|
|
|
|

|
|

|
|
|
Каляднае слова а. Аляксандра Надсана
З набліжэньнем Калядаў вялікія і малыя гарады ў
Англіі, дзе я жыву, прымаюць сьвяточны выгляд: ялінкі на плошчах,
вулічныя асьвятленьні і ўпрыгожаньні, надпісы ў вокнах, якія жадаюць
усім «Merry Christmas», што значыць — радаснага сьвята Нараджэньня
Хрыста. Усё гэта, магчыма, ня мае асаблівага дачыненьня да сутнасьці
сьвята, але стварае прыемнае пачуцьцё агульнай добразычлівасьці і
прыносіць усім шмат нявіннай радасьці. Але вось у гэтым годзе ўладам
аднаго вялікага гораду такі радасны перадсьвяточны настрой прыйшоўся
недаспадобы, і яны вырашылі скасаваць усе публічныя праявы Калядаў. Яны
апраўдвалі свой учынак тым, што ў шматкультурным і шматрэлігійным
грамадзтве хрысьціянскае сьвята можа абражаць пачуцьці шматлікіх
не-хрысьціянаў — мусульманаў, індусаў і іншых, — што жывуць у гэтым
горадзе. І тут здарылася нечаканае. Самі не-хрысьціяне выказалі пратэст
супраць гэтай пастановы і сказалі: «Калі ласка, не касуйце Калядных
сьвяткаваньняў: нам яны вельмі падабаюцца».
Вось прыклад, як пад покрывам талерантнасьці часта хаваюцца праявы нецярпімасьці або абыякавасьці.
Мы жывём у сьвеце, які становіцца ўсё больш глябальнай вёскай, дзе
побач жывуць людзі розных расаў, нацыянальнасьцяў, моваў, культураў і
рэлігіяў. Усё гэта, з аднаго боку, робіць наша жыцьцё больш багатым. З
другога боку, нягледзячы на розьніцы, мы ўсё больш пераконваемся ў
адзінстве людзкога роду. У пытаньнях рэлігіі мы знаходзім таксама шмат
супольнага і добрага ў іншых, а шчырая пабожнасьць многіх
не-хрысьціянаў можа быць прыкладам для шмат каго з нас. Дый інакш быць
ня можа, бо ўсе рэлігіі маюць адну крыніцу — Бога, Творцу ўсяго. Тым ня
менш, розьніцы існуюць, і таму, каб пазьбегнуць небясьпекі рэлігійнай
абыякавасьці, нам трэба асэнсаваць сутнасьць нашай веры. Сёньняшняе
сьвята якраз паказвае на ейны ўнікальны характар: Бог сам стаецца адным
з нас, каб даць нам магчымасьць мець удзел у Ягоным Боскім жыцьці.
Бог стаецца чалавекам і прыходзіць да нас ня ў сіле і магутнасьці,
але як бездапаможнае немаўля, якое мае патрэбу нашай спагады і
дапамогі. Гэта і ёсьць сутнасьць нашай рэлігіі. Можна сказаць, што Бог
ушанаваў нас сваім зьяўленьнем сярод нас і выказаў нам давер. Гэта ён
пацьвердзіў усім сваім далейшым жыцьцём і дзейнасьцю на зямлі, аж да
Крыжовай сьмерці. На жаль, сярод многіх ён не знайшоў зразуменьня. «Да
сваіх прыйшоў, і свае Яго не прынялі» (Ян 1:11).
Сьвяты Павал сказаў: «Хай у вас будуць тыя самыя пачуцьці, што ў
Хрысьце Ісусе» (Плп 2:5). Вось якраз гэтага чакаецца ад пасьлядоўнікаў
Хрыста як на Каляды, так і праз усё жыцьцё. У нашым разрозьненым
грамадзтве талерантнае стаўленьне да іншых павінна абапірацца не на
рэлігійную абыякавасьць, але на глыбейшае асэнсаваньне нашай веры і
нашай супольнай апошняй мэты. А гэта азначае ў першую чаргу пашану адно
да аднаго і адмаўленьне ад ужываньня гвалту і сілы ня толькі фізычных,
але і ў накіданьні сваіх перакананьняў іншым. Хрысьціянін, які жыве
сваёй вераю, ніколі ня будзе рабіць нічога крыўднага і абразьлівага ў
адносінах да таго, чыіх перакананьняў ён не падзяляе. Безумоўна, ён
хоча, каб усе прыйшлі да пазнаньня той радасьці, якую дае вера ў
Хрыста. Таму ён ня будзе хаваць сваёй веры, а паступаць згодна з
загадам Боскага Настаўніка: «Так хай сьвеціць вашае сьвятло сярод
людзей, каб людзі бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўславілі вашага Айца,
што ў небе» (Мц 5:16).
Вось гэтыя думкі хай будуць нам да развагі ў гэты сьветлы дзень Нараджэньня Госпада і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста.
Хрыстос родзіцца: слаўце Яго!
|
|
|

|
|

|
|
|
|
|