Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Парадак Споведзі - новая рэдакцыя


 

 

Парадак Споведзі - новая рэдакцыя

(Дадзены тэкст пакуль не прайшоў апрабацыю духоўных уладаў у Рыме)

Тэкст службаў у перакладзе а. Аляксандра Надсана,
папраўлены і пашыраны.
Тэксты Сьвятога Пісьма ў новым перакладзе з грэцкай мовы.
Агульная рэдакцыя і пераклад – а. Сяргей Стасевіч і д-р Ірына Дубянецкая

Сьвятар, усклаўшы на сябе эпітрахіль, кажа: Блаславёны Бог наш ..., Сьвяты Божа ..., Ойча наш ..., а пасьля наступныя трапары:

Зжалься над намі, Госпадзе, зжалься над намі; ніякага апраўданьня не знайшоўшы, гэтую малітву Табе, Уладару, мы, грэшныя, прыносім: зжалься над намі.

Слава ...

Госпадзе, зжалься над намі, бо на Цябе спадзяемся; ня гневайся на нас надта і не памятай беззаконьняў нашых, але глянь на нас ласкава і выбаў нас ад ворагаў нашых, бо Ты Бог наш, а мы люд Твой, ўсе – творы рук Тваіх, і імя Тваё клічам.

Цяпер ...

Міласэрнасьці дзьверы адчыні нам, блаславёная Багародзіца, каб мы, што спадзяемся на Цябе, не загінулі, але выбавіліся праз Цябе ад бедаў, бо Ты збаўленьне роду хрысьціянскага.

І падрабязна распытаўшы каетніка пра ўсе грахі яго, накладае эпітымію (пакуту) і кажа: Пакланіся.

І калі хоча, гаворыць таксама наступную малітву:

Госпаду памолімся.

Госпадзе Божа збаўленьня слугаў Тваіх, ласкавы, шчодры і доўгацярплівы, што шкадуеш пра нашыя благія ўчынкі, Ты хочаш ня сьмерці грэшніка, але каб ён навярнуўся і жыў; дык і зараз зьлітуйся са слугі Твайго (або Тваёй), і дай яму (або ёй) вобраз пакаяньня, прабачэньне грахоў і адпушчэньне, даруючы яму (або ёй) ўсякую правіну, вольную ці міжвольную, прыміры і зьяднай яго (або яе) са сьвятой Тваёй Царквою праз Ісуса Хрыста Госпада нашага, з якім Табе належацца ўлада і веліч, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

 

Сьвятар, пакрыўшы галаву каетніка эпітрахілем, чытае над ім малітву разграшэньня, а ўканцы бласлаўляе яго знакам крыжа.

Бог дараваў, праз прарока Натана, Давіду, які прызнаў грахі свае, і Пятру, які горка аплакаў сваё адступніцтва, і блудніцы, якая пралівала сьлёзы ля Ягоных ног, і мытніку, і блуднаму сыну; гэты ж Бог хай даруе і табе ўсё праз мяне, грэшнага, як у гэтым веку, так і ў будучым, і не асудзіць цябе перад страшным сваім пасадам; аб правінах, вызнаных табою, больш не турбуйся; ідзі з мірам.

Або:

Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос, у ласцы і шчодрасьці свайго чалавекалюбства, хай прабачыць табе, дзіця (імя), усе правіны твае; і я, няварты сьвятар, уладаю Ягонаю, мне дадзенаю, прабачаю і адпускаю табе ўсе грахі твае ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.

Дастойна ёсьць ... Слава ... цяпер ...

і водпуст.

Пры небясьпецы сьмерці каетніка сьвятар кажа толькі малітву разграшэньня.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст