Ішоў 1997... Мне было гадоў 12-13. У сям'і бракавала грошай. Адзін з маіх крэўных моцна хварэў - і на лекаванне патрэбны былі вялікія сродкі, якіх проста не было адкуль узяць. Бабуля Валя (па кудзелі) прапанавала напісаць ліст да айцу Аляксандру Надсану і даслаць яму сваю першую кнігу вершаў "Кроў Сусьвету" - мо зможа хоць нейкім чынам паспрыяць "юнаму таленту", то бок мне, фінансава - на наступную кнігу ці ўвогуле па жыцці... Паўсюдна было шмат размоваў пра тое, што ён вельмі падтрымлівае тых, хто аддана гібее на ніве адраджэння Беларушчыны, перадусім - беларускіх пісьменнікаў... Бабуля сказала, што айцец Надсан добры чалавек і абавязкова дапаможа і зразумее, бо любіць Беларусь, што ён сапраўдны беларус...
Я села за парту (як цяпер памятаю, прадаваліся ў той час такія партачкіна адну асобу для хатняга ўжытку) і пачала пісаць ліст. Спынілася на першым сказе звароту: "Бабуля, я ж не магу пісаць "дарагі", бо ён жа мяне ня ведае... Я напішу "шаноўны спадар айцец", добра?..." Бабуля, усьміхнуўшыся, сказала, каб сама вырашала, бо ліст ад мяне, і выйшла, пакінуўшы мяне думаць... І я сапраўды задумалася, пачала разважаць (па-свойму, па-дзіцячы) пра Беларусь, пра Адраджэнне, пра грошы, пра кнігі, пра жыццё... Праз колькі часу, усхваляваная сваімі высновамі, падбегла да бабулі...
- Бабуля, я не магу!.. Я ня буду пісаць ліст айцу Аляксандру...
- Чаму, унучачка?..
- Бабуля, разумееш, я не магу, не магу забіраць у сваёй Беларусі... Зразумей, гэтыя грошы, няхай яны лепей пойдуць на справу, сапраўды, на тое, што больш вартае... У мяне няма ўпэўненасьці, што мая кніга зможа так дапамагчы. Праўда. Я не магу забіраць у маёй Радзімы - а раптам ёй ня хопіць на тое, каб адрадзіцца... А на тое, каб вылекаваць, я сама, сама зараблю, праўда... Ты мяне разумееш - так нельга, нельга забіраць на сваё ў ЯЕ!..
І бабуля зразумела. І пагадзілася. А я так і не дапісала ліст да айца Аляксандра Надсана.
Затое потым, пазьней, зь цікавасьцю чытала ягоныя артыкулы ў "Архэ", асабліва пра апельсіны ;)
Вось успамінаю я сябе ў маленстве... Тады я дакладна ведала, што ў Беларусі ёсьць свае сьвятыя беларусы. І жывуць яны недзе тут, зусім побач, на гэтай зямлі, на адной са мной Зямлі.