Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Гадзіна 9


 

 

Гадзіна 9

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Суцяшальнiку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш. Скарбніца дабра i жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа... (Тройчы) Слава ... цяпер ...

Усесьвятая Тройца... Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава ... цяпер ...

Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства...

Чытальнік: Амін.


Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава ... цяпер ...

Прыйдзiце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага

Псалом 83

Якое мілае жыльлё Тваё, Госпадзе сілаў! Душа мая ўздыхае і тужыць па двары Гасподнiм.

Сэрца маё і цела iрвуцца радасна да Бога жывога.

Нават малая птушка знаходзіць жыльлё сабе, i ластаўка гняздо сабе, дзе б пакласьцi птушанятаў сваіх,

Ля алтароў Тваiх, Уладару мой i Божа збаўленьня майго.

Шчасьлівыя тыя, што жывуць у доме Тваім, Госпадзе: вечна могуць яны славіць Цябе.

Шчасьлівыя тыя, што маюць Цябе памочнікам, калі зьбіраюцца ў сьвятую дарогу:

Ідучы далінаю плачу, яны адкрываюць ў ёй крыніцы; i першы дождж пакрывае iх блаславеньнем;

Пойдуць наперад з сілаю, што ўсьцяж мацнее, убачаць Бога багоў на Сыёне.

Госпадзе сілаў, пачуй малітву маю; будзь уважлівы да мяне, Божа Якуба!

Абаронца наш, Божа! Глянь ласкава на аблічча памазаньніка Твайго.

Сапраўды лепшы адзін дзень на панадворку Тваім за тысячы.

Стаяў бы лепш ля парогу дому Бога майго, як у палацах грэшнікаў.

Бо Госпад Бог – сонца і шчыт; Госпад дае ласку і славу; тых, што жывуць цнатлiва, Ён не пазбавіць дабротаў сваіх.

Госпаде Божа сілаў, шчасьлівы чалавек, якi спадзяецца на Цябе.

Псалом 84

Ты, Госпадзе, паказаў ласку зямлі Тваёй, вярнуў з палону Якуба.

Ты адпусьціў беззаконьні людзей Тваіх, пакрыў усе грахі iх.

Ты стрымаў ярасьць Тваю, суняў люты гнеў Твой.

Аднаві нас, Божа збаўленьня нашага, стрымай абурэньне Тваё на нас.

Няўжо ж будзеш вечна гневацца на нас, доўжыць гнеў твой з пакаленьня у пакаленьне?

Няўжо ж зноў не ажывіш нас, каб людзі Твае цешыліся ў Табе?

Акажы нам, Госпадзе, міласэрнасьць Тваю i дай нам Тваё збаўленьне.

Паслухаю, што кажа Госпад Бог; Ён абвяшчае супакой людзям сваім і сьвятым сваім, і ўсім, што ў сэрцах сваіх навернуцца да Яго.

Блізкае збаўленьне Ягонае для тых, што баяцца Яго, каб слава Яго пасялілася ў нашай зямлі.

Міласэрнасьць і праўда сустрэнуцца, справядлівасьць і супакой абдымуцца.

Праўда на зямлі зьявіцца і справядлівасьць сыдзе з нябёсаў.

Бо Госпад дасьць дабро i зямля наша дасьць плод свой.

Справядлiвасьць пойдзе перад Ім, а ўсьлед за Ім пойдзе збаўленьне.

Псалом 85

Нахілі, Госпадзе, вуха Тваё, i пачуй мяне: бо я бедны і ўбогі.

Сьцеражы душу маю, бо я Табе адданы; збаў слугу Твайго, які спадзяецца на Цябе.

Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо Цябе клічу ўвесь дзень.

Узрадуй душу слугі Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, узношу сэрца маё.

Бо Ты, Госпадзе, добры i ласкавы, i шматміласэрны для тых што клічуць Цябе.

Пачуй, Божа, малітву маю, будзь уважлівы да голасу просьбы маёй.

У дзень суму майго клічу Цябе, і Ты пачуеш мяне.

Між багоў няма роўнага Табе, Госпадзе, няма дзеяньняў падобных да Тваіх.

Усе народы, створаныя Табою, прыйдуць і паклоняцца Табе, Госпадзе, i славу аддадуць імю Твайму.

Бо Ты вялікі і творыш цуды, Ты – Бог адзіны.

Навучы мяне, Госпадзе, шляхом Тваім, каб мне паступаць згодна з Тваёй праўдаю, і каб сэрца маё ўсцешылася ў страху iмя Твайго.

Буду хваліць Цябе, Госпадзе Божа мой, ад усяго сэрца майго i буду славіць імя Тваё на ўсе вякі.

Бо міласэрнасьць Твая да мяне вялікая: Ты ўзьняў душу маю з бездані апраметнай.

Божа, гордыя паўсталі супраць мяне, і бунтаўнікі шукаюць душы маёй, не маючы Цябе перад вачамі сваімі.

Але Ты, Госпадзе Божа, шчодры i дабратлівы, доўгацярплівы, шматміласэрны і праведны.

Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною; дай сілу Тваю слузе Твайму, і збаў сына слугі Тваёй.

Дай мне знак Тваёй спагадлівасьці, каб ненавісьнікі мае ўбачылі і засаромеліся, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне i ўсьцешыў мяне (Двойчы).


Слава ... Цяпер ...

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы)


Слава ...

Трапар дня або сьвята.

Цяпер ...

(Багародзічны). Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы * і на крыжы пацярпеў, / сьмерцю зьнішчыў сьмерць * i явiў сябе Богам ва ўваскрасеньні, / не пагардзі творамi рук Тваіх, * пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, / прымі малітвы за нас Багародзiцы, * якая нарадзіла Цябе, / і збаў, Збавіцелю добры наш, * людзей бездапаможных.


----------

У Вялікі Пост бывае чытаньне Псалтыра; а пасьля яго:

(Тон 8). Хрысьце Божа, што ў дзевятую гадзіну дзеля нас прыняў сьмерць цялесную, умярцьвi цела нашага пажаданьні і збаў нас. (Паклон)

Верш. Няхай малітва мая наблізіцца да Цябе. Госпадзе: дай мне разуменьне згодна са словам Тваім.

Хрысьце Божа, што ў дзевятую гадзіну...

Верш. Няхай просьба мая дойдзе да Цябе Госпадзе: згодна са cловам Тваiм збаў мяне.

Хрысьце Божа, што ў дзевятую гадзіну...

Слава ... цяпер ...

Багародзічны. Ты, што дзеля нас... (Гл. вышэй)

----------


Не пакінь нас да канца дзеля iмя Твайго сьвятога, не разбуры запавету Твайго і не аддалі міласьці Тваёй ад нас, дзеля Абрагама любага Твайго, i Ісаака слугi Твайго, і Ізраіля сьвятога Твайго.

Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства...

Чытальнік: Амін.


Кандак дня або сьвята.


----------

У Вялікі Пост:

(Тон 8). Убачыўшы Ўладара жыцьця, што вісеў на крыжы, разбойнік сказаў: Калі б расьпяты з намі ня быў Богам, сонца не схавала бы промняў сваіх, і зямля не затраслася б у трапятаньні. Але Ты, Госпадзе, што ўсё церпіш, успомні мяне ў валадарстве Тваiм.

Слава ...

Крыж Твой стаўся мерай праведнасьці для двух разбойнікаў: адзін з iх пад цяжаром блюзьнерства сышоў у пекла; другі, пазнаўшы ў Табе Бога, вызваліўся ад грахоў. Хрысьце Божа, слава Табе.

Цяпер ...

Убачыўшы на крыжы расьпятага Цябе, Ягнё і Пастыра, і Збавіцеля сьвету, Маці Твая з плачам казала: Сыне і Божа мой, сьвет радуецца, атрымаўшы вызваленьне, а сэрца маё гарыць, бачачы Тваё расьпяцьце, якое Ты церпіш за ўсіх.

Госпадзе, зьмілуйся. (40)

Доўгацярплівы, шматміласэрны і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахiнi нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

----------


Чытальнік: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава ... Цяпер ...

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога–Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамi сьвятых айцоў нашых Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Чытальнік: Амін.


----------

У вялікі Пост: малiтва сьв. Ахрэма Сiрыйца з паклонамi.

----------


Чытальнік: Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца.... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства...

Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Малітва. Уладару Госпадзе Ісусе Хрысьце, даўгацярплівы да нашых правінаў, Ты прывёў нас аж да гэтай хвіліны, калі, вісячы на жыцьцядайным дрэве, Ты разумнаму разбойніку ўчыніў уваход у рай і разбурыў сьмерцю сьмерць. Ачысьці нас грэшных і нягодных слугаў Тваiх, бо мы зграшылі і чынілі благое; і цяпер мы нявартыя ўзьняць вочы нашыя і глянуць на вышыню нябесную, бо мы пакінулі дарогу праўды Тваёй і хадзілі, куды вяло нас нашае сэрца. Але вось молім Тваю бязьмерную дабрыню: пашкадуй нас, Госпадзе, у Тваёй вялікай міласэрнасьці і збаў нас дзеля імя Твайго сьвятога, бо дні нашыя прапалі ў марнасьцi. Вызвалі нас з рукі праціўніка, адпусьці нам грахі нашыя, i умярцьві цялеснае нашае мудраваньне, каб мы, адклаўшы старога чалавека, у новага апрануліся і жылі дзеля Цябе, Уладара і Дабрачынца; і, ідучы за тваімі прыказаньнямі, дасягнулі вечнага супакою, дзе для ўсіх праведных радаснае жыльлё. Бо Ты сапраўдная радасьць і вясельле для тых, што любяць Цябе, Хрысьце Божа наш, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом i з усесьвятым, добрым i жыцьцядайным Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Чытальнік: Слава ... Цяпер ... Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых і баганосных айцоў нашых, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Чытальнік: Амін.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст