Вячэрня
На
"Госпадзе, Цябе клічу ...":
(Тон
1). Юда ўсяхвальны, тваё мудрае
прапаведаваньне разышлося, як маланка, па ўсёй зямлі і прывяло пацямнелых ад
спакусы бязбожжа да незаходнага сьвятла, у зьзяньні якога сёньня ты жывеш.
Прасі для душаў нашых велічы зьмілаваньня.
Юда
цудоўны, Хрыстовая калясьніца, ты зьнішчыў ідальскую гордасьць, варожую няволю
паланіў словам Божым, і перайшоў да непрамінальнага жыцьця. Выпрасі душам нашым
супакой і веліч зьмілаваньня.
Юда,
апостале Хрыстовы, вучань уцелаўлёнага Бога, які паслаў цябе як авечку сярод
ваўкоў, каб ты словам тваім прывёў усіх да боскага разуменьня сьвятой Тройцы.
Дзеля гэтага славім цябе.
Слава ...:
(Тон
8). Ты, Юда апостале, быў залічаны да
ліку апосталаў і прыняў ласку Боскага Духа, што вогненным языком зышоў з неба.
Выпалі цяпер церне бязбожжа і малі Хрыста Бога за збаўленьне душаў нашых.
Цяпер ...:
Дагматык
(тон 8). Уладар нябесны дзеля любові да
людзей на зямлі зьявіўся і з людзямі пажыў. Ён прыняў цела ад Чыстае Дзевы і,
выйшаўшы з Ейнага ўлоньня, стаўся чалавекам. Ён Сын адзіны, двайны прыродаю,
але не асобаю. Дзеля гэтага мы праўдзіва прапаведуем і вызнаем Хрыста Бога
нашага як дасканалага Бога і дасканалага чалавека. Малі Яго, Дзева Маці, даць зьмілаваньне
душам нашым.
Чытаньне
пасланьня сьвятога Апостала Юды
Юда, слуга
Ісуса Хрыста, брат Якуба, тым, што пакліканыя, умілаваныя ў Богу Айцу і
захаваныя для Ісуса Хрыста: ласка вам і мір, і хай любоў вашая памножыцца.
Мілыя мае,
я вельмі хацеў пісаць вам аб нашым агульным збаўленьні, але палічыў патрэбным
перш заахвоціць вас да змаганьня за веру, раз назаўсёды дадзеную сьвятым. Бо да
вас закраліся нейкія людзі — аб якіх здаўна ўжо вас папярэджвалі, — нязбожныя,
што ласку Бога нашага замяняюць на распусту і адзінага Ўладара, Госпада нашага
Ісуса Хрыста выракаюцца. Хачу, каб вы прыпомнілі сабе — хоць раз на заўсёды
ведаеце ўжо ўсё гэта, — як Госпад, які вызваліў народ з Ягіпту, загубіў тых,
што ня ўверылі; як анёлаў — тых, якія не захавалі сваёй годнасьці, але пакінулі
ўласнае жыльлё,— зьвязаных вечнымі путамі на суд апошняга дня ў цемры трымае;
як Садома і Гамора і суседнія з імі месты, што аддаліся распусьце і
пажадлівасьці да чужога цела, панесьлі пакараньне вечным агнём нам на
перасьцярогу. Гэтыя ж летуценьнікі чыняць падобнае: апаганьваюць целы, не
зважаюць на ўлады, блюзьняць супраць сьветлых анёлаў.
Калі
Арханёл Міхал спрачаўся з д'яблам за цела Майсея, ён не наважыўся вынесьці
дакорлівага прысуду, але сказаў: "Хай Госпад цябе пакарае". А гэтыя
людзі злоўжываюць тым, чаго ня ведаюць, а тое, што спасьцігаюць — прыродаю, як
бязмоўныя жывёлы, — абяртаюць на шкоду для сябе. (1:
1-10)
Чытаньне
пасланьня Сьвятога Апостала Юды
Мілыя мае,
гора тым, што пайшлі шляхам Каіна, паддаліся ашуканству Балаама і атрымалі тую
самую заплату; збунтаваліся як Карэй і, як ён, загінулі. Яны — небясьпека на
вашых вячэрах любові: яны прыходзяць, каб пажывіцца, і бессаромна толькі аб
сабе дбаюць. Яны — бязводныя хмары, што вецер носіць; восенскія дрэвы
бясплодныя, двойчы высахлыя, выкараненыя; лютыя хвалі марскія, што пеняцца
сваім сорамам; блудныя зоркі, для якіх прызначаная беспрасьветная цемра давеку.
Аб іх прарочыў Энох, сёмы патрыярх пасьля Адама: "Вось ідзе Госпад з
безьліччу сьвятых сваіх, каб учыніць суд над усімі і пакараць нягоднікаў за ўсе
іхнія бязбожныя ўчынкі, і за ўсе блюзьнерскія словы, што казалі супраць Яго
нязбожныя грэшнікі". Яны заўсёды наракаюць, ніколі не задаволеныя са
свайго лёсу, і чыняць паводле пажаданьняў сваіх. Вусны іх гавораць гордыя словы,
і яны зважаюць на асобу дзеля асабістае карысьці. (1:11-16)
Чытаньне
пасланьня Сьвятога Апостала Юды
Мілыя мае,
памятайце словы апосталаў Госпада нашага Ісуса Хрыста, калі яны казалі вам, што
ў апошні час зьявяцца насьмешнікі, якія будуць паступаць згодна са сваімі
благімі пажаданьнямі. Яны спрычыняць падзелы, а самі яны цялесныя і Духа ня
маюць. Вы ж, мілыя, будуйце на цьвёрдай аснове вашай сьвятой веры, і маліцеся ў
Духу Сьвятым; захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце ад Госпада нашага Ісуса
Хрыста зьмілаваньня, што вядзе да жыцьця вечнага. Калі ёсьць такія, што маюць
сумнівы, вы іх пераканайце ў веры, ратуючы, каго можна, з агню. Але ёсьць і
такія, з якімі вам трэба абыходзіцца ветліва, але асьцярожна, і трымацца
здалёку нават ад вопраткі, апаганенай целам. Таму ж, хто можа захаваць вас ад
падзеньня і паставіць беззаганнымі і радаснымі перад славаю сваёю, адзінаму
Богу, Збавіцелю нашаму праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, хвала і веліч, сіла і
ўлада сёньня і на ўсе вякі. Амін. (1:17-25)
Вершапесьні
(Тон
4). Ты, апостале, прыняў уладу над
дэманамі; адганяючы імем Хрыста начальнікаў цемры, ты абышоў усю зямлю і,
быццам сонца, прасьвятліў усіх навукаю і прапаведаваньнем першага збавеннага
прыйсьця Хрыстовага.
Верш. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету
словы іх.
Тваё жыцьцё
на зямлі, апостал Юда, сваяк Гасподні, было падобным да першаснага стану;
дабрынёю звычаёў тваіх і чысьцінёю розуму ты явіў сябе шчырым вучнем і
пераймальнікам Хрыста.
Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных
расказвае небасхіл.
Арган добра
адладжаны Боскім стараньнем, ты, апостале Юда, прысьвяціў сябе клікаць усе
народы і настаўляць іх да пазнаньня Хрыста словамі і ўчынкамі; ты ўсіх
прасьвятліў і навучыў вызнаваць сапраўдную Боскасьць Ісуса, Збавіцеля душаў
нашых.
Слава ...:
(Тон
2). Поўны Боскай руплівасьці, ты,
дастойны Юда апостале, дбаў старанна аб справах Бога ўсемагутнага, які напоўніў
цябе сваімі цудамі. Цяпер, на вышынях разам з нябеснымі сіламі, малі,
богасузіральнік, Слова Хрыста Бога нашага дараваць нам багацьце зьмілаваньня
свайго.
Цяпер ...:
Багародзічны
нядзельны (тон 2). Новы цуд, большы за ўсе
ранейшыя цуды! Хто калі бачыў Маці, якая радзіла бяз мужа і на руках насіла
Таго, хто трымае ўсё стварэньне? З Божай волі радзіўся Той, каго Ты, Усячыстая,
насіла як дзіцятка на руках Тваіх. З матчынай сьмеласьцю не пераставай маліць
Яго за тых, што шануюць Цябе, каб Ён дараваў багацьце ласкі сваёй і збавіў душы
нашыя.
Адпушчальныя
трапары
Апостала.
(тон 1). Мы ведаем цябе, Юда, як сваяка
Гасподняга і славім як непахіснага мучаніка, што перамог спакусу і веру
захаваў. Дзеля гэтага сёньня сьвяткуем сьветлую памяць тваю і малітвамі тваімі
атрымліваем адпушчэньне грахоў.
Слава ...
цяпер ...:
Багародзічны нядзельны (тон 1).
Як толькі пачуўся голас Габрыеля, які казаў Табе, Дзева: "Радуйся!",
Уладар усіх узяў цела ад Цябе, сьвятая Скарбніца, як прадказаў праведны Давід.
Ты сталася больш прасторнай за неба, бо насіла ў сабе Творцу ўсяго. Слава Таму,
хто пасяліўся ў Табе; слава Таму, хто выйшаў з Цябе; слава Таму, хто вызваліў
нас нараджэньнем сваім.
Літургія
Трапары:
Трапар
апостала. (тон 1). Мы ведаем цябе, Юда, як
сваяка Гасподняга і славім як непахіснага мучаніка, што перамог спакусу і веру
захаваў. Дзеля гэтага сёньня сьвяткуем сьветлую памяць тваю і малітвамі тваімі
атрымліваем адпушчэньне грахоў.
Кандак
(тон 2). Ты быў абраным вучнем, цьвёрдым
розумам, і непахісным стаўпом Царквы Хрыстовае. Ты абвясьціў народам Хрыстовае
слова і навучыў іх верыць у Бога адзінага; праслаўлены Ім, ты атрымаў дар
аздараўленьняў, каб лячыць немачы тых, што прыбягаюць да цябе, апостале слаўны
Юда.
Пракімен
(Пс 18:3,2). Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету
словы іх.
Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных
расказвае небасхіл.
Апостал:
Юда 1:1-10
Алілуя (Пс 88:6,8). Нябёсы славяць цуды Твае, Госпадзе, і вернасьць Тваю — хоры сьвятых.
Верш.
Бог праслаўлены ў мностве сьвятых.
Евангельле:
Ян 14:21-25
Прычасьнік. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету
словы іх. |