Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 21 лістапада - Уводзіны ў сьвятыню Найсьвяцейшае Багародзіцы


 

 

21 лістапада - Уводзіны ў сьвятыню Найсьвяцейшае Багародзіцы

Літургія


Трапар (тон 4). Сёньня правобраз Божае спагады і абвяшчэньне збаўленьня людзям: Дзева яўна ў Дом Божы ўваходзіць і Хрыста ўсім прадвяшчае. Усклікнем жа ёй на ўвесь голас: "Радуйся, провіду Божага спаўненьне!"

Кандак (тон 4). Чыстая сьвятыня Збавіцеля, шматкаштоўны хорам і Дзева, асьвячаная скарбніца Божай славы ўводзіцца сёньня ў дом Гасподні, прыносячы з сабою ласку Божага Духа. Анёлы Божыя славяць Яе ў песьнях, усклікаючы: "Вось жыльлё нябеснае!"

 

Пракімен (Лк. 1:46-47). Душа мая абвяшчае веліч Госпада, і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім.

Верш. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьлівай называць мяне будуць усе пакаленьні.

 

Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да гэбрэяў

Браты, першы запавет меў свае ўставы служэньня і зямную сьвятыню. Гэта быў шацёр, у першай частцы якога быў сьветач, і стол, і складаньне хлябоў: называлася яна "сьвятым (месцам)". За другою ж заслонаю была сьвятыня, званая "сьвятое сьвятых". Мела яна залаты ахвярнік для кадзіла і Каўчэг Запавету, увесь акованы золатам, у якім была залатая судзіна з маннаю і жазло Аарона, што расьцьвіло, і дошкі Запавету. А над ім хэрувімы славы, што крыламі ацянялі месца ачышчэньня. Але аб гэтым няма патрэбы цяпер гаварыць падрабязна. Пры такім уладкаваньні ў першую частку сьвятыні ўваходзяць заўсёды сьвятары адпраўляць службы; а ў другую – раз у год адзін толькі першасьвятар, не без крыві, якую прыносіць ў ахвяры за грахі свае і свайго народу.

 

Алілуя (Пс. 44:11,13). Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё.

Верш. Вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.

 

Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі

У той час Ісус увайшоў у адну вёску, і жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў свой дом. У яе была сястра, – звалася яна Марыя – якая села ля ног Ісусавых і слухала Ягонае слова. Марта ж увіхалася каля паслугі і, падышоўшы, сказала: "Госпадзе, ці ж Цябе ня рупіць, што мая сястра пакінула мяне адну паслугоўваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне". Ісус адказаў ёй: "Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся аб многім, а адно толькі патрэбнае. Марыя выбрала лепшую частку, якая не адбярэцца ад яе".

Калі Ён гаварыў гэта, нейкая жанчына з народу, узвысіўшы голас, сказала: "Шчасьлівае ўлоньне, што насіла Цябе, і грудзі, які Ты ссаў". А Ён адказаў: "Сапраўды, шчасьлівыя тыя, што чуюць слова Божае і захоўваюць яго". (10:38-42; 11:27-28)


Задастойнік. Анёлы, убачыўшы ўваход Усячыстае, дзіву даліся, як гэта Дзева ўвайшла ў Сьвятое сьвятых.

Хай ніякая нячыстая рука не дакранецца да Божай скарбніцы, і хай вусны верных несьціхана славяць Багародзіцу анельскім прывітаньнем, радасна ўсклікаючы: "Ты, Дзева чыстая, сапраўды вышэй за ўсе стварэньні".

 

Прычасьнік. Чашу збаўленьня прыму, буду клікаць імя Гасподняе. Алілуя, алілуя, алілуя.


Папярэдняя старонка | Старонка 3 з 3
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст