Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 5 верасьня - сьвятога прарока Захара, бацькі Яна Хрысьціцеля, і праведнае Альжбэты, ягонае маці


 

 

5 верасьня - сьвятога прарока Захара, бацькі Яна Хрысьціцеля, і праведнае Альжбэты, ягонае маці

Вячэрня

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

(Тон 6). Ты, годны памяці блаславёны Захар, атрымаў сьвятарскае памазаньне. Апрануты ў сьвятую вопратку, ты, быццам анёл, служыў Богу, хадайнічаў перад Тварцом за стварэньні і атрымаў аб'яўленьне Боскага Духа. Дзеля гэтага славім цябе.

Ты, боганатхнёны Захар, бачыў спрадвечнага з Айцом Сына, які нарадзіўся ад Дзевы, і прарочыў аб Ім твайму сыну, кажучы: „Будзеш прарокам, які рыхтуе сьцежкі Яму“. Дзеля гэтага славім цябе і спраўляем пачэсную ўрачыстасьць тваю.

Ты, годны славы, быў адухоўленаю сьвятыняю. Ты служыў Богу з чыстым сэрцам і закончыў жыцьцёвы шлях як мучанік, няправедна забіты. Крывёю сваёю ты ўвайшоў у нябесную сьвятыню, дзе молішся за ачышчэньне душаў нашых.

(Тон 1). Калі Дзева прывітала цябе, праведная Альжбета, ты пазнала ва ўлоньні Яе ўцелаўлёнага Таго, хто нарадзіўся раней за ўсе вякі, і назвала Яго Госпадам сваім. Разам з Ёю, малі Яго за збаўленьне душаў нашых.

„Блаславёны плод улоньня дзявочага, што ўсё напаўняе“, усклікнула ты, пачэсная Альжбета, натхнёная Духам Божым. Славячы цябе ў песьнях, у Тройцы адзінага Бога ўзьвялічваем.

„Сказанае Госпадам Дзеве, што народзіць Ісуса, які збавіць людзей ад грахоў іх, знайшло спаўненьне ў Табе“ – ты, Альжбета, натхнёная Духам Сьвятым, абвясьціла Ўсячыстай. Таму мы дастойна пахвальнымі песьнямі вянчаем цябе.

Слава...

(Тон 8). Калі ты, блаславёны Захар, апрануты ў вопратку законнага сьвятарства, служыў у сьвятыні паводле закону Аарона, ты меў анельскае відзеньне. Мы славім цябе ў песьнях, як таго, які ў старасьці стаўся айцом слаўнага Яна. Малі міласэрнага Бога за збаўленьне душаў нашых.

Цяпер...

Багародзічны (тон 8). З вераю прыбягаю пад Тваё покрыва, Багародзіца чыстая: ад бедаў, напасьцяў, благіх пажаданьняў і д'ябальскай злосьці выбаў мяне. Ты, Уладарка – глыбіня міласэрнасьці і хадайніца збаўленьня, бо Ты нарадзіла міласэрнага Бога, адзінага шчодрага і добрасардэчнага.

Крыжабагародзічны (тон 8). Чыстая Дзева, убачыўшы, як вялі Цябе, быццам ягнё, на ахвяру, пайшла ўсьлед за Табою, Слова, і са сьлязьмі клікала: „Куды сьпяшыш, Сыне Мой? Іду за Табою, Наймілейшы, бо не магу быць без Цябе, Ісусе Мой міласэрны“.

Вершапесьні

актойху, або наступныя:

(Тон 1). Ты, багамудрая Альжбета, названая словам Божым праведнаю, годная ўсялякай пахвалы, бо, умацаваная ласкаю Божаю, ты хадзіла ў запаветах Гасподніх.

Верш: Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.

Са шчырай любоўю да Бога і бліжняга, ты, шматслаўная Альжбета, хадзіла ў запаветах Гасподніх. Таму і сын твой быў плодам веры тваёй. Дзеля гэтага, сьвяткуючы памяць тваю, славім цябе.

Верш: Шчасьлівы муж, які баіцца Госпада і радасьць знаходзіць у запаветах Яго.

Табе, няплоднай і састарэлай, усяшчодры Бог даў слаўны плод улоньня – прапаведніка пакаяньня. Дзеля гэтага славім цябе і ўзьвялічваем усемагутную міласэрнасьць Божую.

Слава...

(Тон 2). Як пачэсны сьвятар, ты, апрануты ў сьвятарскую вопратку, уваходзіў у сьвятое сьвятых і беззаганна служыў Богу. Быццам Аарон, ты навучаў закону, і, як Майсей, кіраваў пакаленьнямі Ізраіля. За гэта ты быў забіты, але кроў твая праведная была для нас быццам духмяны алей, што ачышчае пачуцьці і накіроўвае да вечнага жыцьця. Захар блаславёны, бацька Хрысьціцеля Яна і муж Альжбеты, маліся няспынна за душы нашыя.

Цяпер...

Багародзічны (тон 2). Збаў ад бедаў слугаў Тваіх, Багародзіца Дзева, бо пасьля Бога мы ўсе да Цябе прыбягаем, як да непарушнай сьцяны і заступніцы.

Крыжабагародзічны (тон 2). Калі Чыстая Дзева бачыла, як Яе Сын быў ведзены на сьмерць як чалавек, яна з плачам усклікнула: „Чаму сьпяшаешся пакінуць бязьдзетнаю Мяне, якая нарадзіла Цябе, Хрысьце? Што гэта Ты ўчыніў, Збавіцелю ўсіх? Слаўлю і ўзьвялічваю Тваю бязьмежную дабруню і чалавекалюбства, што пераўзыходзіць розум“.

Адпушчальныя трапары

Трапар Захара (тон 4). Апрануты ў сьвятарскую вопратку, ты, мудры Захар, згодна з законам Божым прыносіў пабожна цэлапаленьні, і быў для ўсіх сьветачам і сьведкам тайнаў, яўляючы ў сабе знак ласкі. Ты быў забіты мячом у сьвятыні. Разам з Прадвесьнікам маліся, прарок Хрыстовы, за збаўленьне душаў нашых.

Або:

Трапар абоіх (тон 2). Спраўляючы памяць праведных Тваіх, Госпадзе, Захара і Альжбеты, праз іх молімся: Збаў душы нашыя.


Старонка 1 з 2 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст