Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Сёньня сабраліся мы, каб усхваліць цябе,
вялікі пакутніку Юры, як мужнага сярод мучанікаў. Выканаўшы подзьвіг, ты зьбярог
веру і прыняў ад Бога вянец перамогі. Дык малі цяпер Яго за вызваленьне ад бедаў
усіх нас, якія з вераю сьвяткуем тваю слаўную памяць.
(Двойчы)
Узмоцніўшы пастанову тваю надзеяю, ты, слаўны, быццам леў,
пайшоў адважна на мукі. Ня дбаючы пра цела, падлеглае тленнасьці, ты мудра
клапаціўся аб тваёй несьмяротнай душы. Выпрабаваны рознымі мукамі, ты, Юры,
стаўся быццам золата, сем разоў ачышчанае.
За Збавіцеля ты, мудры, пацярпеў мукі і сьмерць, падобную да
Ягонай дабравольнай сьмерці. Цяпер ты слаўна пануеш разам з Ім, апрануты ў
пурпуру крыві і ўпрыгожаны скіпетрам мукаў тваіх, і ў вянцы перамогі зьзяеш на
ўсе вякі, вялікі мучаніча Юры.
Апрануўшыся ў зброю веры, шчыт ласкі, і ўзброіўшыся ў кап'ё
крыжа, ты стаўся непераможным для супраціўнікаў, Юры і, як Боскі вой, зьнішчыў
дэманскія станы. Цяпер, радуючыся разам з анёламі, ты заступаешся за верных і
асьвячаеш іх і збаўляеш тых, што клічуць цябе.
Мы пазналі цябе, пераможны Юры, як сьветлую зорку і яснае
сонца на нябасхіле, як пэрлу каштоўную і бліскучы самацьвет, як сына дня і
мужнага мучаніка, як абаронцу верных, якія сьвяткуюць памяць тваю.
Слава...:
(Тон 6). Дастойна імю Твайму, жаўнер Юры, ты
пажыў, узяўшы крыж Хрыстовы на плечы; ты апрацоўваў добра ральлю, абледзянелую
д'ябальскай спакусаю, і выкараніў ідальскае церне, праўдзівай веры галінку
насадзіў. Цяпер ты даеш ацаленьні па ўсім сьвеце верным; будучы праведным слугою
Тройцы, малі Яе за супакой на ўсім сьвеце і збаўленьне душ нашых.
Цяпер...: сьвята
Чытаньне кнігі прарока Ісаі (43:9-14)
Так кажа Госпад: Хай зьбяруцца разам усе народы, і хай
зыдуцца ўсе начальнікі іхнія. Хто з іх можа абвясьціць гэта, расказаць, што было
ад пачатку? Хай прывядуць сьведкаў сваіх для апраўданьня, каб іх маглі пачуць і
сказаць: Сапраўды гэта так. Вы Мае сьведкі – кажа Госпад, – і слугі мае, якіх Я
выбраў, каб усе пазналі і паверылі Мне, і зразумелі, што толькі Я адзін ёсьць.
Ніякага бога ня было перада мною, і пасьля мяне ня будзе. Я – Госпад, толькі Я
ёсьць, і апрача Мяне няма іншага Збавіцеля. Гэта Я абвясьціў, выбавіў, і сказаў
наперад, а не нехта іншы сярод вас. Вы Мне сьведкі, што Я Госпад Бог ваш.
Спрадвеку Я ёсьць, і ніхто з рук маіх не ўцячэ. Хто можа адмяніць тое, што Я
ўчыніў? Так кажа Госпад, ваш Збавіцель, Сьвяты Ізраіля.
Чытаньне кнігі Мудрасьці (3:1-10)
Душы праведных у руцэ Бога, і мука не кране іх. Вачам
неразумных здавалася, што яны памерлі, іхняе перастаўленьне ўважалася за
няшчасьце, і адыход іх ад нас – за згубу; але яны прабываюць у супакоі. Бо, хоць
паводле людзкога разуменьня іх сустрэла кара, надзея іх поўная несьмяротнасьці.
Пацярпеўшы крыху, яны зазнаюць вялікіх дабрадзействаў. Бог іх дасьведчыў і
знайшоў дастойнымі сябе. Ён іх выпрабаваў, як золата ў горне і прыняў іх, як
цэлапальную ахвяру. У дзень іхняга наведаньня яны зазьзяюць і рассыплюцца,
быццам іскры па іржышчы. Будуць судзіць плямёны і панаваць над народамі, і
Госпад будзе Уладаром іхнім давеку. Тыя, што спадзяваліся на Яго, зразумеюць
праўду, верныя ў любові будуць з Ім прабываць. Бо ласка і міласэрнасьць Ягоная
для сьвятых Яго, і Ён наведае выбраных сваіх.
Чытаньне кнігі Мудрасьці (4:7-15)
Праведнік, хоць бы і памёр перадчасна, знойдзе супакой.
Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна
ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы
Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць
не адмяніла думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць
злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы
рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу, і таму Бог
пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі,
і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі
Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго.
Вершапесьні
(Тон 4). У псалмах і песьнях людзі славяць слаўную
памяць тваю, Юры; бо ты зазьзяў як сьветланосец, упрыгожаны славаю і
дабарадзейнасьцямі. Дзеля гэтага сьвяткуюць сёньня анёльскія хоры, мучанікі і
апосталы пяюць хвалу подзьвігаў тваіх і цярпеньняў, мучаніча, і ўслаўляюць Таго,
хто цябе ўславіў, Збавіцеля Хрыста Бога нашага. Малі Яго прасьвятліць і збавіць
душы нашы.
Верш: Праведнік як пальма зацьвіце, як кедр
лібанскі разрасьцецца.
Апрануты ў Хрыстовую зброю, ты, Юры, паказаўся тым, што не
шукалі цябе. Распалены Хрыстовым агнём, ты з пагардай адкінуў марных ідалаў і
іхнюю бязбожную злосьць. "Я вой Хрыста Уладара, – ты аб'явіў беззаконным, – Ні
зьверы, ні колы мучэньняў, ні ніякія іншы мукі ніколі ня змогуць адлучыць мяне
ад любові Хрыста майго". Малі Яго цяпер за збаўленьне і прасьвятленьне душ
нашых.
Верш: Насаджаны ў доме Гасподнім, ён расьцьвіце на
панадворку Бога нашага.
Ты за нішто палічыў розныя прылады мукі і страшную зброю,
венцаносны Юры, і закончыў дабрадзейна сваё жыцьцё як мучанік. Дзеля гэтага
памяць тваю песьнямі, быццам кветкамі, усхваляем і пачэсныя твае мошчы з вераю
цалуем. Ты ж, стоячы перад пасадам Уладара Хрыста Бога нашага, не пераставай
маліць Яго збавіць і прасьвятліць душы нашыя.
Слава...:
Усхвалім духоўна, браты, цярпеньні цьвёрдага быццам дыямант
слаўнага мучаніка. За Хрыста палілі яго агнём і ранілі вострымі прыладамі, і
рознымі мукамі калечылі цела яго тленнае па сваёй прыродзе; але жаданьне
(любоў) перамагло прыроду, заахвочваючы яго праз сьмерць прыйсьці да
жаданага Хрыста Бога і Збавіцеля душ нашых.
Цяпер...: сьвята
Трапары адпушчальныя
Трапар сьвятога (тон 4).
Палонных вызваліцелю, бедных абаронца, лекару хворых, уладароў заступнік,
пераможны і вялікі мучанік Юры, малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя.
Слава... цяпер...: сьвята
|