Літургія
Трапары
Трапар (тон 4). Ты быў ясным сьветачам, сьвятамучаніку Язафаце: як добры пастыр, ты аддаў душу тваю за авечак тваіх і, прынёсшы сябе, як сьвятую ахвяру за еднасьць усіх, увайшоў у сьвятое сьвятых, дзе цяпер прабываеш у радасьці разам з анёламі. Дык молім цябе, ойча: прасі Пастыра пастыраў Хрыста, каб Ён залічыў нас да тых, што стаяць па правай руцэ Яго, і збавіў душы нашыя.
Кандак (тон 2). Ад дзяцінства ты быў прасьветлены зьзяньнем, што струменіла ад укрыжаванага Хрыста. У манаскім стане тваё жыцьцё было падобным да анельскага; як пастыр ты быў прыкладам дабрадзейнасьцяў і набожнасьці, ясна і адкрыта прапаведуючы еднасьць. Мучаніцкай тваёй крывёю ты суцішыў сэрцы, распаленыя разьдзелам. За гэта Хрыстос вянчаў цябе пераможным вянцом, а мы славім цябе, усклікаючы: "Радуйся, непахісны стоўпе еднасьці!"
Іншы кандак (тон 4). Бог, які даў сілу непераможную табе, Язафаце ойча наш, упрыгожыў Царкву пурпураю крыві тваёй. Захавай у супакоі і бясьпецы горад твой Полацак і ўсю краіну нашую, і будзь нам умацаваньнем і непахіснай абаронаю ад усіх варожых напасьцяў.
Пракімен (Пс 115:6,3). Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.
Верш. Чым адплачу Госпаду за ўсе дабрадзействы Яго?
Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Гэбрэяў
Браты, маючы вялікага Першасьвятара, які прайшоў праз неба, Ісуса, Сына Божага, будзем трываць моцна ў вызнаньні веры. Бо маем не такога першасьвятара, які б ня мог спагадаць нашым слабасьцям, але дасьведчанага ва ўсім, падобна як і мы, апроч граху. Дык прыблізімся даверліва да пасаду ласкі, каб атрымаць міласэрнасьць і знайсьці ласку на своечасовую дапамогу.
Бо кожны першасьвятар, узяты з людзкога асяродку, бывае ўстаноўлены для людзей у справах Божых, каб прыносіў дары і ахвяры за грахі. Ён можа спагадаць тым, што ня ведаюць і блудзяць, бо сам таксама падуладны слабасьцям. Таму ён павінен прыносіць ахвяры за грахі як за народ, так і за самога сябе. І ніхто не бярэ сам на сябе гэтае годнасьці, толькі той, каго Бог паклікаў, як Аарона. У падобны спосаб Хрыстос не сам сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, але (зрабіў гэта) Той, хто сказаў Яму: "Ты Сын Мой, Я сёньня Цябе нарадзіў"; як і ў іншым месцы: "Ты сьвятар давеку паводле чыну Мальхісадэка". (4:14-5:6)
Алілуя (Пс 131:9,13). Сьвятары Твае, Госпадзе, апрануцца ў справядлівасьць, і сьвятыя Твае ў радасьці жыць будуць.
Верш. Госпад выбраў сабе Сыён, захацеў яго мець жыльлём сабе.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна
Сказаў Госпад да гэбрэяў, якія прыйшлі да Яго: "Я – дзьверы: хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены; увойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць, толькі каб украсьці, і забіць, і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё, і мелі яго ўдосталь. Я – Добры Пастыр. Добры пастыр жыцьцё сваё кладзе за авечкі свае. А найміт, не пастыр, той, каму авечкі не свае, бачыць, як прыходзіць воўк, і пакідае авечак і ўцякае, а воўк хапае іх і разганяе; (а найміт уцякае), бо ён найміт і ня дбае пра авечак. Я – Добры Пастыр, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне. Як ведае Мяне Айцец, і Я ведаю Айца, і сваё жыцьцё кладу за авечкі. Маю і іншыя авечкі, што ня з гэтага двара, і тых Мне трэба прывесьці, каб пачулі голас Мой. І будзе адна аўчарня і адзін Пастыр". (10:9-16)
Прычасьнік. Памяць праведнага жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя. |