Уладзімер Арлоў
СЛАНЫ ГАНІБАЛА: Выбраныя эсэ
Божая кароўка з Пятай авэню
cc. 114-116, 118-119, 129
Менск, I. П. Логвінаў 2005
Друкуецца з ласкавай згоды аўтара
Царква сьвятых Пятра й Паўла
Наведаўшы за свае сорак гадоў некалькі сотняў цэркваў, касьцёлаў, кірхаў, мячэтаў, сынагогаў, паганскіх капішчаў (і нават прытулак сібірскага шамана, дзе пахла дарагімі цыгарэтамі й таннай гарэлкай), у некаторых зь іх — напрыклад, у полацкай Сафіі, у віленскім касьцёле сьвятой Ганны ці ў Спасаўскай царкве Эўфрасіньнеўскага манастыра — я сапраўды пачуваў сябе ў храме. Але — даруйце мне, храмы маёй Бацькаўшчыны ў яе этнаграфічных межах, — найглыбейшым гэтае адчуваньне было ў Беларускай грэка-каталіцкай царкве сьвятых апосталаў Пятра й Паўла на лёнданскай Holden Road.
I рэч ня ў тым, што там пасьля набажэнства да вас не падыдзе знаёмы бацюшка і не пачне соты раз пераконваць, што Скарыну звалі Георгіем, а Іван Грозны вызваліў Полацак ад лацінскіх схізматыкаў — як у Спасаўцы; і ня кінуцца адразу некалькі заўзятараў, каб узахапы даводзіць, што менавіта ім павінен належаць сабор, які пабудавалі праваслаўныя (узарвалі на загад Пятра I таксама праваслаўныя), аднавілі вуніяты, а маліліся ў якім перад яго закрыцьцём рыма-каталікі — як у Сафійцы. I ня ў тым, што там заўсёды — і ў літургіі, і ў казаньні — гучыць свая, а не чужая мова — як над гатычнымі нэрвюрамі сьвятой Ганны, дзе нашае слова ня будзе прамоўлена з амбону ўжо ніколі.
Прычыны адчуваньня такое сумоўнасьці з храмам наўрад ці наогул можна растлумачыць, гэтаксама як немагчыма зразумець, чаму, калі я пераступіў яго парог, з дна памяці залаціста-зялёнаю рыбінаю ўсплыло выслоўе Леона Блюа пра тое, што гісторыя — бясконцы літургічны тэкст, дзе ёты й кропкі маюць ня меншую значнасьць за вершы або цэлыя разьдзелы, хоць сэнс адных і другіх нікому ня ведамы і схаваны за сямю пячаткамі.
Каб вы маглі згадзіцца альбо не згадзіцца са мною, зычу вам калі-небудзь памаліцца ў лёнданскай беларускай царкве самім — тады й вы будзеце захоўваць сярод сваіх папераў расклад набажэнстваў Вялікага тыдня, а сярод незбуцьвелых успамінаў — згадкі, як несьлі плашчаніцу, або як прылеглі перад усяночнай падрамаць у пакоі з галяграфічным укрыжаваньнем і, расплюшчыўшы вочы, на хісткай кладцы паміж яваю й сьветам сноў убачылі, як на выклеенай бледна-блакітнымі шпалерамі сьцяне пераліваюцца ўсімі колерамі зьменлівыя ўзоры дзіцячага калейдаскопу.
Няхай на вуснах ваяўнічых і проста атэістаў празьмяіцца паблажлівая ўсьмешачка, аднак, калі мне сьніцца гэтая зусім хатняя царква, назаўтра ў жыцьці ўсё атрымліваецца, і нават калі раніцою ня памятаю сну, з падзеяў дня я ўсё адно разумею, куды наведвалася мая душа ў начных вандраваньнях.
Айцец Аляксандар
Калі вы ня ведаеце, што такое шчыры перадвелікодны пост, вам трэба пабачыць, зь якой асалодаю п'е ўраньні на Вялікдзень гарбату з малаком айцец Аляксандар Надсан, апостальскі візытатар беларусаў-каталікоў, рэктар Беларускае каталіцкае місіі Англіі й Францыі, дырэктар Бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане etc.
Як я пакуль што не сустрэў храму, што адпавядаў бы маёй беларускай душы болей за лёнданскую Петрапаўлаўку (няхай даруюць сьвятыя апосталы гэткую фамільярнасьць), так ня трапілася на маім шляху духоўная асоба, што адпавядала б сьвятарскаму чыну болей за а. Аляксандра, колішняга хлапца з паднясьвіскае Гарадзеі, які ваяваў з гітлераўцамі ў Францыі (за гэта, як айцец А. Надсан пачаў прывозіць мэдыкамэнты дзецям Чарнобылю, дзяржаўная прэса суладным хорам абзывала яго фашыстоўскім наймітам), студыяваў матэматыку ў Лёнданскім і Рымскім унівэрсытэтах, а ўрэшце атрымаў у Грэцкай калегіі Грыгарыянскай папскай alma mater магістра багаслоўя.
Што яшчэ распавесьці вам пра а. Аляксандра?
Як ён гатаваў свой слынны рататуй?
Як паказваў музэй, дзе слуцкіх паясоў, здаецца, болей, чым ва ўсіх музэях Беларусі разам узятых, і дзе я пабачыў здымак са спробаю выцягнуць зь Дзьвіны пад Полацкам «Барысаў камень» — фатаграфію, зробленую ў той час, калі самураі яшчэ не прадавалі нам ультрасучаснае тэхнікі, а прыкідвалі, у якую ноч «перейти границу у реки»? (Потым, калі гэтая тэхніка зьявіцца, камень усё ж вырвуць зь ягонага спаконвечнага гнязда й падымуць да Сафійскага сабору на ўсьцеху сьціпламу й невядомаму аматару даўніны, які ўначы адаб'е ад «Барыса-хлебніка» пудовы кавалак граніту на сувэніры, а таксама на радасьць нясьціпламу й вядомаму пісаку, што прысьвеціць гэтай падзеі чульлівы опус пра вальналюбных старажытных палачанаў, якія, каб не аддаць сямідзесяцітонную сьвятыню на зьдзек дзікім чынгісханаўскім ордам, скінулі яе ў Дзьвіну і немаведама як і навошта — бо ніякіх чынгісханаўцаў тут і не начавала — без усякае японскае тэхнікі цягнулі яе пяць кілямэтраў па дзьвінскім рэчышчы.)
Як вадзіў па бібліятэцы, дзе перахоўваюцца рукапісы Купалы, Коласа й Ластоўскага, дзе вы можаце ўзяць у рукі «Хроніку Эўрапейскае Сарматыі» (Кракаў, 1581) колішняга віцебскага камэнданта італійца А. Гваньіні, што беспардонна сьпісваў у свайго падначаленага М. Стрыйкоўскага, або пагартаць ломкія старонкі выдадзенага ў 1722 годзе вуніяцкаю друкарняю ў Супрасьлі «Собранія припадков краткого...» — між іншым, ці не адзінага цалкам беларускамоўнага выданьня на ўсё доўгае XVIII стагодзьдзе?..
(........)
Арына і Караліна
Прытульна й прыемна ісьці зь дзьвюма маладымі жанчынамі па чыстых і пустых вечаровых вуліцах, дзе зацьвітаюць сады і распускаецца лісьце каштанаў, дзе перад фасадамі адпачываюць фантаны і неўпрыкмет пазяхаюць ільвяняты, дзе ў дамоў ёсьць ня толькі нумары, але і імёны (значыцца, і характары), а — цалкам магчыма — і прывіды.
У гэткія хвіліны вас апаноўвае надзея, што так будзе заўсёды: квецень, зялёны туманок нясьмелае лістоты; моўкнасьць, што не вымагае перакладу; згадкі аб тым, чаго ніколі не адбылося... (Глыток джыну з тонікам, выпіты ў пабе The Torrington, дзе бармэны ў часы Акулавай маладосьці ведалі сёе-тое па-беларуску, тут абсалютна ні пры чым.)
3 вашым набліжэньнем да некаторых камяніцаў самі сабою запальваюцца іхнія нумары, а ўвадначас зь імі й ліхтары пры брамках. Занадта проста будзе сьпісаць усё на электроніку: а мо ліхтарні адгукаюцца на жаночыя душы?
Калі б у беларускіх унівэрсытэтах былі тэалягічныя факультэты, студэнцкае арго называла б маіх спадарожніцаў тэалягінямі. Караліна з Арынаю — розныя й жывуць у «Фінчлейскай Беларусі» ў розных дамах. Жывуць дастаткова доўга, каб адчуць іх ня проста жытлом, але складанымі структурамі зь відочнаю й невідочнаю архітэктонікай.
Мураванкі на Holden Road слухаюць, глядзяць, усьміхаюцца й скрушліва ўздыхаюць, любяць і ня любяць, закалыхваюць і насылаюць мулкае бяссоньне. Яны могуць прасьцюжвацца й пакутаваць на чыхаўку. Яны памятаюць усіх сваіх колішніх, сёньняшніх, а мо й будучых жыхароў і ўмеюць захоўваць гэтую памяць, ня блытаючы пакояў і лесьвіцаў.
Я думаю, што яны любяць Караліну з Арынаю, і спадзяюся, што некалі гэтым мураванкам зноў захочацца пабачыць мяне.
(........)
Разгавіны
Пасьля ўсяночнай у царкве Пятра й Паўла вас запросяць на застоліцу, у якой будуць браць удзел два дзясяткі спадарыняў, спадарычняў і спадароў і ў два разы болей сьвяточных страваў.
Зь сьцяны палагаднелым з нагоды сьвята позіркам будзе глядзець наш грэка-каталіцкі біскуп Часлаў Сіповіч. Ён заўважыць, што Гай Пікарда паставіў на стол запечаную з марскім багавіньнем «бульбу па-ірляндзку», пляшку джыну зь пярынкамі зуброўкі і чамусьці мацу. Айцец Кастусь (ён выдае на вялікага Малога Чалавека Балотных Ялінаў зь «Дзікага паляваньня караля Стаха»), які жыве пры Доме марыянаў, адразу ж голасна выкажа здагадку, што адным з кампанэнтаў гэтае мацы стала кроў хрысьціянскіх немаўлятаў, але, пакаштаваўшы кулінарны выраб сп. Гая, вы не адчуеце прысмаку крыві маленькіх адзінаверцаў і пераканаецеся, што на смак маца болей нагадвае, бадай што, сушанае вуха ягонага прадзеда Франсуа Абрагама.
Арына з Каралінаю і а. дыякан будуць выходзіць з колькідзённага посту асьцярожліва, быццам на стале нейкія заморскія стравы, а не «нарачанскі» хлеб, менскі сэрвэлят ды свойская, пханая пальцам каўбаска, якую прывезла жанчына з Гомелю, што можа запытацца ў вас, ці ня ў Лёндане вы навучыліся гаварыць па-беларуску. Паэтка й перакладчыца Вера Рыч усьміхнецца сваёй вечнай загадкава-іранічнай усьмешкаю. Яна ведае, што гэта цалкам магчыма — навучыцца ў Лёндане па-беларуску і нават выдаць там анталёгію беларускай паэзіі ад 1829 году. Другая мая суседка навучылася па-беларуску яшчэ ў Беларусі і, дарма што пражыла амаль усё жыцьцё сярод падданых яе вялікасьці, узбагаціла сваю беларускую лексыку дзякуючы ангельскамоўнай стыхіі адзіным слоўцам — «кустамер». (Потым вы даўмеецеся, што гэта зусім ня той чалавек рамантычнае прафэсіі, які немаведама навошта шнуруе па вечназялёным ангельскім кустоўі, а ўсяго толькі шараговы наведнік недалёкага маркету — «customer».)