Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 10 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьня. Сьвятаначальніка Рыгора, біск. Ніскага


 

 

10 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьня. Сьвятаначальніка Рыгора, біск. Ніскага

і пачэсных Маркіяна празьбітара і Даміцыяна, біск. Мелітэнскага

Вячэрня

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 5). Сьвяты ойча сьвятаначальніку Рыгор, пяро поўнае Духа Пацяшыцеля, язык набожнасьці, ліхтар сьветлы Боскага зьзяньня, прапаведнік праўды, аснова багаслоўя, крыніца высокіх догмаў, струмень мёдацечных навучаньняў, жалейка добравяшчальная, што боганатхнёнымі песьнямі жывіць думкі верных. Малі, мудры, Хрыста, які ў водах Ярдану сьвет абнавіў, за збаўленьне душ нашых.

Сьвяты і пачэсны ойча Рыгор, сякера, што сячэ намаганьні гэрэтыкаў, востры двусечны меч Пацяшыцеля, зброя, што нішчыць кепскае семя, агонь, што паліць зельле ерасяў, лапата, што аддзяляе мякіну ад добрага зерня: ты даў нам яснае правіла, што накіроўвае на дарогу збаўленьня. Малі Хрыста, які ў водах Ярдану сьвет абнавіў, за збаўленьне душ нашых.

Сьвяты ойча Рыгор, вусны, з якіх цякуць блаславёныя словы, пачарпнутыя з боскіх крыніцаў, што ніколі не высыхаюць; прасьветлены сузіраньнем Боства, ты ўсіх навучыў словам малітвы і паказаў шлях да дабрадзейнасьцяў. Асьветлены зьзяньнем нястворанае Тройцы, воем якое ты быў, малі, мудры, Хрыста, які ў водах Ярдану сьвет абнавіў, за збаўленьне душ нашых.

(Тон 1). Той, хто раней пагражаў вынішчыць зямлю і хваліўся, што высушыць мора, сёньня, упакораны, стаіць перад вернымі, быццам птушка, ці нікчэмны камар, пераможаны ўгоднікам Хрыстовым.

Даміцыян кліча нас, верныя, на застольле богапрыемнае: дык пойдзем усе, каб сьвяткаваць разам з ім і паслухаць яго навучаньняў, молячы Збавіцеля душ нашых дараваць сьвету супакой.

Як верны слуга, Ты, пачэсны ойча, падвоіў талент ласкі, дадзены табе Хрыстом, і пачуў ад Яго: "Верны і добры слуга, табе належыца ўзнагарода добрага і сапраўднага ўгодніка, дык прыйдзі ў радасьць Госпада твайго, прыняўшы заплату за высілкі твае".

Слава...:

(Тон 4). Слова мудрасьці ты ўпрыгожыў беззаганнай дабрадзейнасьцю, будучы дасканалым у абедзьвюх, Ніскі Рыгор; Богавесным тваім голасам ты навучаў разумна людзей, прапаведуючы ў Тройцы адзінага Бога. Тваім праўдзівым навучаньнем ты перамог чужыя ерасі, і умацаваў павагу да веры. Цяпер, стоячы разам з анёламі ў прысутнасьці Хрыста, прасі Яго даць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Цяпер...:

(Тон 4). Рука Хрысьціцеля задрыжэла, калі дакранулася да Тваёй пачэснай галавы. Ярдан павярнуў назад, ня сьмеючы служыць Табе. Бо калі ён некалі спалохаўся Ісуса Навіна, дык як жа ж яму не было баяцца ягонага Творцы? Але Ты, адзіны чалавекалюбны Збавіцелю наш, прыйшоў споўніць увесь провід дзеля нас і збавіць сьвет зьяўленьнем Тваім.


Вершапесьні

(Тон 2). Хай усё стварэньне запяе новую песьню Народжанаму ад Дзевы Хрысту, які сёньня хрысьціцца ў Ярдане.

Верш. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.

Труба прароцкая, Прадвесьнік, хай кліча: "Рыхтуйце Госпаду, які хрысьціцца ў вадзе, плады найлепшых учынкаў вашых".

Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад?

Зазьзяўшы ясна з вышыні, Дух Божы робіцца бачным у выглядзе голуба і зыходзіць на Хрыста.

Слава...:

(Тон 4). Накіраваўшы жыцьцё да Бога і палюбіўшы мудрасьць, ты, боскі Рыгор, прасьвятліў дзеяньні твае сузіраньнем і ўзбагаціўся ласкаю Духа; слодыч цякла з вуснаў тваіх, быццам мёд, і ты прасьвятліў Царкву Божую разуменьнем Боства. Цяпер, жывучы ў небе, маліся няспынна за нас, якія спраўляем памяць тваю.

Цяпер...:

(Тон 4). Убачыўшы Цябе, што ачышчаеш агнём і Духам грахі сьвету, калі Ты ішоў да яго, Хрысьціцель жахнуўся і, трапечучы, усклікнуў: "Ня сьмею дакрануцца да пачэснай галавы Тваёй. Ты мяне асьвяці Боскім зьяўленьнем Тваім, адзіны чалавекалюбны Уладару".


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятаначальнікаў (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.

Слава... цяпер...:

Трапар сьвята (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст