Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 1 верасьня - Пачатак царкоўнага году і сьвятога айца нашага Сямёна Стоўпніка


 

 

1 верасьня - Пачатак царкоўнага году і сьвятога айца нашага Сямёна Стоўпніка

Вячэрня

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

Новага году (тон 1). Сам Хрыстос навучыў нас маліцца, і мы кожны дзень зьвяртаемся да Творцы, кажучы: „Ойча наш, які жывеш у небе, штодзённы хлеб дай нам, і ня памятай нашых правінаў“.

Ты, Хрысьце Божа, некалі на Сынайскай гары напісаў на табліцах закон. Сёньня, уцелаўлёны, у Назарэце Ты разгарнуў кнігу прарока і навучаў з яе людзей, даводзячы, што пісаньне споўнілася ў Табе.

Некалі косьці людзей народу Твайго, што не паслухаліся Цябе, Хрысьце, былі раскіданыя ў пустыні. У падобны спосаб сёньня раскідай косьці нязбожных ворагаў ля апраметнай, як напісана ў псалме.

Сьвятога (тон 1). Ойча сьвяты, калі б стоўп мог гаварыць, ён не пераставаў бы расказваць пра твае цярпеньні, подзьвігі і сьлёзы. Ня ён цябе трымаў, але ты яго тваімі сьлязьмі. Анёлы здумеліся, людзі зьдзівіліся, бесы спалохаліся, убачыўшы цярплівасьць тваю. Малі, Сямёне блаславёны, Збавіцеля ўсіх за збаўленьне душаў нашых.

Ойча сьвяты, сілаю Боскага Духа ты быў пераймальнікам Уладара твайго. Ты ўзышоў на стоўп, быццам на крыж. Ён зьнішчыў прысуд наш, а ты перамог дрэнныя схільнасьці і пажаданьні. Ён быў Ягнё, а ты ахвяра. Ён узышоў на крыж, а ты на стоўп. Малі, Сямёне блаславёны, Збавіцеля ўсіх за збаўленьне душаў нашых.

Ойча сьвяты, ты ўзышоў на вышыню дабрадзейнасьцяў, абмыўшы цела тваё і ачысьціўшы душу сьлязьмі. Маючы за рэчыўнае жыльлё стоўп, а за духоўнае – нябесны Сыён, ты задзівіў анёлаў, напоўніў подзівам людзей і пасароміў бесаў тваімі дабрадзейнасьцямі. Малі, Сямёне блаславёны, Збавіцеля ўсіх за збаўленьне душаў нашых.

Слава...

(Тон 6). Ласка Божая асьвячае месца мошчаў тваіх, Сямёне сьвяты. Дзеля гэтага, прыходзячы да духмянасьці цудаў тваіх, атрымліваем аздараўленьні. Ойча сьвяты, малі Хрыста Бога за збаўленьне душаў нашых.

Цяпер...

(Тон 6). Спрадвечнае Слова і Сыне, зьяднаны з Духам Сьвятым, Творца і Ўладару ўсяго бачнага і нябачнага, блаславі пачатак году, захавай у супакоі Царкву Тваю малітвамі Багародзіцы і ўсіх сьвятых Тваіх.

Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Дух Гасподні на мне, бо Ён памазаў мяне, паслаў мяне абвяшчаць добрую вестку ўбогім, лячыць раны сэрцаў зьнявераных, прапаведаваць вызваленьне палонным і вязьням свабоду, вяртаць сьляпым зрок, абвяшчаць год ласкі Гасподняй і дзень адплаты Бога нашага, суцешыць тых, што плачуць на Сыёне, даць ім вянок замест попелу, аліву радасьці замест вопраткі жалобнай; і назавуцца яны пакаленьнем справядлівасьці, насадамі Божымі на славу. І зноў адбудуюць руіны, падымуць з развалінаў старыя будынкі, адновяць разбураны горад, што пустэчаю сьвяціў ад пакаленьняў. І прыйдуць чужынцы, будуць пасьвіць вашыя статкі, яны будуць у вас аратымі і вінаградарамі. Вы ж будзеце называцца сьвятарамі Госпада, слугамі Бога вашага. Будзеце спажываць багацьці народаў, іхняе дабро будзе вашым. Паколькі ганьба іх была падвойная, і ўдзелам іх было паніжэньне і зьнявага, дзеля гэтага на зямлі сваёй яны атрымаюць падвойную спадчыну і будуць зажываць вечнага шчасьця. Бо Я, Госпад, люблю праведнасьць і ненавіджу рабаўніцтва і несправядлівасьць. Дам ім узнагароду праведнікаў і пакіну ім вечны запавет. І будзе вядомым сярод народаў семя іх, і ўсе, хто іх убачыць, прызнаюць, што яны ёсьць блаславёным племем Госпада. І ўзрадуюцца вялікай радасьцю ў Госпадзе. (61:1-9)

Чытаньне кнігі Сьвятарскай

Сказаў Госпад сыном Ізраільскім: „Калі будзеце паступаць згодна з Маімі законамі і перасьцерагаць Мае запаветы і выконваць іх, дам вам дождж у свой час, зямля выдасьць плён, і дрэвы польныя плады свае; малацьба ў вас працягнецца аж да вінабраньня, а вінабраньне да сеяньня, будзеце мець хлеба ўдосталь, і будзеце жыць у бясьпецы ў дамох вашых. Дам супакой вашай краіне, будзеце класьціся на спачынак бяз страху. Лютых зьвяроў у краіне ня будзе, і меч не спустошыць вашу зямлю. І пагоніцеся за вашымі ворагамі, і яны ўпадуць пад ударамі вашых мячоў. Пяцёра вашых будзе гнаць сотню ворагаў, а сотня вашых – дзесяць тысячаў іх. Ворагі вашыя ўпадуць ад мячоў вашых. Навярнуся да вас, і пабласлаўлю вас, і размножу вас, і ўмацую мой саюз з вамі. Будзеце есьці хлеб са старых запасаў аж да новага жніва, а калі настане новае жніво, вынесеце вонкі старыя запасы. Мой саюз будзе з вамі, ня буду брыдзіцца вамі. Буду сярод вас хадзіць, буду вашым Богам, а вы – Маім народам. Я – Госпад Бог ваш, які вывеў вас з зямлі ягіпскай, каб вы не былі больш нявольнікамі. Я разьбіў путы вашай няволі і даў вам магчымасьць хадзіць з паднятай галавой.

Калі ж ня будзеце слухацца Мяне і ня будзеце выконваць усіх гэтых Маіх прыказаньняў, калі будзеце пагарджаць маімі пастановамі і брыдзіцца маімі прысудамі, не захоўваючы маіх прыказаньняў і ламаючы мой саюз, дык і Я ўчыню вам адпаведна: пашлю на вас бяду, так што дарэмна будзеце сеяць зерне ваша – яго зьядуць вашыя ворагі. Маё аблічча зьвярну супраць вас, і перамогуць вас вашыя непрыяцелі, і будзеце ўцякаць нават тады, калі вас ніхто гнаць ня будзе. Скрышу вашую пыхлівую моц, зраблю, каб жалезным было для вас неба, а зямля – мядзянай. Дарэмныя будуць вашыя намаганьні: зямля ня дасьць ніякага плёну, і дрэва польнае застанецца без пладоў. Пашлю на вас дзікіх лютых зьвяроў, якія паглынуць дзяцей вашых, зьнішчаць жывёлу, спустошаць насельніцтва; і меч загубіць вас за зламаны саюз, і вашыя двары апусьцеюць; і як вы адвярнуліся ад Мяне, адвярнуся і Я ад вас у гневе,“ – кажа Госпад, Сьвяты Ізраіля. (26:3-24)

Чытаньне кнігі Мудрасьці

Праведнік, хоць бы і памёр перадчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная – мудрасьць, а мера старасьці – жыцьцё беззаганнае. Ён быў даспадобы Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не адмяніла думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу і таму Ён пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з абранымі Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго. ( 4:7-15)

Вершапесьні

(Тон 1). У пачатку новага году ўшануем сьвятых Калісту і братоў яе Явода і Гермагена, анёлам роўнага Сямёна і Ісуса Навіна, сем юнакоў Эфескіх і сорак сьвятых жанчынаў. Спраўляючы іхнюю памяць, набожна ўсклікнем: „Блаславі, Госпадзе, творы рук тваіх і дай нам добра пражыць гэты год!“

Верш: Табе, Божа, належыцца песьня ў Сыёне.

Хрысьце Божа наш, Ты ўсё мудра стварыў, і з нябыту прывёў усё да існаваньня, блаславі пачатак году і захавай нашу краіну ў бясьпецы, умацуй сілаю Тваёю належныя нашыя ўлады і дай ім перамогу над усімі нягодамі, і дзеля Багародзіцы даруй сьвету багацьце зьмілаваньня Твайго.

Верш: Мы напоўніліся дабротамі дому Твайго.

(Тон 2). Вялікі ты, Госпадзе, і цудоўныя творы Твае, і шляхі Твае нязьведаныя; Ты – мудрасьць Божая, дасканалая асоба і сіла, без пачатку, роўны вечнасьцю і дзеяньнем з Айцом. У Тваёй бязьмежнай міласэрнасьці Ты зрабіў гэты сьвет жыльлём Тваім і, застаўшыся нязьменным Богам, нарадзіўся невыказна ад Дзевы. Ты прыйшоў, каб узвысіць стварэньні Твае, і ўстанавіў нам час і сродкі для нашага збаўленьня. Дзеля гэтага ўсклікаем: „Уладару добры, слава Табе!“

Верш: Блаславі пачатак году ласкі Тваёй.

Ты, Спрадвечнае Слова Айца, стварыў усё ў мудрасьці раней за ўсе вякі і Тваім магутным словам устанавіў парадак усім стварэньням. Блаславі пачатак году ласкі Тваёй і, малітвамі Багародзіцы, зьнішчы ілжывыя вучэньні, бо Ты добры і Чалавекалюбец.

Слава...

(Тон 5). Ойча сьвяты, як некалі Ільля калясьніцу, так ты прыдбаў сабе добрую лесьвіцу, каб узьняцца да неба. Ён не пакінуў яе пасьля ўзыходу свайго, ты ж пакінуў нам свой стоўп. Чалавеку нябесны і зямны анёле, нязгасны сьветач сусьветны, Сямёне блаславёны, маліся за збаўленьне душаў нашых.

Цяпер...

(Тон 5). Ты, Уладару, вечна жывеш і застаешся на вякі бясконцыя. Прымі, Чалавекалюбча, малітвы грэшных, якія просяць збаўленьня, дай добры ўраджай зямлі і памяркоўнае надвор'е. Успамагай Царкву Тваю ў змаганьні з нягодамі, як Ты некалі дапамагаў Давіду супраць тых, якія ўвайшлі ў сьвятыню і апаганілі сьвятое месца. Дай ёй перамогу, Хрысьце Божа наш, малітвамі Багародзіцы, бо Ты – перамога і хвала хрысьціянаў.

Адпушчальныя трапары

Новага году (тон 2). Творча ўсяго стварэньня і Госпадзе, які часы і поры ўстанавіў сілаю сваёю, блаславі пачатак году ласкі Тваёй, захавай у супакоі краіну нашую і ўсіх людзей малітвамі Багародзіцы і збаў нас.

Сямёна (тон 1). Ты быў стаўпом цярплівасьці, пераймальнікам праайцоў – Ёва ў цярпеньнях, Язэпа ў выпрабаваньнях, – і ўсім жыцьцём тваім ты быў быццам анёл у целе, Сямёне, ойча наш. Малі Хрыста Бога за збаўленьне душаў нашых.


Старонка 1 з 2 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст