Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Парадак прычашчэньня хворага - новая рэдакцыя


 

 

Парадак прычашчэньня хворага - новая рэдакцыя

(Дадзены тэкст пакуль не прайшоў апрабацыю духоўных уладаў у Рыме)

Тэкст службаў у перакладзе а. Аляксандра Надсана,
папраўлены і пашыраны.
Тэксты Сьвятога Пісьма ў новым перакладзе з грэцкай мовы.
Агульная рэдакцыя і пераклад – а. Сяргей Стасевіч і д-р Ірына Дубянецкая

Каля ложка хворага рыхтуецца столік, пакрыты чыстым абрусом. Сьвятар ставіць на столік чашу, укладае ў яе часьцінку сьвятых дароў і ўлівае крыху віна. Тады пачынае маліцца.

Сьвятар: Блаславёны Бог наш на ўсе часы, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава ... цяпер ...

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй беззаконьні нашы; Сьвяты, наведай і ацалі немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін

Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава ... цяпер ...

Прыйдзіце, паклонімся Уладару нашаму Богу.

Прыйдзіце,паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

 

Веру ў адзінага Бога Айца, усемагутнага, Творцу неба і зямлі, бачнага ўсяго і нябачнага; і ў адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі; Сьвятло ад Сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога, народжанага, нястворанага, адзінасутнага з Айцом, праз якога ўсё стала быць. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўленьня зышоў з неба, прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы і стаўся чалавекам; быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, цярпеў і быў пахаваны; і на трэці дзень уваскрос згодна з Пісаньнямі; і ўзышоў на неба, і сядзіць па правай руцэ Айца; і зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і мёртвых, і Яго валадарству ня будзе канца. Веру ў Духа Сьвятога, Госпада, жыватворчага, які ад Айца паходзіць, якому належыцца пакланеньне і слава разам з Айцом і Сынам, які гаварыў праз прарокаў. У адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву. Вызнаю адзіны хрост для адпушчэньня грахоў. Чакаю ўваскрасеньня мёртвых і жыцьця будучага веку. Амін.

 

Зрабі мяне сёньня, Сыне Божы, удзельнікам Тваёй Тайнай вячэры; я ня здраджу ворагам Тваім тайны і ня дам пацалунку, як Юда, але, як разбойнік, вызнаю Цябе: успомні мяне, Госпадзе, у Тваім валадарстве.

Слава ...

Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад ўсяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Цяпер ...

Бога, які ўцелавіўся ад Цябе, мы ўведалі, Багародзіца Дзева; малі Яго за збаўленьне душ нашых.

 

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)


Малітва. Уладару Госпадзе Ісусе Хрысьце, Збаўца наш, Ты адзіны маеш уладу адпускаць грахі; як добры і далавекалюбны Бог, не зважай на сьвядомыя і несьвядомыя правіны слугі Твайго (або Тваёй) ... (імя), і дай яму (або ёй) без асуджэньня прыняць ўсячыстыя Тайны Твае не на пакуту, не на памнажэньне грахоў, але для ачышчэньня душы і цела і як заруку Твайго валадарства. Бо Ты – памочнік, і моцны мур, і заслона ад праціўніка, і ачышчэньне ад правінаў яго (яе). Бо Ты літасьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Другая малітва. Госпадзе, ведаю, што я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, у дом душы маёй, бо яна апусьцелая і заняпалая, і няма там прыстойнага месца, дзе б Табе прытуліць галаву. Але так, як Ты хочаш быць са мною, я спадзяюся на шчодрасьць Тваю і прыходжу да Цябе. Загадай адчыніцца дзьвярам нягодных маіх вуснаў, каб я насыціўся Табою адзіным. Увайдзі ў мяне і ачысьці мяне ад усякага благоцьця цялеснага і душэўнага. Будзь мне памочнікам і заступнікам, і дай мне стаць праваруч Цябе, дзеля малітваў і просьбаў ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі і ўсіх сьвятых, якія адвеку Табе дагадзілі, бо Ты блаславёны на вякі. Амін.

Трэцяя малітва. Хай Госпад Бог шматлітасьцівы будзе шчодрым да цябе. Хай Госпад Ісус Хрыстос споўніць усе твае добрыя просьбы. Хай Госпад усемагутны збавіць цябе ад усякае напасьці. Хай Госпад навучыць цябе. Хай Госпад наставіць цябе. Хай Госпад дапаможа табе. Хай Госпад збавіць цябе. Хай Госпад абароніць цябе. Хай Госпад захавае цябе. Хай Госпад ачысьціць цябе. Хай Госпад радасьцю духоўнаю напоўніць цябе. Хай Госпад будзе абаронцам тваёй душы і цела. Хай Госпад у міласэрнасьці, дабрыні і чалавекалюбстве сваім дасьць табе адпушчэньне грахоў. Хай Госпад Бог Ісус Хрыстос зьлітуецца з цябе ў судны дзень, і хай блаславіць цябе ва ўсе дні жыцьця твайго. Бо Яму належыць ўсякая слава, пашана і пакланеньне, з адвечным Яго Айцом і з усесьвятым, добрым і жыватворчым Яго Духам, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Калі хворы спавядаўся перад гэтым, сьвятар прычашчае яго. Калі не, дык тут можна спавядаць хворага, папрасіўшы прысутных адысьці. Пасьля споведзі сьвятар, калі хоча, чытае наступную малітву:

Госпадзе Божа наш, Ты адпусьціў Пятру і блудніцы грахі дзеля іхніх сьлёз, і мытніка, які прызнаў свае правіны, апраўдаў; прымі споведзь слугі Твайго (або Тваёй) ... (імя) і, усё, ў чым ён зграшыў (або яна зграшыла) перад Табою, вольна або міжвольна, словам, учынкам або думкаю, даруй у дабрыні сваёй. Бо Ты адзіны маеш уладу адпускаць грахі; бо Ты Бог ласкі і шчодрасьці, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Тады дае разграшэньне:

Бог дараваў, праз прарока Натана, Давіду, які прызнаў грахі свае, і Пятру, які горка аплакаў сваё адступніцтва, і блудніцы, якая пралівала сьлёзы ля Ягоных ног, і мытніку, і блуднаму сыну; гэты ж Бог хай даруе і табе ўсё праз мяне, грэшнага, як у гэтым веку, так і ў будучым, і не асудзіць цябе перад страшным сваім пасадам; аб правінах, вызнаных табою, больш не турбуйся; ідзі з мірам.

Або:

Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос, у ласцы і шчодрасьці свайго чалавекалюбства, хай прабачыць табе, дзіця (імя), усе правіны твае; і я, няварты сьвятар, уладаю Ягонаю, мне дадзенаю, прабачаю і адпускаю табе ўсе грахі твае ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.

 

І прычашчае хворага, пасьля чаго кажа:

Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава ... цяпер ...

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй беззаконьні нашы; Сьвяты, наведай і ацалі немачы нашы дзеля Твайго імя. Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава ... цяпер ...

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Твае, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

(Уголас) Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

 

Трапар дня

Слава ... цяпер ...

Багародзічны: Госпадзе, малітвамі ўсіх сьвятых і Багародзіцы, мір Твой дай нам і зжалься над намі, бо Ты адзіны шчодры.

Госпадзе, зьмілуйся (тройчы).

Ойча, блаславі.

І водпуст дня.



 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст