Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 14 Студзеня - Адданьне сьвята Богазьяўленьня; пачэсных айцоў, у Сінаі і Раіце забітых


 

 

14 Студзеня - Адданьне сьвята Богазьяўленьня; пачэсных айцоў, у Сінаі і Раіце забітых

(служба сьв. Айцоў, замучаных у Раіце, бярэцца 13 студзеня)

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

песьні сьвята:

(Тон 2). Убачыўшы Прасьветніка нашага, што прасьвятляе кожнага чалавека, калі той прыйшоў хрысьціцца, Прадвесьнік усьцешыўся душою і, паказваючы на Яго, сказаў людзям: "Вось Той, хто збаўляе Ізраіля і вызваляе нас ад тленнасьці". Бязгрэшны Хрысьце Божа наш, слава Табе! (Двойчы)

Анельскія хоры жахнуліся, убачыўшы, як слуга хрысьціць Збавіцеля; Дух Сьвяты зышоў, каб засьведчыць аб Ім, і з неба пачуўся голас Айца: "Той, каго Прадвесьнік хрысьціць рукою сваёю – гэта Сын мой любы, якога Я ўпадабаў". Хрысьце Божа наш, слава Табе! (Двойчы)

Струмені Ярдану прымаюць Цябе, Крыніца! Пацяшыцель зыходзіць у выглядзе голуба; схіляе галаву Той, хто нахіліў нябёсы, і зроблены з гліны ўсклікае Творцы: "Чаму загадваеш мне такое? Ты ж вышэйшы за мяне! Я маю патрэбу ў хрышчэньні Тваім". Бязгрэшны Хрысьце Божа наш, слава Табе!

Калі Ты вырашыў збавіць заблуднага чалавека, Ты не адмовіўся прыняць выгляд слугі. Даспадобы было Табе, Уладару і Богу, дзеля нас успрыняць тое, што нашае; калі ж Ты, Збавіцелю, ахрысьціўся цялесна, Ты ўдастоіў нас прабачэньня. Дзеля гэтага мы ўсклікаем Табе: "Хрысьце Божа наш, слава Табе!"

Слава... цяпер...:

(Тон 2). Ты схіліў галаву Тваю перад Прадвесьнікам і скрышыў галовы зьмеяў. Увайшоўшы ў ваду, Ты прасьвятліў усіх, каб нам славіць Цябе, Збавіцелю і Прасьветніча душаў нашых.


Вершапесьні: з павячэрніцы

(Тон 2). Убачыўшы Цябе, Хрысьце Божа, калі Ты ішоў да Ярдану, Ян усклікнуў: "Чаму Ты, Госпадзе, будучы беззаганным, прыходзіш да слугі? У чыё імя я павінен хрысьціць Цябе: Айца? Але ж Ты Яго маеш у сабе; Сына? Ты ж сам ёсьць Той, які прыняў цела; Духа Сьвятога? Ты ж сам Яго верным даеш". Божа, які зьявіўся нам, зьмілуйся над намі!

Верш. Мора ўбачыла і ўцякло, Ярдан пацёк назад.

Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся, бо на Тваю славу ўзірацца ня сьмеюць хэрувімы і сэрафімы: стоячы са страхам перад Табою, адны з іх лётаюць вакол, а другія славяць магутнасьць Тваю. З імі разам і мы абвяшчаем хвалу Тваю, кажучы: "Божа, які зьявіўся нам, зьмілуйся над намі!"

Верш. Што з табой, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад?

Сёньня Творца неба і зямлі прыходзіць у целе на Ярдан і, хоць сам бязгрэшны, просіць хрышчэньня, каб ачысьціць сьвет ад варожае спакусы. Уладар усіх прымае хрышчэньне ад слугі і дае роду людзкому ачышчэньне вадою. Дык усклікнем Яму: "Божа, які зьявіўся нам, слава Табе!"

Слава... цяпер...:

(Тон 6). Сьветлы ліхтар, сын няплоднае, убачыўшы Сонца, што зазьзяла ад Дзевы і прыйшло на Ярдан прасіць хрышчэньня, сумеўся і радасна ўсклікнуў: "Асьвяці мяне, Уладару, Боскім зьяўленьнем Тваім!"


Адпушчальны трапар

Трапар сьвята (тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы. Голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.


На Літургіі: ўсё сьвята, апрача Апостала і Евангельля.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст