня ведаюць таемных судоў Божых, не разумеюць, што Ты – Бог адзіны, які маеш уладу над жыцьцём і сьмерцю: Ты Той, хто пацяшае сумных і выбаўляе іх ад усякага зла, шчодры і міласэрны, Ты даеш сьвятым Тваім ласку і супроцьстаіш гордым сілаю Тваёю. (6:17-18,20;7:16,21,26,27,29;2:10-22)

Чытаньне кнігі Мудрасьці

Праведнік, хоць і памрэ перадчасна, будзе ў супакоі. Памёршы, праведнік асуджае жывых нязбожных людзей. Яны бачаць сьмерць праведнага і не разумеюць, што Госпад вырашыў пра яго. Бо Госпад кіне іх, анямелых, стрымгалоў, і страсяне іх да асноваў, і яны зьнікнуць бяз сьледу, і памяць аб іх згіне. Са страхам прыйдуць здаць справу з грахоў сваіх, і іхняя неправеднасьць абвінаваціць іх. Тады праведнік стане з вялікай сьмеласьцю перад тварам тых, што крыўдзілі яго і з пагардаю адносіліся да ягоных учынкаў. Убачыўшы яго, яны ў страху зьбянтэжацца, і здумеюцца з ягонага неспадзяванага збаўленьня. У раскаяньні, з трывогаю ў душы, са стогнам будуць казаць між сабою: "Вось той, які быў для нас, неразумных, прадметам насьмешак і пагарды. Мы ўважалі жыцьцё ягонае за шаленства, а ягоную сьмерць за ганьбу. Як жа ж ён залічаны да сыноў Божых, і ўдзел яго са сьвятымі? Мы зьбіліся з праўдзівае дарогі і сьвятло справядлівасьці не зазьзяла нам, і сонца для нас не ўзышло. Мы насычаліся на сьцежках беззаконьня і загубы, блудзілі па бездарожжы і ў пустыні, а дарогі Божай не пазналі". (4:7,16, 17,19,20;5:1-7)


Ліцьця

(Тон 1). Прыйдзіце ўсе, набожнымі песьнямі ўзьвялічым памяць сьвятамучаніка Язафата, бо ён павысякаў церне нязгоды і насадзіў у душах людзей збавенныя навучаньні, багатыя на плады сьвятасьці.

Ты прапаведаваў Боскае Евангельле сярод уведзеных у зман авечак, і замацаваў навуку сваёй крывёю. Дзеля гэтага ты, сьвятамучаніча Язафаце, узышоў на неба і атрымаў вянец перамогі.

Подзьвігі твае, сьвятамучаніку Язафаце, сталіся ўзыходнымі прыступкамі да Сусьветнай Царквы. І сёньня Ты, блаславёны, захоўваеш яе непашкоджанаю і ў бясьпецы ад варожых сілаў, і яна прапаведуе тваю мужнасьць і праслаўляе цябе.

Слава...

(Тон 5). Радасна сьвяткуе Царква тваю слаўную ўрачыстасьць, сьвятамучаніку Язафаце, і з вераю шануе цябе. Ты ж, пастыру наш, не пераставай яе бласлаўляць і маліцца за ўсіх.

Цяпер...

(Тон 5). Ты, Дзева ўсячыстая – Сьвятыня і Брама, Хорам і Пасад Уладара. Праз Цябе зьявіўся мой Збавіцель, Госпад Хрыстос для тых, што прабывалі ў цемры. Ён, Сонца справядлівасьці, захацеў прасьвятліць створаных рукою сваёю на вобраз свой. Маючы матчыну ласку і давер у Яго, маліся няспынна, Усяслаўная, за збаўленьне душ нашых.

 

Вершапесьні

(Тон 4). Быццам сьветлае сонца, твой дух зазьзяў на царкоўным небасхіле, і сьветласьцю тваіх слоў, багамудрымі навучаньнямі і анёльскім жыцьцём прасьвятліў уведзеныя ў зман душы, і тых, што зблудзілі, накіраваў на праўдзівы шлях і прывёў да еднасьці. Дзеля гэтага радасна спраўляем сьветлую памяць тваю.

Верш. Сьвятары Твае апрануцца ў справядлівасьць, і сьвятыя Твае ў радасьці жыць будуць.

Пераймаючы апосталаў у руплівасьці, ты, сьвятамучаніку Язафаце, удастоіўся іхняй славы. Не збаяўшыся лютых цярпеньняў і мучэньняў, ты мужна прапаведаваў еднасьць веры, за што пацярпеў раны і мукі, і атрымаў ад Віноўніка збаўленьня нашага Хрыста Бога належную ўзнагароду. Малі яго няспынна за ўсіх, якія шануюць памяць тваю.

Верш. Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.

Як сьвятар, ты дастойна служыў Уладару Хрысту Богу і прыносіў беззаганную ахвяру, а ў канцы ты, сьвятамучаніку Язафаце, прынёс Яму дасканалае цэлапаленьне – самога сябе, пацярпеўшы мужна дзеля Ягонай любові і праліўшы кроў сваю. Як праўдзівы пастыр і пераймальнік Хрыста, ты не пераставаў усклікаць: "Ойча, зьберажы іх усіх у імя Тваё, каб усе былі адно!". Дык і сёньня, блаславёны Язафаце, маліся за зьяднаньне ўсіх цэркваў і за збаўленьне вернай паствы Хрыстовай.

Слава...

(Тон 4). Быццам сонца, зазьзялі добрыя ўчынкі твае на небе і зямлі, Хрыстовы ўгодніку, блаславёны сьвятамучаніку Язафаце. Як добры пастыр і намесьнік Начальніка пастыраў Хрыста Бога нашага, ты верна прапаведаваў нам сапраўдную і беззаганную веру Хрыстовую і за яе паклаў душу тваю. Малі Яго цяпер, блаславёны сьвятаначальніку, у гэтае сьвята тваё за збаўленьне ўсіх, якія з любоўю шануюць памяць мучаніцкай сьмерці тваёй.

Цяпер...

Багародзічны (тон 4). Глянь прыхільна на маленьні слугаў тваіх, Усячыстая, і адхілі ад нас цяжкія напасьці, выбаўляючы нас ад усякага смутку, бо ў Табе адзінай маем пэўную і цьвёрдую абарону і на Тваё заступніцтва спадзяемся. Дык ня дай нам пасаромецца, Уладарка, калі мы зьвяртаемся да Цябе, але адгукніся хутка на просьбы тых, што з вераю ўсклікаюць: "Радуйся, Уладарка, дапамога, радасьць, ахова і збаўленьне душ нашых!"

 

Адпушчальныя трапары

1. Калі ёсьць ліцьця і бласлаўленьне хлябоў:

Трапар сьвятога (тон 4). Ты быў ясным сьветачам, сьвятамучаніку Язафаце: як добры пастыр, ты аддаў душу тваю за авечак тваіх і, прынёсшы сябе, як сьвятую ахвяру за еднасьць усіх, увайшоў у сьвятое сьвятых, дзе цяпер прабываеш у радасьці разам з анёламі. Дык молім цябе, ойча: прасі Пастыра пастыраў Хрыста, каб Ён залічыў нас да тых, што стаяць па правай руцэ Яго, і збавіў душы нашыя. (Двойчы)

Багародзіца Дзева, радуйся, поўная ласкі Марыя, Госпад з Табою, блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны плод улоньня Твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых.

2. Калі няма ліцьці:

Трапар сьвятога (тон 4). Ты быў ясным сьветачам, сьвятамучаніку Язафаце: як добры пастыр, ты аддаў душу тваю за авечак тваіх і, прынёсшы сябе, як сьвятую ахвяру за еднасьць усіх, увайшоў у сьвятое сьвятых, дзе цяпер прабываеш у радасьці разам з анёламі. Дык молім цябе, ойча: прасі Пастыра пастыраў Хрыста, каб Ён залічыў нас да тых, што стаяць па правай руцэ Яго, і збавіў душы нашыя. (Адзін раз)

Слава... цяпер...

Багародзічны нядзельны (тон 4). Тайна, спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, праз Цябе, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашыя.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст