(Дадзены тэкст пакуль не прайшоў апрабацыю духоўных уладаў у Рыме)
Тэкст службаў у перакладзе а. Аляксандра Надсана,
папраўлены і пашыраны.
Тэксты Сьвятога Пісьма ў новым перакладзе з грэцкай мовы.
Агульная рэдакцыя і пераклад – а. Сяргей Стасевіч і д-р Ірына Дубянецкая
У царкве або доме хворага рыхтуецца столік, накрыты чыстым абрусом. На яго ставяць місу з пшаніцай, а на пшаніцу –пустую лампаду. У пшаніцу вакол лампады ўстаўляюць сьвечкі і памазкі –па ліку сьвятароў, якія будуць браць удзел у алеепамазаньні. Кладуць таксама сьвятое Эвангельле, крыж і ставяць сасуд з алеем. Кожнаму са сьвятароў даецца па сьвечцы.
Сьвятар (першы або калі ён толькі адзін), убраны ў сьветлыя эпітрахіль і фэлон, кадзіць спачатку наўкол століка, потым ўсю царкву ці дом, тады людзей, і гаворыць:
Сьвятар: Блаславёны Бог наш на ўсе часы, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй беззаконьні нашы; Сьвяты, наведай і ацалі немачы нашы дзеля Твайго імя. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Прыйдзіце, паклонімся Уладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.
Псалом 142
Госпадзе, выслухай малітву маю, пачуй просьбу маю ў праўдзе Тваёй, прыслухайся да мяне ў справядлівасьці Тваёй.
І не судзіся са слугой сваім, бо не апраўдаецца перад Табою ніхто з жывых.
Бо вораг перасьледаваў душу маю, утаптаў ў зямлю жыцьцё маё, загнаў мяне ў цемру, быццам даўно памерлага.
І затужыў ўва мне дух мой, усхвалявалася ўва мне сэрца маё.
Прыгадаў я даўнія дні, задумаўся над усімі дзеямі Тваімі, і над працаю рук Тваіх задумваўся.
Працягнуў я да Цябе рукі мае; душа мая, нібы засохлая зямля, прагне Цябе.
Хутчэй пачуй мяне, Госпадзе, зьнямог дух мой. Не адвярні аблічча Твайго ад мяне, прыпадабняюся да тых, што зыходзяць у яму.
Дай мне адчуць ласку Тваю на сьвітаньні, бо на Цябе спадзяюся. Дай мне ўведаць, Госпадзе, шлях, па якім маю йсьці, бо да Цябе ўзьняў душу маю.
Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, Госпадзе, бо ў Табе мой прытулак. Навучы мяне чыніць волю Тваю, бо Ты Бог мой. Хай Дух Твой добры вядзе мяне напрасткі.
Дзеля імя Твайго, Госпадзе, ажыві мяне; у справядлівасьці Тваёй выведзі са смутку душу маю.
З літасьці Тваёй вынішчы ворагаў маіх і выгубі ўсіх, хто прыгнятае душу маю, бо я слуга Твой.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Гэтаксама пасьля наступных просьбаў)
Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.
(Калі ў царкве):
Дыякан: За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.
Дыякан: Каб гэты алей быў блаславёны сілаю і дзеяньнем, і найсьцем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.
Дыякан: За слугу Божага (або Божую) ..., і каб Бог наведаў яго (або яе), і каб зышла на яго (або яе) ласка Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.
Каб яму (або ёй) выбавіццца ад усякага смутку, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.
Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы яго (або яе) і нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Запальваюцца сьвечкі. Першы сьвятар улівае алей у лампаду і чытае малітву асьвячэньня. Калі ёсьць некалькі сьвятароў, то першы чытае малітву голасна, а іншыя ціха. Уканцы ўсе бласлаўляюць алей знакам крыжа.
Госпадзе, ласкаю і літасьцю сваёю Ты ацаляеш раны душаў і целаў нашых; дык, Уладару, асьвяці гэты алей, каб быў ён памазваным ім для ацаленьня, для адыманьня ўсялякае пакуты, бруду цялеснага і духоўнага, і ўсялякага благоцьця; і каб ў гэтым праславілася Тваё ўсесьвятое імя, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: Будзьма ўважлівыя.
Сьвятар: Мір усім.
Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.
Пракімен (Пс 32:22,1): Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.
Уклікніце, праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным.
Сьвятар: Мудрасьць.
Дыякан: Чытаньне лісту сьвятога апостала Якуба.
Сьвятар: Будзьма ўважлівыя.
Дыякан: Браты, за прыклад злыбеды і доўгацярплівасьці вазьміце прарокаў, што ў імя Госпада прамаўлялі. Вось мы блаславёнымі называем тых, што цярпелі. Вы чулі пра стойкасьць Ёва і бачылі канец яго ў Госпада, бо Госпад вельмі міласэрны і спагадлівы. Дык перш за ўсё, браты мае, не прысягайце ані небам, ані зямлёю, ані якою другою прысягаю; але няхай вашае "так" будзе "так", і вашае "не" – "не", каб не папасьці пад суд. Кагосьці напаткала бяда? Хай моліцца. Камусьці весела? Хай сьпявае псалмы. Занядужаў нехта з вас? Хай пакліча сьвятароў Царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Госпада. А малітва, поўная веры, будзе ратункам для хворага, і Госпад уздыме яго; а калі б меў ён грахі, будуць яму адпушчаныя. Вызнавайце адзін перад адным правіны вашыя і маліцеся адзін за аднаго, каб атрымаць ацаленьне. Бо вялікую моц мае настойлівая малітва праведнага. (Як 5:10-16)
Сьвятар: Мір табе.
Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.
Людзі: Алілуя, алілуя, алілуя.
Верш (Пс 100:1): Пра ласку і суд пяяць Табе буду, Госпадзе.
Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць сьвятое Эвангельле.
Сьвятар: Мір усім.
Людзі: І твайму духу.
Сьвятар: Чытаньне сьвятога Эвангельля паводле Лукі.
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Дыякан: Будзьма ўважлівыя.
Сьвятар: Таго часу адзін законьнік прыступіўся да Ісуса і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: "Настаўніку, што мне рабіць, каб атрымаць вечнае жыцьцё?" А Ён адказаў яму: "У Законе што напісана? Як чытаеш?" Ён сказаў у адказ: "Узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсёй моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім; і бліжняга твайго, як самога сябе." Ісус сказаў яму: "Добра ты адказаў, рабі так і будзеш жыць." Але ён, хочучы апраўдаць сябе, спытаў Ісуса: "А хто мой бліжні?" На гэта сказаў Ісус: "Адзін чалавек ішоў з Ерусаліму ў Ерыхон і папаўся разбойнікам, якія ўсё ў яго забралі, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывым. Здарылася, што адзін сьвятар ішоў тою дарогаю і, угледзеўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і пайшоў міма. Нейкі самаранін, ідучы, знайшоў яго і, угледзеўшы, зьлітаваўся; і, падышоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы іх алеем і віном, ды пасадзіў яго на свайго асла, перавез у заезд ды паклапаціўся пра яго. А на другі дзень, ад'язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару заезду і сказаў яму: "Даглядай яго, і калі выдасі што болей, дык я, вярнуўшыся, аддам табе." Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў бліжнім таму, што папаўся разбойнікам?" Ён жа сказаў: "Той, хто зьлітаваўся з яго." Тады Ісус сказаў яму: "Ідзі і ты рабі гэтаксама." (Лк 10:25-36)
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся;
Госпадзе, зьмілуйся. (Гэтаксама пасьля наступных просьбаў)
Дыякан: Яшчэ молімся за літасьць, жыцьцё, мір, здароўе, збаўленьне, боскае наведаньне і адпушчэньне грахоў для слугі Божага (або Божай); скажам усе:
Дыякан: Каб Госпад Бог паслаў яму (або ёй) ласку збаўленьня і вызваленьня ад немачы, і ўзьняў яго (або яе) з ложа хваробы, скажам усе: Госпадзе, пачуй нас і зьмілуйся.
Сьвятар: Бо Ты літасьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар: Беспачатны, бясконцы, сьвяцейшы за сьвятых, Ты паслаў Сына свайго адзінароднага ацаляць усялякую хваробу і ўсялякую немач душ і целаў нашых; зышлі Сьвятога Твайго Духа і асьвяці гэты алей, і зрабі, каб ён быў памазванаму ім слузе Твайму (або памазванай ім слузе Тваёй) для дасканалага вызваленьня ад грахоў ягоных (або ейных), для спадкаемства валадарства нябеснага.
(Уголас) Бо ў Цябе літасьць і збаўленьне, Хрысьце Божа наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар акунае пэндзлік або іншы памазок у сьвяты алей і крыжападобна памазвае хвораму лоб, ноздры,шчокі, вусны, грудзі, рукі з абодвух бакоў, і кажа:
Ойча сьвяты, лекару душ і целаў, Ты паслаў адзінароднага Твайго Сына, Госпада нашага Ісуса Хрыста ўсялякую хваробу ацаляць і ад сьмерці вызваляць, ацалі і слугу Твайго (або Тваю) ... (імя) ад ўсіх цялесных і душэўных немачаў, што агарнулі яго (або яе) і ажыві яго (або яе) ласкаю Хрыста Твайго; малітвамі найсьвятое Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі, і ўсіх сьвятых Тваіх.
Бо Ты крыніца ацаленьняў, Хрысьце Божа наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Тады гасіць сваю сьвечку. Калі ёсьць некалькі сьвятароў, кожны з іх таксама памазвае хворага, гаворачы малітву "Ойча сьвяты..." і гасіць сваю сьвечку. Таксама гасіцца адпаведная сьвечка на стале.
Пасьля гэтага першы сьвятар разгортвае кнігу сьвятога Эвангельля, ускладае яе пісьмёнамі ўніз на галаву хворага, і, прытрымліваючы Эвангельле (разам з іншымі сьвятарамі), моліцца:
Уладару сьвяты, добрасардэчны і шматлітасьцівы Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне і Слова Бога жывога, Ты не жадаеш сьмерці грэшніка, але хочаш, каб ён навярнуўся і жыў; не маю руку грэшную ўскладаю я на галаву тых, хто набліжаецца да Цябе ў грахох і просіць у Цябе праз нас адпушчэньня грахоў, але Тваю руку моцную і магутную, што ў гэтым сьвятым Эвангельлі, (калі шмат сьвятароў: якое спаўслужыцелі мае трымаюць на галаве слугі Твайго (або Тваёй) (...імя)) і малюся (з імі), і прашу спагадлівае і незлапамятнае Тваё чалавекалюбства, Божа, Збаўца наш, хто праз прарока свайго Натана дараваў адпушчэньне Давіду, калі той пакаяўся ў сваіх грахох; хто прыняў малітву пакаяньня Манасіі; з уласьцівым Табе чалавекалюбствам прымі слугу Твайго (або Тваю) (імя), які (або якая) прыходзіць, каючыся ў сваіх правінах, і не зважай на ўсе хібы ягоныя (або ёйныя). Бо Ты Бог наш, які загадаў прабачаць семдзесят разоў па сем тым, што ўпадаюць ў грахі, бо веліч Твая адпавядае літасьці Тваёй, і Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Сьвятар(ы) здымаюць Эвангельле з галавы хворага, і даюць яму пацалаваць яго.
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.
Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін
Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.
Ойча, блаславі.
Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа, малітвамі сьвятога, слаўнага і годнага пахвалы апостала Якуба, першасьвятара Ерусалімскага, брата Божага, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін.