Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » 9 песьняў Сьвятога Пісаньня


 

 

9 песьняў Сьвятога Пісаньня

Песьня 1 (Выхад 15:1-19) - Песьня 2 (2 Зак. 32:1-43) - Песьня 3 (1 Цар. 2:1-10) - Песьня 4 (Авак. 3:2-19)
Песьня 5 (Ісая 26:9-19) - Песьня 6 (Ёна 2:1-7) - Песьня 7 (Дан 3:26-56) - Песьня 8 (Дан 3:57-72) - Песьня 9 (Лк 1:46-55, 68-79).

Песьня другая

(2 Зак. 32:1-43)

Прыпеў: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Слухай, неба, што я кажу; уважай, зямля на словы вуснаў маіх.

Навука мая хай цячэ, як дождж, хай падае маё слова, як раса, як імжа на траву, як кроплі дабротныя на зямлю.

Бо буду клікаць імя Госпада: адайце хвалу Богу нашаму!

Ён - скала, творы Яго дасканалыя, усе шляхі Яго праведныя. Бог верны, няма няпраўды ў ім, Ён справядлівы і праведны.

Тыя, хто не Ягоныя дзеці, - пакаленьне выроднае, заблуднае і няправеднае, - зграшылі супраць Яго.

Так ты хочаш адплаціць Госпаду, народзе неразумны і буйны? Ці ж ня Ён - твой Айцец, твой Творца? Ён цябе стварыў і ўмацаваў.

Прыгадай дні мінулыя, разважай пра гады былых пакаленьняў, спытай бацьку, каб расказаў табе; і старэйшых, каб табе патлумачылі.

Калі Усявышні дзяліў народы, разьдзяляў сыноў людзкіх, тады Ён вызначыў людзям межы паводле ліку сыноў Божых.

Бо люд Ягоны - твор Госпада. Якуб - Ягоны набытак.

На пустым месцы знайшоў яго, у пустыні сьпякотнай і бязводнай. Ахоўваў яго, вучыў і сьцярог як зрэнку вока.

Як арол, што вабіць з гнязда маладых, лятае над імі, крылы распасьцірае і бярэ на іх маладых, на крылах сваіх нясе іх -

Так і Госпад вёў яго (свой народ), ня было з Ім чужога бога.

Вывеў яго на вышыні, даў насыціцца пладамі палёў - смактаць мёд з камяня, аліву з цьвёрдае скалы, -

Маслам кароўім, малаком авечым разам з тлушчам баранім, казламі, цялятамі з Басану і найчысьцейшай пшаніцаю. Ты піў кроў вінаградную - моцнае віно.

Якуб наеўся ўдосталь, патаўсьцеў улюбёнец і пачаў брыкацца; Бога, Творцу свайго, пакінуў, пагардзіў скалою збаўленьня свайго.

Дражніў Яго чужымі багамі і гнявіў брыдотамі.

Ахвяры складаў ня Богу, а ідалам - багом, якіх ня ведаў і якім не пакланяліся нашыя айцы.

Не памятаеш Скалы, што нарадзіла цябе, забыўся на Бога,Творцу твайго.

Убачыў Госпад і разгневаўся, што Яго зьняважылі Ягоныя сыны і дочкі.

І сказаў: Закрыю Твар Мой перад імі, хай пабачаць свой канец. Бо яны - народ нясталы, сыны няверныя.

Угнявілі Мяне тым, што ня ёсьць Богам, ідаламі сваімі наклікалі гнеў Мой; дык і Я ўгняўлю іх тымі, хто ня ёсьць народам, няверным народам Я выклічу іхні гнеў.

Бо агонь Майго гневу запалаў; гарыць аж да падзем'я - бездані; ён паглынае зямлю з яе пладамі, паліць падножжы гор.

Нагрувашчу на іх няшчасьці, пушчу мае стрэлы на іх.

Яны будуць гінуць ад голаду, гарачка і пошасьць лютая зьнішчаць іх.

Пашчы зьвяроў пашлю на іх і атруту гадзюкаў.

Вонках меч будзе іх нішчыць, жах унутры - юнака і дзяўчыну, немаўля і сівога дзеда.

Я б сказаў: Вынішчу іх, выгублю іхнюю памяць сярод людзей.

Калі б не баяўся глуму ворага, каб тыя, што перасьледуюць іх, пабачыўшы, не сказалі: не Госпад, а рука наша магутная ўчыніла гэта.

Гэта ж народ бязглузды, няма ў яго розуму.

Калі б былі разумныя, дык зразумелі б, які ім будзе канец.

Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а два супраціўляцца дзесяці тысячам, калі б іхняя Скала не прадала іх, калі б Госпад іх не пакінуў?

Дый скала іхняя не такая як наша Скала: сьведкамі гэтаму нашы ворагі.

Вінаград іхні - вінаград Садомскі, ён з палёў Гаморскіх; гронкі ягоныя - атрута, ягады іх поўныя горычы;

Віно іхняе - яд гадзюкі, згубная атрута зьмяіная.

Ці ж гэта не схаванае ў Мяне, не пад пячацьцю ў Мяне ў скарбніцы, на дзень помсты і адплаты, калі нага іх пахісьнецца? Бо дзень гібелі іх ужо блізкі, няшчасьце неўзабаве іх напаткае.

Бо Госпад абароніць свой народ, зьлітуецца над слугамі сваімі, калі ўбачыць, што рука іх аслабла, што няма больш ні нявольнікаў ні гаспадароў.

І скажа: Дзе ж вашыя багі, вашая скала, на якую спадзяваліся? Дзе тыя, што елі тлушч іхніх ахвяраў, што віно прынашэнняў іхніх пілі? Хай устануць і памогуць вам, хай будуць вашымі абаронцамі!

Цяпер бачыце, што Я ёсьць, Я адзін, апрача Мяне няма іншага бога. Я ўмярцьвляю і ажыўляю, раню і ацаляю, ніхто не пазьбегне рукі Маёй. Уздымаю руку да неба і кажу: Я жыву вечна.

Я навастру бліскучы меч, вазьму ў руку справядлівасьць, паімчуся на маіх ворагаў і адплачу маім ненавісьнікам.

Напаю крывёю стрэлы мае, а меч накармлю мясам, крывёю забітых і палоненых, галовамі начальнікаў варожых.

Слаўце, нябёсы, Госпада; пакланяйцеся Яму, сыны Божыя; бо Ён адпомсьціць за кроў слугаў сваіх; і адплату дасьць іхнім прыгняталь-нікам, адплаціць тым, што ненавідзяць Яго, і ачысьціць зямлю народу свайго.

Слава... цяпер...


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст