Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
(Тон 4). Ты, сьветлы арханёле, стаіш у
прысутнасьці трохсонечнага Боства і служыш Яму разам з іншымі анельскімі сіламі,
радасна ўсклікаючы: „Сьвяты Ты, Ойча; Сьвяты Ты, Спрадвечнае з Айцом Слова;
Сьвяты Ты і Духу Сьвяты – адзіная слава, адзіная сутнасьць і ўлада, адзінае
Боства і сіла!“
Выгляд твой, арханёле Міхале, вогненны, і краса твая
дзівосная. Тваёй духоўнай існасьцю ты праходзіш увесь сьвет, выконваючы загады
Тварца ўсіх. Вядомы з сілы тваёй, ты ўчыніў царкву тваю крыніцаю аздараўленьняў.
Ты, Госпадзе, як напісана, робіш нябесныя духі пасланцамі
Тваімі, і слугамі Тваімі полымя агню. На чале анёлаў Тваіх Ты паставіў Міхала,
які выконвае Твае загады і са страхам сьпявае тройчы сьвятую песьню славе Тваёй.
Слава...
(Тон 6). Радуйцеся з намі, анельскія хоры, бо ваш
начальнік і наш заступнік вялікі арханёл сёньня зьяўляецца ў пачэснай царкве
сваёй і асьвячае яе. Дзеля гэтага належна ўславім яго, клічучы: „Пакрый нас
покрывам крылаў тваіх, вялікі арханёле Міхале“.
Цяпер...
Радуйцеся з намі, хоры дзеваў, бо вось Заступніца нашая,
хадайніца і покрыва, і надзейны прытулак, сёньня на пачэснай і боскай
урачыстасьці сваёй сумных пацяшае. Дык аддамо Ёй належную славу і ўсклікнем:
„Пакрый нас боскім заступніцтвам Тваім, Усячыстая Багародзіца Дзева!“
Вершапесьні актойха.
Слава... цяпер...
(Тон 8). Як ваявода і абаронца, і анёлаў
найвышэйшы начальнік, ад усякай патрэбы і суму, ад недамаганьняў і лютых грахоў
вызваль, арханёле слаўны, тых, што з вераю славяць і моляць цябе. Ты, нярэчыўны
сам, бачыш Нярэчыўнага, і прабываеш у недаступным зьзяньні Уладара, які ў
чалавекалюбстве сваім дзеля нас прыняў цела ад Дзевы, каб збавіць род людзкі.
Адпушчальны трапар
(Тон 4). Нябесных сіл ваявода, мы недастойныя
няспынна молім цябе, каб ты ахінуў нас тваімі малітвамі і пакрыў ценем крыл
духоўнае твае славы, ахоўваючы нас, якія прыбягаем да цябе і ўсклікаем: „Ад
бедаў выбаў нас, начальнік вышніх сіл“. |