Падарункі юбіляру
Набліжалася 80-годзьдзе айца Аляксандра, і мы ў Лондане пачалі задумвацца над годным ушанаваньнем гэтага своеасаблівага юбілею. Постаць а. Аляксандра ня мае сабе роўных у беларускім сьвеце. Ён прысьвяціў усё сваё жыцьцё, як ні пафасна гэта гучыць, служэньню Богу й беларускаму народу. Дзякуючы яму, упершыню ў гісторыі бізантыйская літургічная спадчына загучала па-беларуску. Гэтую велізарную працу ён зьдзейсьніў у адзіночку, дзесяцігодзьдзямі працуючы “у стол”, не знаходзячы падтрымкі нават у сваіх братоў-сьвятароў. Зыходзячы з неабходнасьці літургічнага ўвасабленьня беларускае рэлігійнае самабытнасьці, ён склаў шэраг поўных службаў найважнейшым беларускім сьвятым, а таксама малебнаў, якія ня мелі адпаведнікаў у славянскай традыцыі. Ён фактычна заснаваў беларускую літургічную традыцыю ўсходняга абраду. Калі сабраць разам усе ягоныя літургічныя тэксты, то атрымаецца фаліянт з добрых тысячу старонак. Па сваёй маштабнасьці, навізьне ды грамадзка-культурнай значнасьці гэтая тытанічная праца можа зраўняцца хіба толькі з подзьвігам Скарыны.
Такой працы ўжо хапіла б на некалькі жыцьцяў. Але айцовы даробак не абмяжоўваецца літургічнай творчасьцю. Выдатны знаўца беларускай кнігі, гісторыі, культуры, гісторыі Царквы, ён распрацоўваў новыя тэмы ў беларускай гуманітарыі. Яму належаць шматлікія навуковыя артыкулы на розных мовах (каля 90 найменьняў) і пяць манаграфій па-беларуску. Выдадзены ў 2002 годзе малітаўнік “Госпаду памолімся” увайшоў, паводле апытаньня газэты “Наша Ніва”, у дзясятку лепшых беларускіх кніг года (6-е месца) – зьява, нечуваная ў сьвеце, – а кніга “Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і беларус”, якая выйшла ў Менску ў самым канцы 2004 г., была прызнаная лепшай кнігаю года.
Беларуская каталіцкая місія ў Лондане, рэктарам якой а. Аляксандр Надсан працуе вось ужо больш як дваццаць гадоў, сталася найважнейшым цэнтрам беларускае духоўнасьці й культуры ў Заходнім сьвеце, дзе душпастырская праца неадзьдзельная ад умацаваньня і разьвіцьця беларускасьці. Гэтае ж тычыцца й Скарынаўскай бібліятэкі, якая, дзякуючы найперш руплівасьці самога айца, сталася найлепшым зборам беларускага друкаванага слова па-за межамі Беларусі, і ў якой уважаюць за гонар працаваць дасьледчыкі з усяго шырокага сьвету. Паводле айца Аляксандра, сьвятарства – гэта найперш быць са сваім народам, асабліва ў часы выпрабаваньняў, і спрыяць яго духоўнаму разьвіцьцю ва ўсіх магчымых формах. Ён не спадзяецца, што людзі пачнуць гарнуцца да яго, а сам ідзе да іх, несучы ім усю сваю веру й веду ў сьвятле бясконцае спагады й разуменьня. Гэта ён распачаў рух дапамогі ахвярам Чарнобыльскае трагедыі ў Беларусі, спачатку інфармуючы, наколькі гэта было ў ягоных сілах, людзей на Захадзе, а потым, пры першай магчымасьці, калі савецкія межы сталіся больш “праходнымі”, адведваючы найбольш пацярпелыя раёны ды дапамагаючы медыкаментамі і абсталяваньнем тамтэйшым лякарням. І ўсё гэта – пры мінімальных асабістых патрабаваньнях і практычна без аніякае дапамогі звонку. Затое крытыкаў хапала заўсёды.
Нам уяўляліся тры адэкватныя падарункі, якія ўдзячныя, так бы мовіць, суайчыньнікі маглі б яму прэзентаваць: ганаровы дактарат у прыстойным універсітэце – як выбітнаму навукоўцу, шыкоўнае “напрыстольнае” Эвангельле – як сьвятару, ды зборнік навуковых артыкулаў, ахвяраваных яму самымі яркімі дасьледчыкамі ў ягонай галіне, – тое, што ў Заходняй традыцыі называецца нямецкім тэрмінам Festschrift, – як беларускаму дзеячу.
Першы з гэтых падарункаў-ушанаваньняў мы пры ўсім жаданьні не маглі яму забясьпечыць. А два астатнія можна было прынамсі паспрабаваць зрабіць. Адзінае, што гэтыя добрыя намеры выкрышталізаваліся за няпоўныя тры месяцы да юбілею.
Лонданскае Эвангельле
Вырашыўшы рабіць Эвангельле для літургічнага ўжытку, мы сутыкнуліся з праблемай узору, на які можна было б абаперціся. Сярод многіх існуючых варыянтаў мы спыніліся на тым, які падаўся найбольш зручным і функцыянальным – на гэтак званым “апракосе” – зборніку выбраных чытаньняў на пэўныя дні літургічнага году. Задачу выдаўцоў значна ўскладняла адсутнасьць вартасных папярэднікаў. Вядомае “Напрастольнае сьвятое Евангельле” на ўвесь літургічны год выдаў у 1988 г. у Таронта праваслаўны архіяпіскап Мікалай Мацукевіч. Рэпрынтнае выданьне гэтай кнігі, якое цяпер пашыранае ў грэка-каталіцкіх парафіях на Беларусі, на жаль, не магло паслужыць нам узорам да працы з-за надзвычай вялікай колькасьці хібаў і памылак як тэкстуальнага, так і выдавецкага характару і дзеля гэтага падалося цалкам непрыдатным для выкарыстаньня.
Для нашага Эвангельля мы вырашылі абмежавацца чытаньнямі на нядзелі й асноўныя сьвяты, бо кніга штодзённых чытаньняў была бы занадта вялікаю й нязручнаю ва ўжытку. У кнігу, якую ў выніку Сяргей уклаў, даўшы ёй назву “Эвангельлі нядзельныя і сьвяточныя”, ўвайшлі эвангельскія чытаньні на ўсе нядзелі літургічнага году, на ўсе дні Тыдня Мукаў Хрыстовых і Сьветлага Тыдня, на сьвяты Гасподнія, Багародзіцы й найважнейшых сьвятых, а таксама ўваскросныя Эвангельлі, што чытаюцца на ютрані. Такім чынам, падобнае выданьне якраз задаволіла бы сёньняшнюю патрэбу ў добрым, “чытабельным”, Эвангельлі падчас багаслужбаў у беларускіх парафіях, дзе сьвятая Літургія адпраўляецца пераважна ў нядзелі і сьвяты.
Наступнай праблемаю сталася адсутнасьць поўнага сучаснага навуковага перакладу Эвангельляў на беларускую мову. Рабіць свае пераклады ня было часу... Адзінае, што заставалася, – адаптаваць нейкія існуючыя тэксты. Бясспрэчна, найлепшаю была версія самога айца Аляксандра, які перакладаў Эвангельскія тэксты з грэцкае мовы паралельна зь літургічнымі тэкстамі – як чытаньні на пэўныя сьвяты – на працягу 1960–1990-х гг. Але ягоныя пераклады не пакрывалі ўсіх нядзеляў і сьвят, а знайсьці ім адэкватныя адпаведнікі было ня проста. Практычна ўсе сучасныя пераклады Эвангельляў на беларускую мову зробленыя не з арыгіналу, што вельмі адчуваецца чалавекам, знаёмым з грэцкімі тэкстамі. Апроч таго, яны ўсе маюць свае праблемы з адаптацыяй па-беларуску пэўных багаслоўскіх тэрмінаў і для літургічнага ўжытку падыходзяць не найлепшым чынам. Таму рэшта тэкстаў была ўзятая зь вядомай кнігі “Новы Запавет і Псальмы”, выдадзенай у Гэльсінгфорсе ў 1931 г. Пераклады для гэтай кнігі рабілі ў 1920-х гг. Лукаш Дзекуць-Малей, які працаваў з грэцкімі тэкстамі, максімальна блізка захоўваючы грэцкую фразеалогію і сінтаксіс, і Антон Луцкевіч, які адаптоўваў гэта на тагачасную беларускую мову. На працягу 1960-х гг. у Лондане з гэтым перакладам працаваў а. Леў Гарошка. Ён зрабіў яго літургічную адаптацыю для чытаньня падчас набажэнства, разьбіўшы тэкст на адпаведныя кавалкі ды паўводзіўшы ў яго ўступныя моўныя звароты, неабходныя для ўспрыняцьця тэкставага ўрыўку як паўнавартаснага тэксту – кшталту “Таго часу”, “У тыя дні”, “Сказаў Госпад гэткую прыповесьць” і да т. п. Плёнам гэтай працы сталася ратапрынтнае выданьне ў 1967 г. ў Лондане кнігі “Пракімэны 8-і гласаў, Апосталы і Эвангельлі ў беларускім перакладзе для літургічнага ўжытку ў нядзелі і сьвяты”.
Такім чынам, у нас было два наборы перакладзеных тэкстаў, якія вельмі адрозьніваліся паміж сабою як беларускай моваю, так і сваімі дачыненьнямі з грэцкімі арыгіналамі. Апрача таго, само пытаньне гэтых грэцкіх арыгіналаў заставалася цьмяным, бо аніводны зь перакладчыкаў не парупіўся пра крытычны падыход да тэксту – гэта значыць, грэцкія крыніцы нідзе не былі пазначаныя; а між тым паміж рознымі тэкстуальнымі крыніцамі ёсьць багата разыходжаньняў, часам нязначных, а часам даволі заўважных. Адпаведна, трэба было ня толькі згарманізаваць два пераклады, але й зьверыць іх з вартым даверу выданьнем грэцкіх Эвангельляў. Найлепшым крытычным выданьнем Новага Запавету ў сучаснай біблістыцы ёсьць, безумоўна, апошняе з выданьняў у гэтак званай тэкстуальнай традыцыі Нэстле-Аланд (Novum Testamentum Graece, Stuttgart, 1994). Яно й сталася тэкставай базаю для працы над нашым “апракосам”.
Тэкст тэкстам, а кніга кнігай. Эвангельле, зразумела, мусіла быць вельмі прыгожым. Але як зрабіць шыкоўную кнігу нам двом, якія ўмеем толькі працаваць з тэкстамі? І вось тут адбыўся першы прарыў. Ідэяй такога падарунка айцу натхнілася выдатная мастачка Алена Ткачова. (Многія чытачы “Царквы” могуць памятаць ейныя ілюстрацыі ў часопісе “Унія”, а таксама афармленьне малітаўніка “Госпаду памолімся”). Яна прапанавала зрабіць вышытую бісерам аксамітную вокладку. Маючы ў праекце тэкст ды вокладку, трэба было кнігу яшчэ неяк змакетаваць і пераплесьці. Дзякуй Богу, дзевяць беларусаў – вернікаў і прыяцеляў Беларускай каталіцкай місіі ў Ангельшчыне – ахвотна згадзіліся дапамагчы матэрыяльна і такім чынам далучыцца да падарунка юбіляру.
Алена абрала для вокладкі – ці, хутчэй, абкладу, – традыцыйны беларускі стыль, пабудаваны на прынцыпе каляровага кантрасту: на брунатным аксамітным тле – багаты арнамент у сіне-чырвона-залатой гаме, вышыты зь бісеру й стразы. Цэнтрам кампазіцыі верхняе вокладкі стаўся абраз Хрыста Чалавекалюбцы з разгорнутым Эвангельлем, ніжняе – шасьціканцовы крыж; па кутох абедзьвюх вокладак разьмясьціліся выявы-сымбалі чатырох эвангелістаў. Прататыпам для іконы Хрыста паслужыў абраз Хрыста Збаўцы з іканастасу лонданскае царквы сьв.сьв. апосталаў Пятра і Паўла. Аблічча Хрыста, рукі, Кніга й “жывёлы” эвангелістаў выкананыя ў алейным жывапісе. Алене дапамагала ейная сястра Марыя, якая вышыла ніжнюю вокладку. Гэтую надзвычай складаную й выкшталцоную працу мастачкі зрабілі за рэкордна кароткі тэрмін – паўтара месяцы.
Макет Эвангельля рабіўся ў выдавецтве “Наша будучыня”. Так як часу было катастрафічна мала, людзі ў выдавецтве былі загружаныя “пад завязку”, Ірына сама мусіла засвоіць навуку макетаваньня-шыхтаваньня ў сучасных кампутарных праграмах. Для кнігі была абраная танаваная папера высокай шчыльнасьці, якая нагадвае старажытныя пергаментныя манускрыпты. У афармленьні тытула і чатырох шмуцтытулаў ужытыя выявы дрэварытаў з Праскіх выданьняў Францішка Скарыны 1517–1519 гг. Тое самае тычыцца й ініцыялаў, што ўпрыгожваюць пачатак кожнага чытаньня. Праз усю кнігу тэкст абрамлёны простым і густоўным залацістым арнаментам, складзеным з наборных элементаў Віленскай друкарні Яна Карчана 1580–1611 гг.
Кніга пачынаецца авантытулам з прысьвячэньнем: “Гэтая кніга выдадзеная ў гонар айца Аляксандра Надсана на ягонае 80-годзьдзе дзеля духоўнага пажытку верных на славу Бога ў Тройцы Адзінага. Амін.” Над тэкстам Алена Ткачова напісала тэмперай з сусальным золатам мініятуру трох каралёў з дарамі,. Перад кожным разьдзелам – мініятура аднаго з эвангелістаў, у іхнім “літургічным” парадку: Ян–Мацьвей–Лука–Марк. Апошняя бачынка таксама мае сваю тэмперна-залатую віньетку пад сьпісам імёнаў ўсіх, што “зь любоўю й падзякаю ахвяруюць” гэтую кнігу айцу Аляксандру. Так што атрымалася сапраўдная “ілюмінаваная” кніга ў традыцыі эўрапейскага сярэднявечча. Менавіта гэты тэрмін найлепш адпавядае Аленінай працы, і ў выходных дадзеных так і пазначана: “Праілюмінавала Алена Ткачова”. Перад кожнай з шасьці ілюмінацыяў уклеілі паўпразрыстую матавую кальку, якая ня толькі мае аберагаць мініятуры, але й дадае ім шарму ды нейкай таямніцы.
Неацэнную дапамогу ва ўсіх выдавецкіх справах аказаў вядомы беларускі выдавец Зьміцер Санько, які, поруч з Аленай і Марыяй Ткачовымі, стаўся Менскім данатарам Эвангельля. Пераплёў кнігу выдатны майстра Леанід Бетанаў. Мастак Гэнік Лойка ўпісаў пяром нумары бачынак – дзеля захаваньня рукапіснага духу кнігі. Ён жа ўпрыгожыў адну з бачынак параю пераплеценых цмокаў. Апошнюю кропку паставіла Марыя Ткачова, прышыўшы чатыры багата затканыя рознакаляровыя закладкі. Цалкам Эванельле было гатовае ўвечары сьвята Перамяненьня, 6-га жніўня, а 7-га Ірына павезла яго ў Лондан, каб ужо на наступны дзень уручыць яго юбіляру. Так як Лондан стаўся месцам пастаяннага захоўваньня “Эвангельляў нядзельных і сьвяточных”, то й сама гэтая кніга як унікальны твор мастацтва атрымала свой уласны назоў: “Лонданскае Эвангельле”.
“Сонца тваё не закоціцца…”
Паралельна з Эвангельлем ішла праца па падрыхтоўцы Festschrift’у, які акрэсьліўся як міжнародны зборнік артыкулаў па беларусістыцы й багаслоўі. Звычайна ў юбілейныя зборнікі ахвяруюць свае новыя або непублікаваныя раней працы дасьледчыкі ў навуковай галіне юбіляра. Але так як айцец Аляксандар працаваў у вельмі шмат якіх галінах беларускае гуманітарнае навукі, а таксама ў некалькіх багаслоўскіх дысцыплінах, то й “галінамі” ягонымі можна назваць практычна ўсю беларусістыку ды багаслоўе. Акрамя таго, ён – адзін з найбольш вядомых навукоўцаў ды папулярызатараў беларускасьці ў замежжы. І ў зборніку мусілі знайсьці адбітак усе грані айцовае навуковае дзейнасьці. Таму было вырашана запрашаць да ўдзелу ў праекце як беларускіх, так і замежных вучоных, але дзеля спрашчэньня працы над зборнікам ды карыстаньня ім абмежавацца дзьвюмя мовамі – беларускай і ангельскай.
Зразумела, што пасьпець да юбілею было немагчыма, і трэба было сабраць за гэты кароткі час аўтараў, атрымаўшы ад іх папярэднюю назву артыкула й яго выцінку, ці кароткі зьмест. Такім чынам на сам юбілей можна было б падараваць добры намер, сфармуляваны як змест кнігі, а сам зборнік выдаць у гэтым годзе ды зрабіць яго прэзентацыі ў Менску і ў Лондане. Гэткі план меў свой выразны станоўчы бок, бо даваў магчымасьць расьцягнуць сьвяткаваньне айцовага юбілею, зрабіўшы яго сапраўднай грамадзкай ды культурнай падзеяю, а таксама дазволіў бы шырэйшаму колу людзей далучыцца да сьвяткаваньня.
Для назвы кнігі абралі словы з Ісаі 60:20 – “Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца”. Апроч шчасьлівага абяцаньня, ці добрай весткі, што яны нясуць у сабе, апроч іх паэтычнай прыгажосьці ды магутнай духоўнай моцы, гэтыя словы надзвычай ладна кладуцца ў беларускі культурны кантэкст, перагукваючыся са знакамітымі Скарынавымі сонцам і месяцам, што асьвятлілі шлях беларускага пісьмовага слова. А таксама, прамоўленыя ў форме вельмі асабістага звароту на “ты”, яны гавораць пра сьвятло асобы – пра трывалае й яркае сьвятло, што зьзяе іншым людзям. На нашую думку, гэта ўсё цудоўна адпавядала нагодзе.
Вядомы беларусіста прафесар літаратуры Лонданскага універсітэта Арнольд Макмілін ахвотна згадзіўся быць навуковым су-рэдактарам разам з Ірынай. Пазьней да рэдактараў далучыўся й гісторык Генадзь Сагановіч. Практычна ўсе навукоўцы, якіх запрасілі да ўдзелу ў Festschrift’це, як беларускія, так і міжнародныя, вельмі ахвотна адгукаліся на прапанову ды дзячылі за гонар быць запрошанымі – і гэта ня гледзячы на тое, што час для пісаньня артыкулаў быў ім дадзены зусім кароткі. І хаця запрасіць усіх, каго б хацелася, не ўдалося (пераважна праз тое, што проста фізічна не хапіла часу ўсім напісаць ці патэлефанаваць), колькасьць аўтараў на пачатак жніўня пераваліла за 60. Таксама да гэтага праекта далучыліся 20 паэтаў, прапанаваўшы ўпрыгожыць зборнік новымі вершамі.
Беларусістычная частка кнігі ахоплівае такія дысцыпліны як мовазнаўства, археалогія, гісторыя, кнігазнаўства, скарыназнаўства, кітабістыка, літіратуразнаўства, фалькларыстыка і этнаграфія, культуразнаўства, музыказнаўства, права, а таксама тэмы беларускай дыяспары й Чарнобыля. У многіх з гэтых дысцыплінаў айцец Аляксандар пакінуў свой прыкметны сьлед. Адметна, што многія аўтары, зыходзячы з асобы юбіляра, прапанавалі артыкулы, што пэўным чынам закранаюць пытаньні рэлігіі й беларускай духоўнасьці. Багаслоўская частка мае 7 разьдзелаў: біблістыка, сістэматычнае багаслоўе, патралогія, літургіка, душпастырскае багаслоўе, Старажытны Блізкі Усход ды рэлігіязнаўства. Амаль ва ўсіх разьдзелах ёсьць тэксты на абедзьвюх мовах. Цешыць таксама й тое, што да ўдзелу ўдалося прыцягнуць амаль усіх колішніх гадаванцаў айца Аляксандра. Гэта будзе, бадай, першы зборнік артыкулаў ў навуковым багаслоўі ў беларускім кантэксьце. А таксама гэта першы, наколькі нам вядома, міжнародны Festschrift для юбіляра-беларуса.
Увесь папярэдні зьмест зборніка быў выдадзены вельмі прыгожай каляровай брашуркай, якая й мусіла стаць непасрэдным “фізічным” падарункам юбіляру.
І вось у восьмы дзень восьмага месяца восьмага году (сума складнікаў у лічбе 2006) айцу Аляксандру Надсану споўнілася 80 гадоў. Раніцай у царкве сьв.сьв. апосталаў Пятра і Паўла адслужылі літургію, падчас якой дыякан Сяргей сказаў літанію за здароўе сьвятара Аляксандра, і ў канцы службы хор прасьпяваў яму “многія леты”. А ўвечары быў малебен падзякі, на які сабраліся ўсе, хто хацеў асабіста павіншаваць айца з днём нараджэньня. Абедзьве службы айцец Аляксяндар адслужыў – нам на радасьць – у новых залатых шатах, якія таксама былі адным з нашых калектыўных падарункаў і якія Сяргей прывез зь Беларусі напярэдадні юбілею. Пасьля службы мы ўсе сабраліся разам у канферэнц-залі Беларускай каталіцкай місіі ўшаноўваць айца падарункамі (апрача нашых дзьвюх кніжак, там было яшчэ багата цікавых і арыгінальных рэчаў) ды словамі ўдзячнасьці й любові, што ішлі з сэрцаў людзей – айцовых паплечнікаў, пасьлядоўнікаў і прыяцеляў. І гэтая вечарына сталася, спадзяемся, першай часткаю “трохэтапнага” сьвяткаваньня айцовага 80-годзьдзя. Прэзентацыі Festschrift’у ў Менску і ў Лондане могуць стаць выдатнай нагодаю для шырэйшых колаў – як рэлігійных, так і навуковых; як беларускіх, так і міжнародных – выказаць сваю пашану гэтаму незвычайнаму чалавеку, якога неаднаразова называлі духоўным лідэрам нацыі і нават “беларускім Далай-ламам”. Хай заўжды будзе зь ім Божае блаславеньне.
Ірына Дубянецкая і Сяргей Стасевіч