ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 6). Ты перамог пекла, Хрысьце Божа,
узышоўшы на крыж, каб уваскрасіць з сабою тых, што сядзелі ў сьмяротнай цемры,
і, сам свабодны ад сьмерці, ад Твайго сьвятла даеш усім жыцьцё. Усемагутны
Збавіцелю, зьмілуйся над намі!
Сёньня Хрыстос, уваскросшы, перамог сьмерць, як прадказаў, і
дараваў радасьць сьвету ўсяму. Дзеля гэтага голасна пяём: "Крыніца жыцьця,
Сьвятло недасяжнае, зьмілуйся над намі!"
Дзе нам схавацца ад Цябе, Госпадзе, бо Ты ж прысутны ва ўсім
стварэньні: у небе Ты жывеш; у пекле Ты перамог сьмерць; у глыбіні марской – і
там рука Твая, Уладару. Да Цябе прыбягаем і, прыпадаючы, молімся: "Госпадзе, што
ўваскрос з мёртвых, зьмілуйся над намі!"
Крыжом Тваім, Хрысьце, хвалімся і ўваскрасеньне Тваё ў
песьнях славім, бо Ты Бог наш, апроч Цябе іншага бога ня знаем.
Слава сіле Тваёй, Госпадзе, бо Ты перамог таго, хто меў
сьмерці ўладу, і абнавіў нас крыжом Тваім, даруючы жыцьцё і нятленнасьць.
Заўжды бласлаўляем Госпада і славім уваскрасеньне Яго, бо Ён,
пацярпеўшы на крыжы, сьмерцю сьмерць перамог.
Слава...: Пахаваньнем Тваім, Госпадзе, Ты зьнішчыў аковы
пякельныя, разьбіўшы іх, і Тваім уваскрасеньнем з мёртвых Ты прасьвятліў увесь
сусьвет. Госпадзе, слава Табе!
Цяпер...: (Дагматык).
Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая,
мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе,
прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся
праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх
нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць
зьмілаваньне душам нашым.
Вялікі пракімен (Пс 17:2,3,4,7):
Буду любіць Цябе, Госпадзе, сіла мая, Госпад умацаваньне маё, прытулак мой і
Збавіцель мой.
Верш 1: Бог мой – памочнік мой: на Яго спадзяюся.
Верш 2: Славячы, буду клікаць Госпада і ад ворагаў
маіх вызвалюся.
Верш 3: Ён пачуў голас мой са сьвятога жыльля
свайго.
Вершапесьні
Уваскрасеньню Твайму, Хрысьце Спасе, анёлы ў небе пяюць
песьню хвалы: дазволь і нам тут на зямлі з чыстым сэрцам славіць Цябе.
Хай уваскрэсьне Бог... і г. д. (Гл.
вершапесьні вячэрні нядзелі Вялікадня) |