Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

З ліста Мусы Канапацкага да часопіса мусульман Беларусі

 

Напрыканцы лютага мы атрымалі ліст ад нашага супляменніка з Сопата (Польшча) Мусы Канапацкага, у якім ён дзеліцца сваімі ўражаннямі ад наведвання Англіі па запрашэнню айца Аляксандра Надсана, слыннага рэлігійнага і грамадскага дзеяча, нязменнага дырэктара Беларускай бібліятэкі імя Ф.Скарыны ў Лондане.


Дык вось добры лёс кінуў мяне ў бок беларускага асяроддзя ў Лондане.

22 лістапада ўпершыню апынуўся ў Англіі і, зразумела, у Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны. Тутака вельмі сардэчна прыняў мяне айцец Аляксандр Надсан, чалавек-установа. Змучанага падарожжам са Швейцарыі госця акружыў чуллівай апекай. Такі час мінае маланкава... Кожная гадзіна нясе з сабою штосьці каштоўнае, новае. Зараз рыхтуюся да азнаямлення з багатым кнігасховішчам, з засіллем часопісаў, а вока цешыць... "Ніва", якую мясцовыя беларусы вельмі цэняць.

Бібліятэка эмануе традыцыяй крывіцкага племені, узбагачае духоўна! Гартаю старонкі розных выданняў, час ад часу натрапляю і на справы маёй этнічнай групы — татараў у Беларусі, Літве, Польшчы. Нічога дзіўнага, што цікаўлюся ёю і надалей рыхтуючыся да падсумавання жыццёвага шляху ў выглядзе кнігі („Адным жыццём замала»).

Кожная раніца ў Айцоў Марыянаў пачынаецца малітвамі ў малой святыні. Я ж малюся як мусульманін, паўтараючы словы аль-Фаціхі з першай суры (раздзела) Карана. Малітвы вернікаў розных рэлігій — гэта самая сэрцавіна экуменізму! Дык разам хвалім Усявышняга, адзінага адрасата нашых узлётаў душы. А вядзе набажэнства пачэсны айцец Аляксандр.

Дзякуючы яго дабраце быў я ўжо ў Беларускім музеі. Не абмінуў і манускрыптаў беларускіх мусульманаў; айцец Аляксандр вывучае іх, мае працы, у якіх можам пазнаёміцца з гучаннем беларускай мовы перададзенай арабскай графікай. Тэксты, зразумела, рэлігійныя; шматлікія з іх таксама навучальнага характару. Айцец Аляксандр чытае мне паасобныя фрагменты, уводзіць у свет Ісламу. Назаўсёды застануцца ў памяці гэтыя хвіліны, ілюструючыя сівую мінуўшчыну, калі мае адзінаверцы, скажам, з Меншчыны ці Навагрудчыны дзялілі з хрысціянамі той жа лёс.

Тутака рукапісы выдатных творцаў, сярод якіх класікі, Якуб Колас і Янка Купала, слуцкія паясы, старэнькія прылады сялянскага ўжытку, рукадзельныя дываны — усяго я не ў змозе вылічваць.

А бачыў ужо кнігі вучоных шэрагу еўрапейскіх краін на арыгінальных мовах, што сведчыць, як гісторыя і культура беларускай нацыі ўсцяж выклікае зацікаўленасць. 3 цэлага свету госцяць у Скарынінскай бібліятэцы даследчыкі, каб узбагачацца ведамі.

Вось з выпадку трыццацігоддзя гэтай установы ў днях 29-30 верасня 2001 года адбылася міжнародная канферэнцыя „Роля беларускай дыяспары ў захаванні і развіцці беларускай культуры».

Давялося шчасліва пагаварыць з маладымі беларусамі з радзімы — семінарыстамі, будучымі святарамі. Іх разумовыя далягляды, глыбокая духоўнасць, камунікатыўнасць запалонілі мяне.

А пачэсны айцец Аляксандр Надсан сваімі апякунчымі крыламі атуляе ўсіх і ўсё. Нягледзячы на напружаны распарадак дня, шмат часу і мне прысвяціў. Ніколі не знайду слоў, у якіх мог бы выказаць вялікую ўдзячнасць.

Неўзабаве пакідаю гэтае дарагое мне месца, накіроўваюся ў Вільню і Коўна.

Гэтай жа аль-Фаціхай, прашу Тварца, каб сцярог каштоўны астравок беларушчыны ў заходнім свеце, які неацэнныя вартасці роднай традыцыі перадае будучыні.

Муса Канапацкі

 

газэта беларускіх мусульман "Жыцце татарскае", дадатак да Часопіса мусульман Беларусі "Аль іслам", №3(87), сакавік 2002 г.
грамадскага аб'яднаньня "Зікр аль Кітаб"


 


 


 

 

 

Напісаць ліст