Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1). Ойча Рыгор, нават магіла, месца забыцьця, не змагла
зачыніць вуснаў тваіх; ты – багаслоўскі голас, што абвяшчае сьвету догмы
пабожнасьці. Дык маліся, каб душам нашым атрымаць супакой і веліч зьмілаваньня.
Ойча мудры Рыгор, утаймаваўшы варожыя і шкодныя жаданьні цела, ты сеў на
чатырохконную калясьніцу дабрадзейнасьцяў, скіраваную да неба. Загледзеўшыся ў
невыказную Дабрыню і напоўніўшыся ёю, цяпер даеш душам нашым супакой і веліч
зьмілаваньня.
Ойча Рыгор, ласкаю ты быў верным хадайнікам Бога і людзей; і цяпер, тваімі
сьмелымі малітвамі даючы нам усеміласэрнага Хрыста, не пераставай маліць
Госпада, сьвяты, дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.
(Тон 2). Прыйдзіце, сьвятымі песьнямі уславім багамоўнага Рыгора,
вока ласкі, мудрыя вусны Духа Сьвятога, ясны сьветач сусьветны, вялікае
царкоўнае прапаведаваньне, славу правай веры, цудоўны струмень багаслоўя, боскіх
догмаў вечнацечную раку, крыніцу вечна жывую, поўную боскае вады нятленнасьці.
З любоўю ўсхвалім у песьнях сёньня сьвятаначальніка, роўнага норавам з
апосталамі, змагара за пабожнасьць, поўню дабрамоўнасьці, салодкі струмень
навучаньня, моц словаў высакамоўных; вусны, што гукалі быццам гром з неба; язык,
што дыхаў агнём; мудрасьці скарбніцу, прапаведніка Слова, умацаваньне верных.
Песьнямі дастойнымі ўсхвалім багаслова, ахоўніка Хрыстовае паствы, лаўца
ваўкоў і мудрага ачышчальніка ад пустазельля; цудоўнага сейбіта праўдзівых
догмаў, ад ерасяў моцнага абаронцу, што, як належыцца, вырасьціў боскаю
чуйнасьцю Хрыстовыя таленты, і прасьвятліў сьвет зьзяньнем боскіх вучэньняў.
Слава...:
(Тон 8). Бадзёры язык твой, што адгукаецца ў сэрцах людзкіх,
узьнімае душы лянівых. Багамоўнымі тваімі словамі будуецца лесьвіца, што вядзе
ад зямлі да Бога. Дык, Рыгор багаслоў, не пераставай маліцца Хрысту, каб Ён
выбавіў ад бедаў душы нашыя.
Цяпер...:
Уладар нябесны дзеля любові да людзей на зямлі зьявіўся і з людзьмі пажыў. Ён
прыняў цела ад Чыстае Дзевы і, выйшаўшы з Ейнага ўлоньня, стаўся чалавекам. Ён
Сын адзіны, двайны прыродаю, але не асобаю. Дзеля гэтага мы праўдзіва
прапаведуем і вызнаем Хрыста Бога нашага як дасканалага Бога і дасканалага
чалавека. Малі Яго, Дзева Маці, даць зьмілаваньне душам нашым.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Памяць праведнага поўная хвалы, і блаславеньне Гасподняе на галаве яго.
Блаславёны той, хто набыў мудрасьць і знайшоў разуменьне. Лепш набываць
мудрасьць чым золата і срэбра. Яна больш вартасная за каштоўныя камяні, усё,
чаго б ты не жадаў, не зраўняецца з ёю. Даўгалецьце ў правай руцэ яе, а ў левай
– багацьце і слава. З вуснаў яе цячэ справядлівасьць; закон і міласэрнасьць на
языку ў яе.
Паслухайце мяне, дзеткі, бо важнае кажу, з вуснаў маіх выходзяць словы
праўды. Шчасьлівы той, хто мяне слухае, штодня ля дзьвярэй маіх чакае, ля парогу
варот маіх чувае. Бо хто мяне знайшоў, знайшоў жыцьцё і асягнуў ласку ў Госпада.
Клічу вас, людзі: да сыноў людзкіх мой голас. Я – мудрасьць, разважлівасьць
блізкая мне, маю глыбокую веду. У мяне рада і помач, мая разважнасьць і сіла. Я
люблю тых, што мяне любяць; хто шукае мяне пільна, той знаходзіць. Прастадушныя,
навучайцеся разважлівасьці і вы, неразумныя, набірайцеся розуму. Слухайце, бо я
пра важныя рэчы гавару, шчырасьць адчыняе вусны мае. Вусны мае кажуць праўду,
усё крывадушнае агіднае вуснам маім. Усе словы мае праўдзівыя, няма нічога
няшчырага, крывадушнага ў іх. Усе яны ясныя для тых хто іх разумее, і праўдзівыя
для тых, хто асягнуў мудрасьць. Вярніцеся на шлях мой. Вось я надзялю вас духам
маім і навучу вас радам маім. Лагодны язык – дрэва жыцьця, а крывадушны губіць
душу.
(10:7-8;3:13-16;8:6,34-35,4,12, 14, 17,5-9; 1:23; 15:4)
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Вусны праведнага крынічаць мудрасьць, вусны мужоў мудрых ведаюць ласку. Вусны
мудрых навучаюць мудрасьці, іхняя праведнасьць выбаўляе іх ад сьмерці. Калі
праведны муж памірае, надзея ягоная не сканчаецца. Сын праведны родзіцца да
жыцьця, і ў дабрыні сваёй зьбірае плады праведнасьці. Сьвятло для праведнага
сьвеціць заўсёды, і ад Госпада атрымлівае ён ласку і славу. Язык мудрых добрае
зьведае, у іхніх сэрцах спачыне мудрасьць. Любіць Госпад чыстых сэрцам,
даспадобы Яму тыя, што ходзяць беззаганным шляхам. Мудрасьць Гасподняя
прасьвятляе твар разумнага. Яна нават апярэджвае тых, што жадаюць пазнаць яе.
Той, хто зранку шукае яе, не адчуе стомленасьці, і той, хто ня сьпіць дзеля яе,
не зазнае суму. Яна сама абыходзіць і шукае годных яе, і ласкава зьяўляецца ім
на шляху. Злосьць ніколі не пераможа мудрасьці. Дзеля гэтага я палюбіў і шукаў
яе ад маладосьці маёй, і хацеў узяць яе сабе за нявесту. Уладар усіх палюбіў яе:
яна – тайніца Божага розуму, і абранніца твораў Яго. Учынкі яе –
дабрадзейнасьці: яна навучае чысьціні і розуму, справядлівасьці і мужнасьці, за
якіх няма нічога больш патрэбнага ў жыцьці чалавека. Калі ж нехта хоча
дасьведчыць большага, мудрасьць ведае мінулае і прадбачыць будучае; разумее
тонкасьці словаў і дае развязкі загадкам; распазнае знакі і цуды, і наступствы
часоў і гадоў. Яна – добры дарадчык для ўсіх, бо ў яе несьмяротнасьць, і асалода
ў сяброўстве з ейнымі навучаньнямі. Дзеля гэтага я зьвярнуўся да Госпада,
памаліўся Яму, і сказаў ад усяго сэрца майго: Божа айцоў і Госпадзе міласьці, Ты
стварыў усё словам сваім, і мудрасьцю сваёю паставіў чалавека, каб ён панаваў
над усімі істотамі, створанымі Табою, і кіраваў сьветам у сьвятасьці і
справядлівасьці. Дай мне мудрасьць, што сядзіць побач з Табою на пасадзе Тваім,
і не адлучы мяне ад дзяцей Тваіх, бо я слуга Твой, і сын слугі Тваёй. Пашлі мне
яе (мудрасьць) з нябёсаў, ад сьвятога жыллья Твайго, ад пасаду славы
Тваёй, каб яна была са мною і навучыла мяне ўсяго, што прыемна Табе. Хай яна
кіруе маім розумам, і захоўвае мяне ў славе Тваёй. Бо намеры людзкія ўсе марныя,
і думкі іхнія памылковыя. (Прып. 10; Мудр. 6,8,9)
Чытаньне кнігі Мудрасьці
Праведнік, хоць бы і памёр заўчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная
пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная –
мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў
міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не адмяніла
думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога
засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана
дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу і таму Ён пасьпяшыў
забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі
сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і
провід Ягоны са сьвятымі Яго. (4:7-15)
Вершапесьні
(Тон 5). Радуйся, крыніца багаслоўя, богасузіраньня высокага
жытло: дасьледаваўшы пабожным розумам высокую глыбіню, ты, ойча, усім выясьніў
злучэньне адзінага сьвятла ў трох сонцах, зьяднанага тоеснасьцю Боства,
патройнага пачэснымі асобамі. Чысьцінёю жыцьця і сьветласьцю словаў тваіх ты,
боганатхнёны, навучыў пакланяцца Тройцы ўсесьвятой. Малі Яе паслаць душам нашым
веліч зьмілаваньня.
Верш. Вусны мае кажуць словы мудрасьці, разважнасьць – роздум
сэрца майго.
Зьзяньнем багаслоўя твайго ты разагнаў цемру ерасяў, імкнучыся намерана да
Крыніцы сьвятла, каб далучыўся да сьветласьцяў, што адтуль плывуць. Прасьветлены
твой розум ты, багаслове, зрабіў люстрам, у якое ты прыняў адзіны Прамень
патройнага і неразьдзельнага сьвятла Боства. Малі Яго дараваць душам нашым веліч
зьмілаваньня.
Верш. Вусны праведнага абвяшчаюць мудрасьць, язык ягоны кажа
праўду.
Радуйся, Божая рака, поўная заўсёды водаў ласкі, што цешыць горад Уладара
Хрыста боскімі словамі і навучаньнямі; салодкі ручай, нязьведаная глыбіня,
догмаў вядомы ахоўца законны; абаронца цёплы Сьвятой Тройцы, арган Духа
Сьвятога, бадзёры розум, дабрамоўны язык, што выясьняе глыбіню пісаньняў. Малі
цяпер Хрыста дараваць нам веліч зьмілаваньня.
Слава...:
(Тон 8). Апрацоўваючы навучаньнямі тваімі сэрцы верных, быццам
зямлю, ты, Рыгор, вырасьціў ў іх для Бога плады пабожнасьці, што заўсёды
квітнеюць, высек у карані церні ерасяў і ўпрыгожыў пачуцьці чысьцінёю. Прымаючы
нашыя пахвалы, Боская жалейка, бадзёрае вока, пастыраў пастыр, лавец ваўкоў,
маліся няспынна, Багаслове, да Слова за душы нашыя.
Цяпер...:
Чыстая Дзева, што Бога ў целе невыказна зачала, Маці Бога ўсявышняга, прымі
маленьні слуг Тваіх, Усячыстая, дай ачышчэньне ад правінаў і, выслухаўшы малітвы
слугаў Тваіх, маліся за збаўленьне душ нашых.
Адпушчальныя трапары
Трапар (тон 1). Пастырская жалейка багаслоўскага вучэньня твайго
трубы ілжывых настаўнікаў перамагла, бо табе, які спазнаў глыбіні Духа, быў
дадзены красамоўства дар. Ойча сьвяты Рыгор, малі Хрыста Бога збавіць душы
нашыя.
Слава... цяпер...:
Як толькі пачуўся голас Габрыеля, які казаў Табе, Дзева: "Радуйся!", Уладар
усіх узяў цела ад Цябе, сьвятая Скарбніца, як прадказаў праведны Давід. Ты
сталася больш прасторнай за неба, бо насіла ў сабе Творцу ўсяго. Слава Таму, хто
пасяліўся ў Табе; слава Таму, хто выйшаў з Цябе; слава Таму, хто вызваліў нас
нараджэньнем сваім.
Літургія
Трапары
Трапар (тон 1). Пастырская жалейка багаслоўскага вучэньня твайго
трубы ілжывых настаўнікаў перамагла, бо табе, які спазнаў глыбіні Духа, быў
дадзены красамоўства дар. Ойча сьвяты Рыгор, малі Хрыста Бога збавіць душы
нашыя.
Кандак (тон 3). Багаслоўскім вучэньнем тваім, слаўны, ты доказы
ілжывых настаўнікаў разьбіў, і аздобіў Царкву вопраткай праўдзівай веры,
вытканай на вышыні; і вось Царква, апранутая ў яе, разам з дзецьмі тваімі
духоўнымі кліча: "Радуйся, ойча Рыгор, вяршыня багаслоўскага розуму".
Пракімен (Пс 48:4,2). Вусны мае кажуць словы мудрасьці,
разважнасьць – роздум сэрца майго.
Верш. Пачуйце гэта, усе людзі, слухайце уважліва, усе жыхары
зямлі.
Апостал: 1 Кар 12:7-11
Алілуя (Пс 77:1,2). Слухай, народ мой, навукі маёй; прыхілі
вуха тваё да слоў вуснаў маіх.
Верш. У прыповесьцях адчыню вусны мае, выяўлю тайны мінулых вякоў.
Евангельле: Ян 10:9-19
Прычасьнік. Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён
не збаіцца. |