Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Сьвятое Мірапамазаньне - новая рэдакцыя


 

 

Сьвятое Мірапамазаньне - новая рэдакцыя

Тэкст службаў у перакладзе а. Аляксандра Надсана,
папраўлены і пашыраны.
Тэксты Сьвятога Пісьма ў новым перакладзе з грэцкай мовы.
Агульная рэдакцыя і пераклад – а. Сяргей Стасевіч і д-р Ірына Дубянецкая

Адбываецца адразу пасьля сьвятога Хросту.

Дыякан: Блаславі, Уладару.

Сьвятар: Блаславёнае валадарства Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

(Тон 6) Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад ўсяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Гэтаксама пасьля наступных просьбаў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

Дыякан: За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

Дыякан: За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

Дыякан: За Сьвятога Айца нашага ..., Папу Рымскага, дастойнага архібіскупа (або багалюбнага біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей, Госпаду памолімся.

Дыякан: За Богам сьцеражоны народ наш, за ўлады і ўсё войска, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб праз памазаньне ўсесьвятым, дабрадзейным і ўседавяршальным мірам новапрасьветленаму слузе Божаму (або новапрасьветленай слузе Божай) (імя) была дадзеная боская моц для пераадоленьня і патаптаньня ўсіх супраціўных д’ябальскіх падкопаў і нападаў, што ад цела і ад сьвету паходзяць, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб яму (або ёй) быць адважным і пераможным змагаром (або адважнай і пераможнай змагаркаю) Хрыста Бога нашага, сілаю, дзеяньнем, ласкаю і найсьцем Сьвятога Духа, праз памазаньне ўсесьвятога міра, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб праз памазаньне ўсесьвятога міра быць яму (або ёй) цьвёрдым, і моцным, і непахісным (або цьвёрдай, і моцнай, і непахіснай) ў правай веры, любові і надзеі, праз усе дні жыцьця яго (або яе), Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб праз памазаньне ўсесьвятога міра была яму (або ёй) дадзеная ласка адважна, бяз страху і сораму, вызнаваць перад усімі імя Хрыста Бога нашага і заўсёды быць гатовым (або гатоваю) дзеля Яго пакутаваць і з любоўю памерці, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб яму ўзрастаць ува ўсіх дабрадзейнасьцях і мець посьпех у запаветах Хрыста Бога нашага, праз памазаньне ўсесьвятога міра, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб збавенным страхам захаваць душу яго (або яе) ў чысьціні і праўдзе, праз памазаньне ўсесьвятога міра, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб яму (або ёй) дасьпець у дасканалага чалавека паводле меры росту паўнаты Хрыстовае, сілаю, дзеяньнем, ласкаю і найсьцем Найсьвятога Духа, праз памазаньне ўсесьвятога і ўседавяршальнага міра, Госпаду памолімся.

Дыякан: Каб яму (або ёй) і нам выбавіцца ад усякага смутку, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін

Сьвятар: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Блаславёны Ты, Госпадзе Божа ўсемагутны, крыніца ўсяго добрага, сонца справядлівасьці, сьвятло збаўленьня, якое зазьзяла тым, што былі ў цемры, прыйсьцем адзінароднага Сына Твайго і Бога нашага. Ты дараваў нам, нявартым, блаславёнае ачышчэньне ў сьвятой вадзе і боскае асьвячэньне ў жыватворчым памазаньні. Вось і сёньня Ты меў ласку нарадзіць наноў слугу Твайго (або Тваю), новапрасьветленага (або новапрасьветленую) вадою і Духам, і адпушчэньне вольных і міжвольных грахоў яму (ёй) дараваў. Дык, міласэрны Уладару ўсіх, дай яму (або ёй) пячатку дару Сьвятога, усясільнага і годнага пакланеньня Твайго Духа, і прычасьце сьвятога Цела і пачэснае Крыві Хрыста Твайго. Захавай яго (або яе) ў асьвячанасьці Тваёй і ўмацуй у правай веры, вызвалі ад ліхога і ўсіх пачынаньняў ягоных; і збавенным Тваім страхам захавай у чысьціні і справядлівасьці душу ягоную (або ейную), каб, робячы прыемнае Табе кожным дзеяньнем і словам, стаўся ён сынам і спадкаемцам (або сталася яна дачкою і спадкаемніцаю) нябеснага Твайго валадарства.

(Уголас) Бо Ты Бог наш, Бог ласкі і збаўленьня, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар памазвае новаахрышчанага (-ую) мірам, робячы знак крыжа на ілбе, вачах, ноздрах, вуснах, вушах, грудзях, руках і нагах, кажучы за кожным разам:

ПЯЧАТКА ДАРУ СЬВЯТОГА ДУХА. АМІН.

Тады бярэ новаахрышчанага (або, калі гэта малое дзіця, хросных бацькоў) за руку і, пакрыўшы яе эпітрахілем, абводзіць яго (або яе) вакол хрысьцільні тройчы. У міжчасе людзі сьпяваюць:

Людзі: Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся. Алілуя. (Тройчы)

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар:Мір усім.

Чытальнік: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік (чытае пракімен, Пс 26:1): Госпад — прасьвятленьне маё і збавіцель мой: каго мне баяцца?

Верш: Госпад — абаронца жыцьця майго: перад кім мне дрыжэць?

Дыякан: Мудрасьць.

Чытальнік: Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Рымлянаў.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Чытальнік: Браты, усе мы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у сьмерць Ягоную ахрысьціліся. Мы пахавалі сябе разам з Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос устаў з мёртвых, дзякуючы славе Айца, так і нам увайсьці ў новае жыцьцё. Бо, паколькі мы былі злучаныя з Ім сьмерцю, падобнаю да Ягонай сьмерці, гэтаксама будзем злучаныя з Ім і ва ўваскрасеньні. Дык ведайце, што стары наш чалавек быў укрыжаваны разам з Ім для зьнішчэньня грэшнага цела, каб нам ужо больш ня быць у няволі граху. Бо хто памёр, той ужо вольны ад граху. Дык калі мы памерлі з Хрыстом, верым, што будзем жыць разам з Ім, ведаючы, што Хрыстос, устаўшы з мёртвых, ужо не ўмірае, сьмерць ня мае ўлады над Ім. Бо калі памёр, дык памёр для граху адзін раз, а калі жыве, дык жыве для Бога. Так і вы разумейце, што вы памерлі для граху, а жывеце для Бога ў Хрысьце Ісусе. (Рым 6:3-11)

Сьвятар: Мір табе.

Чытальнік: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.

Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя.

Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць сьвятое Эвангельле.

Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму духу.

Сьвятар: Чытаньне сьвятога Эвангельля паводле Мацьвея.

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Таго часу адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды прызначыў ім Ісус. I, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму, а іншыя ўсумніліся. Тады Ісус падышоў і зьвярнуўся да іх, кажучы: “Дадзеная мне ўся ўлада на небе і зямлі. Дык ідзіце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, і вучыце іх захоўваць усё, што Я вам наказаў. Вось, Я з вамі праз усе дні да сканчэньня веку.” Амін. (Мц 28:16-20)

Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся (Гэтаксама пасьля наступных просьбаў).

Дыякан: За Сьвятога Айца нашага ..., Папу Рымскага, і за дастойнага архібіскупа (багалюбнага біскупа) нашага ..., і за ўсіх у Хрысьце братоў і сёстраў нашых Госпаду памолімся.

Дыякан: За Богам сьцеражоны народ наш, за ўлады і ўсё войска, Госпаду памолімся.

Дыякан: Яшчэ молімся за літасьць, жыцьцё, мір, здароўе, збаўленьне і непахіснасьць у веры для слугі Божага, хроснага (або хроснае, або хросных) ... (імя або імёны).

Дыякан: Яшчэ молімся за новапрасьветленага слугу Божага (або новапрасьветленую слугу Божую) ..., каб захавацца яму (або ёй) у чыстым вызнаньні веры, ва ўсякай дабрадзейнасьці і ў выкананьні запаветаў Хрыстовых праз усе дні жыцьця яго (або яе).

Сьвятар: Бо Ты літасьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава ... цяпер ... Госпадзе, зьмілуйся (тройчы). Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які пажадаў хрысьціцца ў Ярдане ад Яна дзеля нашага збаўленьня, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і годных пахвалы апосталаў; (сьвятога царквы і дня), сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст