Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 12 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьня. Мучаніцы Тацяны


 

 

12 Студзеня - Пасьвяцьце Богазьяўленьня. Мучаніцы Тацяны

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 8). Ты, бязгрэшны Госпадзе, захацеў хрышчэньнем Тваім вызваліць сьвет ад граху, але мы ведаем і славім Цябе як Бога і Збавіцеля душ нашых.

Калі Ты, Госпадзе, прыйшоў у целе на Ярдан, каб асьвяціць ваду слаўным Тваім хрышчэньнем, Ты схіліў галаву Тваю перад Прадвесьнікам і прыняў хрост ад слугі для збаўленьня душ нашых.

Каб збавіць ад спакусы сьвет, які Ты стварыў, Ты, Госпадзе, прыняў цела ад Чыстае Дзевы і, як Чалавекалюбец, ахрысьціўшыся, вызваліў Адама ад тленнасьці і дараваў прасьвятленьне душам нашым.

(Тон 2). Прасьветленая зьзяньнем Духа, ты адкінула дачаснае багацьце і палюбіла нябеснае; сьведчачы сьмела аб веры тваёй ты пацярпела вялікія мучэньні і, перамогшы імі ворага, спляла сабе пераможны вянец, Мучаніца ўсяслаўная.

Пагасіўшы пажаданьні цела і полымя граху расою Боскага Духа, які садзейнічаў табе, ты, пачэсная, утаймавала зьвяроў пасярод суду і перадала цела тваё на мукі і раны, і гэтым перамагла ворага і спляла сабе пераможны вянец, Тацяна, Богам блаславёная.

Ні меч, ні агонь, ні раны, ні боль, ні голад і ніякія іншыя цярпеньні не змаглі зьменшыць тваёй любові да Госпада; шукаючы Яго гарачым сэрцам, ты, мучаніца, адкінула усё дачаснае, і ўвайшла ў нябесны хорам як нявеста Уладара ўсіх.

Слава... цяпер...:

(Тон 5). Усё зямное стварэньне жахнулася, убачыўшы Цябе, Творча ўсіх, голым ў вадзе, калі Ты прыйшоў прасіць хрышчэньня. Прадвесьнік, поўны страху, ня сьмеў падысьці да Цябе, мора ўцякло, Ярдан павярнуў назад плынь сваю, горы ўскалыхнуліся, і анельскія хоры ў зьдзіўленьні ўсклікнулі: "Што за цуд! Збавіцель стаіць голы, каб апрануць у збаўленьне чалавека і абнавіць яго!"


Вершапесьні

(Тон 6). Сёньня разам з прарокам усклікнем Госпаду: "Зьявіўся Ты, Хрысьце Збавіцелю і Творча наш, прасьвятліў сьляпых зьзяньнем Тваім. Блаславёны Ты, Божа, які зьявіўся нам: Слава Табе!"

Верш. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.

Ты даў нам уладу над ворагамі хрышчэньнем Тваім, Слова, і мы славім збавенны провід Твой, споўніўшы які, Ты дабравольна вызваліў чалавека ад першага праклёну. Дзеля гэтага ўсклікаем Табе: "Блаславёны Ты Божа, які зьявіўся нам. Слава Табе!"

Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад?

Апранутыя ў зьвярыныя скуры пасьля падзеньня Адама, цяпер мы пазбыліся іх хрышэньнем Гасподнім у Ярдане. Дзеля гэтага разам з анёламі славім Яго і клічам: "Блаславёны Ты, Божа наш, які зьявіўся нам. Слава Табе!"

Слава... цяпер...:

(Тон 6). Усхвалім, верныя, веліч Божае спагадлівасьці да нас. Дзеля нашых правінаў Ён, адзіны чысты і нятленны, стаўся чалавекам, прыняў наша ачышчэньне ў Ярдане, асьвяціўшы воды і нас, і скрышыўшы галовы зьмеяў. Дык зачэрпнем ваду з радасьцю, бо ласка Духа нябачна даецца тым, што з вераю бяруць яе, ад Хрыста Бога і Збаўцы душ нашых.


Адпушчальныя трапары

Мучаніцы (тон 2). Пайшоўшы ўсьлед за Чыстым Ягнём і Пастырам, ягнё духоўнае, цудоўная мучаніца Хрыстовая Тацяна, узброеная ў знак крыжа, не збаяўшыся бачных і нябачных ворагаў, цалкам перамагла іх і ўвайшла ў нябесную агароджу, дзе няспынна моліцца за нас.

Слава... цяпер...:

Трапар сьвята (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст