Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 21 лістапада - Уводзіны ў сьвятыню Найсьвяцейшае Багародзіцы


 

 

21 лістапада - Уводзіны ў сьвятыню Найсьвяцейшае Багародзіцы

Ютрань


Трапар (тон 4). Сёньня правобраз Божае спагады і абвяшчэньне збаўленьня людзям: Дзева яўна ў Дом Божы ўваходзіць і Хрыста ўсім прадвяшчае. Усклікнем жа ёй на ўвесь голас: "Радуйся, провіду Божага спаўненьне". (Тройчы)


Сядальная песьня 1 (тон 1). Плод праведных Якіма і Ганны прыводзіцца сёньня ў сьвятыню, дзіця векам і карміцелька нашага Жыцьця, якую блаславіў сьвятар Захар. Дык усхвалім Яе ўсе набожна, як Маці Божую. (Двойчы)


Сядальная песьня 2 (тон 4). Ты, Чыстая, была пасьвячаная Богу перад зачацьцем, а пасьля нараджэньня, згодна з абяцаньнем бацькоў, Цябе прывялі ў сьятыню як дар Яму. Існая Божая Сьвятыня і Ўспрыймальніца недасяжнага Боскага сьвятла, Ты прыводзішся ў Божы дом як нявіннае дзіцё, і ў сьвятым месцы пры запаленых сьветачах прабываеш адна. Дзівосны Твой уваход у сьвятыню, адзіная Боганявеста і заўсёды Дзева! (Двойчы)


Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...

 

Узьвялічваньне: Узьвялічваем Цябе, усесьвятая Дзева, Богам выбраная, і славім Твой уваход у сьвятыню.

Верш 1. Вялікі Госпад і поўны славы ў горадзе Бога нашага, на гары сьвятой Яго.

Верш 2. Слаўныя рэчы кажуць пра цябе, места Божае.

Верш 3. Асьвяціў селішча сваё Ўсявышні.

Слава… цяпер…

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе Божа! (Тройчы)


Сядальная песьня (тон 8). Хай радуецца псалміст Давід, хай цешацца Якім з Ганнаю, бо вось сьвяты плод, які нарадзіўся ад іх, Марыя сьветланосная, Боская сьвечка, уваходзіць у сьвятыню. Сын Барахіі ўбачыў Яе, блаславіў і радасна ўсклікнуў: "Радуйся, сусьветны цуд!" (Двойчы)


Узыходная песьня: першы антыфан 4 тону.


Пракімен (тон 4). Слухай, дачка, глянь, і прыхілі вуха Тваё.

Верш. З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы.

 

Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі

У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла хутка ў горныя мясьціны ў горад (пакаленьня) Юды. І ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, дзіцятка ва ўлоньні яе заварушылася, і напоўнілася Альжбета Духам Сьвятым. І ўсклікнула моцным голасам, кажучы: "Блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны Плод улоньня Твайго. І адкуль мне гэта, што прыйшла да мяне Маці Госпада майго? Бо вось як толькі голас Твайго прывітаньня загучаў у вушох маіх, дзіцятка ва ўлоньні маім заварушылася з радасьці. Блаславёная Ты, што паверыла, бо споўняцца словы, сказаныя Табе ад Госпада".

Тады сказала Марыя: "Душа мая абвяшчае веліч Госпада і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьлівай называць мяне будуць усе пакаленьні. Бо вялікія справы ўчыніў мне Ўсемагутны: Сьвятое імя Яго".

Марыя прабыла ў яе тры месяцы і пасьля вярнулася дамоў. (1:39-49,56)


Пасьля Пс 50:

Слава...: (тон 2). Сёньня хорам адухоўлены вялікага Ўладара ўваходзіць у сьвятыню, каб прыгатавацца быць Боскім жыльлём. Весяліцеся, людзі!

Цяпер...: тое самае

Зьмілуйся нада мною, Божа...: (тон 4). Сёньня Богазьмяшчальная сьвятыня – Багародзіца, – прыводзіцца ў сьвятыню Гасподнюю, і Захар прымае Яе; сёньня Сьвятое Сьвятых радуецца, і анёлы нябачна сьвяткуюць, а з імі і мы спраўляем сьвята і ўсклікаем з Габрыелем: "Радуйся, поўная ласкі, з Табою Госпад, які мае веліч зьмілаваньня".

Канон

(Тон 4)

Песьня 1. Ірмас. Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам; слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, і стану сьвяткаваць сьветлую ўрачыстасьць і славіць радасна ў песьнях цуды Яе.

Прыпеў. Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Мы ведаем Цябе, Усячыстая, як скарбніцу мудрасьці і невычэрпную крыніцу ласкі. Дык просім Цябе, Уладарка: дай кроплям мудрасьці Тваёй упасьці на нас, каб нам заўжды славіць Цябе.

Ты, Усячыстая, вышэйшая за нябёсы, хорам і палата, увайшла ў сьвятыню Божую, каб там прыгатавацца быць умяшчальніцай Бога ў час прыйсьця Яго.

Багародзіца дала зазьзяць сьвятлу ласкі, прасьвятліла ўсіх і сабрала ў адно, каб славіць у песьнях Ейную ўрачыстасьць. Дык пойдзем да Яе.

Слаўная брама, непраходная людзкому розуму, адчыняе сёньня дзьверы Божай сьвятыні і запрашае нас ўвайсьці разам з Ёю і цешыцца з Ейных цудаў.

Катавасія. Хрыстос родзіцца – слаўце Яго; Хрыстос зыходзіць з нябёсаў – сустракайце Яго; Хрыстос на зямлі – цешцеся! Сьпявай Госпаду, уся зямля, людзі, радасна вітайце Яго, бо Ён праславіўся.

 

Песьня 3. Ірмас. У боскай славе Тваёй, Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх дастойнымі вянцоў славы.

Сёньня сьвятыня прымае жывы Хорам Божы і стаецца ўпрыгожаным вясельным хорамам чыстае і беззаганнае Дзевы, што зьзяе ясьней за ўсе стварэньні.

Сёньня Давід сьвяткуе, скача з радасьці і цешыцца з намі. Ён называе Цябе, Дзева Беззаганная, каралеваю, што стаіць упрыгожаная ў хораме перад Уладаром і Богам.

Прысуд прыйшоў некалі праз Эву ўсяму роду людзкому. Цяпер з патомства яе выйшла Багародзіца, якая сёньня прыводзіцца ў дом Божы. Ад Яе заквітнела нятленнасьць і абнаўленьне.

Анельскія хоры сьвяткуюць, а з імі мноства людзей. Сьвечканосцы ідуць у дом Божы перад Табою, Усячыстая, і славяць веліч Тваю.

Катавасія. Спрадвеку ад Айца народжанаму нятленнаму Сыну, што ў апошнія дні ад Дзевы бяз семя прыняў цела, Хрысту Богу пяем: "Ты наша сіла. Сьвяты Ты, Госпадзе!"

 

Сядальная песьня (тон 4). Скажы, Давідзе, што гэта сёньня за сьвята? Ці ня ў гонар Тае, якую ты ўславіў некалі ў кнізе псалмаў, як Дачку, Дзіця Божае і Дзеву, кажучы: "Прыводзяць яе да ўладара; усьлед за ёю ідуць дзевы, дружкі яе праводзяць яе?" Хай усе верныя сьвяткуюць гэтую ўрачыстасьць і з удзячнасьцю пяюць на ўвесь голас: "Ты, Беззаганная, – нашая слава і збаўленьне!"

 

Песьня 4. Ірмас. Прарок Авакум прадбачыў невыказны Боскі провід уцелаўленьня Ўсявышняга ад Цябе, Дзева, і ўсклікнуў: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"

Сёньня дом Божы прымае Браму непраходную і адмяняе службу законную, бо існа зьявілася людзям праўда.

Гара ацененая, якую некалі прадбачыў і прадказаў Авакум, прыйшла ў сьвятыню. Там Яна зацьвіла дабрадзейнасьцямі і сваім ценем пакрыла ўсю зямлю.

Хай уся зямля ўбачыць дзіўны і слаўны цуд, як Дзева прымае ад анёлаў страву і дае нам вобраз Божага провіду.

Ты, Нявеста Ўладара, явілася нам як сьвятыня, хорам і неба адухоўленае. Сёньня Цябе прыводзяць у сьвятыню Гасподнюю, дзе будзеш жыць беззаганнаю.

Катавасія. Як жэзл з кораня Ясеева і кветка, што на ім расьцьвіла, Ты, Хрысьце, зацьвіў ад Дзевы. Ты, Божа, непадуладны законам прыроды, прыйшоў з гары, ацененай лесам, прыняў цела ад Тое, што мужа ня знала. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!

 

Песьня 5. Ірмас. Усё стварэньне сумелася, убачыўшы боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога ўсіх і нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе.

Усячыстая Дзева асьвячаецца сёньня ў сьвятыні Божай, як слаўнае асьвячэньне і сьвятая ахвяра; і ў спосаб вядомы Яму аднаму, захоўваецца як жыльлё Ўладара нашага Бога.

Убачыўшы красу душы Тваёй, Усячыстая, Захар усклікнуў: "Ты – збаўленьне ўсіх і радасьць, Ты нашае пакліканьне, бо праз Цябе Недасяжны стаўся даступным для мяне!"

Вышэй за розум цуды Твае, Усячыстая! Дзівоснае было Тваё нараджэньне, дзіўнае ўзгадаваньне. Усё ў Табе слаўнае, Боганявеста, і недасяжнае для людзей.

Ты, Боганявеста Багародзіца ўсяхвальная, зазьзяла, быццам сьветач, у доме Гасподнім, і прасьвятліла нас пачэснымі Тваімі цудамі.

Катавасія. Як Бог міру і Айцец ласкаў, Ты паслаў нам Анёла вялікае Рады, які нам прынёс супакой. Накіраваныя Ім да сьвятла, сярод нядрэмнай ночы славім Цябе, Чалавекалюбча.

 

Песьня 6. Ірмас. На гэтую боскую і слаўную ўрачыстасьць Божай Маці прыйдзіце, усе багамудрыя, пляскайце ў далоні і слаўце Таго, хто нарадзіўся ад Яе.

Той, хто словам сваім утрымлівае ўсё, пачуў малітву праведных Якіма і Ганны і, разьвязаўшы путы няплоднасьці, у добрасардэчнасьці сваёй даў ім Прычыну нашай радасьці.

Каб явіць людзям збаўленьне, Госпад выбраў ад людзей Тую, што мужа ня знала, быць знакам прымірэньня і абнаўленьня.

Як дом ласкі, у якім схаваныя невыказныя скарбы Божага провіду, Ты, Усячыстая, сталася ўдзельніцай нятленнай радасьці ў сьвятыні.

Прыняўшы Цябе, Божая Нявеста, як каралеўскую карону, сьвятыня прасьвятлілася, бо пазнала ў Табе зьдзяйсьненьне прадказаньняў прарочых.

Катавасія. Зьвер марскі выкінуў з нутра свайго Ёну, які быў там, быццам дзіця ва ўлоньні. Слова, што было ва ўлоньні Дзевы і ўзяло цела ад Яе, выйшла адтуль, захаваўшы Яе непарушнаю. Будучы непадуладным тленнасьці, Хрыстос захаваў непашкоджанаю Маці сваю.

 

Кандак (тон 4). Чыстая сьвятыня Збавіцеля, шматкаштоўны хорам і Дзева, асьвячаная скарбніца Божай славы ўводзіцца сёньня ў дом Гасподні і прыносіць з сабою ласку Божага Духа. Анёлы Божыя славяць Яе ў песьнях, усклікаючы: "Вось жыльлё нябеснае!"

Ікас. Бачачы поўню Боскіх ласкаў у Дзеве, цешуся і не магу зразумець невыказнай тайны, як гэта Ўсячыстая была адзіная выбраная з усяго стварэньня, бачнага і нябачнага. Хачу ўславіць і ўзьвялічыць Яе і, хоць не знаходжу годных словаў і думак, асьмельваюся клікаць: "Вось жыльлё нябеснае!"

 

Песьня 7. Ірмас. Мужныя і багамудрыя юнакі, не захацеўшы служыць стварэньню замест Творцы, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы, радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты".

Вясна радасна зазьзяла па ўсёй зямлі і прасьвятліла ласкаю нашыя думкі, душы і розум. Сёньня сьвята Багародзіцы, дык будзем цешыцца.

Хай сёньня ўсе стварэньні – неба і зямля, хоры анёлаў і мноства людзей, – прыйдуць прывітаць Уладарку Маці Божую, і хай клічуць: "Радасьць і збаўленьне прыводзіцца ў сьвятыню".

Пісаны закон мінуў, як цень, бо зазьзяў прамень ласкі, калі Ты, заўсёды Блаславёная чыстая Дзева, увайшла ў сьвятыню.

Неба, зямля і апраметная былі аддадзеныя пад уладу Сыну Твайму, Усячыстая, як Творцу і Богу, і ўсе народы на зямлі засьведчылі, што зьявіўся Госпад, Збавіцель душаў нашых.

Катавасія. Адкінуўшы з пагардаю нязбожны загад, узгадаваныя ў дабрадзейнасьці юнакі не збаяліся пагрозы агню, але стаялі сярод полымя і сьпявалі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"

 

Песьня 8. Ірмас. Слухай, Чыстая Дзева, як Габрыель абвяшчае Табе спрадвечную пастанову Ўсявышняга, і будзь гатовая прыняць Бога. Праз Цябе Незьмяшчальны прыйдзе да людзей. Дзеля гэтага радасна клічу: "Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада!"

Ганна, прывяла Ўсячысты Хорам у дом Божы і з вераю сказала сьвятару: "Прымі сёньня Дзіця, дадзенае мне ад Бога, і ўвядзі Яе ў дом Творцы твайго, радасна ўсклікаючы: Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада!"

Захар, убачыўшы Ганну, сказаў: "Ты прыводзіш Маці Жыцьця – Багародзіцу, якую прадказалі прарокі Божыя. Дык як можа сьвятыня ўмясьціць Яе? Дзіўлюся і клічу: "Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада!"

Ганна адказала Захару: "Прыходжу як слуга Божая і малюся з вераю, каб Ён прыняў плод улоньня майго. Бо я абяцала, што пасьля нараджэньня ахвярую Яе Таму, хто даў мне Яе. Дык цяпер клічу: Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада!"

"Ты робіш усё згодна з Законам – сьвятар адказаў ёй. – Тым ня менш дзіўную рэч назіраю, бо бачу, што Тая, якая прыводзіцца ў Дом Божы, перавышае ласкаю Сьвятое Сьвятых. Дзеля гэтага радасна клічу: Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада!"

"Чую словы твае – Ганна кажа, – і поўнюся новай сілаю. Дух Божы даў табе разуменьне, і ты ясна аб'явіў, што мае быць з Дзеваю. Дык прымай Беззаганную ў сьвятыню Творцы твайго і сьпявай Яму радасна: Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада!"

"Ясны сьветач загарэўся для нас – усклікнуў сьвятар, – і радасьцю вялікаю зьзяе ў сьвятыні. Хай душы прарокаў цешацца са мною, бачачы слаўныя рэчы, што дзеюцца ў доме Божым, і хай няспынна клічуць: Усе стварэньні Гасподнія, блаславіце Госпада!"

Катавасія. Печ, мокрая ад расы, была вобразам звышпрыроднага цуду. Як яна не спаліла ўкінутых у яе юнакоў, так агонь Боства, што пасяліўся ў Дзявочым улоньні, не пашкодзіў яго. Дзеля гэтага пяём: "Усе стварэньні хай славяць Госпада і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!"

 

Замест "Душа мае абвяшчае веліч Госпада..." бяруцца наступныя прыпевы ў перамешку са строфамі дзевятай песьні:

Прыпеў. Анёлы, убачыўшы ўваход Усячыстае, дзіву даліся, як гэта Дзева ўвайшла ў Сьвятое сьвятых.

Песьня 9. Ірмас. Хай ніякая нячыстая рука не дакранецца да Божай Скарбніцы, і хай вусны верных несьціхана славяць Багародзіцу анельскім прывітаньнем, радасна ўсклікаючы: "Ты, Дзева чыстая, сапраўды вышэйшая за ўсе стварэньні!"

Прыпеў. Анёлы, убачыўшы ўваход Усячыстае, дзіву даліся, як гэта Яна ў славе ўвайшла ў Сьвятое сьвятых.

Багародзіца чыстая, Ты маеш сьветлую дабрыню душэўнае чысьціні, і Ты напоўненая ласкай Божаю з нябёсаў. Сьвятлом несьмяротным Ты прасьвятляеш заўсёды тых, што радасна клічуць: "Сапраўды, Чыстая Дзева, Ты вышэйшая за ўсіх!"

Прыпеў. Анёлы, убачыўшы ўваход Усячыстае, дзіву даліся, як гэта Дзева ўвайшла ў славе ў Сьвятое сьвятых.

Словы бясьсільныя выказаць веліч цуду Твайго, Багародзіца Чыстая. Вялікую тайну бачу ў Табе, бо цела Тваё непадуладнае тленнасьці граху. Дзеля гэтага з удзячнасьцю клічу: "Сапраўды, Чыстая Дзева, Ты вышэйшая за ўсіх!"

Прыпеў. Анёлы і людзі, ушануем уваход Дзевы, што ў славе ўвайшла ў Сьвятое Сьвятых.

Закон прадвясьціў Цябе, Усячыстая, у вобразе Скініі і Боскай манны, як дзівосны Ківот і Заслону царкоўную, жэзл Аарона, сьвятыню незьнішчальную і браму Божую, і навучыў нас клікаць: "Сапраўды, Чыстая Дзева, Ты вышэйшая за ўсіх!"

Прыпеў. Анёлы, убачыўшы ўваход Усячыстае, дзіву даліся, як гэта Дзева, з волі Божае, ўвайшла ў Сьвятое сьвятых.

Давід пяяў хвалу Тваю, называючы Цябе царскай Дачкой, Красою дабрадзейнасьцяў, што стаіць па правай руцэ Бога ў пазалочанай вопратцы. Па-прароцку ён клікаў: "Сапраўды, Чыстая Дзева, Ты вышэйшая за ўсіх!"

Прыпеў. Анёлы, цешцеся разам са сьвятымі, дзевы, радуйцеся, бо вось Божае Дзіця ўвайшло ў Сьвятое сьвятых.

Саламон прадбачыў, як Ты прымеш Бога, і назваў Цябе Брамай Божай і жывой Крыніцаю запячатанай, адкуль плывуць чыстыя воды для нас, якія клічам: "Сапраўды, Чыстая Дзева, Ты вышэйшая за ўсіх!"

Прыпеў. Анёлы і людзі, узьвялічым у песьнях Дзеву, што сёньня набожна ўвайшла ў Сьвятое сьвятых.

Дай, Багародзіца, душы маёй у дары Твой ціхі супакой. Ты – крыніца жыцьця для тых, што шануюць Цябе. Абарані, пакрый і захавай нас, каб нам клікаць: "Сапраўды, Чыстая Дзева, Ты вышэйшая за ўсіх!"

Катавасія. Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, у якім памясьціўся Незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.

 

Экзапастыляр. Усхвалім у веры Марыю, Дзіця Божае, якую некалі прарокі прадказалі, называючы Яе Маннай і Жэзлам Аарона, Табліцай Закону і нясечанай Гарой, бо сёньня Яна ўводзіцца ў Сьвятое Сьвятых, каб быць узгадаванай для Госпада. (Тройчы)


Пахвальныя псалмы

(Тон 4). Дзевы са сьвячамі, што праводзяць Заўсёды Дзеву, прадказваюць духам будучыню: вось Сьвятыня Божая Багародзіца, яшчэ дзіцё, у сьвятыню ўводзіццца ў дзявочай славе.

Блаславёны плод сьвятога абяцаньня, Багародзіца, вышэйшая за ўсе стварэньні, пад ахоўваю Боскага Духа прыводзіцца ў сьвятыню Божую згодна з абяцаньнем бацькоў.

Ты, Дзева, што была кормленая хлебам у сьвятыні Гасподняй, нарадзіла сьвету Хлеб Жыцьця – Слова. Будучы Ягонай выбранай і беззаганнай Сьвятыняю, Ты заручылася Яму тайна, каб быць Нявестай Бога Айца.

Хай дзьверы сьвятыні, дзе Бог жыве, адчыняцца, бо сёньня яна прымае са славаю Сьвятыню і Пасад Уладара ўсіх. Якім прыводзіць Тую, якая была пасьвячаная Госпаду і прызначаная быць Ягонай Маці.

Слава... цяпер...: (тон 2). Сёньня Беззаганная Дзева прыводзіцца ў сьвятыню, каб быць аселішчам Уладара ўсіх Бога, які дае і ўтрымлівае наша жыцьцё. Сёньня пачэсная Сьвятыня, як трохгадовае дзіця, уводзіцца ў Сьвятое Сьвятых. Дык усклікнем Ёй: "Радуйся, адзіная Блаславёная сярод жанчынаў!"

 

Пасьля Вялікага ўслаўленьня:

Трапар (тон 4). Сёньня правобраз Божае спагады і абвяшчэньне збаўленьня людзям: Дзева яўна ў Дом Божы ўваходзіць і Хрыста ўсім прадвяшчае. Усклікнем жа ёй на ўвесь голас: "Радуйся, провіду Божага спаўненьне!"


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст