Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 10 верасьня - Пасьвяцьце Нараджэньня Багародзіцы і сьвятых мучаніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры


 

 

10 верасьня - Пасьвяцьце Нараджэньня Багародзіцы і сьвятых мучаніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры

Вячэрня

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

(Тон 8). Вялікі цуд! З няплоднага ўлоньня, ад праведных Якіма і Ганны родзіцца сёньня Маці Божая і Дзева чыстая, быццам жэзл, што кветкаю зацьвіў. Хоры прарокаў і патрыярхаў цешацца з нараджэньня Яе.

Сёньня Давід радуецца і Ясей цешыцца, Леві весела пяе, Якім поўніцца духоўнаю радасьцю, і бязьдзетнасьць Ганны адмяняецца нараджэньнем Тваім, Марыя чыстая, поўная ласкі. Анёлы і людзі славяць Боскае ўлоньне Тваё.

Хай увесь род людзкі сёньня радасна ўсклікне: „Радуйся, Сьвятыня Гасподняя! Радуйся, сьвятая Гара і Боскі Пасадзе! Радуйся, сьветлы Ліхтар; радуйся, пачэсная Слава верных! Радуйся, Маці Хрыста Бога; радуйся, Беззаганная; радуйся, Прынашэньне Боскага хлеба; радуйся, Скарбніца; радуйся, незгаральны Куст; радуйся, Надзея ўсіх!“

Мучаніцаў (Тон 4). Упрыгожыўшы сябе чырваньню вашае крыві, вы, мучаніцы, захавалі дзявоцтва і зьядналіся з Хрыстом Богам у нябёсах у нятленным і нерукатворным хораме.

Слаўныя мучаніцы, маладыя целам, але сталыя розумам, вы перамаглі сілаю Духа старога зьмея, пачынальніка зла, і явілі ягонае бясьсільле. За гэта вы атрымалі вянцы перамогі, Мінадора, Мітрадора і Німфадора, Тройцы змагаркі.

Усяхвальныя мучаніцы, вас палілі агнём, сяклі мячом, вешалі на дрэве, вам крышылі косьці і вырывалі пазногці, але вы ня выракліся Хрыста. Дзеля гэтага вы атрымалі вянцы перамогі, Мінадора, Мітрадора і Німфадора, Тройцы змагаркі.

Слава... цяпер...

(Тон 2). Што гэта за сьвяточны радасны шум? Гэта Якім і Ганна сьвяткуюць, кажучы: „Радуйцеся з намі, Адам і Эва! Праз вашае непаслушэнства рай некалі быў зачынены, але сёньня даецца нам блаславёны плод – Божае дзяўчо Марыя, – што адчыняе зноў усім туды ўваход“.

Вершапесьні

(Тон 1). Хай адчыніцца брама богапрыемнае сьвятыні, бо вось Якім стае перад пасадам Уладара ўсіх і ахвяруе, і прысьвячае Госпаду Тую, каго Той сам выбраў быць Маці Божаю.

Верш: Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё.

Духоўныя промні сусьветнае радасьці зазьзялі нам, прадвяшчаючы Сонца славы, Хрыста-Бога, у нараджэньні Тваім, Усячыстая, Хадайніца сапраўднага вясельля і ласкі.

Верш: Вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.

Слава сьвяточнага дня прадвяшчае ўсім Твае, Усячыстая, невыказныя дабрадзействы, бо Ты, Багародзіца Дзева, сталася прычынай цяперашняга вясельля нашага і Хадайніцай будучай радасьці.

Слава... цяпер...

(Тон 2). Выбраная Уладарка ўсіх, Божае Жыльлё, Сьвятыня спрадвечнай Існасьці, сёньня родзіцца з няплоднага ўлоньня слаўнае Ганны. Бессаромнае пекла Ёю пераможанае, і прамаці Эва ўзыходзіць да непрамінальнага жыцьця. Дык уславім дастойна Яе, кажучы: „Блаславёная ты між жанчынаў і блаславёны Плод улоньня Твайго!“

Адпушчальныя трапары

Мучаніцаў (тон 4). Гвалтоўнымі мучэньнямі і горкай сьмерцю вы, мучаніцы дзевы сьвятыя, заплацілі за вечнае жыцьцё; на нязбожным судзе вы мужна вызналі Тройцу сьвятую, за што былі засечаныя мячом, і пайшлі ўсьлед за забітым Ягнём, молячыся за тых, што шануюць памяць вашую.

Слава... цяпер...

Сьвята (тон 4). Нараджэньне Тваё, Багародзіца Дзева, радасьць абвясьціла ўсяму сьвету, бо з Цябе ўзышло Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які, адмяніўшы праклён, даў блаславеньне і, зьнішчыўшы сьмерць, дараваў жыцьцё вечнае.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст