8 жніўня спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана — беларускага сьвятара, дзеяча культуры, дасьледчыка, пісьменьніка і перакладчыка. Імя а.Аляксандра зьвязанае для нас з захаваньнем беларускай культуры на Захадзе, там, дзе былі і ёсьць асяродкі беларускага культурнага і рэлігійнага жыцьця. Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа, дырэктар Беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лёндане, адзін з заснавальнікаў і дзейны сябар Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі, віцэ-старшыня Ангельска-Беларускага таварыства, рэктар Беларускае каталіцкае місіі ў Лёндане — гэта толькі пасады, дый яшчэ ня ўсе.
Айца Аляксандра Надсана, апостальскага візытатара для беларусаў-каталікоў замежжа, карціць назваць Беларускім Далай-Ламам. Зразумела, гэта неэтычна. Але грубае параўнаньне дапамагае зразумець, хто ён такі для Беларусі: духоўны лідэр нацыі.
Я хачу, каб увесь Сусьвет сьвяткаваў юбілей айца Аляксандра разам са мною. Беларусы ўсіх кантынэнтаў, а разам зь імі й усе тыя кантынэнты, і ўсе паралелі ды мэрыдыяны, усе анёлы, усе сілы нябёсныя, зямныя й падземныя, усе лесуны ды русалкі... ой, выбачаюся, само зь языку сарвалася, айцец можа зьнелюбіць... (я шэптам кажу: сьвяткуйце айцовы ўрадзіны русалкі зь лесунамі ды ўсялякімі стварэньнямі бачнымі й нябачнымі, знанымі й нязнанымі, хай ніхто не застанецца ўбаку ў гэтае сьвята). Я хачу, каб увесь сьвет падзяліў маю бязьмежную любоў ды пашану да гэтага чалавека, маю праменную радасьць ад таго, што ён ёсьць, што ён між нас і што ён стаўся адным з найбольш значных ды пазнавальных арыенціраў майго жыцьця. І што ніхто так яго ня ведае, ня цэніць і ня любіць, як я (я не кажу, што нехта любіць яго менш, проста любоў ніколі не паўтараецца).
Ня фыркайце, айцец, калі ласка, на гэты мой выплеск урачыстасьці. Вам у вочы я скажу нешта зусім іншае, нешта невыразнае прамямлю, і мы хутка зьменім тэму — пачнем паважна разважаць пра лёсы Царквы й Бацькаўшчыны, пра тое, як нам лепш уладкаваць сьвет, не забудземся і на маіх угарытаў... Але зараз я кажу не да Вас. Даруйце, але я
дзялюся Вамі.
(
Don’t worry, я ня буду казаць пра Вашыя стаптаныя чаравікі і пра тое, як Вы незадаволена бурчыце, калі мы нагадваем Вам, што час купляць іншыя — маўляў, ёсьць рэчы важнейшыя за гэткія «дудкі». Я ня буду нават казаць, як Вы вылоўліваеце з рондалю ды шпурляеце аб сьцяну макароніну: ці зварылася? А потым па-хлапечы заліваецеся рогатам з нэафіцкага зьдзіўленьня кагосьці са шматлікіх гасьцей Вашае надзвычай гасьціннае хаты ці зь Юльчынага абурэньня, што яна, маўляў, толькі памыла сьцены на кухні. Ні пра тое, як Вы ўпарціцеся, калі мы Вас гонім да лекара, бо ў Вас ізноў баліць калена або апанаваў страшэнны грып, і мы дзелімся з Вамі антыбіётыкамі, што нам панапрапісвалі з тае ж прычыны. Ні пра Вашыя нэрваваньні перад сьвятамі, калі Вам здаецца, што ніхто нічога ня робіць, а трэба й капліцу прыбраць, і набожнікі там памяняць, і сьпевы падрыхтаваць, і сьвяточны стол дагледзець — і Вы бегаеце з хаты ў хату, каб нас актывізаваць, але толькі дадаеце да агульнае нэрвознасьці, бо мы ўсе таксама хочам, каб сьвята адбылося як найлепей. Ні пра тое, як Вы балюча перажываеце, калі Вам ды нашай агульнай справе здраджваюць тыя, каго Вы любілі і каму аддавалі сябе бяз рэшты. Ні пра тое, як Вы шчыра цешыліся, калі мяне пакусалі пчолы і мой твар набыў разьдзьмута-марсіянскія абрысы — бо ўрэшце! нейкая ўцямная хвароба, а ня тыя дзівосы, якім не маглі даць рады ангельскія лекары, — і куплялі мне лёды, каб зьняць жар. Ні пра тое, як Вы падымаецеся а пятай раніцы — ці дождж, ці слота, — каб вывесьці на прагулку нашага няпэўных крывей сабаку Бэна, так што Бэн часам нават рашуча адмаўляецца ісьці з Вамі навонкі, бо, маўляў, добры гаспадар у такое надвор’е сабаку з хаты ня выганіць. Ня буду, хоць усё гэта ёсьць часткаю нялёгкага шчасьця жыць з Вамі — шчасьця, якое пакінула незьнішчальны адбітак у маёй душы, дапамагло ёй умацавацца, распрастацца, вызначыцца, самасфармулявацца. Вы мне потым выкажаце ўсё, што Вы думаеце з нагоды гэтае пісаніны, а пакуль я буду прамаўляць да іншых).
Дык вось, сьвяткуй, Сусьвеце! Цешцеся, людцы добрыя, і весяліцеся! Усьміхніся, краіна Беларусь, і ты, паэце, кінь вечны плач свой аб старонцы. Бо мы сьвяткуем сёньня ўрадзіны —
трычвэрцістагодзьдзевы юбілей — вашага сына, вашага айца, вашага сьвятара, вашага стваральніка, вашага нястомнага працаўніка й вернага слугі — Аляксандра Надсана.
Такія людзі нараджаюцца рэдка. Ці, можа, такімі людзьмі рэдка становяцца? Бо каму хочацца жыць самотна на чужыне, пахаваць усіх сваіх паплечнікаў, працягваць адному вялікую справу, што пачыналі гуртам, адному прымаць рашэньні й несьці за іх адказнасьць, без асаблівага спадзяваньня ўбачыць калі-небудзь плён сваіх высілкаў, узвальваць на сябе ўсё новыя й новая абавязкі й ня мець ні ўпынку ні спачынку? У каго ёсьць унутраныя сілы гадамі й гадамі штодня аднаму правіць службу Божую, маліцца за Беларусь, нават калі пакідае надзея і здаецца, што ўсе намаганьні — намарна, бадзяцца бясконца па ўсім сьвеце, дзе толькі ёсьць беларусы, ды абслугоўваць іхныя духоўныя патрэбы, перакладаць самому літургічныя тэксты з грэцкае мовы на беларускую (праца, што па сілах хіба салідным камісіям), калекцыянаваць унікальную на Захадзе беларускую бібліятэку, шукаць грошы на дапамогу чарнобыльскім дзеткам, самому здабываць неабходныя лекі і самому ж — наколькі магчыма — вазіць караваны ў Беларусь, займацца навуковай працай, ладзіць канфэрэнцыі... І пры ўсім гэтым даглядаць царкву, бібліятэку, гаспадарку на чатыры хаты, з усімі іхнымі «цякучымі» дахамі, ды яшчэ прымаць бясконцых гасьцей з усяго сьвету — кожнага прывеціць, кожнаму дапамагчы, кожнаму дагадзіць?
Ня ведаю, ціхочацца гэта айцу Аляксандру і ці ёсьць у яго тыя сілы, але ён жыве менавіта так. Ды яшчэ набраў на сваю галаву студэнтаў, усё з той самай мэтаю: дапамагчы. Дапамагчы людзям здабыць багаслоўскую адукацыю, каб ізноў-такі дапамагчы Беларусі, беларускай Царкве й беларускай культуры. І ён не абавязаны рабіць усё, што ён робіць, ён ня мае з усяго гэтага аніякае выгады, толькі адны клопаты, бо чым больш ты робіш, тым больш ад цябе патрабуюць і — што самае прыкрае — тым больш табой незадаволеныя. А сам ён кажа, што расчараваньняў, бадай, выпала ў жыцьці больш, як здабыткаў. І часамі так хочацца ўсё кінуць ды паехаць дзесь не па справах, а каб адпачыць, каб перавесьці дух. Але набягаюць новыя клопаты, але клічуць узваленыя на сябе абавязкі, але чакаюць людзі дапамогі, але... Вось і цяпер ён нават ня будзе ў хаце на свой юбілей, бо ізноў — чарговая паездка, чарговы клопат.
Калі ён бывае ў Беларусі, то, здараецца, мае па пятнаццаць сустрэчаў на дзень. Ён усім патрэбны, усюды жаданы, людзі імкнуцца да яго па падтрымку, дапамогу, спагаду, параду. Людзі чакаюць на ягоны прыезд, каб менавіта ён пахрысьціў іхных дзяцей. Ягоныя службы зьбіраюць найбольшую колькасьць людзей, прычым самых розных вераў, бо ніхто так прыгожа ня служыць, як ён, бо ніхто не гаворыць такіх глыбокіх казаньняў, як ён, дый проста таму, што яго тут любяць. І ён з усімі сустракаецца, размаўляе, жартуе. А потым вяртаецца дахаты і на пытаньне «ну як Вы, ойчанька?» ціха адказвае: «Стаміўся...»
Ён не шукае свайго, і адзіная ўзнагарода, якую мае, — але хіба найлепшая з усіх — людзкая любоў. Адно з найглыбейшых ягоных уражаньняў — першы прыезд у Беларусь у 1990-м. Ён тады ведаў у Менску трох чалавек: Адама Мальдзіса, айца Яна Матусевіча (бо абодва пабывалі ў яго ў Лёндане) ды — па перапісцы — Алеся Гуркова. Ён спадзяваўся, што яго сустрэне на вакзале айцец Ян. Ягоны цягнік прыходзіў дзесь перад пятай раніцы — халоднай сакавіцкай раніцы. Ён выйшаў з вагону і пабачыў поўны пэрон народу, многія з сымбалямі Чарнобыльскага Шляху, і доўга ня мог уцяміць, што ўвесь гэты натоўп сустракаў яго.
Ягоная слава бегла перад ім. Многія тагачасныя «нацыяналісты» даведаліся пра яго зь нейкіх брудных прапагандысцкіх брашурак, на якія так шчодрыя былі 70-я ды асабліва 80-я гады. Асабліва адна была папулярнаю, з рамантычнай назваю «Агрэсары ў мяккіх тапачках». Бо яна давала найбольш інфармацыі пра дзейнасьць эміграцыі. Так што ўся гэтая «анты»прапаганда толькі дапамагла людзям уведаць, што недзе ў шырокім сьвеце ёсьць тыя, каму баліць Беларусь, хто робіць усё магчымае для нацыянальнае справы. І ёсьць такі Надсан, які бач-ты нацыяналістычную бібліятэку ў Брытаніі трымае, каб смушчаць ангельцаў ды тлуміць мазгі залётным беларусам, а сам — людзі добрыя! — сьвятар, ды яшчэ — о, жахі! — уніят. Больш антысавецкую постаць нельга было нават уявіць, што й выклікала да яго асаблівую цікавасьць. А я сама ў тыя гады, калі выкладала студэнтам Скарыну, казала, што ва ўсёй Беларусі няма аніводнае бібліятэкі ў імя Скарыны (а ўсё больш то Ленін то Пушкін), затое ёсьць у Лёндане, і стварыў яе Аляксандар Надсан. І ці магла я тады ўявіць, што буду жыць колькі гадоў у гэтай самай лёнданскай Скарынаўцы і што гэты самы чалавек станецца такой велізарнай часткаю майго жыцьця?
Як мы тады на яго чакалі, купка маладзёнаў, што саматужна ўзяліся адраджаць беларускае Ўніяцтва і, натуральна, мелі яго за найвышэйшы аўтарытэт. Як хваляваліся, калі ён пагадзіўся з намі сустрэцца (хацеў на гадзінку, а праседзеў паўдня). Мы паказвалі яму свае напрацоўкі для першага нумару «Уніі», задавалі безьліч пытаньняў, частавалі яго, а самі не маглі нічога праглынуць ад хваляваньня, і толькі адзін Андрусь Абламейка спакойна пад’ядаў цукеркі ды слухаў нашыя гутаркі. (Тады ж ён упершыню й натхніўся сьвятарствам, і вось ужо, дзякуй Богу, парах — наступнік айца Яна Матусевіча на Менскай парафіі Сьвятога Язэпа). А потым, улетку таго ж 90-га, у другі ягоны прыезд... Гэта адно з маіх незабыўных уражаньняў ад айца. Мы з Каралінай Мацкевіч ня толькі ўлезьлі ў — на мой цяперашні розум — непад’ёмную справу выданьня часопісу (насуперак усяму й ўсім, без аніякае базы, бяз грошай), але й саманадзейна задумалі вечарыну-прэзэнтацыю ў Доме Літаратара. І вось за два дні да вечарыны, калі мы толькі-толькі адправілі ледзь дароблены, склеены ўручную макет у Латвію, і не было ніякае пэўнасьці, што часопіс будзе гатовы, і адзіная дзяўчына, што ўзялася рыхтаваць вечарыну, раптам патрапіла ў лякарню, і ніхто больш ня ведаў сцэнару, а назаўтра яна прызначыла адзіную рэпэтыцыю, і часу не заставалася, каб паведаміць людзям пра вечарыну, і было няясна, ці варта паведамляць наагул, і мы абедзьве ў поўным зашкале ўжо проста раўлі ад перанапругі й роспачы — мы паехалі да айца Аляксандра ды выклалі яму з усіх кішэняў нашыя беды. Ён нас выслухаў і сказаў: «Вы ўсё зрабілі, што маглі?» — «Усё». — «Ну, дык пакіньце што-небудзь і на Бога. Вы папрацавалі, хай цяпер і Ён папрацуе». Як мяне ўразілі тыя словы! Айцец нечакана вярнуў мяне ў Сапраўднасьць. Дакладней, тая Сапраўднасьць упершыню ясна паўстала перада мною. Мы не былі адны. Ніколі не былі. Бог рабіў разам з намі. Праз нас. Таму мы й вытрымалі гэты неверагодны час. І адзінае, што было трэба зараз, — давер. І мы, насуперак відавочна правальнай рэчаіснасьці, неяк супакоіліся. Айцец меў рацыю: Бог сапраўды «папрацаваў». Назаўтра прывезьлі сьвежааддрукаваны часопчык, і прыйшлі на рэпэтыцыю ўдзельнікі вечарыны, і склаўся сцэнар, і людзі неяк даведаліся пра імпрэзу, і быў поўны аншляг, і ўсе выступалі надзвычай добра, а мы самі вялі праграму, пішучы сабе словы, пакуль на сцэне сьпявалі або чыталі, і ўсё было цудоўна, і айцец сказаў выдатную прамову, і ўся бітком набітая заля была ўзрушаная імпрэзай.
А неўзабаве айцец узяў нас з Каралінай да сябе, вучыцца. І жыцьцё павярнулася на сто восемдзесят. І пачаўся новы час, пад знакам Айца. Мы пабачылі на свае вочы, якая гэта тытанічная праца — захоўваць беларускасьць у самых розных ейных праявах, і ня толькі захоўваць, але й падтрымліваць і разьвіваць. І заставацца адкрытым да любое іншасьці, і аддаваць сябе ня мераючы ўсім людзям, да чыіх жыцьцяў ты дакрануўся. І мне думаецца, што й Беларусь жыве пад знакам Айца. І людзтва. Хай сабе ня толькі яго, але й яго таксама. Ён і такія, як ён, — трымаюць сьвет. Ён наш скарб, наш гонар, нашая радасьць. Але звычайна мы гэтага не ўсьведамляем. Мы пачынаем цаніць людзей, калі ўжо запозна, калі ўжо не аддзячыш. І таму я кажу цяпер усім, хто чуе: радуйцеся, бо айцец Аляксандар з намі. Ён сьвятарыць нам, ён працуе для нас, ён захоўвае нам — разам з намі — Беларусь. Сьвяткуйце яго, бо сьвяткуючы яго, мы сьвяткуем сябе.
Будзьце, ойчанька, стакрот блаславёным, і блаславёнай будзь Вашая праца.
Ірына Дубянецкая
"Айцец" у: Наша Ніва, 32 (241) 6.08.2001,
--------------------------------------------------------------------------------
Ірына Дубянецкая — магістар і ліцэнзіят багаслоўя, дактарантка Лёванскага ўнівэрсітэту (Бэльгія), займаецца біблістыкай, вывучае старажытныя мовы і цывілізацыі Блізкага Ўсходу (гэбрайскую, арамейскую, фінікійскую, угарыйскую, маабіцкую). Дачка Міхала Дубянецкага, які ў 70—80-х быў дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» і стаяў ля вытокаў Беларускага Народнага Фронту. Заснавальніца часопісу «Унія» (1990).