Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
(Тон 1). Радуемся сёньня, верныя, уславім у песьнях і псалмах Госпада і аддамо пашану Найчыстай Дзеве, сьвятой і жыцьцяноснай скарбніцы, што зьмясьціла незьмяшчальнае Слова. Сёньня Яна, – яшчэ зусім дзіцятка, – прыводзіцца да Госпада, і сьвятар Захар радасна вітае Яе, як боскае жыльлё.
Сёньня адухоўленая Сьвятыня сьвятое славы – Хрыста Бога нашага, – адзіная блаславёная і чыстая сярод жанчынаў, прыводзіцца ў законную сьвятыню, каб жыць у сьвятым месцы. Якім і Ганна цешацца разам з Ёю, а хоры дзеваў славяць у псалмах Госпада і аддаюць пашану Маці Яго.
Ты, Дзева Маці Божая, – Прапаведаваньне прарокаў, апосталаў Слава, Пахвала мучанікаў і ўсяго роду людзкога Абнаўленьне: Табою мы прымірыліся з Богам. Сёньня, сьвяткуючы Твой уваход у сьвятыню, збаўляемся Тваімі, Усячыстая, малітвамі і разам з анёлам усклікаем Табе: "Радуйся!"
(Тон 4). Сьвятая і Беззаганная ўводзіцца Духам Сьвятым у сьвятое сьвятых і прымае спажыву ад анёла. Яна – найсьвяцейшая сьвятыня Сьвятога Бога нашага, які ейным уваходам асьвяціў усё і абагавіў заняпалую людзкую прыроду.
Дзевы са сьветачамі ў руках сёньня радасна праводзяць Сьветач духоўны і ўводзяць Яе ў сьвятое сьвятых, прадвяшчаючы Сьвятло, што мае невыказна з Яе зазьзяць і прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры духоўнага няведаньня.
Цешся, Ганна ўсяхвальная; прымі з радасьцю, Захар, Тую, якую прадказалі прарокі Божыя, і ўвядзі Яе ў сьвятыню, каб Ёй там узгадоўвацца, бо Яна мае быць пасадам, хорамам і сьветлым жыльлём Уладара ўсіх.
Слава... цяпер...: (тон 8). Пасьля Твайго цудоўнага нараджэньня, Богу пасьвячаная Нявеста і Ўладарка, Ты прыйшла ў сьвятыню Гасподнюю, каб, будучы асьвячанай, быць узгадаванай у сьвятым сьвятых. Габрыель быў пасланы да Цябе, Беззаганная, прыносіць ежу. Усе нябесныя зьдізвіліся, калі бачачы, як Дух Сьвяты пасяліўся ў Табе. Дзеля гэтага, Усячыстая і Бязьвінная, праслаўленая ў небе і на зямлі Маці Божая, збаўляй род наш.
Чытаньне кнігі Выхаду
Госпад сказаў Майсею: "У першы дзень першага месяца паставіш шацёр сустрэчы. І пакладзеш там Ківот Запавету і пакрыеш заслонаю. І ўнясеш стол і сьвечнік, і паложыш кадзільніцу залатую, якой кадзіцца перад Ківотам Запавету, і павесіш заслону перад дзьвярамі шатра сустрэчы. І возьмеш алей памазаньня і памажаш шацёр і ўсё, што ў ім, пасьвяціш яго і ўсе ягоныя снасьці, і будзе сьвяты. І асьвяціш ахвярнік, і будзе Сьвяты Сьвятых". Майсей зрабіў усё, як загадаў яму Госпад Бог, Сьвяты Ізраіля. І хмара пакрыла шацёр сустрэчы, і шацёр напоўніўся славаю Гасподняю. І Майсей ня мог увайсьці ў шацёр сустрэчы, бо хмара ацяняла яе і слава Гасподняя напоўніла шацёр. (40: 1-5,9-10,16,34-35)
Чытаньне кнігі Трэціх Царстваў
Калі Саламон скончыў будаваць Дом Гасподні, ён склікаў усіх старэйшых Ізраіля на Сыён, каб перанесьці Ківот Запавету Гасподняга з места Давідавага, або Сыёну. Тады сьвятары ўзялі Ківот Запавету Гасподняга і шацёр сустрэчы, і ўсе сьвятыя посуды, што былі ў шатры сустрэчы. І цар і ўвесь Ізраіль ішлі перад Ківотам. І ўнесьлі сьвятары Ківот Запавету Гасподняга на месца ягонае, унутр сьвятыні, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы хэрувімаў, так што хэрувімы распасьціралі зьверху крылы свае над Ківотам і Месцам яго. І не было ў Ківоце нічога апрача дзьвюх каменных дошак Запавету, якія паклаў Майсей туды ў Харэбе, калі Госпад заключыў саюз. І калі сьвятары выйшлі са Сьвятога, зьявілася хмара і напоўніла Дом Гасподні. І з прычыны гэтай хмары сьвятары не маглі адпраўляць службы, бо Дом Госпада ўсемагутнага напоўніўся славаю. (8:1,3-7,9-11)
Чытаньне кнігі прарока Езекіеля
Так кажа Госпад: "Пасьля гэтых дзён, восьмага дня і пазьней сьвятары вашыя павінны прыносіць ахвяры цэлапаленьняў і вашыя мірныя ахвяры, і Я буду спагадлівы да іх". Тады завёў мяне да вонкавай брамы сьвятыні, што была зьвернутая на ўсход, але яна была зачыненая. І сказаў мне Госпад: "Нельга яе адчыняць, і ніхто не павінен уваходзіць праз яе, бо праз яе ўвайшоў Госпад, Бог Ізраіля. Дзеля гэтага яна павінна быць зачыненай. Толькі ўладар можа сесьці ў ёй для застольля. Але ўваходзіць ён павінен праз сені, што ля брамы, і той самай дарогай выходзіць". Пасьля павёў мяне паўночнаю брамаю да сьвятыні. Я глянуў, і вось слава Гасподняя напоўніла сьвятыню Гасподнюю. (43:27-44:4)
Ліцьця
(Тон 1). Хай радуецца сёньня неба, хай хмары росяць радасьць і славяць дзівосную веліч Бога нашага: бо вось Брама, што на ўсход глядзіць, народжаная згодна з абяцаньнем ад няплоднае, і прызначаная быць Божым жыльлём, сёньня ўводзіцца ў сьвятыню, быццам дар беззаганны. Хай радуецца Давід і грае на гусьлях, бо ён сказаў, што прывядуцца Цару дзевы ўсьлед за ёю, дружкі яе прывядуцца ўнутр Каўчэгу Божага, унутр сьвятога месца Яго, дзе Ёй трэба прыгатавацца быць жыльлём для спрадвеку нятленна Народжанага ад Айца для збаўленьня душаў нашых.
(Тон 4). Сёньня Богазьмяшчальная сьвятыня – Багародзіца, – прыводзіцца ў сьвятыню Гасподнюю, і Захар прыймае яе; сёньня Сьвятое Сьвятых радуецца, і анёлы нябачна сьвяткуюць, а з імі і мы, спраўляючы сьвята, усклікаем з Габрыелем: "Радуйся, поўная ласкі, з Табою Госпад, які мае веліч зьмілаваньня".
Прыйдзіце, верныя, усхвалім адзіную Беззаганную, якую прадказалі прарокі, і якая сёньня прыводзіцца ў сьвятыню. Яна – спрадвеку празначаная быць Маці, а ў апошні час аб'явілася нам як Багародзіца. Малітвамі яе, Госпадзе, даруй нам Твой супакой і веліч зьмілаваньня.
Слава... цяпер...: (тон 5). Настала пачэснае сьвята, радасны дзень: Тая, што была дзеваю перад родамі, і пасьля родаў дзеваю засталася, прыводзіцца ў сьвятыню Гасподнюю. Радуецца бацька Прадвесьніка стары Захар і весела ўсклікае: "Заступніца сумных і тых, што ў патрэбе, прыходзіць у сьвятыню, сама ўся сьвятая, каб асьвяціцца і быць жыльлём Уладара ўсіх". Хай цешыцца прабацька Якім, хай радуецца Ганна, бо яны прывялі Богу, як трохгадовае дзіцятка, беззаганную Ўладарку. Маткі, цешцеся разам з імі, дзевы і няплодныя, сьвяткуйце, бо прадказаная Ўладарка адчыніла нам нябеснае валадарства. Дык радуйцеся, людзі, і весяліцеся.
Вершапесьні
(Тон 5). Неба і зямля сёньня цешацца, убачыўшы Неба духоўнае, – адзіную і беззаганную Дзеву, – што прыводзіцца ў Божы дом, каб быць узгадаванай у набожнасьці. Захар у зьдзіўленьні ўсклікнуў: "Брама Гасподняя, адчыняю Табе браму сьвятыні, бо знаю і веру, што збаўленьне Ізраіля ўжо блізка, і ад Цябе народзіцца Бог-Слова, які дае сьвету веліч зьмілаваньня".
Верш. Прывядуцца Ўладару дзевы ўсьлед за ёю, дружкі яе прывядуцца Яму.
Ганна сьвятая, якой праз ласку дадзеная была Чыстая Дзева, прыводзіць Яе з радасьцю ў сьвятыню Гасподнюю, паклікаўшы дзеваў, каб ішлі перад Ёю са сьветачамі. Яна кажа: "Ідзі, дзіця, будзь дарам і духмяным прынашэньнем для Таго, хто даў Цябе мне; увайдзі ў непраходае месца і навучыся тайніцаў Божых, каб быць жыльлём Ісуса, які дае сьвету веліч зьмілаваньня".
Верш. Прывядуцца яны з радасьцю і вясельлем, і ўвойдуць у сьвятыню Гасподнюю.
Богазьмяшчальная Сьвятыня – Дзева ўсесьвятая, – уваходзіць у сьвятыню Божую, і дзевы са сьветачамі суправаджаюць Яе. Цешацца набожныя бацькі Якім і Ганна, бо яны нарадзілі Тую, што мела быць Маці Творцы. Цяпер Яна будзе жыць у сьвятыні Божай і прымаць спажыву ад анёлаў. Яна – Усебеззаганная Маці Хрыста, які дае сьвету багацьце зьмілаваньня.
Слава... цяпер...: (Тон 6). Сёньня, верныя, спраўляем урачыста сьвята і набожна славім Божае дзіця, Дзеву і Багародзіцу, выбраную з усіх пакаленьняў быць жыльлём Уладара ўсіх Хрыста і Бога. Вось Яна прыводзіцца ў сьвятыню Гасподнюю. Дзевы, ідзіце з пашанаю са сьветачамі перад Заўсёды Дзеваю; маткі, пакіньце сум і радасна ідзеце за Маці Бога нашага і Хадайніцай радасьці для ўсяго сьвету. Мы ж усе разам з анёлам ўсклікнем "Радуйся" Абрадаванай, якая няспынна моліцца за душы нашыя.
Адпушчальны трапар
(Тон 4). Сёньня правобраз Божае спагады і абвяшчэньне збаўленьня людзям: Дзева яўна ў Дом Божы ўваходзіць і Хрыста ўсім прадвяшчае. Усклікнем жа ёй на ўвесь голас: "Радуйся, провіду Божага спаўненьне". (Тройчы)
|