Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » V тыдзень посту - чацьвер - увечары


 

 

V тыдзень посту - чацьвер - увечары

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 8): З уласнай волі праз першую правіну я пазбавіў сябе красы дабрадзейнасьцяў, але зноў набыў яе, калі Ты, Слова Божае, у дабрыні Тваёй упакорыўся. Ты не пагардзіў мною, калі я ўпаў у лютыя пажаданьні і, паранены, быццам разбойнікамі, ляжаў ля дарогі, але захаваў мяне бясьпечным сілаю Тваёю і дапамог мне ў вялікай міласэрнасьці Тваёй. (Двойчы)

Мучанікі Гасподнія, вы кожнае месца асьвячаеце і ўсякую немач аздараўляеце. Дык просім вас, маліцеся, каб ад варожых сецяў вызваліцца душам нашым.

(Тон 1): Прыбіты да Крыжа, Ты, Госпадзе, боскім кап'ём разьдзёр прысуд Адамавага граху; дык разарві путы мае, Слова, каб я мог прынесьці Табе ахвяру хвалы ў радасьці ў гэты прыемны час посту, які Ты ўстанавіў для збаўленьня ўсіх.

Прасьветлены постам, Майсей бачыў славу Божую. Пераймай яго, пакорная душа мая, дагадзі ўчынкамі, устрыманасьцю і малітваю Таму, хто дзеля цябе ў дабрыні сваёй на Крыжы рукі распасьцёр, каб ты магла быць удзельніцай Боскай радасьці.

(Тон 6): Пакланяемся жыцьцядайнаму Крыжу Твайму, Хрысьце, на якім Ты пацярпеў дзеля невыказнай Тваёй дабрыні. З прасьветленымі ім душамі славім Цябе няспынна і просім, каб нам скончыць добра час посту і ўславіць Мукі Твае, Госпадзе, якімі Ты збавіў нас.

Тры песьні і крыжабагародзічны з мінэі.


Пракімен (Пс. 98): Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножку ног Яго, бо Ён сьвяты.

Верш: Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу.


Чытаньне кнігі Роду

Госпад сказаў: "Скаргі на Садому і Гамору чутныя вакол, і грахі жыхароў іх вельмі цяжкія. Зыду, каб пабачыць, ці яно сапраўды так, як у скаргах, якія даходзяць да Мяне, каб ведаць". І гэтыя людзі адышлі ў бок Садомы, а Абрагам стаяў далей перад Госпадам. Прыблізіўшыся да Яго, Абрагам сказаў: "Няўжо ж Ты сапраўды хочаш выгубіць праведнага з грэшнікам? А можа ў гэтым горадзе знойдзецца пяцьдзесят праведнікаў: ці тады зьнішчыш горад і не прабачыш яму дзеля гэтых пяцідзесяці справядлівых, якія там жывуць? Хіба можаш такое ўчыніць? Ці загубіш праведнага разам з нязбожным, ці справядліваму будзе тое самае што і няправеднаму? Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі можа паступаць несправядліва?" Госпад сказаў: "Калі знайду ў Садоме пяцьдзесят праведнікаў, памілую ўвесь горад дзеля іх." Тады Абрагам адказаў: "Вось я, зямля і пыл, асьмельваюся гаварыць да Госпада. Можа да пяцідзесяці будзе не ставаць пяці, дык ці зьнішчыш дзеля гэтых пяці ўвесь горад?" Госпад сказаў: "Ня зьнішчу калі знайду там сорак пяць". Зноў прамовіў Абрагам да Госпада, кажучы: "А можа іх там будзе толькі сорак?" І Госпад адказаў: "Не зраблю гэтага дзеля сарака". Тады Абрагам сказаў: "Прашу, ня гневайся, Госпадзе, калі я яшчэ скажу: а можа іх там знойдзецца толькі трыццаць?" І адказаў: "Не зраблю, калі знайду там трыццаць". Тады той зноў: "Вось я асьмеліўся гаварыць да Госпада: а можа іх там знойдзецца толькі дваццаць?" На гэта Госпад адказаў: "Ня зьнішчу дзеля дваццаці". Уканцы Абрагам сказаў: "Ня гневайся, Госпадзе, калі яшчэ спытаю: а калі б іх там знайшлося дзесяць?" Госпад адказаў: "Ня зьнішчу дзеля гэтых дзесяці". Тады Госпад скончыў размову з Абрагамам і адышоў, а Абрагам вярнуўся на сваё месца. (18:20-33)


Пракімен (Пс. 99): Сьпявай Госпаду, уся зямля.

Верш: Служыце Госпаду ў радасьці.


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Дарога справядлівых – пазьбягаць зла; хто сьцеражэ сьцежкі свае, ахоўвае жыцьцё. Гібелі папярэджвае гордасьць; упадку – дух бунтарны. Лепш быць сьціплым сярод пакорных, чым з гордымі дзяліць здабычу. Хто на словы зважае, той знаходзіць дабро; шчасьлівы, хто спадзяецца на Госпада. Разумным назавуць таго, у каго сэрца мудрае; навука дае ласкавасьць вуснам. Розум – крыніца жыцьця для тых, што яго маюць; дурасьць – неразумных кара. Сэрца мудрага навучае вусны яго і губам яго дае пазнаньне. Добрыя словы – плястр мёду, слодыч для душы і лякарства для цела. Голад работніка працуе на яго, бо вусны прымушаюць яго (працаваць): Нягоднік рыхтуе зло, быццам агонь гарыць на вуснах яго. Крывадушны чалавек сее нязгоду , а даношчык разлучае прыяцеляў. Гвалтаўнік зводзіць суседа свайго, і вядзе яго на благі шлях. Хто зачыняе вочы, той хітрасьці кнуе; а хто вусны кусае, той учыніў праступак. Сівыя валасы – вянец пачэсны: яго знаходзяць на праведным шляху. Цярплівы лепшы за сільнага , а той, хто апаноўвае гнеў – за пераможцу. Жэрабя кідаюць у пазуху, але вынік залежыць ад Госпада. Лепш кусок сухога хлеба ў супакоі, чым поўная страваў хата, у якой няма згоды. Разумны слуга будзе кіраваць нягодным сынам – з братамі ён займе спадчыну. Як горн срэбра і печ золата, так Госпад выпрабоўвае сэрцы. Злачынец уважлівы на згубную мову; а брахун прыслухоўваецца да лісьлівага языка. Хто сьмяецца з беднага, той зьневажае ягонага Творцу; хто цешыцца з няшчасьця, не пазьбегне кары;. Вянец старых людзей – сыны сыноў; слава ж дзяцей – бацькі іх. Не да твару дурню мова разумная; тым менш для ўладара – вусны хлусьлівыя. Гасьцінец – самацьвет для таго, хто дае: куды б ён не зьвярнуўся, будзе мець шчасьце. Хто шукае любові, хавае чужую памылку; хто разгалошвае яе, разлучае прыяцеляў. Дакор мацней узьдзейнічае на разумнага, чым на дурня сто ўдараў біча. Благі чалавек шукае толькі закалоту; за гэта пасланы яму будзе анёл няшчасьця. Лепш мець справу з мядзьведіцай, якая страціла мядзьведзянятаў, чым з шалёным дурнем. Зло не выходзіць з хаты таго, хто плаціць злом за дабро. Пачаць сварку, быццам ваду пусьціць: уцякай, пакуль пачнецца сварка. Той, хто апраўдвае вінаватага і той, хто невінаватага абвінавачвае – абодва яны агідныя Госпаду. Нашто грошы дурню? Не стае яму розуму, каб набыць мудрасьць. Прыяцель любіць у кожным часе, ён будзе братам, калі прыйдзе няшчасьце. (16:17-17:17)


Далей Літургія Раней Асьвячаных Дароў.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст