пераклад узгоднены з Малітаўнікам 2002 г.
Пасьля "Госпад – Бог...":
Трапар (тон 1): Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося
пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і
Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які
зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.
(Тройчы)
Сядальная песьня 1 (тон 3)..
Калі Ты, Збавіцелю Хрысьце, зьявіўся ў Ярдане і быў ахрышчаны Прадвесьнікам, Ты
атрымаў сьведчаньне, што Ты – любы Сын, спрадвечны з Айцом; і Дух Сьвяты зышоў
на Цябе. Прасьветленыя Ім, мы ўсклікаем: "Слава Богу існаму ў Тройцы!"
Слава... цяпер...: (тон 4).
Ты, Хрысьце Божа наш, асьвяціў воды Ярданскія, скрышыў дзяржаву граху, схіліўся
пад руку Прадвесьніка, і збавіў ад маны род людзкі. Дзеля гэтага молімся Табе:
"Збаў душы нашыя!"
Сядальная песьня 2 (тон 5).
Ты, Слова Божае, што апранаешся ў сьвятло, агарнуўся струменямі Ярданскімі і
абнавіў Адамаву прыроду, што была скалечаная непаслушэнствам. Дзеля гэтага
аддаем хвалу Табе і славім Тваё сьвятое зьяўленьне.
Слава... цяпер...: (тон 4).
Чаму ты, Ярдане, зьдзівіўся, убачыўшы голым Нябачнага?" Я ўбачыў і затрымцеў, –
адказвае ён. – Як мне Яго было не баяцца, як не ўцякаць? Анёлы спалохаліся,
убачыўшы, неба жахнулася, зямля задрыжэла, мора захвалявалася, а з ім усё бачнае
і нябачнае". Хрыстос зьявіўся на Ярдане і асьвяціў воды.
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...
Узьвялічваньне. Узьвялічваем Цябе, Жыцьцядаўча Хрысьце, што дзеля
нас ахрысьціўся ад Яна ў Ярдане.
Верш 1. Божа, будзь ласкавы для нас і блаславі нас: прасьвятлі нас
зьзяньнем твару Твайго і зьмілуйся над намі.
Верш 2. І загрымеў з неба Госпад, і Вышні даў голас свой.
Верш 3. Уздымаюць рэкі, Госпадзе, уздымаюць рэкі голас свой.
Верш 4. Воды ўбачылі Цябе, Госпадзе, воды ўбачылі Цебе і
спалохаліся.
Верш 5. Як вялікія творы Твае Госпадзе: Ты ўсё мудра стварыў.
Слава... цяпер...:
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа!
(Тройчы)
Сядальная песьня (тон 4).
Прыйдзіце, верныя, паглядзець, дзе хрысьціўся Хрыстос, пойдзем да ракі Ярдан, да
голасу, што кліча ў пустыні, і ўбачым, як слуга ўскладае руку на Таго, хто
стварыў Адама. Усклікнем Яму: "Ты прыйшоў і зьявіўся ў Ярдане, каб асьвяціць
ваду".
Слава... цяпер...: тое самае
Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону.
Пракімен: Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.
Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк
назад?
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка
У тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэту, што ў Галілеі, і быў хрышчаны Янам у
Ярдане. І калі выходзіў з вады, Ён убачыў неба расчыненае і Духа, які зыходзіў
на Яго ў выглядзе голуба. І голас пачуўся з неба: "Вось Сын мой любы, якога Я
ўпадабаў". (1:9-11)
Пасьля Псалму 50:
Слава...: (тон 2).
Усё стварэньне сёньня радуецца, бо Хрыстос зьявіўся на Ярдане.
Цяпер...: тое самае
Зьмілуйся нада мною, Божа...:
(тон 6). Бог-Слова зьявіўся ў целе роду людзкому і прыйшоў хрысьціцца
ў Ярдане. Кажа Яму Прадвесьнік: "Як я працягну руку маю, каб дакрануцца да
галавы Таго, хто трымае ўсё? Хоць Ты і нарадзіўся ад Марыі як дзіця, але я
ведаю, што Ты – спрадвечны Бог; хоць і ходзіш па зямлі, але цябе славяць
сэрафімы. Слуга Божы ня ведае, як хрысьціць Уладара". Недасяжны Госпадзе, слава
Табе!
Каноны (тон 2)
Песьня 1
Канон 1. Ірмас.
Госпад, магутны ў бітве, раскрыў асновы глыбіні марской і правёў слуг сваіх па
сухой зямлі, а ворагаў пакрыў вадою, і ўславіўся.
Госпад, Уладар вякоў, у струменях Ярданскіх абнавіў сатлелага Адама і скрышыў
галовы зьмеяў, што гнязьдзіліся там, і ўславіўся.
Госпад, які нарадзіўся ад Дзевы, нярэчыўным агнём Боства апранае рэчыўнае
цела ў духоўны агонь Боства, пакрыўся вадою Ярданскаю, і ўславіўся.
Госпад прымае ачышчэньне ў Ярдане, прасьвятляе тых, што ў цемры, і абмывае
правіны людзей, да якіх Ён захацеў стацца падобным, застаўшыся тым, кім быў, і
ўславіўся.
Канон 2. Ірмас. Ізраіль прайшоў бурную глыбіню марскую, якую
Бог сілаю рукі сваёй ператварыў у сушу; а для егіпцянаў Чырвонае мора сталася
магілай, патапіўшы іх разам з калясьніцамі.
Калі сьветлая заранка зазьзяла для людзей, узьнімаючыся з пустыні да водаў
Ярданскіх, Ты, Уладару сонца, нахіліў галаву, каб выхапіць з цемры
роданачальніка Адама і ачысьціць стварэньне ад усякае нечыстасьці.
Спрадвечнае Слова, Ты пахаваў з сабою ў струменях сатлелага маною чалавека і
абнавіў яго. Айцец засьведчыў пра Цябе магутным голасам: "Вось Сын мой любы,
прыродаю роўны Мне".
Катавасія: ірмасы абодвух канонаў.
Песьня 3
Канон 1. Ірмас. Госпад, які дае сілу ўладаром і ўзвышае
абраных сваіх, родзіцца ад Дзевы і прыходзіць хрысьціцца. Дзеля гэтага, верныя,
усклікнем на ўвесь голас: "Ніхто не сьвяты, апрача Бога нашага, і ніхто ня
праведны, апрача Цябе, Госпадзе!"
Весяліся сёньня, Царква Хрыстовая, што раней была бясплоднаю і бязьдзетнаю,
бо вось вадою і Духам нарадзіліся Табе дзеці, якія ў веры клічуць: "Ніхто не
сьвяты, апрача Бога нашага, і ніхто ня праведны, апрача Цябе, Госпадзе!"
Прадвесьнік кліча моцным голасам у пустыні: "Рыхтуйце сьцежкі Хрысту, чыніце
простымі шляхі Богу нашаму, клічучы голасна: "Ніхто не сьвяты, апрача Бога
нашага, і ніхто ня праведны, апрача Цябе, Госпадзе!"
Канон 2. Ірмас. Пашчы ільвоў былі скрышаныя, і мы вызваліліся
ад старых сецяў. Дык узрадуемся і адтулім вусны, каб сплесьці з нашых песьняў
вянок Слову, што знаходзіць асалоду ва ўзбагачэньні нас сваімі дарамі.
Той, хто некалі пад выглядам агіднай жывёлы, пасеяў сьмерць сярод стварэньня,
сёньня ўкінуты ў цемру прыйсцем у целе Хрыста. Ён узьняўся на Госпада, – Заранку,
што зазьзяла нам, – і застаўся сьмяротна паранены.
Госпад прымае створаную Богам чалавечую прыроду, што была паняволеная
тыраніяй пажадлівасьці. Ён адраджае і абнаўляе род людзкі, які Ён прыйшоў
ачысьціць і асьвяціць.
Гіпакоі (тон 5). Калі Ты прасьвятліў зьзяньнем Тваім усё
стварэньне і узняў нас да неба, горкае мора няверства ўцякло, і Ярдан пацёк
назад да крыніцаў сваіх. Дык захавай нас, Хрысьце Божа, у выкананьні боскіх
запаветаў Тваіх, малітвамі Багародзіцы, і зьмілуйся над намі.
Песьня 4
Канон 1. Ірмас. Той, каго Ты, Госпадзе, назваў "Голасам, што
кліча ў пустыні", пачуў Твой голас, які загрымеў над водамі, даючы сьведчаньне
Твайму Сыну. Напоўнены Духам, які зыходзіў, ён усклікнуў: "Ты – Хрыстос, Божая
мудрасьць і сіла!"
"Хто калі бачыў, каб сьветлае Сонца мела патрэбу ў ачышчэньні? – усклікнуў
Прадвесьнік. – Як я абмыю ў водах Цябе, Зьзяньне Славы, Вобраз спрадвечнага
Айца? Як гэта я, сена, дакрануся да Твайго Боства? Бо Ты – Хрыстос, Божая
мудрасьць і сіла!"
"Боганатхнёны Майсей паказаў пабожнасьць сваю, калі сустрэў Цябе: зразумеўшы,
што гэта Твой голас быў чутны з куста, ён адвярнуў твар свой. Дык як гэта я
змагу глядзець на Цябе, як ускладу на Цябе руку маю? Ты ж Хрыстос, Божая
мудрасьць і сіла".
"Адораны душою і розумам, я паважаю неадухоўленыя рэчы. Гара, пакрытая дымам
і агнём, мора, што расступілася на два бакі, і Ярдан, які пацёк назад,
сьведчаць, што Ты, якога мне трэба ахрысьціць, – Хрыстос, Божая мудрасьць і
сіла".
Канон 2. Ірмас. Ачышчаны агнём тайнага сузіраньня, прарок
праслаўляе ў песьнях абнаўленьне чалавека. Ён уздымае адухоўлены голас, і
гаворыць пра ўцелаўленьне Слова, якім была пераможаная ўлада ворага.
Ты, Добры, – сьветлае Слова Айца, пасланае Ім, каб разагнаць злосны змрок
начны, – ідзеш выкараніць грахі людзей, і прыдбаць сабе сыноў сьвятла
хрышчэньнем Тваім у Ярдане.
Прапаведнік убачыў Невыказнае Слова і ўсклікнуў на ўвесь голас: "Вось Той,
што быў перада мною, хоць прыходзіць у целе пасьля мяне. Ён стаўся адным з нас,
і зазьзяў Боскай сілаю, каб перамагчы ненавісны грэх".
Каб прывесьці нас зноў да жыцьця, Бог-Слова ідзе шукаць сховішча зьмяінае,
каб зьнішчыць ягоныя сеці, пастаўленыя на нас. Ён бярэ ў палон таго, хто джаліў
род людзкі ў пяту, і збаўляе ўсё стварэньне.
Песьня 5
Канон 1. Ірмас. Ісус, Уладар жыцьця, ідзе адмяніць прысуд
першастворанага Адама. Як Бог, Ён ня мае патрэбы ў ачышчэньні, але ачышчае ў
Ярдане сатлелага чалавека і, зьнішчыўшы ў ягоных струменях усякую варожасьць,
дае супакой, што пераўзыходзіць розум.
Шмат людзей прыйшло хрысьціцца да Яна, і ён, стоячы сярод іх, усклікнуў: "Хто
сказаў вам, непакорныя, уцякаць ад гневу, які надыходзіць? Прынясіце Хрысту
належныя плады пакаяньня, бо Ён ужо вось ідзе, каб даць усім супакой".
Творца і Госпад стаў як чалавек сярод людзей. Ён дасьледуе чалавечыя сэрцы і
з лапатай у руцэ ачышчае сусьветнае гумно, аддзяляе пшаніцу ад мякіны, аддае на
спаленьне няплоднае зельле, а добраму насеньню дае вечнае жыцьцё.
Канон 2. Ірмас. Абмытыя Духам, мы ачысьцілся ад атруты ворага,
і пайшлі па сьцежцы, вольнай ад маны, што вядзе да радасьці, даступнай для тых,
каго Бог прымірыў з сабою.
Творца ўгледзеў чалавека, якога стварыў, у палоне непрагляднай цемры граху.
Ён узьняў яго і ўсклаў на плечы, абмыўшы ў вадзе бруд Адамавай віны.
Пойдзем хутка да збавеннага струменя, і глянем на Слова, што дае нам піць з
чыстае крыніцы, каб суняць нашую смагу і ацаліць немачы сьвету.
Песьня 6
Канон 1. Ірмас. Голас Слова, ліхтар Сьвятла, заранка Сонца, –
Прадвесьнік гукае ў пустыні, кажучы: "Пакайцеся і ачысьціцеся, пакуль час, бо
вось ідзе Хрыстос, каб збавіць сьвет ад загубы".
Хрыстос нарадзіўся нятленна ад Бога Айца, і прыняў цела ад Дзевы, каб
вызваліць людзей ад маны. Як Прадвесьнік вучыць, нельга разьвязаць рамень, які
лучыць Слова з нашай прыродаю.
Хрыстос будзе хрысьціць у апошні дзень агнём непаслухмяных і ўсіх, хто ня
верыць у Ягоную боскасьць. А тых, што вераць у Ягонае Боства, Ён абнаўляе ў Духу
вадою ласкі і вызваляе ад правінаў.
Канон 2. Ірмас. Радасным голасам Айцец назваў Сынам сваім
любым Таго, каго Ён ва ўлоньні спрадвеку нарадзіў, кажучы: "Сапраўды, гэта Сын
Мой, адзінасутны са Мною, які прыйшоў, каб быць Сьвятлом для людзей. Ён – Маё
Слова жывое, што сталася чалавекам".
Прарок, які тры ночы прабыў у нутры марскога зьвера, выйшаў адтуль, даючы нам
вобраз нашага абнаўленьня ў апошнія дні, і нашага вызваленьня ад
чалавеказабойцы.
Вучань убачыў неба адчыненае і Духа ў выглядзе голуба, што зышоў ад Айца і
спачыў на ўсячыстым Слове, і паклікаў людзей пасьпяшыць да Уладара.
Кандак (тон 4): Зьявіўся Ты сёньня ўсяму сьвету, і сьвятло
Тваё, Госпадзе, зазьзяла нам, і мы, зразумеўшы, хто Ты, славім Цябе: Ты прыйшоў
і зьявіўся, Сьвятло Недасяжнае.
Ікас. У Галілеі паганскай, краіне Забулёнскай і зямлі
Нэфталімскай, як кажа прарок, вялікае Сьвятло-Хрыстос зазьзяла. Тыя, што сядзелі
ў цемры, убачылі сьветлую заранку, што зазьзяла з Бэтлеему, – Госпада, які
нарадзіўся ад Марыі. Ён – Сонца праведнасьці, што промнямі сваімі прасьвятляе
ўсю зямлю. Дык пойдзем, сыны Адама, апранемся ў Яго, каб нам сагрэцца. Каб
прасьвятліць тых, што ў цемры, прыйшоў і зьявіўся Ён, Сьвятло Недасяжнае.
Песьня 7
Канон 1. Ірмас. Подых ветру і раса, і зыход анёла захавалі
непашкоджанымі набожных юнакоў, што хадзілі па распаленай агнём печы. Асьвежаныя
расою, яны пяялі з удзячнасьцю: "Усяслаўны Госпадзе і Божа айцоў, блаславёны
Ты!"
Анельскія сілы сталі ля Ярдану, быццам у небе, поўныя подзіву, угледзеўшы
такую Боскую спагадлівасьць. У вадзе цялесна стаіць Той, хто трымае воды над
скляпеньнем нябесным – Бог айцоў нашых.
Некалі хмара і мора былі вобразам цуду Боскага хросту, бо, прайшоўшы праз іх,
людзі былі збаўленыя. Мора было вобразам вады, а хмара – Духа, навучаныя якім мы
ўсклікаем: "Блаславёны Ты, Госпадзе Божа, давеку!"
Разважаючы над Боскімі рэчамі, будзем, верныя, разам з анёламі няспынна
славіць Таго, хто нас прасьвятліў – Айца, і Сына, і Духа Сьвятога, – Тройцу
адзінасутнаю ў трох асобах, адзінага Бога, якому пяём: "Блаславёны Ты, Госпадзе
Божа, давеку!"
Канон 2. Ірмас. Той, хто суняў полымя ў печы, дзе былі
набожныя юнакі, скрышыў галовы зьмеяў у водах Ярданскіх і расою Духа абмыў бруд
граху.
Полымя асырыйскае, што было Тваім правобразам, Ты пагасіў, перамяніўшы ў
расу. Цяпер Ты, Хрысьце, пакрыў сябе вадою і перамог злога ворага, які клікаў
людзей на шлях загубы.
Некалі воды Ярдану разьдзяліліся, і Ізраіль прайшоў праз яго, быццам па сушы.
Гэта быў вобраз Твой, Усемагутны Госпадзе, бо Ты ўводзіш стварэньне ў ваду, каб
вывесьці яго на лепшы і нязьменны шлях.
Ведаем, што некалі Ты, Божа, што творыш страшныя і вялікія цуды, навёў на
зямлю згубны патоп, які зьнішчыў усё. Цяпер Ты, Хрысьце, патапіў грэх у вадзе
для шчасьця і збаўленьня людзей.
Песьня 8
Канон 1. Ірмас. Слаўную тайну паказала нам бабілёнская печ,
калі напоўнілася расою. У падобны спосаб Ярдан прыняў духоўны Агонь і пакрыў
Творцу, які ахрысьціўся цялесна ў ім. Людзі бласлаўляюць Яго і ўзьвялічваюць
праз усе вякі.
"Адкінь увесь страх, – Збавіцель сказаў Прадвесьніку. – Слухайся Майго загаду
і ахрысьці Мяне, які ў спагадлівасьці Маёй зышоў на зямлю, і якога людзі
бласлаўляюць і ўзьвялічваюць праз усе вякі".
Калі Хрысьціцель пачуў словы Уладара, ён з трымценьнем працягнуў руку і
дакрануўся да галавы Творцы свайго. Ахрысьціўшы Яго, ён усклікнуў: "Асьвяці
мяне, бо Ты – мой Бог, якога людзі бласлаўляюць і ўзьвялічваюць праз усе вякі!"
У Ярдане адбылося аб'яўленьне Тройцы. Найвышэйшы Бог Айцец аб'явіў: "Той, хто
хрысьціцца, – Сын мой любы". І Дух зышоў на сабе роўнага, якога людзі
бласлаўляюць і ўзьвялічваюць праз усе вякі.
Канон 2. Ірмас. Тварэньне стаецца вольным, і людзі, што былі ў
цемры, робяцца дзецьмі сьвятла. Толькі князь цемры галосіць. Усе народы, што
раней цярпелі гора, аднадушна блаславіце Таго, хто гэта ўчыніў.
Тры прыяцелі Божыя, якіх сярод полымя асьвяжыла раса, былі вобразам
Найвышэйшай Існасьці, што зьзяе сьветлымі промнямі патройнай сьвятасьці і што,
прыняўшы дзеля нас чалавечую прыроду, паліць вогненнай расою ўсякую згубную
ману.
Хай апранецца ў белае ўвесь род людзкі, бо сёньня ён, абмыты ў жыцьцядайнай
вадзе, чысты і сьветлы, узводзіцца на неба і вызваляецца ад першаснага граху
праз Таго, хто словам сваім трымае ўсё.
Песьня 9
"Больш годную пашаны..." не сьпяваецца.
Верш. Узьвялічвай, душа мая, больш слаўную за анельскія хоры Дзеву
ўсячыстую.
Канон 1. Ірмас. Ніякі язык ня ў стане дастойна ўсхваліць Цябе,
і нават сілы нябесныя, стоячы ў подзіве, ня ведаюць як пяяць славу Тваю,
Багародзіца. Але Ты, добрая, што ведаеш набожныя жаданьні нашыя, веру нашую
прымі. Апякунка хрысьціянаў, Цябе мы ўзьвялічваем.
Верш. Узьвялічвай, душа мая, Таго, хто просіць хросту ў
Прадвесьніка.
Тое самае.
Верш. Узьвялічвай, душа мая, Таго, хто прыйшоў на Ярдан
хрысьціцца.
Прыйдзі, Давід, духам да прасьветленых хрышчэньнем, засьпявай з вераю Богу,
кажучы: "Прыйдзіце да Бога ў веры і прасьвятліцеся. Бедны Адам, зграшыўшы,
усклікнуў да Госпада, і Той пачуў яго і, прыйшоўшы, абнавіў яго ў водах
Ярданскіх".
Верш. Узьвялічвай, душа мая, Таго, пра каго засьведчыў голас Айца.
Тое самае.
Верш. Узьвялічвай, душа мая, Аднаго з Тройцы, што схіліў галаву і
хрост прыняў.
Ісая кажа: "Абмыйцеся, ачысьціцеся, пакіньце вашую злосьць перад
Госпадам; прыйдзеце, усе сасмаглыя, да жывое вады, бо Хрыстос акрапляе вадою адраджэньня
тых, хто прыходзіць з вераю да Яго, і хрысьціць Духам для жыцьця вечнага".
Верш. Прыйдзі, прарок, да мяне, працягні руку тваю і хутка
ахрысьці Мяне.
Тое самае.
Верш. Хадзі, прарок, ахрысьці мяне, бо Я прыйшоў з уласнае волі
споўніць усякую праведнасьць.
Захавайма, верныя, ласку і пячатку хросту. Некалі гэбрэі пазьбеглі загубы,
памазаўшы дзьверы крывёю ягняці. У падобны спосаб гэты Боскі хрост ёсьць нашым
Выйсьцем да адраджэньня і сузіраньня незаходнага сьвятла Тройцы.
Верш. Сёньня Уладар схіляе галаву пад руку Прадвесьніка.
Канон 2. Ірмас. Невыказны цуд мацярынства Твайго, Усячыстая
Дзева, Маці блаславёная! Атрымаўшы праз Цябе збаўленьне, дастойна хвалім Цябе,
прыносячы ў дары песьню падзякі.
Верш. Сёньня Ян хрысьціць Уладара ў струменях Ярданскіх.
Тое самае.
Верш. Сёньня Уладар у вадзе хавае грэх людзкі.
Сёньня бачым спаўненьне таго, што было аб'яўлена Майсею ў вогненным кусьце:
Дзева мела ў сабе Агонь і не згарэла. Яна нарадзіла Дабрачынца, які прасьвятляе
ўсіх, і які аб'явіўся ў водах Ярданскіх.
Верш. Сёньня Уладар атрымлівае з вышыні сьведчаньне, што Ён любы
Сын.
Тое самае.
Верш. Сёньня Уладар прыходзіць асьвяціць прыроду вады.
Спрадвечны Уладару, праз дар Духа Сьвятога Ты робіш дасканалаю чалавечую
прыроду. Ты ачысьціў яе вадою і перавёў людзей да жыцьця вечнага, а гордую сілу
цемры пасароміў.
Верш. Сёньня Уладар прымае хрост з рукі Прадвесьніка.
Тое самае.
Першы прыпеў і ірмас:
Верш. Узьвялічвай, душа мая, больш слаўную за анельскія хоры Дзеву
ўсячыстую.
Канон 1. Ірмас. Ніякі язык ня ў стане дастойна ўсхваліць Цябе,
і нават сілы нябесныя, стоячы ў подзіве, ня ведаюць як пяяць славу Тваю,
Багародзіца. Але Ты, добрая, што ведаеш набожныя жаданьні нашыя, веру нашую
прымі. Апякунка хрысьціянаў, Цябе мы ўзьвялічваем.
Таксама прыпеў другога канону і ірмас:
Верш. Сёньня Ян хрысьціць Уладара ў струменях Ярданскіх.
Канон 2. Ірмас. Невыказны цуд мацярынства Твайго, Усячыстая
Дзева, Маці блаславёная! Атрымаўшы праз Цябе збаўленьне, дастойна хвалім Цябе,
прыносячы ў дары песьню падзякі.
Экзапастыляр. Зьявіўся Збаўца – ласка
і праўда, – у стурменях Ярданскіх і прасьвятліў тых, што былі ў цемры і ценю, бо
прыйшло і зьявілася Сьвятло недаступнае.
(Тройчы)
Пахвальныя псалмы
(Тон 1). Хрыстос Збаўца наш, Сьвятло ад Сьвятла, зазьзяў на ўвесь
сьвет. Бог аб'явіўся: паклонімся Яму.
Як нам, слугам, дастойна ўзьвялічваць Цябе, Хрысьце Уладару, які вадою ўсіх
нас абнавіў?
Калі Ты, Збавіцелю наш, быў ахрышчаны слугою ў Ярдане, Ты асьвяціў ваду і немачы сьвету
ацаліў. Вялікая тайна зьяўленьня Твайго, Госпадзе Чалавекалюбча.
Слава Табе!
Зьявілася праўдзівае Сьвятло, што прасьвятляе ўсіх. Хрыстос, вышэйшы за
ўсякую чысьціню, хрысьціцца разам з намі і асьвячае ваду для ачышчэньня душаў.
На выгляд зямное дзеяньне ў сапраўднасьці вышэйшае за неба: праз абмыцьцё
– збаўленьне, а праз ваду – Дух. У пагружэньні зьдзяйсьняецца наш узыход на
неба. Цудоўныя ўчынкі Твае, Госпадзе. Слава Табе!
Слава...:
(Тон 6). Ты, Госпадзе, што апранаешся ў сьвятло, быццам у вопратку,
і неба вымяраеш далоньню сваёю, пакрыўся водамі Ярданскімі і схіліў галаву перад
Прадвесьнікам, каб адвярнуць сьвет ад маны і збавіць яго ў чалавекалюбстве
Тваім.
Цяпер...:
(Тон 2). Сёньня Хрыстос прыходзіць на Ярдан хрысьціцца; сёньня Ян
дакранаецца да галавы Уладара. Сілы нябесныя жахнуліся, угледзеўшы слаўную
тайну; мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад. Мы ж, прасьветленыя, клічам:
"Слава Богу, які зьявіўся і быў бачны на зямлі, і прасьвятліў увесь сьвет!"
Пасьля Вялікага Услаўленьня:
Трапар (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося
пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і
Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які
зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе. |