21. Пісьменьнік і вучоны
Уладыка Чэслаў ня быў схільны да абстрактных разважаньняў: усё, што ён
рабіў, мела нейкую канкрэтную, практычную мэту. Toe можна сказаць і пра
ягоную пісьменьніцкую спадчыну, дзе ён заставаўся перш за ўсё сьвятаром i
пастырам.
Пра першыя пісьменьніцкія спробы Сіповіча ў віленскі i рымскі пэрыяды
ягонага жыцьця згадвалася ўжо вышэй (гл. разьдзелы “Вільня”, “У Вечным
Горадзе”, “Пачатак апостальскай дзейнасьці”). У Лёндане ён рэгулярна
супрацоўнічаў з часопісамі На шляху i Беларус на чужыне (1947–1950). Першы
артыкул Сіповіча “Асновы беларускага патрыятызму” зьявіўся ў сьнежаньскім
нумары часопісу Божым шляхам за 1947 год[154].
Артыкул, напісаны даволі кампэтэнтна, нагадвае студэнцкае практыкаваньне на
зададзеную тэму, з абавязковай цытатай зь сьв. Тамаша Аквінскага пра
герархічныя ступені нашых абавязкаў перад Богам, бацькамі i Бацькаўшчынай; i
з параўнаньнем буржуазнага касмапалітызму, камуністычнага інтэрнацыяналізму
i хрысьціянскага ўнівэрсалізму. Ёсьць думкі, якіх аўтар будзе трымацца праз
усё жыцьцё, напрыклад: «Бываюць часам абставіны, што чалавек у імя дабра той
жа самай бацькаўшчыны ёсьць змушаны прамаўчаць сапраўднае імя свае
народнасьці ці бацькаўшчыны, але гэта толькі ў выняткавых выпадках. Аднак
доўгае замоўчваньне свайго народнага імені i свае бацькаўшчыны, асабліва
калі яе крыўдзяць i калі трэба выступаць у абароне яе правоў, сьведчыла б ня
толькі аб малавартаснасьці таго, хто так паступаў бы, але было б для яго
ганьбаю». Наагул артыкул цікавы ня гэтулькі зьместам, колькі як паказьнік
спосабу мысьленьня аўтара i ягонага зацікаўленьня ў практычным ужываньні
прынцыпаў веры. Гэта пацьвярджаюць наступныя артыкулы. Вось тытулы некаторых
зь ix: “Часы Хрыста i нашы”[155],
“Сьвецкае апостальства”[156],
чатыры артыкулы пад агульным назовам “Рэлігійныя крывулі нашай інтэлігенцыі”[157]
ды інш. Нават артыкул “1054–1954”[158]
пра гісторыю i прычыны разрыву між Рымам i Канстантынопалем сканчаецца
практычнымі высновамі: «Сёньня, дзякаваць Богу, адчуваецца ўсюды зразуменьне
патрэбы адзінага хрысьціянскага фронту. Да чыста рэлігійных матываў, якія
дыктуюць людзям неабходнасьць стараньня аб устанаўленьні адзінства,
далучаецца яшчэ i дачасны матыў. Бязбожны камунізм ёсьць ворагам усіх
рэлігіяў, але асабліва хрысьціянскіх; было б шмат лягчэй змагацца з гэтым
ворагам, калі б было адзінства ў духу, праўдзе i на дзеле». Думка пра
еднасьць хрысьціянаў ніколі не пакідала Ўладыку Чэслава, i яна так ці іначай
прачытвалася амаль ва ўсіх ягоных артыкулах, казанях, справаздачах з
Ватыканскага Сабору. Некаторыя зь ix цалкам прысьвячаліся гэтай тэме,
напрыклад ягоная казань “Каб усе былі адно”[159]
ў Ўэстмінстэрскай катэдры 19 студзеня 1965 году з нагоды васьмідзённых
малітваў за царкоўную еднасьць. Уладыка быў добрым прамоўцам, ён гаварыў
жыва i займальна i ўмеў усталяваць непасрэдны кантакт з слухачамі.
У Папскім Усходнім Інстытуце ў Рыме Сіповіч спэцыялізаваўся ў царкоўнай
гісторыі. 19 сьнежня 1946 году ён абараніў доктарскую дысэртацыю Мітрапаліт
Ясон Я. Смагажэўскі, 1780–1788, пра Кіеўскага грэка-каталіцкага мітрапаліта
з часоў падзелу Рэчы Паспалітай, калі Кіеўская мітраполія была таксама
падзеленая на тры часткі, усе ў розных дзяржавах. У працы разглядаецца мала
дасьледваны пэрыяд гісторыі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, i даводзіцца
шкадаваць, што яна засталася ненадрукаванаю, можа таму, што пісалася на
лацінскай мове. Сам аўтар апублікаваў урыўкі зь яе па-беларуску ў часопісе
Божым шляхам[160], але,
відаць, зрабіць пераклад усёй працы не хапіла сілаў. Дарэчы, у 1965 годзе ў
сэрыі “Рымскія дакумэнты Каталіцкай Царквы на землях Украіны i Беларусі”
выйшла кніга Лісты Ясона Юношы Смагажэўскага, Каталіцкага Мітрапаліта
Кіеўскага (1780–1788)[161]
пад рэдакцыяй украінскага базыляніна айца Апанаса Вялікага (галоўны рэдактар
сэрыі) i біскупа Чэслава Сіповіча.
17 сакавіка 1968 году з нагоды 450-х угодкаў беларускага кнігадрукаваньня
ў Папскім Усходнім Інстытуце ў Рыме біскуп Сіповіч прачытаў даклад на тэму
“Доктар Францішак Скарына i ягоныя біблейскія выданьні”. Як сам біскуп
адзначыў у сваім дзёньніку, кіраўніцтва Інстытуту баялася, што на даклад
ніхто ня прыйдзе. Але ў сапраўднасьці выйшла наадварот: аўдыторыя была
поўная. Прыйшлі кардыналы Аўген Тысэран i Язэп Сьліпый, усе прафэсары
інстытуту, у тым ліку колішні прафэсар біскупа Сіповіча айцец Альбэрт Аман,
які ў сваім часе даволі крытычна выказваўся пра Скарыну i ягоную дзейнасьць.
Зьявіліся таксама ўсе “рымскія” беларусы на чале з айцом Татарыновічам i
праваслаўным сьвятаром айцом Раінам. 9 красавіка айцец Аман прыйшоў да
біскупа прасіць дазвол надрукаваць ягоны даклад. Біскуп мусіў яго
расчараваць: ён ужо абяцаў даклад часопісу Унітас[162].
Ён зазначыў у сваім дзёньніку: «Я ў дакладзе моцна айца Амана скрытыкаваў,
гэта, аднак, не пашкодзіла нашым добрым адносінам».
У Лёндане біскуп Сіповіч напісаў на ангельскай мове два артыкулы, якія
надрукаваў у Часопісе беларусазнаўства. Першы выйшаў у 1970 годзе i
называўся “Менская дыяцэзія, ейныя пачаткі, тэрыторыя i герархія”[163].
Другі – “Моўная праблема ў Каталіцкай Царкве ў Беларусі ад 1832 году да
Першай сусьветнай вайны”[164]
– зьявіўся праз тры гады. Абодва артыкулы мелі ня толькі гістарычную
цікавасьць. У першым аўтар паказаў, што Каталіцкая Царква ў Беларусі мела ў
мінулым сваю герархічную арганізацыю, якую ніхто ніколі не адмяняў. Між
іншага, адміністратар Менскі біскуп Слоскан быў яшчэ жывы, хоць i
знаходзіўся ў выгнаньні. Гэты факт служыў моцным аргумэнтам за тое, каб
Царква ў Беларусі мела свайго апостальскага адміністратара, а не залежала ад
Варшавы ці Беластоку. У другім артыкуле выяўляецца, што моўнае пытаньне ў
Каталіцкай Царкве ў Беларусі мае доўгую гісторыю i не зьяўляецца выдумкай
“шавіністаў” Сіповіча i Чарняўскага.
Як ужо згадвалася, 27 чэрвеня 1972 году Бібліятэка імя Ф. Скарыны набыла
цікавы рукапіс Х VІІ стагодзьдзя Архіерэйскай Літургіі сьвятога Яна
Залатавуснага на царкоўнаславянскай мове (беларускай рэдакцыі) з паралельным
лацінскім перакладам. Біскуп Тодар Скуміновіч, “суфраган Віленскі для
Беларусі” (Suffraganeus Vilnensis per Albam Russiam), у 1652 годзе падараваў
гэты рукапіс у царкву сьвятых мучанікаў Сяргея i Бакха ў Рыме, што тады
належала беларускім законьнікам-базылянам. Біскуп Сіповіч захапіўся
рукапісам i асобаю Тодара Скуміновіча. Ён пачаў вывучаць тэкст,
параўноўваючы яго зь іншымі літургічнымі тэкстамі ХVІ–ХVІІІ стагодзьдзяў зь
Беларусі, Украіны i Масквы. Ён таксама знайшоў шмат новых матар’ялаў пра
асобу Тодара Скуміновіча (к. 1610–1668), нашчадка старога беларускага роду,
які нарадзіўся i вучыўся ў Вільні, a пасьля працягваў навуку ў Кракаве i
Лювэне. Спачатку праваслаўны сьвятар, у 1643 годзе ён стаў каталіком
(рымскага абраду) i ў 1652 годзе ў Рыме ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ
(Santa Maria Maggiore) быў пасьвячаны на біскупа. Шэсьць гадоў працаваў
Уладыка над рукапісам. Нарэшце 15 сьнежня 1978 году ён мог напісаць у сваім
дзёньніку: «Сяньня прывезьлі з друкарні маю кніжку, 412 экз.: The Pontifical
Liturgy of Saint John Chrysostom... Ніхто ня ёсьць справядлівым судзьдзём
свайго твору, або свайго дзіцяці. Кожная кніга для аўтара – гэта ягонае
дзіця... Вокладка эстэтычна выглядзіць як запраўдная літургічная кніжка.
Эстэтычна ўдалася... Дзякуй Богу за дадзены мне час i сілы дзеля гэтай
кнігі! Суд аб ёй пакідаю іншым, a таксама магу паўтарыць ведамы сказ: Feci
quod potui, potentes faciant meliora! (зрабіў, што мог, хай тыя, што могуць,
зробяць лепш – А.Н.)». Кніга мае поўны тытул “The Pontifical Liturgy
of Saint John Chrysostom. A Manuscript in the Slavonic text and Latin
translation”[165]
(Архіерэйская Літургія сьвятога Яна Залатавуснага. Рукапісны славянскі тэкст i лацінскі пераклад). Кнігу выдала Бібліятэка імя Ф. Скарыны.
Пад вокладкай, апрача факсымільнай рэпрадукцыі самога рукапісу,
ёсьць артыкул пра Тодара Скуміновіча, напісаны на аснове раней
не вядомых дакумэнтаў, i тое, што біскуп Сіповіч сьціпла назваў
“Тлумачальныя літургічныя заўвагі” (Explanatory liturgical notes), а
насамрэч грунтоўнае дасьледаваньне беларускай літургічнай традыцыі параўнаўча з украінскай i маскоўскай. У цэлым гэта выдатны навуковы твор, значны ўнёсак у вывучэньне гісторыі Царквы i
літургічнай традыцыі ў Беларусі. Уладыка Чэслаў прысьвяціў яе
“Апосталам i мучанікам за царкоўную еднасьць у Беларусі” (To the
Apostles and Martyrs for Church Unity in Byelorussia).
Біскуп Сіповіч марыў напісаць гісторыю друйскіх марыянаў.
Дзеля гэтага ён гадамі зьбіраў матар’ялы. Аднак ажыцьцявіць свой
намер яму не давялося. Можа й добра, што гэтак здарылася. Найлепшыя гады
маладосьці Ўладыкі Чэслава прайшлі ў Друі, i ён быў схільны ідэалізаваць
усё, зьвязанае зь ёю. А там, дзе ўваходзяць у гульню асабістыя пачуцьці,
цяжка чакаць аб’ектыўнасьці.
Жыцьцяпісы айцоў Андрэя Цікоты (1891–1952) i Фабіяна Абрантовіча
(1884–1946), напісаныя Ўладыкам Чэславам, могуць служыць пацьверджаньнем
вышэй сказанага. Абодва згаданыя сьвятары – выдатныя асобы, абодва памерлі
ў савецкіх турмах, дзе, паводле сьведкаў, паводзілі сябе зь вялікай
годнасьцю. Гэта накладае на іхнага біёграфа абавязак пісаць пра ix з
павагаю, але тым ня менш праўдзіва.
Жыцьцяпіс Цікоты застаўся ў рукапісе. Затое праца пра Абрантовіча
пабачыла сьвет у часопісе Божым шляхам у 1957 годзе[166].
Вось як яна пачынаецца: «Айцец архімандрыт Фабіян Абрантовіч ёсьць вялікім
сынам беларускага народу. Ягонае імя ўпісанае залатымі літарамі такжа ў
гісторыю Каталіцкай Царквы наагул i Беларускай у асаблівасьці, якой ён аддаў
усе свае таленты i ўканцы – сваё жыцьцё». Пасьля такога ўступу можна
прабачыць чытачу, калі ён, прачытаўшы ўвесь артыкул, застанецца
расчараваным, бо ня ўбачыць, чым гэты чалавек заслужыў такую пахвалу. У
сапраўднасьці Абрантовіч – трагічная фігура, зь якой зьвязваліся
нязьдзейсьненыя надзеі многіх беларусаў.
Сіповіч бачыў Абрантовіча ў Друі ў 1926–1928 гадох i нават чуў ягоныя
казані ў царкве. Вось што ён сам піша пра гэта: «У той час, калі a. Фабіян
быў у друйскім манастыры, я хадзіў у друйскую народную школу. Мы, школьнікі,
кожную нядзелю павінны былі прысутнічаць на т. зв. вучнёўскай Імшы, каторая
адпраўлялася для нас i для гімназістаў. Пасьля трыццаці гадоў я яшчэ помню
адно параўнаньне, якое а. Фабіян ужыў у часе свайго казаньня да вучняў,
тлумачачы тое, што чалавек не павінен быць пустым i заносьлівым. Ён казаў:
“Чаму бочка гудзе? – Бо пустая!”»[167]
Варта прыгадаць, што згодна з парадкам, устаноўленым а. Цікотам і
зацьверджаным біскупам Матулевічам 7 ліпеня 1925 году, казані на нядзельнай
вучнёўскай Імшы (як і на г.зв. “суме”, або галоўнай Імшы) былі на польскай
мове.) Аднак асабіста яны, бадай, ня ведалі адзін аднаго, бо Абрантовіч
пакінуў Друю перад тым, як Сіповіч прыйшоў у ювэнат. Знаёмства адбылося
пазьней, магчыма, ў 1934 годзе, калі Абрантовіч прыехаў на кароткі час у
Эўропу i завітаў у Друю, або, больш праўдападобна, у 1939 годзе ў Рыме.
Лепей ведаў Сіповіч Цікоту, супэрыёра Друйскага кляштару да 1933 году.
Беручы пад увагу розьніцу веку i становішча, гэта было знаёмства “на
адлегласьці”, з элемэнтам юнацкага захапленьня сваім героем. Такі настрой
адчуваецца ў рукапісным жыцьцяпісе Цікоты, дзе апошні – нягледзячы на спробы
аўтара падаць яго як “рыцара без заганы” – выглядае даволі блякла,
“безасабова” на фоне агульных падзеяў, якім аддаецца шмат месца.
Зусім іншы характар маюць артыкулы пра любімага настаўніка i выхаваўца,
а. Язэпа Германовіча, які навучыў Сіповіча любіць ня толькі Бога, але i
Беларусь. У Лёндане y 1960 годзе ролі памяняліся, і ранейшы вучань стаў
начальнікам свайго старога настаўніка. Айцец Язэп любіў паўтараць, што сам
вінаваты, бо ўзгадаваў сабе на галаву... Характэрна, што два з трох
артыкулаў пра айца Язэпа аўтар падпісаў псэўданімамі “Я. Вучань” (г. зн.
“Язэпаў вучань”) i “Вучань Вінцука Адважнага”. Толькі трэці – нэкралёг –
Уладыка Чэслаў падпісаў сваім прозьвішчам[168].
Ня менш цёпла пісаў біскуп Сіповіч пра свайго прыяцеля i блізкага
супрацоўніка, айца Льва Гарошку, якому па ягонай сьмерці прысьвяціў увесь
нумар часопісу Божым шляхам (№ 149, 1978, 40 с.).
У апошнія гады Ўладыку Чэславу прыйшлося пісаць пра многіх прыяцеляў i
знаёмых, якія адышлі з гэтага жыцьця. У ix выявілася шчодрасьць ягонага
сэрца, што хацела бачыць добрае ў кожным чалавеку.
Notes
[154] Сіповіч Ч. “Асновы
беларускага патрыятызму”, Божым шляхам, № 3, Парыж, 1947.
[155] Сіповіч Ч. “Часы
Хрыста i нашы”, Божым шляхам, № 8 (11), 11-12 (14-15), Парыж, 1948.
[156] Сіповіч Ч. “Сьвецкае
апостальства”, Божым шляхам, № 5 (44), Парыж, 1951.
[157] Сіповіч Ч.
“Рэлігійныя крывулі нашай інтэлігенцыі”, Божым шляхам, № 46, 47, 48, 49.
Парыж, 1952–1953.
[158] Сіповіч Ч.
“1054–1954”, Божым шляхам, № 61, Парыж, 1954.
[159] Сіповіч Ч. “Каб усе
былі адно”, Божым шляхам, № 2 (89), Лёндан, 1965.
[160] Сіповіч Ч. “Кіеўская
мітраполія ў другой палове ХVІІІ ст.”, Божым шляхам, № 2 (41) –5 (44),
Парыж, 1951.
[161] Epistolae Jasonis
Junosza Smogorzewski, Metropolitae Kioviensis Catholici (1780–1788).
Collegerunt P. Athanasius G. Welykij, Exc. D. Ceslaus Sipovic. Romae 1965,
455 p. (Documenta Romana Ecclesiae Catholicae in Terris Ucrainae et
Belarussiae).
[162] Ceslao Sipovic. “II
dottor Francesco Skaryna e la sua opera biblica”, Unitas, Year XXIII, Rome,
April–June 1968, p. 126–138.
[163] Sipovich С. The
Diocese of Minsk, its Origin, Extent and Hierarchy”, The Journal of
Byelorussian Studies, Vol. II, No. 2, London, 1970, p. 177–191.
[164] Sipovich C. “The
Language Problem in the Catholic Church in Byelorussia from 1832 to the
First World War”, The Journal of Byelorussian Studies, Vol. 111, No. 1,
London, 1973, p. 3–40.
[165] The Pontifical
Liturgy of Saint John Chrysostom. A Manuscript in the Slavonic text and
Latin translation. Edited with explanatory liturguical notes by Ceslaus
Sipovich. London, The Francis Skaryna Byelorussian Library and Museum, 1978,
205 p.
[166] Сіповіч. “Айцец Архімандрыт Фабіян Абрантовіч”,
Божым шляхам, № 76–81, Парыж, 1957, с.
12.
[167] Ч. Сіповіч. “Айцец
Архімандрыт Фабіян Абрантовіч”, Божым шляхам, № 76–81, Парыж, 1957, с.
14–15.
[168] Я. Вучань. “Вінцук
Адважны”, Конадні, № 7, Нью-Ёрк–Мюнхэн, 1963; Вучань Вінцука Адважнага. “Айцец Язэп Гэрмановіч – жыцьцё i творчасьць”,
Божым
шляхам, № 82, Лёндан, 1964; Сіповіч Ч., “Сьвятой памяці Айцец
Язэп Гэрмановіч”, Божым шляхам, № 150, Лёндан, 1979.