Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 8). Ты, Госпадзе, стаў перад Янам ля Ярдану як чалавек, не
пакінуўшы пасаду, на якім сядзіш разам з Айцом, і ахрысьціўся дзеля нас,
вызваліўшы сьвет ад няволі паганага, як Чалавекалюбец.
Хоць Ты, Госпадзе, увайшоў у воды Ярданскія як чалавек, Дух Сьвяты, зышоўшы,
даў сьвядоцтва аб Табе, і Айцец назваў Цябе Сынам сваім. Зьявіся цяпер нам і
даруй нятленнасьць душам нашым.
Госпадзе, хоць Ты нарадзіўся ад Айца перад усімі вякамі і назаўсёды застаешся
нязьменны, у апошні час Ты прыняў выгляд слугі, каб, як Творца, абнавіць вобраз
Твой і, ахрысьціўшыся, дараваць нятленнасьць душам нашым.
(Тон 1). Быццам Давіда ад бездані пажадлівасьцяў, Хрыстос вывеў
цябе, мучаніку, ад ідальскай спакусы і балота, і паставіў ногі твае на скале
пазнаньня свайго. Малі Яго за збаўленьне душ нашых.
Ні просьбы жонкі, ні любоў да дзяцей, ні годнасьці і багацьце не адхілілі
тваёй моцнай душы ад праўдзівай веры ў Хрыста, блаславёны Паліеўкце.
Перад атрыманьнем ласкі мучаніцтва ты ўпрыгожыўся праведнымі ўчынкамі і,
аказаўшыся верным сьведкам Хрыста, ахрысьціўся крывёю тваёю ў сьмерць Яго.
Слава...:
(Тон 1). Сёньня анельскія хоры і ўсе людзі сьвяткуюць памяць
Мучаніка Паліеўкта і радасна ўсклікаюць: "Радуйся, усяхвальны, бо Ты разбурыў
пасткі хітрага ворага і атрымаў вянец перамогі ад Хрыста; радуйся, вою вялікага
Уладара і Збавіцеля нашага, што разбурыў ахвярнікі ідальскія; радуйся, пахвала
мучанікаў. Маліся за тых, што спраўляюць памяць тваю, каб ім выбавіцца ад усякае
небясьпекі.
Цяпер...:
(Тон 2). Сёньня Творца неба і зямлі прыходзіць у целе на Ярдан і,
сам бязгрэшны, просіць хрышчэньня, каб ачысьціць сьвет ад варожае спакусы;
Уладар усіх прымае хрышчэньне ад слугі і дае роду людзкому ачышчэньне вадою. Дык
усклікнем Яму: "Божа, які зьявіўся нам, слава Табе!"
Вершапесьні
(Тон 6). Недасяжны для ўсіх і бязгрэшны, Ты стаў у вадзе, схіліў
галаву перад Прадвесьнікам, і асьвяціў сьвет, вызваліўшы яго ад няволі
хрышчэньнем Тваім.
Верш. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.
Калі ты, Хрысьце, ахрысьціўся ў Ярдане, Айцец з вышыні і Дух засьведчылі, што
Ты – Сын спрадвечны. Такім чынам мы пазналі тайну Тройцы.
Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк
назад?
Ты, Збавіцелю, як Бог, асьвяціў воды Ярданскія і ўсю прыроду вады. Дзеля
гэтага род людзкі славіць зьяўленьне Тваё.
Слава... цяпер...:
(Тон 4). Той, хто апранаецца ў сьвятло, быццам у вопратку, захацеў
стаць адным з нас дзеля нас. Сёньня Ён пакрываецца струменямі вады Ярданскай,
сам ня маючы патрэбы быць ачышчаным імі, але каб даць нам адраджэньне. Што за
цуд! Без агню паліць, будуе нанова, не разбураючы, і збаўляе тых, што
абнаўляюцца ў Ім, Хрыстос Бог наш, Збавіцель душ нашых.
Адпушчальныя трапары
Трапар мучаніка (тон 4).
Мучанік Твой, Госпадзе, Паліеўкт, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе,
Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную
дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашы.
Слава... цяпер...:
Трапар сьвята (тон 1).
Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца
засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба
пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет
асьвяціў, слава Табе. |